Язык:

Паэтэса трох народаў - знакамітая зямлячка Зофія Ільінская

Год народного единства

Іўеўская зямля…
У розныя перыяды гісторыі наш край не быў абдзелены таленавітымі людзьмі: публіцыстамі, пісьменнікамі, паэтамі, якія праслаўлялі яго магутнай сілай роднага слова, патрыятычным духам, смелым і ўпэўненым палётам думак у абарону нацыянальных правоў, веры, гонару і годнасці беларускага народа, марамі аб светлай і незалежнай будучыні Беларусі.
29 кастрычніка 2021 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння паэтэсы-эмігранткі Зофіі Ільінскай (дзявочае прозвішча Брахоцкая), дзіцячыя і юнацкія гады якой прайшлі ў маёнтку Морынь. Цяпер гэта вёска Морына Іўеўскага раёна.

Зофія Ільінская (дзявочае прозвішча Брахоцкая) нарадзілася 29 кастрычніка 1921 года ў заможнай сям'і Аляксандра і Алены Брахоцкіх, якія пражывалі ў маёнтку Морынь Уселюбскай гміны Валожынскага павету Навагрудскага ваяводства.
Бацька Зофіі Аляксандр Брахоцкі скончыў юрыдычны факультэт Дэрытцкага ўніверсітэта (цяпер горад Тарту ў Эстоніі). У 1918-1920 гадах удзельнічаў у польска-савецкай вайне ў складзе 13 Віленскага кавалерыйскага палка. За мужнасць і гераізм атрымаў ордэн "Virtuti Militari" 5 ступені. Пасля вайны адразу працаваў у судзе ва Уселюбе, а з 1925 года - суддзёй у Іўі. У 1923 годзе пераехаў з Уселюба жыць у маёнтак Морынь, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькі Уладзіслава Томаша, адбудоўваў пасля вайны разбураную гаспадарку.
У маёнтку Брахоцкіх працавалі сыраварня, тартак, цагельны завод на мясцовай сыравіне, попытам у пакупнікоў карысталася цэгла і чарапіца з імянным кляймом "Морын. Брахоцкі". Браты Аляксандра Станіслаў і Андрэй гаспадарылі ў маёнтках Вераскава і Малое Мажэйкава.
Брахоцкія мелі фамільны герб "Праўдзіц". На фоне сіняга шчыта леў сядзіць на цаглянай кладцы і трымае ў лапах пярсцёнак. Другі леў сядзіць вышэй яго на кароне і таксама трымае ў лапах пярсцёнак. Пярсцёнкі з'яўляюцца сімвалам праўды.
Маці будучай паэтэсы Алена паходзіла з графскай сям'і О'Руркаў з Уселюба Навагрудскага ваяводства. Радзіма продкаў О'Руркаў - Ірландыя. Яны былі нашчадкамі караля Лёхляінна, які ў ХV ст. валодаў землямі на поўдні Ольстэра.
Праз два стагоддзі каралеўства пала, яно было захоплена англійскім войскам. Пачаліся праследванні католікаў, і патомкі караля Лёхляінна ўцяклі ў Францыю. Праз некаторы час тры браты О'Руркі па запрашэнні расійскай царыцы Лізаветы (дачкі Пятра I) пераехалі жыць у Расію.
У больш познія часы іх патомак афіцэр расійскай арміі Джозэф О'Рурк у шлюбе са Стэфаніяй Монтвіл з маёнтка Ваяводзішкі Ковенскай Літвы мелі сына і дзве дачкі. Адна з іх, Алена, стала жонкай Аляксандра Брахоцкага з маёнтка Морынь. Брат Джозэфа Эдуард займаў пасаду біскупа ў Мінску ў 1917 годзе.
Аляксандр Брахоцкі памёр малады, у 46-гадовым узросце, ад хваробы сэрца, у 1934 годзе. Энергічная і дзелавая Алена Брахоцкая працягвала кіраваць морынскім маёнткам. Яна арганізавала ў Морыне пры двары пункт першай медычнай дапамогі для жыхароў. Але мірным планам не суджана было збыцца.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Саюзнікі Польшчы - Англія і Францыя 3 верасня аб'явілі Германіі вайну. Пачалася Другая сусветная вайна, 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі.
Каб не трапіць у рукі бальшавікоў, Алена Брахоцкая з дачкой Зофіяй і сынамі Ежы і Анджэем, ноччу, у брычцы, запрэжанай у пару коней, з'ехалі ў Літву, а потым праз Эстонію і Швецыю шлях іх ляжаў на караблі праз мора ў Англію.
У Англіі шляхі сям'і разышліся. Маці Алена паехала з сынамі ў Ірландыю, дзе была гасцінна прынята раднёй О'Руркаў. Дачка Зофія, пасяліўшыся ў горадзе Ньюкасле, закончыла школу, а затым універсітэт, дзе атрымала кваліфікацыю па англійскай літаратуры. Яна працавала ў польскім аддзеле радыё Бі-Бі-Сі.
У 1943 г. Зофія выйшла замуж за Альгерда Ільінскага, польскага лётчыка. Яе замужжа цягнулася ўсяго тры тыдні, бо самалёт, у якім ляцеў Альгерд, быў збіты ў час паветранага бою над Францыяй.

Яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце Зофія захапілася паэзіяй і за гады вайны выдала два зборнікі вершаў на польскай мове. Друкавалася з прозвішчам Ільінская.
У 1945 годзе Зофія Ільінская выйшла замуж за Харлі Моўзлея, амерыканскага дыпламата. Яны правялі свой мядовы месяц у Сэнт Моуз. Ім так спадабалася гэтая вёска, што яны пасяліліся там, сталі ўладальнікамі гатэляў. У іх нарадзіліся дзеці - дачка Крысціна і сын Георгій. На працягу наступных 25 год Зофія выхоўвала дваіх дзяцей, трымала вінныя склепы, свінаферму, разводзіла пародзістых сабак. Яе сядзібу наведвала вялікая колькасць аматараў і аднадумцаў.
Шмат часу Зофія ўдзяляла літаратурнай творчасці. У 1950-х гадах яна пачала пісаць на англійскай мове, што здзіўляла яе нават больш, чым каго-небудзь іншага. Ільінская казала пра сябе, як пра двухмоўнага лінгвіста і адчувала нейкі сорам за адыход ад сваёй роднай мовы. Яе англійскія творы нават пераўзышлі польскія. Тэматыка твораў пашыралася ад агульначалавечых да глыбокапрыватных. У адным з вершаў яна расказвае пра японскага рыбака Айкічы Кубаяму, які стаў першай ахвярай атамнай бомбы.
Верш "Выпадак" - гэта перажыванні самой паэтэсы, калі яе сын загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Яму было 22 гады. Сама Зофія ў гэтай аварыі атрымала цяжкую траўму бядра, перанесла складаную аперацыю.
У 1970 годзе ў Лондане выйшаў зборнік вершаў Зофіі Ільінскай на польскай мове "Віхуры ў збожжы". У зборніку ёсць раздзел "Санеты морынскія". Там - 14 вершаў, у якіх паэтэса апявае прыгажосць сваёй малой радзімы - Морына. Па-мастацку выразна, лёгкай рыфмай яна апісвае любыя ёй з дзяцінства мясціны: "папоў брод", "краснае", "ліпнікі", "багнаполь", "дзвярынец", "дубіну", "мантускі", "прорву".

Зофія Ільінская
Лістапад над Нёманам

Там - як тут - холад - госць нечаканы.
Лістапад, восенню зрабаваны,
грузне ў травах, варонамі крача,
лісце рэдкае з дрэў зрывае:
хай ведае смутак выгнанца бядачы,
хай забудзе на барвы і шаны,
хай плача…
Асыпаецца лісце слухмяна,
змокшы, страціўшы полыск яскравы, -
падаюць непрытомныя плаксы
і, як бронзава-ржавыя кляксы,
валяцца ў травы.
Цемрай ноч там таксама заслана,
лістапад б'ецца ў шыбы дажджыста.
Ранак пойдзе над Нёманам рана,
дзе грыбы гніюць чарвячыста
на пасцелях макруткіх з ігліцы…
Дождж імкліва сплывае з іх, быццам смутная,
змучаная пяшчота…
Валачэцца фурманка гасцінцам.
Конь брыдзе па слядах каляіны,
згубленых у калюжах балота,
шлях як не захлынецца ад гліны.
Часам вецер то сціхне стамлёны,
то зноў скардзіцца. Хлюпае слота.
Неба валіцца цяжка. Цёмна.
Божа, дзе ты? - крычаць вароны.
Лістапад валачэцца над Нёмнам.
Аўтар пераклада: Рыгор Барадулін.

У 1992 годзе выйшла новая кніга выбраных вершаў Ільінскай пад назвай "Месяцовы гараскоп". Светлымі ўспамінамі і тугой па радзіме пранізана ўся яе творчасць. Праз усё жыццё, за далёкім Ла-Маншам, яна пранесла светлыя ўспаміны пра дом у Морына, знаёмых і блізкіх людзей вёскі, сяброў дзяцінства. Яна пісала па-польску, а з вуснаў далёкіх землякоў нібы чула беларускую мілагучную мову.

Зофія Ільінская з жыхарамі в. Вераскава

Сцены змерзлыя дома палашчу рукою,
Гляну ў вокны пустыя. Сцішу рухі.
Трохі страшна, ніякавата…
Па-беларуску хтось шэпча ў дрэвах спакою.
Штось рыпіць. Даўней тут хадзілі духі.
(Верш "Дух лорда Керзона")

Пасля таго, як Беларусь ста-
ла незалежнай дзяржавай, ажыццявілася даўняя мара Зофіі Ільінскай пабываць у родным Морына. У маі 1992 года жыхары Морына ўбачылі групу маладых англічан. Сярод іх была жанчына пажылога ўзросту. Яна хадзіла па старым панскім садзе, па беразе Нёмана, абдымала дрэвы, гладзіла рукамі траву і плакала ад радасці. І гэта было зразумела: праз 53 гады яна вярнулася на радзіму…
Гэта была Зофія Ільінская.Тая вясёлая Зоська, якая 16-гадовай тут, яшчэ ў маладым садзе, кружылася ў танцах з мясцовымі хлопцамі на жнівеньскіх дажынках…
Тут калісьці агеньчыкі газніц асвятлялі вокны роднага дома, а ў ліпавай алеі гудзелі пчолы, а вярнулася - пуста, груды развалін, паросшыя кустамі і дрэвамі. Дом згарэў у гады вайны. Ад былога маёнтка засталіся толькі комін цагельнага завода, склеп для захоўвання галандскага сыру, студня ды старая лістоўніца, пад якой калісьці была клумба і цвілі кветкі.
Зофія сустрэлася з былымі работнікамі маёнтка Валянцінай Дабраловіч, сяброўкай дзяцінства Вандай Вараніцкай, морынскім гарманістам Міхаілам Лабачом, прывезла ім лекі і падарункі.
Завезла прыгаршню морынскай зямлі на магілу бацькі ў Вераскава Навагрудскага раёна і, убачыўшы вакол запусценне, звярнулася да мясцовага калгаса, улады Навагрудскага раёна, каб дапамаглі ёй аднавіць сямейныя святыні: бацькаву магілу, капліцу і парк. Патрэбна была вялікая сума грошай. Зофіі дапамагалі браты Ежы з Канады і Анджэй з Аўстраліі, суседзі з Англіі, сябры, дачка Крысціна.

Зофія Ільінская з сяброўкай дзяцінства 

Валянцінай Дабраловіч

І вось 29 чэрвеня 1994 года Зофія Ільінская зноў прыехала ў далёкую Беларусь. Задуманая ёй праца была завершана. У Вераскаве яна арганізавала ўрачыстасць з нагоды адкрыцця капліцы. Асвячалі капліцу 6 ксяндзоў, гродзенскі біскуп. Была памінальная вячэра, шмат запрошаных гасцей.
Жыццём і літаратурнай дзейнасцю паэткі ў эміграцыі зацікавіліся на радзіме. Беларускі пісьменнік, літаратуразнавец і даследчык Адам Мальдзіс з захапленнем прачытаў зборнік польскіх вершаў Зофіі Ільінскай "Віхуры ў збожжы", выдадзены за Ла-Маншам у 1970 годзе і перасланы аўтаркай у беларускую вёску ў Фінчлі, у бібліятэку імя Францыска Скарыны. А да гэтага былі два лісты, быў кароткі званок з графства Карнуэл і гучалі ў жаночым голасе туга і надзея.
Тугой і надзеяй прасякнуты ледзь не ўсе вершы зборніка. І нават калі б чытач не ведаў, што аўтарка нарадзілася ў Наднямонні, у маёнтку Морынь, што каля Іўя, усё роўна пазнаў бы: гэта беларускія краявіды. Бо так шчымліва і светла можна пісаць толькі пра Беларусь.
Народны пісьменнік Беларусі Рыгор Барадулін зрабіў пераклад вершаў Зофіі Ільінскай на беларускую мову.
Зофія Ільінская памерла 30 кастрычніка 1995 года ва ўзросце 74 гадоў у Англіі, у графстве Карнуэл. За перыяд свайго жыцця яна паспела зрабіць многае: выгадавала дваіх дзяцей, напісала цікавыя кнігі, вярнулася на радзіму і аднавіла сямейныя святыні. Напэўна, зрабіла б яшчэ нешта большае, каб лёс адвёў ёй больш часу жыцця.
Не па ўласнай волі Англія стала другой радзімай Зофіі Ільінскай, дзе спаўна праявіўся яе талент журналіста і паэтэсы. Але радасці і шчасця за мяжой яна не паспытала да апошніх сваіх дзён.
Боль і туга па страчанай радзіме - Беларусі лейтматывам праходзіць праз усю яе творчасць. Паэзія Ільінскай восеньская, сумная, заўжды настальгічная, як уласныя думкі і перажыванні: "Лістапад, восенню зрабаваны, хай ведае смутак выгнанца бядачы…", "Бацянам гэтак добра… Сябра, мы звечарэлі, і таксама б за Нёман…"

Ты ці помніш?

Ты ці помніш той шэпт чаратовы?

I назойлівы енк камаровы,
віліся зграі?
Выраз той, дзе трывае трывога,
выраз гэткі ў бусла маладога,
як жаб шукае?
I пяшчоту кашэчых мелодый,
рэха слала іх з асалодай
гоням, бору?
Крык пакрыўджаны пастушковы,
што ў хлявы заганяе каровы,
як сваю змору?
Ціхі дом, што пад ліпай густою
спаміж кветак, і дрэў, і павоі
дзікага вінаграду?
I шпакоўню, што ўпарахнела,
ды прыбраць яе ў ягады смела
арабініца рада?
Ты ці помніш той час вечаровы,
калі птушак заспаных размовы
чуліся меней...
Калі ног мы не адчувалі,
бульбу спечаную запівалі
сырапеняй?
"Ты ці помніш?" Гучыць неяк дзіўна
гэтак проста і гэтак наіўна -
без прычыны.
Не пытай, не пачуеш адказу,
пустку шэрую ўстурыш адразу,
дзе спяць успаміны.
Аўтар перакладу Рыгор Барадулін.

Зофія Ільінская з морынскім музыкантам міхаілам Лабачом

Зофія Ільінская была грамадзянкай Англіі, каталічкай па вызнанні, думала і пісала на польскай мове, прывітай ёй бацькамі ў дзяцінстве, а сэрцам і душой любіла Беларусь і марыла да яе вярнуцца.
Зофія Ільінская як журналіст і паэтэса ўнесла значны ўклад у літараратуру і культуру трох краін і трох народаў: англійскага, польскага і беларускага.

А.Ігліцкі.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.