ivyenews.by

Іўеўшчына турыстычная. Гасцей сардэчна сустракае заўсёды геранёнскі край

Приглашаем

Новы даведнік для экскурсантаў, якім давядзецца заглянуць у Геранёны, выдала Алена Смалянічэнка, няўрымслівы біёграф гэтага населенага пункта са старадаўняй і такой сучаснай гісторыяй. Як былая настаўніца, краязнаўца не перастае прызнавацца Геранёнам у сваёй любові да іх. Амаль усе яе кнігі, брашуры менавіта пра родную вёску ці, як яе зараз называюць, пра аграгарадок.

Геранёны (і сучасныя, і тыя, што авеяны вятрамі мінулых стагоддзяў) заслугоўваюць увагі, цікаўнасці і жадання наведаць іх, пахадзіць па той зямлі, што была сведкай кахання еўрапейскага кшталту між удавой уладальніка Геранён Гаштольда і сына караля Польскага Сігізмунда Старога, будучага караля Польшчы Сігізмунда ІІ; пастаяць ля рэшткаў замка, што быў, мабыць, амаль што адзіным такім у Еўропе - замак-крэпасць, узведзены віленскім ваяводам і канцлерам Вялікага княства Літоўскага Альбрэхтам Гаштольдам на мяжы ХV -XVI стагоддзя; ахінуць сябе крыжам і паставіць свечку ў касцёле святога Мікалая, час збудавання якога адносіцца да 1519 года…
У брашуры пішацца пра гэтыя збудаванні, пра асаблівыя месцы, пра асаблівых людзей, якія, кожны ў свой час, пакінулі годны след на скрыжаваннях гісторыі гэтага месца.
І зараз у населеным пункце, які меў некалі Брандэнбургскае права і, адпаведна, свой герб, жывуць людзі, якія імкнуцца жыць гэтак жа шчыра, любіць сваю малую радзіму, сваю Айчыну і славіць сваёй працай і сваімі ўчынкамі Геранёны.
У брашуры ёсць цікавая інфармацыя, шмат фотаілюстрацый.
Склала даведнік, як мы ўжо казалі, Алена Смалянічэнка. Напрыканцы яго надрукаваны яе верш "Зямля крынічная, святая".
Камп'ютарную вёрстку зрабіла Ірына Грынюк. А матэрыяльнае забеспячэнне выпуска маленькай кніжыцы- даведніка "Прыязджайце ў Геранёны" зрабіў жыхар горада Ліда, выхадзец з геранёнскага краю Іван Станіслававіч Дудойць. Як цудоўна, што ёсць такія людзі, якія неабыякава адносяцца да гісторыі роднага краю і дапамагаюць яе спазнаць і іншым.
Цяжка не пагадзіцца з Аленай Іванаўнай, якая лічыць, што падобныя даведнікі маглі б выдаць у кожным аграгарадку Іўеўшчыны. Потым аддаць іх у публічныя бібліятэкі, школы, размясціць у Інтэрнэце. І гэта, безумоўна, прыцягне ўвагу людзей, якія хочуць пабачыць Беларусь і знаёмую, і незнаёмую, прыхінуцца душой і розумам да каранёў беларускасці.

Вера ГУЛІДАВА. Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий