Учреждение "Редакция газеты "Iўеўскі край"

Язык:

Вывучаем гісторыю роднага краю. Іўеўшчына ў складзе Расійскай імперыі ( працяг)

Год исторической памяти

Іўе было не толькі гандлёвым, але і адміністрацыйным цэнтрам. Тут знаходзілася валасное праўленне, якое выконвала функцыі мясцовага выканаўчага органа і кантралявала дзейнасць падначаленых яму 5 сельскіх абшчын. Узначальваў яго валасны старшыня. 

Пры валасным упраўленні быў прыёмны арыштанцкі пакой, у якім звычайна трымалі сялян бліжэйшых вёсак за нядоімкі. На сродкі валаснога праўлення, атрыманыя, у асноўным, у выніку пабораў з мясцовага насельніцтва, у мястэчку было адкрыта двухкласнае народнае вучылішча. У ім вучылася 139 дзяцей, сярод якіх - толькі 11 дзяўчынак. У 1864 годзе ўрадам Расіі было прынята "Палажэнне аб народных вучылішчах" паводле якога ва ўстановах адукацыі такога тыпу дзеці павінны былі вывучаць Закон Божы, арыфметыку, рускую мову, чытанне і царкоўныя спевы.
Сялянская рэформа 1861 года не адпавядала інтарэсам сялян, якія змагаліся за поўнае знішчэнне прыгону. Пасля абвяшчэння царскага "Маніфеста" ад 19 лютага 1861 года пачаліся сялянскія хваляванні, якія ахапілі многія паветы Віленскай, Ковенскай, Мінскай і Гродзенскай губерній. Надзвычай востры характар барацьба набыла ў маёнтку Іўе графа А.Замойскага. Сяляне адмаўляліся выконваць паншчыну, падпарадкоўвацца мясцовай адміністрацыі, выступалі супраць багатых. У канцы сакавіка хваляванні ахапілі і іншыя населеныя пункты: Лаздуны, Ліпнішкі, Якунь, Барава, Юрацішкі. Для падаўлення паўстанцаў з Вільні ў Іўе быў накіраваны член губернскай установы па сялянскіх справах Умястоўскі, ашмянскі павятовы прадвадзіцель дваранства Чарнецкі і станавы прыстаў Рушчыц. Яны звярнуліся да паслуг мясцовых святароў, каб з іх дапамогай адцягнуць сялян ад паўстання, аднак з гэтага нічога не атрымалася. У справаздачы Умястоўскага ад 29 сакавіка 1861 года аб хваляваннях ў Іўі, сяляне аб'явілі: "ніхто не можа іх схіліць да якой-небудзь залежнасці, таму што яны карыстаюцца дараванай ім свабодай, нарэшце, загадана ім разысціся, але і гэта засталося нявыкананым… З усяго напісанага бачна, што хваляванне ў гэтым і суседніх маёнтках набыло вялікія памеры, раз'юшанасць сялян дайшла да высокай ступені, угаворы і пераконванні не прыносяць істотнай карысці і жаданага выніку…"

З данясення Віленскага грамадзянскага губернатара ад 9 красавіка 1861 года:
"Что же касается более важных неустройств в м. Ивье графини Замойской, Лугомовичи и Лаздуны - Милевского и Липнишек - Вольского, равно: в некоторых окрестных имениях, крестьяне которых, отказавшись от отбывания барщины, собрались в числе до 2000 человек в м. Ивье и расположились табором на базаре, то, когда все меры вразумления командированных туда члена губернского по крестьянским делам [присутствия] Умястовского и состоящего при в. вп. поручика гр. Тышкевича не имели никакого успеха, толпа ослушных крестьян была окружена истребованными 3 ротами 2-го батальона Ревельского и 1 ротой 3-го батальона Эстляндского пехотных полков, и, когда она решительно отказалась выдать главных подстрекателей - крестьян Иодко, Горбуна и 4 других, а затем разойтись по домам, сделано было распоряжение к разогнанию крестьян и аресту подстрекателей, без употребления, однако же, оружия, что приведено было в исполнение. К крайнему сожалению, при происшедшем при этом случае смятении несколько крестьян получили сильные ушибы, а один 60-летний старик, страдавший с давнего времени грыжей, был сильно сдавлен, опрокинут и, лишившись чувств, отнесен в местный лазарет, где, несмотря на оказанное ему медицинское пособие, вскоре скончался. По прибытии моем в Ивье, куда я отправился вместе с членом губернского по крестьянским делам присутствия ген.-адъютантом Фроловым, я нашел, что беспорядки между крестьянами уже прекращены. Но в предупреждение возобновления таковых, равно для производства дознания о причинах происходивших неустройств, я счел нужным командировать туда виленского жандармского штаб-офицера, поручив ему оставаться там до совершенного успокоения взволнованных крестьян".

Неспакойна на Іўеўшчыне было да канца 1862 года. Асабліва напружаны характар барацьба набыла летам і восенню 1862 г., калі на падаўленне хваляванняў была накіравана рота Сафійскага пяхотнага палка, якая з 20 чэрвеня да канца кастрычніка 1862 г. стаяла ў Ліпнішках. Па загадзе Віленскага губернатара ў вёску выехала камісія, якая 18.10.1862 г. арыштавала 12 сялян. Жыхары маёнтка паводле "Палажэнняў 19 лютага" змушаліся да выканання ўсіх павіннасцяў часова абавязаных сялян.
Падчас паўстання 1863-1864 гг. на Іўеўшчыне дзейнічалі атрады паўстанцаў пад кіраўніцтвам В.І. Козела і Л.Т. Нарбута. Іх лёсы склаліся трагічна. Козел з большай часткай паўстанцаў загінуў у баі, а атрад Нарбута быў поўнасцю разбіты.
Разам з тым, адзначым, што спакойнае і мірнае жыццё Іўеўскага краю ў перыяд Расійскай імперыі садзейнічала яго дэмаграфічнаму і эканамічнаму развіццю.
У пачатку 1880-х гадоў у Іўі штогод праходзілі 4 кірмашы і кожны тыдзень працаваў рынак. У канцы стагоддзя ў Іўі ў год праводзілася 9 кірмашоў, з іх 7 пастаянна: Грамнічны (2 лютага), Узнясенскі (12 мая), Свята-Троіцкі (27 мая), Петрапаўлаўскі (29 чэрвеня), у дзень св. Міхаіла (29 верасня), у дзень Усіх Святых (1 лістапада), у дзень св. Марціна (12 лістапада). У мястэчках нашага краю таксама гандаль ішоў бойка: у Дудах, Суботніках было па 3 кірмашы ў год, у Ліпнішках - 6 кірмашоў, у Трабах - 4. Прыбывала на кожны кірмаш да 500 чалавек. Звычайнымі з'яўляліся тавары штодзённага масавага попыту. Самымі распаўсюджанымі з іх былі земляробча-раслінныя і мяса-рыба-птушныя. У 1858 годзе абароты іўеўскіх кірмашоў складалі 7980 рублёў.
Мястэчкі Іўеўшчыны да другой паловы ХІХ стагоддзя налічвалі ў сярэднім 630 - 880 жыхароў. У перыяд паўстання 1863-1864 гг. гэты паказчык зменшыўся да 710 жыхароў.
Па стане на сярэдзіну ХІХ стагоддзя (1858, 1866) насельніцтва мястэчак Іўеўшчыны было наступным: Геранёны - 207 (35 двароў), Дуды - 80 (12 двароў), Іўе - 752 (134 двары), Ліпнішкі - 740 (105 двароў), Мікалаева - 219 (34 двары), Трабы - 499 (78 двароў).

З сярэдзіны XIX ст. на Іўеўшчыне актыўна пачынае развівацца магазінны гандаль. Па звестках на 1897 год у Іўі працавала 17 магазінаў і 4 карчмы.
Капітан Генеральнага штаба Карэва А.К. у сваім ваенна-статыстычным зборніку "Віленская губерня" за 1861 год адзначаў: "Стараниями владельца помещика Вольского в местечке [Липнишки] построены каменный гостинный двор, корчма и красивое здание для продажи и склада пива. Постройки эти резко отличаются изяществом своей архитектуры от всех построек, какие можно встретить не только в местечках, но даже и уездных городах Виленской губернии.
Кроме того, в послереформенный период только в Липнишках было построено более 20 магазинов, мастерские по изготовлению кож, по пошиву кожаной одежды, шапок, обуви, три пивные, трактир, постоялый двор, три пекарни, две аптеки, двухэтажная школа. Все дороги были мощеными, тротуары выкладывали камнями и кирпичом. Вдоль дорог появились деревья и кустарники. За порядок на улицах и подворьях жители несли самую строгую ответственность. Самой красивой и благоустроенной была улица Ивьевская. Для самообороны в Липнишках образовалась стрелковая часть, а несколько позже и добровольная дружина "стражаков" - пожарных. Начали действовать клубы: костельный, стрелковый и молодежный. В последнем проводила свой досуг еврейская молодежь".
Адным з першых у Іўі адкрыўся магазін "Жалезны гандаль Я.З. Дварэцкага", у якім прадаваліся цвікі, жалезныя ланцугі, абручы для акоўкі вёдзер, іншыя вырабы. У 1911 годзе пачаў працаваць хлебазапасны магазін.
Таксама дзейнічала пазыкова-ашчадная каса дробнага крэдыту, меліся аптэка, вінакурны і піваварны заводы, касцёл, мячэць, 4 сінагогі.

У 1897 годзе, згодна перапісу насельніцтва, у Іўі налічвалася ўжо 3653 чалавекі. Раслі і мястэчкі Іўеўшчыны. У 1880 -1897 гг. ў Геранёнах налічвалася 242 жыхары (27 двароў), Бакштах - 918 жыхароў (83 двары), Дудах - 210 жыхароў, Ліпнішках - 1692 жыхары (210 двароў), Суботніках - 347 жыхароў (39 двароў), Трабах - 1238 жыхароў, Юрацішках - 197 жыхароў (23 двары).
Такім чынам, мястэчкі Іўеўшчыны ў асноўным былі дробнымі пасяленнямі. Адносна буйнымі з'яўляліся толькі Іўе, якое па колькасці жыхароў пераўзыходзіла сярэднія паказчыкі, ды Ліпнішкі і Трабы, што набліжаліся да іх.
Мястэчкі Іўеўшчыны выступалі рэлігійнымі цэнтрамі акругі. Паводле даных пачатку 1860-х гг., Іўеўскі каталіцкі прыход налічваў 8089 вернікаў, Геранёнскі - 5533; Ліпнішскі - 4390; Суботніцкі - 3208; Трабскі каталіцкі - 2811, праваслаўны - 1601, Мікалаеўскі праваслаўны - 1511.
Праз Іўеўскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне жыхары населенага пункта атрымлівалі газеты "Виленский вестник", "Биржевые ведомости" і "Виленские губернские ведомости".

Падзеі 1-ай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гг. закранулі і жыхароў Іўеўшчыны.

Падзеі "крывавай нядзелі" (9 студзеня 1905 года) выліліся ў масавы пратэст у мястэчку.
У красавіку 1907 г. па Беларусі пракацілася хваля першамайскіх стачак, у тым ліку і ў Іўі.
Чарговы ваенны канфлікт, у выглядзе Першай сусветнай вайны, прынёс нашым продкам незлічоныя бедствы. Многія нашыя землякі былі прызваны ў расійскую армію і ваявалі на франтах. Многія з іх загінулі.
У канцы верасня-пачатку кастрычніка 1915 года на тэрыторыі Іўеўскага раёна адыходзячыя рускія войскі вялі баі з нямецкімі вайсковымі часткамі.
Такія баі адбыліся каля Суботнік, Жэмыслаўля, Траб, Куправіч. Наступленне ворага было спынена і лінія фронту стабілізавалася і праходзіла на тэрыторыі нашага раёна па р. Заходняя Бярэзіна. Амаль уся тэрыторыя Іўеўскага раёна была акупіравана нямецка-аўстрыйскімі войскамі.

А. Ваўчок,
настаўнік гісторыі Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
А. Гецэвіч,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі,
камунікацыі і турызму
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я. Купалы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
Что вы любите кушать на завтрак?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@gmail.com

Тел/факс: (01595) 2-23-92

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.