ivyenews.by

Любіце, шануйце, паважайце родную мову! У Бакштаўскай СШ імя М.М.Чэрнік прайшоў тыдзень беларускай мовы

Образование

У Бакштаўскай сярэдняй школы імя М.М.Чэрнік Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” прайшоў з 19 па 23 верасня. Мерапрыемствы, праведзеныя на працягу тыдня, былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў навучэнцаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

Напярэдаднi правядзення Тыдня ў бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава “Які гэта цуд –мова мая родная”, а ў кабінеце беларускай мовы – выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове “Сэрцам роднага слова краніся”. Навучэнцы азнаёміліся з выставамі вучэбнай і мастацкай літаратуры, пазнаёміліся з цікавымі фактамі пра беларускую мову.

16 верасня 2022 года школьнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскiм дыктанце, прымеркаваным да Дня народнага адзінства.

19 верасня стартаваў Тыдзень роднай мовы пад дэвізам “Багацце беларускай мовы”. Алесь Разанаў пісаў: “Кожны народ стварыў хоць бы адзін геніальны твор, і твор гэты – мова”. Мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа. Вучні і педагогі з радасцю прымалі ўдзел у мерапрыемствах дня. Падчас акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” навучэнцы перакладалі з рускай мовы на беларускую некаторыя словы і выразы, чым выявілі выдатнае валоданне роднай мовай. Кожны клас ствараў сваё інтэрактыўнае воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Навучэнцы 9 і 10 класаў прэзентавалі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”. У школьным музеі была праведзена экскурсія "Аб родным краі роднай мовай". На працягу дня ва ўстанове адукацыі праходзілі музычныя перапынкі “Мова родная – мова модная”, дзе гучалі беларускія песні.

Тэма другога дня – “Родная мова ў культуры і мастацтве. З мэтай фарміравання ў вучняў пазітыўнага стаўлення да вывучэння роднай мовы, захавання яе ўнікальнасці, выхавання паважлівага стаўлення да роднай культуры 20 верасня прайшла квэст-гульня “Фальклор, фальклор – душа народа”. Падчас мерапрыемства навучэнцы, падзяліўшыся на 2 каманды, узгадалі значэнне паняцця “фальклор” і яго форм, даведаліся пра розныя жанры фальклору, слухалі фрагменты народных песень, адгадвалі загадкі, чыталі прыказкі і прымаўкі. Каманды паспяхова выконвалі розныя заданні, выказваючы свой пункт гледжання. Усе заданні былі займальныя і цікавыя.

Трэці дзень За што я люблю родную зямлю” дадаў новых фарбаў Тыдню “Я нарадзіўся ў Беларусі і так, як маці, гавару”, - пісаў Сяргей Грахоўскі. 21 верасня навучэнцы ўстановы адукацыі рыхтавалі паведамленні, за што яны любяць родную зямлю. Думкі былі розныя: за прыгажосць, за мір і спакой на нашай зямлі, за гасціннасць і працавітасць беларусаў, за слаўную гісторыю… А вучні пачатковых класаў выказвалі любоў да роднай зямлі, бо яны тут нарадзіліся і жывуць і тут жывуць іх родныя. Мерапрыемства закончылася акцыяй “За што я люблю беларускую мову?”, у ходзе якой школьнікі пісалі словы аб роднай мове на стыкерах (у форме сэрца) і прыклейвалі іх на карту Беларусі. Былі напісаны такія словы, як: прыгожая і мілагучная, родная, сакавітая, дзіўная, найлепшая, непаўторная і інш.

Чацвёрты дзень пад назвай Літаратура як люстэрка мовы адзначаўся шэрагам разнастайных мерапрыемстваў:

  • конкурсная праграма “Пагавары са мной на мове, на нашай роднай, не чужой” для 5-7 класаў;
  • літаратурная гульня-падарожжа “Знаўцы беларускай літаратуры” для 8-10 класаў;
  • віктарына “Таямніцы роднага слова” для пачатковых класаў”
  • занятак у дашкольнай групе “І мова родная гучыць”.

“Родная мова – мова навукі” – назва пятага дня Тыдня роднай мовы. У гэты дзень вучні 10 класа пазнаёміліся з даследаваннем па тэме “Лірычная гераіня зборніка Галіны Нічыпаровіч “І напаўняецца душа цяплом”. Навучэнцы ж 1-4 класаў наведалі выставу "Майстры слова", арганізаваную ў школьным музеі.

Спадзяёмся, што мерапрыемствы Тыдня роднай мовы нікога не пакінулі абыякавымі, а ўдзельнікі ўпэўніліся, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай.

Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!

А. Каваленка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Бакштаўскай сярэдняй школы імя М.Чэрнік

Читайте ещё:



Оставить комментарий