ivyenews.by

Вярба - сімвал жыцця і адраджэння. 2 красавіка католікі адзначаюць Пальмовую нядзелю

Актуальное

2 красавіка адзначаецца Пальмовая нядзеля, або нядзеля Мукі Пана. Яна распачынае самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе – Вялікі Тыдзень.

У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерусалім для здзяйснення пасхальнай таямніцы адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў.

Гэтая традыцыя грунтуецца на евангельскім апісанні месіянскага ўваходу Хрыста: «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (пар. Ян 12, 12-13). Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Евангельскае апісанне мукі Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы чытаецца ў гэты дзень на кожнай святой Імшы.

На нашых землях Пальмовая нядзеля адзначаецца з часоў сярэднявечча. Менавіта ў той час узнік звычай асвячэння пальм.
У хрысціянскім кантэксце пальма мае некалькі значэнняў. Па-першае, яна з’яўляецца сімвалам трыумфу, па-другое – мучаніцкай смерці. Абодва элементы знайшлі сваё адлюстраванне ў лёсе Хрыста. Таксама пальма сімвалізуе справядлівасць і мудрасць. У рэлігійнай арнаментыцыі пальма азначае райскае жыццё ў Небе або тут, на зямлі. У цені пальмавых галінак святыя шукаюць адпачынку і суцішэння.

У сувязі з тым, што ў Беларусі пальмы не растуць, вернікі прыносяць на працэсію галінкі вярбы, упрыгожаныя кветкамі ці штучным дэкорам. Менавіта па гэтай прычыне сама нядзеля атрымала назву “Вербная нядзеля” ці “Вербніца”.
Дарэчы, на Іўеўшчыне традыцыя патрабуе ўпрыгожваць вярбу каляровымі стужкамі. Чырвоны колер з’яўляецца пераважным. Да галінак вярбы дадавалі яшчэ і ядловец. Чаму яго? Існуе меркаванне, што калючыя галіны гэтай расліны асацыіруюцца з цярновым вянком, які праз некалькі дзён пасля ўваходжання Хрыста ў Ерусалім быў ускладзены на яго галаву.
У нашай кліматычнай зоне вярба – адзіная расліна, якае па форме нагадвае іерусалімскую пальму. Яе лапападобныя галінкі сталі нагляднай прычынай, чаму менавіта лаза стала сімвалам Пальмовай нядзелі на нашых землях. Аднак гэта не выключная падстава, дзякуючы якой вярба мае гонар сустракаць Месію ў штогадовых святочных працэсіях. Калі вясной іншыя расліны, дрэвы і хмызнякі ледзь пачынаюць выпускаць першыя пупышкі, вярба ўжо зіхаціць яскравымі бела-срэбнымі пацеркамі. Яна нібы прадвяшчае хуткі прыход Вялікадня. Гэтае дрэва не баіцца неспрыяльных прыродных умоў, можа расці як уздоўж дарог, так і на балоце. Менавіта таму ў Касцёле вярба лічыцца сімвалам адраджэння жыцця, неўміручасці душы і ўваскрасення.

Зразумела, што само па сабе благаславенне вярбы ў Пальмовую нядзелю без малітвы і ўсведамлення важнасці падзеі мала што значыць.
На парозе Вялікага тыдня Вербніца пабуджае да разважанняў над бясконцай Божай любоўю і грэшнасцю чалавека. Пальмовая нядзеля – гэта апошняя “прамая” да здзяйснення галоўнай Таямніцы.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Раман Ярмош. Фота аўтара і з інтэрнэта. 

Читайте ещё:



Оставить комментарий