ivyenews.by

Сімвалы ўваскрослага Хрыста. Сёння вернікі каталіцкай канфесіі адзначаюць Вялікдзень

Актуальное

Сёння католікі ўсяго свету адзначаць урачыстасць Уваскрасення Пана – Вялікдзень.
Уваскрасенне Хрыста — непараўнальнае па сваёй значнасці свята для ўсяго хрысціянскага свету, яно нясе людзям вестку пра выратаванне і надзею на вечнае жыццё.
Традыцыя Рыма-каталіцкага Касцёла распачынае святкаванне вечарам Вялікай суботы. Тады ва ўсіх касцёлах праводзяцца набажэнствы – Велікодныя Вігіліі.
Гэта найважнейшая і найбагацейшая форма літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года: яна насычана сімволікай святла і агню, багатая на чытанні з Новага і Старога Заветаў, узгадвае сакрамэнт хросту.
Пасля гэтай Імшы ў кожным касцёле побач з алтаром з’яўляюцца тры бачныя знакі, якія паказваюць на Хрыста ўваскрослага і таямніцу ўваскрасення. Гэта фігурка ўваскрослага Хрыста, Пасхал і крыж з чырвонай стулай. Кожны з іх з’яўляецца сімвалам ўваскрасення.

Фігурка: убачыць уваскрослага Езуса

Фігура Езуса ўваскрослага з касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, першая палова XVIII стагоддзя. Фота «IK»
 
Фігура ўваскрослага Хрыста нагадвае аб’яўленне Хрыста вучням пасля ўваскрасення. Ён з’явіўся ім у сваім целе. Апосталы маглі бачыць яго твар, праколатыя рукі і ногі. Яны маглі чуць яго голас і размаўляць з ім. Езус уваскрос у сваім целе, якое цяпер валодае новымі ўласцівасцямі. Ён не абмежаваны часам або прасторай. Яго не спыняюць сцены або зачыненыя дзверы. У гэтым выглядзе Хрыстос з’явіўся жанчынам, Марыі Магдалене, святому Пятру, вучням, якія ідуць у Эмаус, усім апосталам, святому Паўлу і прыкладна за пяцьсот братам.
Розныя дэталі гэтай фігуры таксама нагадваюць пра яго перамогу над грахом, смерцю і сатаной. Фігура адлюстроўвае постаць Збавіцеля, які трымае сцяг у адной руцэ, а другую руку падымае ўверх, паказваючы на неба і даючы благаслаўленне. На яго руках і нагах бачны сляды цвікоў, а на баку - сляды дзіды.
 
Пасхал: разгадаць таямніцу ўваскрасення
 
 
Агонь і Пасхал – выключна важныя і глыбокія сімвалы. Падчас абрадаў Вялікай Суботы перад касцёлам запальваецца вогнішча, святар здзяйсняе асвячэнне агню, ад якога пазней запальваецца сам Пасхал. Затым урачыста ўносіцца ўнутр храма ў працэсіі. Агонь сімвалізуе ўваскрослага Езуса-святло свету. Традыцыя абвяшчае, што велікоднае полымя злучаецца з нябеснымі агнямі і на самой справе гарыць у двух месцах — адначасова на зямлі і на небе — будучы як бы “брамамі”, якія злучаюць два свету, як Езус злучыў у сабе прыроду Бога і чалавека.
 
 
Пасхал падчас літургіі святла. Пасхальная вігілія, 2022 год. Фота аўтара.

Працэсія з палаючым Пасхалам уваходзіць у касцёл. Ён нагадвае пра пераход ізраільцян праз Чырвонае мора. Такім чынам, свечка таксама сімвалізуе слуп агню, які суправаджаў іх. Цемра ночы асвятляецца Хрыстом, які ўваскрасае.
Сама свечка багата ўпрыгожана і ўтрымлівае мноства знакаў. У цэнтры знаходзіцца Крыж з пяццю васковымі чырвонымі зернямі, якія сімвалізуюць пяць ран Хрыста, якія засталіся на яго целе пасля ўваскрасення. Побач знаходзяцца лічбы бягучага года, якія сімвалізуюць уладу Езуса над часам. На свечцы таксама напісаны першая і апошняя літары грэчаскага алфавіту (Альфа і Амега), якія сімвалізуюць, што Хрыстос ёсць пачатак і канец усяго, што яму належыць усё, што было, ёсць і будзе.
 
Крыж з чырвонай стулай: прыняць велікодныя сакрамэнты
 
Крыж з чырвонай стулай падчас зрэзу рэкцыйнай працэсіі. Парафія св. Уладзіслава ў Суботніках. Фота grodnensis.by
 
У пятую нядзелю Вялікага посту ў кожным касцёле засланяюцца крыжы фіялетавай тканінай. Такім чынам, Касцёл звяртае ўвагу вернікаў і адначасова паказвае, што крыж - гэта таямніца, якую трэба раскрыць. Гэтая таямніца цалкам раскрываецца ў Вялікую пятніцу, таму ў гэты дзень з крыжа здымаецца заслона.
Праз два дні, у Велікодную нядзелю, Касцёл зноў звяртае ўвагу вернікаў на крыж, вешаючы на яго чырвоную стулу. Яна паказвае на ўкрыжаванага і ўваскрослага Першасвятара, які ўчыняе справу адкуплення. Ён прынёс ахвяру самога сябе, пра што нагадвае яго фігура, прыбітая да крыжа, але ён жывы і выконвае сваю святарскую місію. Усе сакрамэнты чэрпаюць сваю сілу з таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста. Ва ўсім Ён, Вярхоўны і адзіны святар, здзяйсняе сваю ахвяру і сваю перамогу над смерцю і дае сваім вучням ласку ўдзельнічаць у гэтай таямніцы.
Гэта, вядома, не адзіныя сімвалы, якія з’яўляюцца ў касцёле падчас Пасхальнай Вігіліі. Багацце гэтай літургіі толькі паказвае на важнасць гэтых святаў – найважнейшых для кожнага хрысціяніна.
Велікодны сакраментальны шлях заканчваецца святкаваннем дня Пяцідзясятніцы, у якім вернікі ўдзельнічаюць асаблівым чынам – праз сакрамэнт канфірмацыі.
Святочныя набажэнствы - важны перыяд разважанняў аб сакрамэнтах, здзяйсненне якіх асабліва ўрачыстае.
 
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Раман Ярмош.

Читайте ещё:



Оставить комментарий