ivyenews.by

У Дзень народнага адзінства адкрываем невядомыя імёны. Фочэ Блох - барацьбіт за народнае шчасце

День народного единства: история, события, факты

У Дзень народнага адзінства хачу расказаць аб адным з актывістаў за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за права на самавызначэнне для Заходняй Беларусі, за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у рабоча-сялянскую рэспубліку, былога жыхара г. Іўе яўрэйскай нацыянальнасці - Фочэ Блоху.

Асноўнымі заняткамі яўрэяў у тыя часы Іўя былі гандаль і рамяство. Амаль у кожным доме, у адной з яго частак - ці гэта падвальнае памяшканне, ці пярэдняя частка дома, дзверы якой выходзілі на плошчу або на адну з галоўных вуліц - размяшчаліся крамы або майстэрні. У першых прадаваліся пераважна сельскагаспадарчыя тавары. Але былі і крамы, дзе можна было набыць і іншы тавар. Так, на скрыжаванні цяперашніх вуліц Карла Маркса і Савецкай у доме №12 была невялічкая крама самых розных гаспадарчых тавараў. Належыў гэты дом, як і крама, Рафаілу (Фочэ) Блоху. Вялікага даходу гандаль не прыносіў, але даваў магчымасць зарабіць для пражытка сям’і.

Ёсць звесткі, што ў гэтым доме жыў не толькі Фочэ, але і яго  родныя.

Яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў мінулага стагоддзя сябар Фочэ Маісей Кошчар пазнаёміў яго з Ханай, якая была родам з Бераставіцы. А ўжо ў 1935 годзе ў сям’і Рафаіла і Ханы  нарадзілася дачка Гіта. 

У 1930-ыя гады Фочэ Блох стаў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Выступаў за здзяйсненне сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы, за права на самавызначэнне для Заходняй Беларусі, за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у рабоча-сялянскую рэспубліку. Партыя дзейнічала ва ўмовах глыбокага падполля. Яе члены падвяргаліся арышту. Не пазбег гэтага і Фочэ Блох. Пэўны час ён знаходзіўся ў польскай турме.

Восенню 1939 года Заходняя Беларусь  увайшла ў склад БССР. У першыя ж дні ўстанаўлення савецкай ўлады ў былых ваяводскіх, павятовых цэнтрах, гмінах ствараліся часовыя ўправы. У Іўі часовы камітэт узначаліў Фочэ Блох. Ён  любіў сваю зямлю, Іўе і, калі прыйшоў грозны час, стаў на яе абарону. Фочэ  прызвалі ў Чырвоную армію.  

Баявы шлях быў цяжкім і страшным: шматлікія кровапралітныя баі, смерць таварышаў.  Але ў яго была адна мара –  перамагчы фашыстаў і знайсці сваю сям’ю. Але гэтаму не наканавана было спраўдзіцца. Фочэ загінуў на тэрыторыі Польшчы.

Хана з маленькай Гітай былі ў эвакуацыі. А ўсе родныя з сям’і Блох, хто застаўся ў Іўі,  раздзялілі лёс яўрэйскай абшчыны мястэчка. Застаўся ў жывых брат  Фочэ, які ў даваенны час працаваў бухгалтарам, іграў у аркестры на трубе. Пасля вайны выехаў у Ізраіль. 

У пасляваенны час Хана жыла ў Івянцы. Гіта ж, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працавала ў Мінску, выкладала нямецкую мову. Але яны ніколі не забывалі аб Іўі, у якім нарадзілася іх сям’я, дзе прайшлі гады кахання. Не забываліся і пра сям’ю свайго сябра – Маісея Кошчара. Наведвалі, дапамагалі адзін аднаму.

А ў 1981 годзе ўсе разам - Хана, Гіта з дачкой Руфай  і сынам Данікам пераехалі ў ЗША. Хана старалася кожны раз, як выпадала такая магчымасць, наведаць Іўе, каб  моўчкі пастаяць ля магілы, у гэтым сумным месцы, дзе навекі знайшла спачын вялікая яўрэйская абшчына Іўя.

У 1994 годзе сям’я Блох фінансава падтрымала праект, які ў Іўі ажыццявіла амерыканская балерына, харэограф і рэжысёр Тамар Рогаф.

Гіта з сынам і дачкой, у якіх ёсць свае сем’і, і сёння жывуць у ЗША. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

 

Марына ПАЗНЯК.

Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий