Язык:

Гасцёўня рэдакцыі газеты «Іўеўскі край». Чапаць жыццё рукамі, ці Дзе нараджаюцца лялькі…

О малой родине

…Сёння у нас зноўку рубрыка «Гасцёўня». А гэта значыць, што падрыхтавалі мы вам, паважаныя сябры, сустрэчу з цікавым чалавекам, якіх мы заўжды рады запрасіць да сябе ў госці ці пасядзець пагутарыць з імі дзесьці на нейтральнай тэрыторыі. А сёння, зрэшты, тэрыторыя зусім і не нейтральная- Ліпнішкаўскі Дом культуры. Не, зараз ён, як і іншыя ўстановы культуры, называецца мудрагеліста аддзелам культурна- масавай і асветніцкай работы. Але нам захацелася пасядзець і пагутарыць менавіта ў Доме культуры, а не ў аддзеле. Таму называем гэтую клубную ўстанову ў аграгарадку Ліпнішкі па-ранейшаму. А цёплы духмяны чай мы пілі і адначасова размаўлялі з Марыяй Францаўнай Пякша - па-асабліваму творчым чалавекам, якая стварыла свой асаблівы творчы пласт у сферы культуры раёна. Як гэта нярэдка бывае, яна не марыла і не спадзявалася нават працаваць у культуры…

М. Пякша:
- Я марыла стаць дызайнерам адзення. Любіла шыць, штосьць кроіць, выразаць. Матуля была швачкай - самавучкай, бацька - плотнікам. І кожны з іх, не маючы спецыяльных навыкаў і адукацыі, тварыў у сваёй справе сапраўдныя цуды. У хаце вітала творчасць зусім не ў творчых спецыяльнасцях. Я таксама марыла мець дачыненне да стварэння прыгожага жаночага адзення. Аднак…
Карэспандэнт:
- Чалавек плануе, а лёс усё ставіць на пэўнае месца. Яна, ураджэнка Воранаўскага раёна, выйшла замуж у Ліпнішкі. Нарадзіла дзвюх дачушак, выйшла з дэкрэтнага адпачынку, знайшла працу. Стала…дырэктарам у мясцовым Доме культуры. Паступіла вучыцца ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. З прыёмнай камісіяй гаварыла проста, без хітрыкаў. Маўляў, я ўжо дырэктар. А быць ім без дыплома неяк няёмка. Вось прыйшла за ім да вас.
Яе прынялі. І, напэўна, калі б даведаліся пра працоўны і творчы шлях сваёй выпускніцы, то з гонарам канстатавалі б, што маюць дачыненне да станаўлення такой творчай асобы.
Марыя Францаўна расказвае, што не мела аніякіх талентаў: ні спяваць, ні танцаваць… Наконт аніякіх яна, канешне ж, перабольшвае, бо быў і ёсць у яе талент арганізатара, кіраўніка, талент сабраць разам яркіх, бліскучых сваімі талентамі людзей, стварыць калектыў і свой асаблівы, ліпнішкаўскі клімат, у якім так добра і плённа працуецца, так шчыра сябруецца, так лёгка ствараюцца цуды творчасці, непаўторныя праекты і задумкі…
М. Пякша:
- Тады прыйшла працаваць і Марына Скрыпская . Мы разам збіралі нашу "Весялуху". Сёння яе, таго часу, мы называем маладой "Весялухай". А зараз фальклорны ансамбль "Весялуха" - гэта ў асноўным дамы сталага ўзросту. Аднак, на сцэне яны ўсе, як адна, маладыя, пявучыя, танцуючыя. Адным словам, весялухі… І гады з імі нічога не робяць.
І амаль адразу я зразумела, што тут, ва ўстанове культуры, ёсць усе магчымасці займацца адначасова любімай справай. З тае пары ўсе сцэнічныя касцюмы разам з калегамі мы шыем самі. Танцавальны калектыў носіць касцюмы маёй работы: для яўрэйскага танца, для сіртакі (грэчаскі народны танец), для цыганскіх плясак, украінскіх, беларускіх танцаў… Пад кожны танец мы імкнемся зараз мець асобныя касцюмы. Спачатку над пастаноўкай “варожыць” Насця Грыбоўская, наш харэограф і загадчык аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі, а потым ўжо ідзе да мяне. Не сказаць, каб я адразу радавалася вялікай рабоце, ды не радуюся толькі звонку. А душа трапечацца ад чакання гэтага працэсу мук творчасці. Яны ж ні з чым не параўнальныя. Яны не даюць спаць, застаўляюць амаль што балець галаву і сэрца. Аднак, калі работа зроблена, я атрымліваю такую ні з чым не параўнальную асалоду, што душа ўжо не баліць - яна радуецца і пяе.

Карэспандэнт:
- Радуецца яе душа і тым касцюмам, якія яна шые для дзіцячага танцавальнага калектыву. А строі для вакальнага квартэта "Варажэя" - гэта, наогул, асаблівая дызайнерская работа. Яны так гарманічна дапаўняюць маладых пявунняў, так падкрэсліваюць іх прыгажосць і жаноскасць; такія непаўторныя, а галоўнае, адзіныя такія ў свеце, ад Майстра-творцы Марыі Францаўны. Некалькі год таму назад кіраўніцтва раёна, адзначыўшы "Варажэю" як значную з'яву ў культурным жыцці Іўеўшчыны, выдзеліла сродкі для набыцця тканіны (ведалі, што касцюмы ліпнішкаўцы могуць пашыць самі). І яны тады набылі шмат прыгожых тканін. З тае пары і шыюцца сцэнічныя касцюмы: прыгожыя, спрытныя, дызайнерскія. Марыя Францаўна не шукае фасонаў у знаўцы-інтэрнэта (яна, наогул, ім і не карыстаецца, каб не траціць каштоўнага для творчасці часу. І ў гэтым яна таксама асаблівы чалавек, таму што там, на прасторах карыстальнікаў анлайн, згубілася шмат творцаў і людзей, якія так добра маглі разважаць і думаць і без інтэрнета) …
М. Пякша:
- Я выкройваю і шыю насуперак усім правілам краўцоў. Нешта нараджаецца ў душы, у сэрцы, у розуме, і я раскручваю рулон тканіны, бяру ў рукі нажніцы… А потым нашы дзяўчаты выходзяць на сцэну, і я любуюся імі, прыгажунямі. І бачу, што нешта ў мяне атрымалася…
Карэспандэнт:
-"Нешта" атрымлі-ваецца ў яе даўно. Яшчэ тады, калі дырэктар ДК узначаліла аматарскае аб'яднанне "Чараўніцы", дзе дзяўчаты-старшакласніцы займаліся мадэляваннем і пашывам адзення. Самай пажаданай тканінай стаў лён. Дзяўчынкі ачысцілі куфары сваіх бабуль, сваякоў. Памятаю гэты ліпнішкаўскі льняны бум…
М. Пякша:
- Я назаўжды "захварэла" сінявокім лянком. Крыху далей пагаворым пра гэта. А я працягну гаворку пра наша мадэляванне. Мы зрабілі творчы паказ "Джынсавы бум" і прадставілі яго нават на раённай і абласной сцэнах. Гэты было нешта з нечым! Сумкі, спадніцы, камбінезоны, касцюмы з флікерамі… Ідэя была мая, аднак вырашалі яе разам з калегамі і, безумоўна, з дзецьмі. А потым гэтыя юныя майстрыцы на сцэне-подзіуме пераўтвараліся ў сапраўдных мадэлей. Толькі ў адрозненне ад прафесіянальных манекешчыц, свае строі нашы дзяўчаткі стваралі самі.
Акрамя таго, ў мяне яшчэ былі і ёсць два гурткі "Маленькія майстры" і "Беларуская лялька".
Карэспандэнт:
- Праз "Беларускую ляльку" у Ліпнішках пачалі шукаць і аднаўляць нацыянальныя строі рэгіёну. І былі лялькі тыя з лёну. Лён, як спрадвечна беларуская культура, стаў галоўным падручным матэрыялам. У клуб пачалі несці рулоны даматканага палатна: і зрэбнага, і тонкага, для кашуль. А таксама - паклю, ніткі. Дзіўна, але гэты матэрыял і для прадзіва, і для ткацтва не падуласны часу і той маленькай нядобрай мушцы-молі, якая не дае асабліва заляжацца ніткам у шафах ці куфэрках.
Вось мы і прыйшлі да той тэмы, якая зараз у цэнтры ўвагі ўсёй творчай і працоўнай дзейнасці Марыі Францаўны. Лялькі… Яна так захапілася імі тады, гадоў 10-15 назад, а потым з цягам часу зразумела, што творчасць рвецца з душы, патрабуе шмат часу. І калі яна не пакіне кіруючую пасаду, то проста не зможа спраўдзіць усё тое, што назапасілася ў душы і галаве. Пагаварыла з калегамі, папрасіла маладога спецыяліста Анастасію Грыбоўскую прыняць пасаду дырэктара Дома культуры, а яе адпусціць займацца любімай справай. Гэта было рашэнне сапраўднага творцы, чалавека, які хоча, як яна кажа, чапаць жыццё рукамі і рукамі ж нешта мяняць у інтэр'еры гэтага жыцця. А гаспадарчыя справы, справаздачы і кіраўнічая дзейнасць - гэта ўсё толькі адымае час.
Зараз ужо некалькі гадоў Марыя Францаўна толькі кіраўнік гурткоў і аматарскага аб'яднання. І стала частка глядзельнай залы, якую перагарадзілі добрай сценкай, месцам, дзе нараджаюцца лялькі. Яна зараз так і гаворыць:"Хадземце, пакажу, дзе нараджаецца лялька".
І мы заходзім у пакой, дзе жывуць лялькі. Шмат лялек. І нарыхтоўкі для іх, і тыя, якія яшчэ ў працэсе вырабу. Стаяць на палічках картонныя каробкі гурткоўцаў, у якіх складзены роўненька прыстасаванні для майстравання: іголкі, ніткі, нажніцы, клей, кавалачкі рознага матэрыялу. У кожнага свой маленечкі "куфэрак". Затое, якія вялікія спадзяванкі і планы схаваны ў іх! А на сцяне - рознакаляровыя сэрцайкі. 30 - па колькасці дзяцей, якія займаюцца пашывам лялек. Яны малююць сэрца і"засяляюцца" у дом, дзе нараджаюцца і жывуць лялькі. У цэнтры - яе сэрца, сэрца кіраўніка. Дзеці выказваліся, што яно павінна быць самым вялікім. Аднак, атрымалася, як і ўсе астатнія. На самой жа справе, ў гэтай жанчыны і сапраўды не толькі вялікі талент, але і вялікае сэрца. І ў гэтым упэўніліся яе малыя майстры. Таму ёй давяраюцца і сакрэты, і тайны, таму да яе бягуць дзеці кожную хвілінку, калі маюць вольны час.
…У гэтым памяшканні свой свет, свая аўра. Тут жывуць лялькі. Першай некалі была інтэр'ерная лялька ў беларускім касцюме. Потым з'явіліся хлопец у беларускім касцюме, які зараз зручна ўладкаваўся на маслабойцы, і харызматычны Юзік…
М. Пякша:
- Юзік - гэта наш талісман. З тае пары ён і жыве сярод лялек: і старых, і новых. Гэта адзіная лялька, якую я больш не паўтарала. І якую я ніколі не прадам, не падару, як сувенір. Калі мы едзем на выставу ўсёй сваёй лялечнай кампаніяй і неяк незнарок забудзем узяць Юзіка, мы вяртаемся ці з паўдарогі, ці, наогул, ужо прыехаўшы, за ім. Без яго нам не шчасціць ні ў выставах, ні ў продажах.
У нашай творчай скарбонцы шмат абярэгаў, гаспадыняк-кухонніц, лялек- беларусак, кутасоў-пажаданцаў, інтэр'ерных лялек, снегавічкоў, анёлкаў-спадарожнікаў, анёлкаў-імяніннікаў, лялькаў - мяшкоў дабрабыту…
Карэспандэнт:
- Лялькі Марыі Францаўны едуць па свеце, іх дораць, прадаюць, аддаюць. Галоўным эмігрантам стала лялька Кузька. Майстар толькі паспявае іх рабіць. Калегі з усяго раёна з гумарам называюць яе кузькінай маці. А Кузькі паехалі на Чукотку, у Італію, Германію, Польшчу, Злучаныя Штаты Амерыкі… Гэты цікавы дамавічок у льняным беларускім касцюме мае ў сябе схованку - кілішак. Таму і дораць яго абавязкова з поўным кілішкам. Такая гумарыстычная маленькая традыцыя беларускай гасціннасці…
Першымі крытыкамі новай лялькі ў яе заўжды становяцца калегі і муж Часлаў Станіслававіч, а падчас прыезду і дзве дарослыя дачкі: псіхолаг і будучы настаўнік-мастак. Дзеці таксама творчыя асобы.
М. Пякша:
- Зараз мы актыўна рыхтуем сваіх лялек да маючых адбыцца ў раёне абласных “Дажынак”. Работы шмат. Будуць лялькі, якія ўжо нараджаліся ў нашай майстэрнні, будуць і новыя. Яднаць іх будзе тое, што асновай-ножкай для большасці з'яўляецца падстаўка ў выглядзе сэрца. Таму што кожны выраб - ад сэрца. І ў дзетак, што прыходзяць да нас на заняткі, мы выхоўваем, у першую чаргу, людскасць, чалавечнасць, выхоўваем душу.
Карэспандэнт:
- Мы развітваліся з Марыяй Францаўнай, яшчэ раз кінуўшы вокам на яе майстэрню, дзе прымасцілася лялька - княгіня Ева - першы такі сувенір у раёне, дзе не злазіць са сваёй маслабойкі вясковы кавалер, дзе, закруціўшы нага за нагу, рассеўся вальяжны Юзік. Нават не хацелася пакідаць гэты чароўны вугалок. Аднак са мной ад'язджала ў Іўе лялька Груня. Такая мяккая, прытульная. "Бярыце! Бярыце! - угаворвала мяне майстрыца, - люблю рабіць падарункі". Вечарам мая маленькая унучка не магла знайсці месца ад захаплення. Палажыла Груню спаць, накрыла хусткай-коўдрай. І прыказала мне глядзець ноччу, каб яна не раскрылася. Вось так я прывезла дамоў радасць. Радасць ад Марыі Францаўны і яе маленькіх памочнікаў…

В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.