Язык:

Рэгіён. Жыць, працаваць, ствараць новую гісторыю малой радзімы

О малой родине

Экскурс ва ўспамінах

Ёсць населеныя пункты, рэгіёны, сённяшні дзень якіх як бы акрэслены гістарычнымі падзеямі даўно мінулых дзён, нейкімі асаблівымі людзьмі, асобамі, дзеячамі. І тады так лёгка, так проста з мінулага перайсці ў сёння. Лелюкі, на жаль, да такіх месцаў не адносяцца. Пра былое іх маўчыць гісторыя. І канкрэтныя звесткі ў пісьмовых крыніцах з'яўляюцца толькі ў пачатку дваццатага стагоддзя. А гэта для гісторыі - нішто. Зрэшты, гэта адносіцца толькі да саміх Лелюкоў, а наўкол гучаць і вёскі, і імёны. Напрыклад, Лугамавічы - вотчына найбольш багатых уладароў зямель іўеўскіх Корвін-Мілеўскіх, прадстаўнікоў магнацкіх родаў нашага краю. Тут упраўляў справамі маёнтка яшчэ ў 19 стагоддзі сумна вядомы Самуэль Воўк - жорсткі ўпраўляючы, якога ўспамінае ў сваёй паэме "Пан Тадэвуш" Адам Міцкевіч. Успамінае з нагоды таго, што падчас нацыянальнага паўстання 1860-х гадоў пан Воўк пайшоў супраць польска-беларускіх патрыётаў, стаўшы пад сцягі расійскага самадзяржаўя. А мясцовыя жыхары - старажылы вёскі яшчэ ў 80-ыя гады нашага часу, 20 стагоддзя, расказвалі шмат страшных гісторый, якія перадаваліся ў вёсцы з пакалення ў пакаленне пра пана-тырана Воўка, пра яго права першай ночы, калі бралі шлюб сяляне, пра яго жорсткасць у адносінах да прыгонных. Дзякаваць Богу, тыя часы прайшлі. Аднак казалі, што ястраб-драпежнік, які часта з'яўляўся над палямі, над падворкамі вяскоўцаў - гэта чорная душа пана Воўка, якому не знайсці спакою за свае злачынствы… І сёння яшчэ ёсць успаміны пра Самуэля Воўка. Ля дудскага касцёла захаваўся помнік на магіле яго жонкі, сам лугамавіцкі ўпраўляючы пахаваны на тэрыторыі свайго радавога маёнтка ў Любчы Навагрудскага раёна…
Ужо ў 20 стагоддзі, у першыя яго дзесяцігоддзі лугамавіцкі маёнтак славіўся надзвычай перадавымі метадамі вядзення сельскай гаспадаркі.
Адзін з самых вядомых фактаў партызанскай дзейнасці на тэрыторыі цяперашняга Іўеўскага раёна прайшоў таксама ў Лугамавічах, калі некалькі партызанскіх брыгад разграмілі лугамавіцкі гарнізон гітлераўцаў…
Лелюкінскі рэгіён - гэта і былое мястэчка Мікалаева, дзе калісьці знаходзіліся вялікая прыстань, склады для рознага тавару (зерне, лён, іншая сельгаспрадукцыя), які сплаўляўся па Нёману ажно да Гродна і Літвы.
Мікалаева - гэта радзіма Леаніда Давыдавіча Побаля - беларускага археолага, доктара гістарычных навук, прафесара, члена Міжнароднага саюза славянскай археалогіі, Польскага археалагічнага таварыства.
Гэта і вёска-партызанка Барава з яе вольналюбівым людам. Сёння яна ўсё больш і больш пусцее. А зусім нядаўна поўнілася мясцовая сярэдняя школа галасамі дзяцей, не хапала месца ў зале на школьных вечарах усім жадаючым.
Яшчэ ў пачатку стагоддзя дзейнічала тут царкоўна-прыхадская школа. А яе вучні, юнакі-падлеткі, пасадзілі ў год пачатку Першай сусветнай вайны таполі, якія шмат дзесяцігоддзяў напаўнялі усё наўкол золатам лісця і старэлі разам з тымі, хто іх пасадзіў.
Тут у Бараве, у школе працавала шмат цудоўных настаўнікаў. А настаўнік працы Аляксандр Пятровіч Лебедзь быў менавіта з тых юнакоў, што садзілі дрэвы. Ён яшчэ ў польскія часы рабіў струнныя інструменты для гімназіі ў Вільні, а ў Бараўскай сярэдняй школе разам з вучнямі на ўроках працы майстраваў гітары. Яны разам хадзілі ў лес, падбіралі падрэбныя дрэвы для верхняй і ніжняй дэкі, нарыхтоўвалі іх, правільна сушылі. І гучалі тыя гітары, як быццам рабілі іх знакамітыя сусветна майстры…
Галоўнай падзеяй вёскі ў сучаснай гісторыі, безумоўна, стала існаванне тут Бараўскага хору, які стаў першым і доўга быў адзіным калектывам раёна, які насіў пачэснае званне народнага, быў сапраўднай візітоўкай раёна ў рэспубліцы. Яго стварыў і амаль 40 гадоў кіраваў ім удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Заслужаны работнік культуры БССР Віктар Канстанцінавіч Шарэцкі, а загадчыкам клуба тады працаваў удзельнік партызанскага руху Імпаліт Мікалаевіч Лянкевіч… Якія галасы! Якія песні! Іх слухала ў 1971 годзе на працягу тыдня сталіца вялікай радзімы СССР Масква, дзе праходзілі выступленні народнага калектыву…
Можна бясконца прыводзіць такія вось карацелькі-успаміны, што льюцца з душы, бо і аўтар гэтых радкоў таксама нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы, куды прыехалі працаваць бацькі…

Але вернемся ў дзень сённяшні. Зараз няма такіх гераічных падзей, пусцеюць школы і вёскі, аднак жывуць людзі і таксама ствараюць гісторыю сучаснасці і будучыні, клапоцяцца пра сваю малую радзіму, працуюць на зямлі, вучаць дзяцей, лечаць вяскоўцаў, даглядаюць жывёлу, выхоўваюць дзяцей і ўнукаў... Шмат працы на вёсцы, шмат клопатаў. І нам пра іх расказаў гаспадар рэгіёна, старшыня Лелюкінскага сельскага выканаўчага камітэта Станіслаў Станіслававіч Алешчык.

…Сёння Лелюкінскі сельсавет - гэта адна сярэдняя школа- дзіцячы сад, чатыры крамы (дзве прыватныя) і рэгулярна ходзіць аўталаўка. Працуюць паспяхова два лясніцтвы (Лелюкінскае і Лежневіцкае), тры ФАПы, сектар культурна-масавай і асветніцкай работы ў Лелюках, паштовае аддзяленне, вадзіцель-паштальён якога возіць карэспандэнцыю і тавары пад заказ па вёсках.
Маецца 28 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1110 чалавек. Ёсць прыемны факт: працаздольнага насельніцтва значна больш, чым людзей пенсіённага ўзросту. Праўда, старшыня з сумам заяўляе, што гэта, напэўна, ненадоўга. Таму што аб'яднанне сельскіх гаспадарак - гэта прагрэс (так лічыцца), аднак , у сувязі з тым, што з Лелюкоў забралі цэнтр сельскагаспадарчага кааператыву, перастала заставацца тут моладзь (як некалі ў Бараве пасля аб'яднання тутэйшага калгаса з лелюкінскім), перасталі маладыя будавацца тут. Значыць, зменшыцца і колькасць дзетак, і колькасць наогул пражываючых.
Насельніцтва павялічваецца ўлетку за кошт дачнікаў. А рэгіён вельмі спакуслівы для тых, хто хоча мець сваю "фазэнду" побач з лесам, ля рэчкі. У Бараве і Мікалаеве гэта Нёман. У Мільве - Бярэзіне, у Малой Чапуні - таксама. Між іншым, у гэтай, прыгрэтай поглядам гараджан, вёсачцы, шмат прыроднай прыгажосці, дагледжаных дачных домікаў, аднак жыве толькі адзін мясцовы жыхар - 80-гадовая Соф’я Аляксандраўна Карух. І ёсць адна надзвычай вялікая праблема. Каб прыехаць з аднаго берага Бярэзіны на другі, трэба пераадолець 40 кіламетраў шляху. Няма пераправы. Некалі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ваенныя падчас вайсковых вучэнняў пабудавалі тут нядрэнны мост. Ён застаўся людзям. Усім пашчасціла. Ды пусцілі па мосце цяжкія машыны з сельскагаспадарчай прадукцыяй. І мост разбілі, ён стаў небяспечным. Каб не дапусціць непатрэбных здарэнняў, яго разабралі. І ўсё. У вёску тут больш ніхто не трапіць. Аднак, да гонару кіраўніцтва раёна, сельсавета, спажывецкага таварыства, да аднаго адзінага чалавека ў вёску на край света, робячы неверагодныя аб'езды, ходзіць аўталаўка. А калі ёй перашкаджае гэта зрабіць восеньска-зімовая непагадзь і сапсаваная дажджом ці снегам дарога, вязе прадукты Соф'і Аляксандраўне па вялікім крузе сам старшыня. Сёння сельвыканкамы - адзіная надзея старых людзей.
Ніколі не было дарогі і да вёскі Мільвы, аднак там з'явілася аграсядзіба, і яе ўпраўляючы, вельмі жвавая і рашучая жанчына, знаходзіць магчымасць, нейкія хады і выхады, каб наладзіць той кавалачак шляху. І людзі ёй удзячны. ДРБУ-156 ніколі не хацела і не хоча, як адзначыў старшыня сельвыканкама, браць на свой баланс дарогі да гэтых двух вёсак. А там жа таксама жывуць людзі…
І работа са сталымі людзьмі, як і паўсюдна ў раёне, вядзецца вялікая. Два разы ў год працуюць назіральныя камісіі, якія па выніках убачанага пішуць прашэнні ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. І тым самым здымаюць асобныя пытанні, вырашаюць праблемы, дапамагаюць людзям не пакрыўдзіцца на лёс і дзяржаву.
Працуе сельвыканкам сумесна з мясцовай школай, яе сацыяльным педагогам, дырэктарам школы, грамадскім пунктам аховы правапарадку і іншымі зацікаўленымі службамі з сем'ямі, якія выхоўваюць дзяцей і маюць асобныя праблемы. Жыццё ідзе, і яго агульнымі намаганнямі накіроўваюць у правільнае русла.
…Наконт дачнікаў. Мы крыху вышэй гаварылі, што яны купляюць дамы ў Бараве, Мікалаеве, Лежневічах, Малым Бараве…Гэта, прынамсі, добрая з'ява на сучасным фоне жыцця вёскі, якая пусцее. Як сказала ўпраўляючы справамі Лелюкінскага сельвыканкама Ганна Уладзіміраўна Пальчэўская, дачнікі сваім прысутнічаннем упрыгожылі вёску. Ажываюць, дзякуючы ім, старыя, кінутыя сядзібы, ды і мясцовыя жыхары пачынаюць, гледзячы на гарадскіх суседзяў, упрыгожваць і даводзіць да ладу свае прысядзібныя ўчасткі…

Добрыя справы малога бізнесу

Новай з'явай вёсак стала дзейнічанне на іх тэрыторыях прыватных прадпрыемстваў, фірм, якія занялі годнае месца на рынку продажы паслуг. У рэгіёне працуюць два такія прадрыемствы - ПВУП (прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства) "Профідал" і ТАА "Росхольц". На апошняе з іх мы і завіталі.

Прыватнае прадпрыемства "Росхольц" займаецца пераапрацоўкай драўніны і вырабам мэблевых шчытоў і масіва драўніны з дуба, ясеня, альхі - найбольш каштоўных і зручных для апрацоўкі і вырабу мэблі і іншых рэчаў парод.
Як сказаў нам намеснік дырэктара прадпрыемства Павел Андрэевіч Косінаў, кіраўніцтва прадпрыемства і яго калектыў годна трымаюць марку надзейнага вытворцы і партнёра па бізнесе. З імі ахвотна супрацоўнічаюць як значныя прадпрыемствы (Беларуска-іспанскае прадпрыемства "Белюкс", буйная гандлёвая сетка "Сделай сам"), так і невялікія прыватныя арганізацыя, якія працуюць, як індывідуальныя прадпрымальнікі.
Для рэгіёна гэта 30 рабочых месцаў з нядрэнным заробкам, годным сацыяльным пакетам (лісткі няпрацаздольнасці, законныя адпачынкі і г.д.). Вельмі нядрэнна для сельскай мясцовасці. Для раёна - гэта неблагія паступленні ў бюджэт ад налогаў, якія выплачвае прадпрыемства. Таму, напэўна, ад дабра дабра не шукаюць - у ТАА "Росхольц" фактычна адсутнічае цякучасть кадраў.
Усе работнікі прадпрыемства - гэта кваліфікаваныя станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў. Мужчыны працуюць на больш працаёмкіх, цяжкіх участках, жанчыны, адпаведна, - на лягчэйшых.
Малы і сярэдні бізнес у Рэспубліцы Беларусь адыгрывае значную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, пашырэнню сферы паслуг, прыданню эканоміцы дадатковай стабільнасці. І таварыства з абмежаванай адказнасцю "Росхольц" ужо 8 гадоў займае ў спісе падобных прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу дастаткова значнае і годнае месца, у пэўным сэнсе дапамагае рэгіёну жыць.

Усведамленне любові да бацькоўскаяй зямлі

"Любоў да зямлі не прыходзіць сама па сабе, яна пачынаецца з малога - з любові да сваёй сям’і, да свайго дома, да вёскі, да школы, а прыводзіць да вялікага - да ўсведамлення любові да Радзімы і выканання доўгу ў імя Радзімы". Так лічыў легендарны савецкі акадэмік Цярэнцій Сямёнавіч Мальцаў.
Так лічыць і наш неўтаймавальны краявед, даследчык, аматар-археолаг, настаўнік гісторыі з вялікай (не пабаюся гэтага слова) літары Андрэй Віктаравіч Ваўчок, мець якога ў сваім калектыве пашчасціла Лелюкінскаму дзіцячаму саду- сярэдняй школе.


Андрэй Віктаравіч не толькі так лічыць, але і ўзяў гэтае выказванне вядомага навукоўца дэвізам сваёй прафесіянальнай дзейнасці.
Безумоўна, можна проста годна выкладаць свой прадмет, даваць добрыя веды вучням, а можна зрабіць так, што дзеці будуць чакаць урокаў і сустрэч з настаўнікам, мець агульную справу, якая ўрэшце выхоўвае душы і сэрцы, прыводзіць, як сказана вышэй, да ўсведамлення любові да таго куточка зямлі, дзе ты нарадзіўся. Як вядома, гэта - першая ступенька да вялікага пачуцця, імя якому патрыятызм, і на якім трымаецца і чалавек, і дзяржава.
З 2012 года Андрэй Віктаравіч працуе ў мясцовай школе. І адным з першых дзеянняў, якія ён зрабіў, быў абход і аб'езд наваколля. Як ён кажа, быць гісторыкам і не валодаць інфармацыяй аб мясцовасці, ў якой працуеш - не што іншае, як нонсэнс.
Як вядома, адным з накірункаў дзейнасці сістемы адукацыі з'яўляецца арганізацыя навукова-даследчай работы вучняў. Настаўнік і яго выхаванцы мэтанакіравана сталі шчыраваць на ніве краязнаўства. Займацца такой дзейнасцю, як кажа настаўнік, прафесія абавязвае Ды толькі, упэўнена ў гэтым, справа тут не толькі ў прафесіі. Гэта тое, што вабіць душу і розум гэтага чалавека. Ён, прынамсі, і сам пацвердзіў гэта:
- Мне падабаецца, што гэтая дзейнасць цікава не толькі для мяне, але і для маіх вучняў. І нават калі яны не звяжуць з гісторыяй сваю прафесію (час не вітае асабліва магчымасць быць настаўнікам ці даследчыкам гісторыі), але працяг справы, якой яны займаюцца ў школе, усё роўна будзе. Ды і ўжо ёсць. У сваіх ВНУ некаторыя з іх таксама займаюцца даследчай работай па гісторыі.
Андрэй Віктаравіч адзначыў вялікую падтрымку і навукова-даследчай работы з боку дырэктара школы Галіны Іосіфаўны Алешчык, якая заўжды на баку тых, хто працуе творча, хто "гарыць" на рабоце. І, безумоўна, бадай, як і іншыя краязнаўцы раёна, Андрэй Віктаравіч Ваўчок асабліва ўдзячны памочніку ляснічага Лежневіцкага лясніцтва Андрэю Іванавічу Міхальскаму, які так шмат і так плённа дапамае людзям, якія жадаюць ведаць гісторыю свайго краю.
Вучні Андрэя Віктаравіча пастаянна прымаюць удзел у краязнаўчых конкурсах і канферэнцыях розных узроўняў, дзе паказваюць высокія вынікі.
У 2016 годзе каманда школы стала пераможцам раённага конкурсу "Галасы гісторыі". Па выніках правядзення раённага этапа конкурсу экскурсійных маршрутаў "Узнаем Беларусь вместе" рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта "Собери Беларусь в своём сердце", распрацаваны турыстычны маршрут навучэнцамі 11 класа "Дорогами двух войн" (намінацыя "Маршрутами познания"), быў адзначаны дыпломам I ступені (2017 год). Відэафільм навучэнца 10 класа Паўла Сушчынскага атрымаў дыплом I ступені на раённым этапе конкурсу "Дорогами памяти" (намінацыя "Война в памяти поколений", 2018 год).
На працягу сакавіка-мая 2018 года каманда навучэнцаў старэйшых класаў "Спадчына" прымала ўдзел у інтэрнэт-праекце "Легенды і паданні зямлі пад белымі крыламі". Па выніках працы над праектам лелюкінскія школьнікі былі прызнаны пераможцамі праекта і атрымалі дыплом I ступені.
За перыяд з 2014 па 2018 гады вучнямі Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы было атрымана 14 дыпломаў па выніках іх удзелу ў навукова-даследчых (практычных) канферэнцыях рознага ўзроўню (7 на раённым узроўні, 6 - на абласным, 1 - на міжнародным).
Адным з накірункаў дзейнасці установы адукацыі па арганізацыі краязнаўчай вучэбна-даследчай дзейнасці сярод навучэнцаў з'яўляецца арганізацыя ў летні перыяд працы археалагічных лагераў.
На працягу чатырох гадоў, з 2014 па 2017 год, падчас летніх канікул, на базе навучальнай установы была арганізавана праца археалагічнага лагера з дзённым знаходжаннем "Спадчына". Удзельнікі археалагічнага лагера атрымалі ўнікальную магчымасць дакрануцца да мінулага, уявіць сабе, што было некалькі тысяч гадоў назад. Усяго за час працы археалагічных лагераў было знойдзена і вывучана каля пяці тысяч артэфактаў.
Андрэй Віктаравіч за сваю дзейнасць, за выхаванне ў дзяцей любові да Радзімы, за высокія вынікі працы ўзнагароджан Лістом падзякі старшыні Іўеўскага райвыканкама.
Ён кажа:
- Знаёмства з гісторыяй свайго краю выклікае жаданне захаваць спадчыну і пакінуць добры след аб сабе, даведацца пра жыццё мінулых пакаленняў, імкненне асэнсаваць мінулае і сучаснае свайго краю.

Грэх - загубіць дзіця, шчасце - яго мець…

Толькі вось Наталля Вацлаваўна кажа, што трое дзетак - гэта не шматдзетная сям'я ў разуменні людзей старэйшага пакалення, у якіх і слова не было - "шматдзетныя". Проста казалі, што сям'я вялікая. Усім хапала ў той сям'і месца, і людзі з яе, як паказвала жыццё, выходзілі найлепшыя: шчырыя, гатовыя прыйсці на дапамогу, падзяліцца нават апошнім.
Потым невялікая сям'я стала як дыягназ - сям'я праблемная. На шчасце, апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі, дзякуючы шматлікім дзяржаўным праграмам па падтрымцы маці і дзіцяці, сем'і сталі нараджаць больш дзяцей. І не праблемныя сем'і, а сапраўдныя, мудрыя бацькі і бясконца працавітыя маці. Сёння шмат такіх сем'яў, у якіх хочацца застацца, якім можна па-добраму пазайдросціць. Так, работы з дзецьмі шмат, аднак гэта высакародныя клопаты. Яны ў імя сям'і і будучага чалавека, грамадзяніна, будучых бацькі ці маці, якія з дзяцінства будуць вучыцца быць імі.
Наталля Вацлаваўна лічыць, што сям'я выхоўвацца яшчэ тады, калі дзеткі, якім належыць стаць мужам і жонкай, малыя. Вось і яны некалі (а было ў бацькоў іх таксама трое) жылі ўсе разам: маці, бацька, дзеці, бабуля, яе адзінокая сястра. Усім хапала месца ў вясковай хаце, было каму казкі разказваць, цёплыя шкарпэтачкі вязаць унукам халоднымі зімовымі вечарамі, пасядзець з дзецьмі, падмяніць адзін другога. І хоць бацькі атрымалі сваё жыллё ў калгасе, аднак не спяшаліся туды перабірацца. Не хацелі развітвацца з роднымі людзьмі, жыць паасобку. І зараз бацькі жывуць у тым старым доме, з якога так і не выбраліся, а Наталля Вацлаваўна разам са сваёй сям'ёй - у былым бацькоўскім доме. А дом бацькоў,ён жа грэе сэрцы і душы, дадаткова выхоўвае дзяцей, вучыць, як быць самім бацькамі.
Дзеці ў сям'і Паўловічаў растуць у любові і строгасці. Наталля Вацлаваўна лічыць, што любові бацькоўскай не можа быць замнога. Аднак, танюсенькая грань між ёй і ўседазволенасцю. Вельмі важна яе не сцерці. І дзеці выраслі паслухмянымі. Штосьці прыходзіла з-за асабістага прыкладу, а нечаму вучылі. І часам, здаецца, кажа маці траіх дзяцей, што "трымаем мы іх у "чорным целе". Яны нічога нават дома не возьмуць без дазволу, абавязкова спытаюць.
Тры дзяўчынкі растуць у сям'і. Алеся, студэнтка ІV курса Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Віялета і Мілена - вучаніцы 8 і 1 класаў Лелюкінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Калі ў сям'і каханне і згода, то аніякіх цяжкасцей не адчуеш. Так лічаць Паўловічы. Таму сям'я дружная. Разам справы хатнія вырашаюць, разам ідуць з дзяўчынкамі да бацькоў, каб дапамагчы. Сувязь пакаленняў такая моцная, такая трывалая. А гэта галоўнае дзеля таго, каб сям'я атрымалася, каб нітачка жыцця цягнулася далёка-далёка, праз пакаленні…

Найлепшы стараста - былы культработнік

У рэгіёне, ці, правільней будзе сказаць, у Лелюкінскім сельсавеце 23 старасты вёскі, дабраахвотныя памочнікі сельвыканкама. Што гэта менавіта так, безумоўна, ніхто ўжо аспрэчваць не будзе. Вёска старэе, людзі ў ёй - таксама. Аўтобусы прыгарадныя ў большасць населеных пунктаў ходзяць 2-3 разы на тыдзень. Цяжка з'ездзіць па тых ці іншых справах і ў сельвыканкам, і ў раён. Здаецца, куды падзецца чалавеку? Аднак, апошняе дзесяцігоддзе такая праблема крыху знятая дзякуючы гэтым людзям.
Стараства - з'ява не новая. Яны былі і ў царскай Расіі, і пры Польшчы. Стараста - паўнамоцны прадстаўнік вёскі і яе жыхароў, а зараз і сапраўдны звязваючы ланцужок між ёй і ўладамі. Патрэбна нешта ўдакладніць - тэлефануюць яму, звесткі нейкія сабраць - таксама.

Таму канешне, і чалавек на гэтай грамадскай пасадзе павінен быць асаблівым. Такім, каб ведалі яго, каб шанавалі, давяралі, лічылі сваім і надзейным.
У Малым Бараве гэта Леакадзія Іванаўна Шарая - былы бібліятэкар, а затым загадчык Мала-Бараўскага клуба-бібліятэкі.
35 гадоў жанчына аддала працы ва ўстанове культуры. І зараз, як яна жартуе, можа быць кім захочацца. Гэта, прынамсі, не зусім жарт. Старэйшыя людзі памятаюць, якой толькі грамадскай работай ні займаліся настаўнікі і клубныя работнікі. Перапіс насельніцтва, запаўненне гаспадарчых кніг з падворным абходам людзей, правядзенне палітычных інфармацый, афармленне дзяржаўных пазык і г.д. Таму і Леакадзія Іванаўна ўсіх ведае, і яе ведаюць.
…Зараз у Малым Бараве 19 "жывых" сядзіб, у дамах якіх пражывае 30 чалавек. Летам колькасць насельніцтва значна павялічваецца за кошт дачнікаў. Вёску амаль усю раскупілі. Гараджан вабіць тое, што яна размешчана ў нейкім кіламетры ад трасы Мінск-Гродна. Таму і дабрацца лёгка, і ніякія бездарожжа і дрэннае надвор'е не спалохаюць. Рэчкі блізка, праўда, няма, аднак лес - рукой падаць. А ў ім - ягады розныя, грыбы. Ды і магчымасць у пятніцу вечарам ужо быць у сваёй асабістай вясковай хаце, забыўшыся на два-тры дні аб спякоце гарадскога жытла.
Тое, што зараз Леакадзія Іванаўна робіць для сваіх аднавяскоўцаў, рабіла яна і раней, калі і старастам не абіралі. Калі здарылася Чарнобыльская аварыя, і вёска трапіла ў лік забруджаных, ездзіла, мітынгавала ад вяскоўцаў наконт асфальтавання дарогі да вёскі. Атрымалася. Асфальт паклалі. У 80-я гады магазін па просьбе людзей і яе клопатамі адкрылі. Як і раней, ездзіць у Іўе са спісам лекаў, якія заказваюць купіць людзі.
Зараз вось, як кажа, "выбіваюць" яны дадатковы ліхтар на вуліцу. Пачалася цемень. Старшыня абяцаў дапамогу.
Рэгулярна старасты збіраюцца ў сельвыканкаме, каб перамовіцца са старшынёй, вырашыць нейкія пытанні, праблемы. Канешне, асаблівую ўвагу надае сельвыканкам добраўпарадкаванню вёсак, навядзенню парадку на зямлі і нагляду за бяспекай жыцця старых , адзінокіх і нямоглых людзей.
Як і раней, любіць у вольную хвіліну жанчына чытаць. Кажа, што на пенсіі зусім не сумна, як прывыклі лічыць. Не! На пенсіі - прастора для душы. А яшчэ магчымасць схадзіць у лес, назбіраць ягад і грыбоў, выйсці з імі на трасу і наладзіць маленькі летні бізнес. Чым не падтрымка сямейнага бюджэту?!
Вось такімі мудрымі, аптымістычнымі людзьмі, якія гатовы прыйсці любому на дапамогу, і трымаецца наша вёска. Таму і сельвыканкамы рады бачыць іх сярод старастаў вёсак.

P.S. Такія людзі, такія лёсы, такія добрыя справы (і асабістыя, і дзяржаўныя) сустрэлі і спазналі мы ў Лелюкінскім сельсавеце. І ўпэўнены, што менавіта гэтыя людзі ствараюць сучасную гісторыю рэгіёна.

В. ГУЛІДАВА. Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.