Язык:

Чалавек працай славіцца, праца чалавекам ставіцца

О малой родине

Я заўважыла за сабой, што зусім мала ведаю гэты рэгіён. І ў пісьмовых крыніцах мала дзе знойдзеш звесткі пра Эйгерды. Вось толькі дзякуючы колішнім публікацыям нашага неўтаймавальнага знаўцы гісторыі і краязнаўства Валянціна Антонавіча Врублеўскага, які часта і плённа друкаваў свае даследчыя артыкулы ў нашай газеце, чытачы і тыя, хто цікавіцца, маглі штосьці пазнаць з гісторыі краю на поўначы раёна.
Прынамсі, яго артыкул і прапанавала мне настаўніца мясцовай школы Рэгіна Браніславаўна Роткевіч у адказ на просьбу паглядзець летапіс пасялення. Такія летапісы - праца педкалектываў і вучняў на працягу не аднаго года - маюцца шмат дзе ва ўстановах адукацыі Іўеўшчыны. Аднак, урэшце, на руках у мяне толькі артыкул Валянціна Антонавіча. Вось з яго я крышачку і пачэрпаю звестак.
Назва пасялення паходзіць ад літоўскага прозвішча Эйгерд. У старадаўнія часы тут быў маёнтак, асада Эйгердаўшчына, вядомы з гістарычных крыніц Вялікага княства Літоўскага з ХVII стагоддзя.
У 1690 годзе Эйгердамі валодаў В. Міхалоўскі, у маёнтку якога налічвалася 2 дымы (дым складаўся з 2-5 двароў). У ВКЛ уладанне зямлёю захоўвалася за сямейнай абшчынай-дворышчам, якое разглядалася як падатковая адзінка. Таму ў Эйгердах, як пісаў у сваім артыкуле В. Врублеўскі, у 1735 годзе маёнтками (малымі) валодалі: Ян Эйгерд, Мар'ян Эйгерд, Мечыслаў Эйгерд, Ян Залескі, В. Міхалоўскі.
Уладальнікі маёнткаў і нават жыхары дворышчаў мелі тытул шляхты і карысталіся значнымі прывілеямі перад звычайнымі сялянамі, маглі вучыцца ў розных школах, у тым ліку, у вышэйшых, займаць розныя дзяржаўныя пасады…

Шляхта, што шчыруе ад цямна і да цямна

Вось такі невялічкі гістарычны экскурс у далёкае-далёкае мінулае, ад якога, хіба што, нічога і не засталося. Аднак… Людзей тутэйшых і людзей з асобных навакольных вёсак і да гэтае пары называюць шляхтай. І не пагардліва, як гэта гучала некалькі дзесяцігоддзяў назад, а з павагай за іх асаблівую чалавечую годнасць, працавітасць у імя таго, каб мець усё неабходнае для сям'і, за жаданне забяспечыць дзяцей, навучыць іх лепшым (шляхетным) якасцям, за ўменне паставіць апошняе на стол нават перад мала знаёмым чалавекам, які зойдзе ў дом. Карацей кажучы, шляхта і сёння вызначае жыццё рэгіёна.

І гэта пацвердзіў у размове з намі старшыня Эйгердаўскага сельскага выканаўчага камітэта Эдуард Эдвардавіч Юхневіч.
Ён, на маю просьбу назваць асаблівую прыкмету рэгіёна, якім ён кіруе, з задавальненнем і нават з гонарам адказаў: "Асаблівая працавітасць людзей". І гэта, прынамсі, не гучныя словы. Менавіта ў Эйгердаўскім сельсавеце ў падсобных гаспадарках найбольшая ў раёне колькасць кароў, авечак (!), трактароў і іншай сельгастэхнікі. Людзі працуюць на зямлі, многія бяруць яе ў арэнду і насуперак выказванням, што на зямлі не падымешся, шчыруюць там ад цямна і да цямна. Так тут было адвечна. І ў гэтым бачаць вяскоўцы магчымасць дабрабыту і незалежнасці (фінансавай і маральнай). А яшчэ разумеюць, што незалежнасць тая дасягаецца потам і цяжкай працай.Незвычайным для нашага часу відовішчам у краявідзе рэгіёна з'яўляюцца вялікія статкі людскіх кароў, якіх пасуць па чарзе вяскоўцы, невялікія атары авечак. Пастухі незвычайныя. Часам у шляпах і шортах. А яшчэ ад грамадскага статку іх можна адрозніць рознай масцю жывёлы.
Старшыня таксама моцна не адрозніваеца ад мясцовага люду. Такі ж гаспадар. Спраўляецца і з дзяржаўнай службай, і з хатнімі гаспадарчымі клопатамі. Таксама мае трактар, які-ніякі кавалачак зямлі, хатнюю жывёлу. Сам косіць, сам арэ. Таму падымаецца з ложка на золку, як і астатнія, каб справіцца да пачатку рабочага дня. І нічога дзіўнага: радавыя карані яго таксама з гэтых краёў, з той самай шляхты - з Крычнікаў.
Прывучаны з дзяцінства быць гаспадаром, настаўнік па адукацыі, ён умее клапаціцца па-гаспадарску і пра давераны яму дзяржавай у 2010 годзе сельсавет. А ў ім, ні шмат-ні мала, ажно 35 населеных пунктаў. Сярод іх - 12 хутароў. Назвы іх, як і назвы вёсак, гавораць самі за сябе: Высокая Грэбля, Чорны Луг, Чорны Ручэй, Забалаць, Залясоўшчына, Заляскоўшчына, Чарніца, Сякерышкі… Незвычайныя, прыгожыя назвы, аднак па іх гучанні адразу разумееш, што справу мы маем з ляснымі вёскамі і хутарамі, з населенымі пунктамі ў Налібоцкай пушчы, у балоцістай і лясістай мясцовасці. У прыгажосці пушчанскім краявідам, канешне ж, не адкажаш, але… Узімку і позняй восенню, а таксама ранняй вясной, у бездарожжа, каб адведаць сваіх старых і нямоглых, пацікавіцца іх жыццём-быццём, старшыня абувае боты і пешшу крочыць за 2-5 кіламетраў. Калі - нікалі едзе на кані. Некалі разам з ім гэтыя пешыя паходы рабіў і ўчастковы ўпаўнаважаны рэгіёна Сяргей Раманавіч Ярошка, цяперашні начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Іўеўскага РАУС. І Эдуард Эдвардавіч кажа, што гэты чалавек быў класічным, ідэальным участковым, такі, які і патрэбен, каб працаваць з людзьмі і годна несці марку ахоўніка правапарадку. Любілі і паважалі яго і людзі.
Наогул, сталыя жыхары вёсак і хутароў, гэта, як і паўсюдна, асаблівы клопат мясцовай улалы. І хоць задаволена большая колькасць з іх пенсіённымі выплатамі, аднак, ёсць больш значная акалічнасць - адзінота. Не абавязкова вінаваты ў ёй дзеці ці ўнукі. Часам яны гатовы забраць бацькоў да сябе, Аднак, тыя не едуць, не могуць пакінуць родных сцен, а іншых і забраць няма каму. У спецыяльныя ўстановы, якіх у раёне зусім не бракуе (ёсць і аддзяленні кругласутачнага пражывання, і дамы сумеснага самастойнага пражывання, і аддзяленне пры бальніцы для такіх мэт), таксама завезці сталага чалавека не заўжды прадстаўляецца магчымым. Супраціўляюцца многія, не хочуць. Жыве ў падсвядомасці гэтае страшнае словазлучэнне: "дамы для састарэлых" , і яно палохае старых…
Тых, хто жыве па-ранейшаму дома, наведвае старшыня і адзін, і з назіральнымі камісіямі, каб прадухіліць небяспечнасць пражывання, пагутарыць, дапамагчы і маральна, і матэрыяльна.
Дапамагае ў рабоце з насельніцтва і правядзенне вясковых сходаў - адзін раз у год - шырокамаштабны ў Эйгердах і два разы ў месяц вясковы сход па вёсках і хутарах.
Раскіданасць вёсак і хутароў, іх аддаленасць і ад цэнтра сельсавета, і ад мясцін, дзе ходзяць аўтобусы ці папутныя аўтамабілі, не дазваляе старым трапіць па сваіх неадкладных справах у цэнтр сельсавета ці райцэнтр. І старшыня, можа і парушаючы правілы закону, бярэ ў іх грошы, едзе плаціць за нейкія паслугі (электрычнасць, пячное паліва, газ і г.д.), прывозіць лекі, нейкія патрэбныя даведкі. Гэта не па правілах, але гэта па-чалавечы…
І гэтая чалавечнасць старшыні ў "супрацоўніцтве" з дзяржаўнай адказнасцю дапамагае жыць рэгіёну. Спадзявацца, акрамя улады, больш няма на каго. Эдуард Эдвардавіч мяркуе, што выхоўваць чалавека, патрабаваць ад яго выканання агульначалавечых і хрысціянскіх запаветаў, добра і лягчэй, калі ўлады працуюць у суполцы з духоўнымі ўладамі. А на тэрыторыі сельсавета няма ніводнага храма - ні каталіцкага, ні праваслаўнага. Вернікі раскіданы па парафіях у Юрацішках, Валожыне Мінскай вобласці. І моляцца па-за межамі раёна, і нават пахаванні адбываюцца ў розных месцах. Усяго толькі двое могілкаў на тэрыторыі Эйгердаўскага сельсавета. Нясе адказнасць за іх сельвыканкам. Яны дагледжаны. Зрэшты, як і ўся зямля па рэгіёне.
Гэта таксама адна з прыарытэтных спраў мясцовай улады - добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі. Апошнім часам разабралі 8 пустуючых дамоў, ад якіх адмовіліся нашчадкі былых гаспадароў. Дамы гэтыя стаялі ў вялікіх вёсках рэгіёна: Такарышкі, Іванкі, Папельнікі.У першую чаргу разбіраюць такія хаціны ля дарог, каб пазбавіцца ад сумнага выгляду населенага пункта.
Наогул, рэгіён, па словах старшыні сельвыканкама, жыве. Яго інфраструктура прадстаўлена адной установай адукацыі. Гэта Эйгердаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Дзейнічаюць два магазіны тавараў штодзённага попыту: "Родны кут" і "Журавушка-Торг". Абслугоўваюць населеныя пункты аўтамагазіны Іўеўскага філіяла Гродзенскага обласнога спажывецкага таварыства. У аўторак і суботу свае паслугі пакупнікам прапаноўваюць аўтамагазіны індывідуальнага прадпрымальніка"Журавушка-Торг". Дзейнічае ФАП, раскінуліся па сельсавеце землі, палеткі, фермы аддзялення "Эйгерды" філіяла "Азот-Агра", працуе пошта, ёсць мехдвор Такарышкі. Там жа малочнатаварная ферма на 770 галоў, пашырылі малочнатаварную ферму ў Эйгердах, зноў пачала працаваць колісь закрытая ферма ў Добавічах. Усё гэта, як кажа Эдуард Эдвардавіч, яркі доказ таго, што працаваць ёсць дзе. Вось і ярмарка вакансій, якую нядаўна праводзілі, паказала: хто хоча працаваць, той знойдзе такую магчымасць. А гультаі, ці, як называюць іх у народзе, трутні, не вызначацца з працай нават і ў вялікім горадзе…
Ёсць у старшыні і людзі, прадстаўнікі сучаснага самаўпраўлення на вёсцы- старасты. Іх 12. І сярод іх, як кажа Эдуард Эдвардавіч, ёсць самыя сапраўдныя старасты, якія не толькі ствараюць праблемы (бывае і такое), але і дапамагаюць іх вырашаць.
Да аднаго з такіх стараст мы і завіталі…

З кагорты людзей,
на якіх зямля трымаецца

…На ўскрайку Налібоцкай пушчы прымасцілася вёсачка - прыгожая, зялёная, лясная амаль што. Але такая ўпарадкаваная, у кветках уся, якія палымнеюць палітрай яркіх фарбаў у гародчыках і палісадніках. Пахнуць адчайна-соладка рознакаляровыя флоксы, прадвеснікі восені, на градках падстаўляюць свае бакі сонцу памідоры і гарбузы, зялёныя гуркі з калючымі пупырышкамі так і просяцца ў рот, сям-там квітнее і не зусім звыклая для вёскі кветка пятунія, дасыхае цыбуля на платах і траве, наваколле пахне ўраджаем…
А ў мяне штогод у такую жнівеньскую пару асабістае адчуванне набліжэння восеньскага суму, які пральецца дажджамі, шэрымі краявідамі, кароткімі днямі. Але, не буду наганяць на вас гэты восеньскі сум. Тым больш, што як толькі мы адкрылі веснічкі ў двор дома старасты вёскі Гердушкі, то адразу трапілі ў малінавую алею і адчулі пах гэтай цудоўнай ягады. Кусты растуць абапал дарожкі, што вядзе да хаты. І на іх зараз “насыпана” вялікіх прыгожых малінак. І тут жа насустрач нам паказалася маладая жанчына з… іўеўскім абліччам. Крыху сумеліся мы. Але потым за Марынай Разумнюк, бібліятэкарам Іўеўскай раённай бібліятэкі, выйшла і прычына нашага прыезду - яе матуля, той самы сапраўдны стараста Ядзвіга Іосіфаўна Хадарцэвіч. Спрытная жанчынка, невысокая, прыемная, з прыгожай сівізной, такая заходнееўрапейская ледзі. Ужо праз некалькі хвілін я зразумела, чаму менавіта яна - стараста вёскі, а калі даведалася, што некалькі дзён назад гэтая "пенсіянерка-ледзі" сядзела на страсе дома і латала дзіру на ёй, то, наогул, упэўнілася, што старшыня меў рацыю, калі зрабіў свой выбар старасты гэтай вёскі.

Яна такая: хуткая і на словы, і на ўчынкі, яна ўмее зрабіць справу, якая на 100 працэнтаў лічыцца мужчынскай, яна маці, жонка, бабуля і вялікі актывіст грамадскага жыцця.
Яна "ганяе" на хуткасці на аўтамабілі, які водзіць ужо трыццаць гадоў, але ў дзень нашага прыезду пад кіраўніцтвам дзесяцігадовага ўнука аніяк не магла асвоіць кіраванне аўтаблокам. Маўляў, баюся і ўсё тут. Слова "баюся" гэтая мілая жанчына, здаецца, ніколі і не мела ў сваім слоўнікавым запасе. Але ж трэба некалі трошкі і пабаяцца. Яна амаль з дзяцінства на гэтай зусім не легкай дыстанцыі пад назвай "Дарослае жыццё".
Спрабавала паступіць у інстытут, не атрымалася адразу. Пайшла, як і вялося ў добрых дзяўчынак пасля школы, працаваць піянерважатай. Ды лёс не дазволіў ёй спраўдзіць мару. Перашкодзіла каханне. У 19 гадоў стала яна жонкай калгаснага брыгадзіра Генрыха Уладзіміравіча Хадарцэвіча і паглыбілася ў сямейнае жыццё, якое ў вяскоўцаў заўжды звязана з гаспадарчымі справамі. Будавалі ў Гярдушках дом, трымалі вялікую гаспадарку, як і водзіцца ў краі, які лічыцца месцам жыцця шляхты. І маладая жонка спраўлялася з вялікім аб'ёмам працы.
Працавала ў швейным цэху калгаса "Прагрэс". Цэлых дваццаць гадоў аддала бібліятэчнай справе. А культработнік на вёсцы гэта, як кажуць, "і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц". Дапамагалі сельсавету і абходы па гаспадарках рабіць, і ўмовы жыцця старых паглядзець. Рабілі тое, што зараз робіць назіральная камісія, якая складаецца з спецыялістаў зацікаўленых службаў. Непасрэдна і свае абавязкі выконвала. А яшчэ спявала ў хоры, танцавала на канцэртах, ладзіла з калегамі святы вёсак, не давала патухнуць жыццю на вёсцы. Канешне ж, дзе ж знойдзеш лепшага старасту?! Яна і зараз такая.
Амаль дзесяць год на пенсіі, а душа маладая, істота такая ж актыўная, рашучая. Дзве каровы, конь, “статак” кур, як пашуткавала Ядзвіга Іосіфаўна, гусі, індыкі, качкі, свінні, гектар зямлі…Такой вялікай гаспадаркай яна заведуе. Працуюць, як і прывыклі з мужам Генрыхам Уладзіміравічам. Шмат дапамагае дачка Марына. Яна таксама працавітая, гаспадарлівая асоба, вытанчаная кулінарка і кандытар. Маці называе яе пуцяводнай зоркай. Як прыгожа і добра сказана. І сапраўды, менавіта дзеці свецяць нам у жыцці сваёй любоўю, клопатам, сваімі добрымі паводзінамі сярод людзей і ў сем'ях. Ёсць яшчэ дзве светлыя зорачкі ў Хадарцэвічаў - два ўнукі: 10-гадовы Ягор і 11-гадовы Жэнька Разумнюкі. Прозвішча, як нельга лепш, падыходзіць гэтым хлопчыкам, якія ўлетку любяць прыехаць да бабулі і нават сур'ёзна ёй дапамагчы ў асобных пытаннях.
А вось Ядзвіга Іосіфаўна сапраўдная пуцяводная зорка для сваіх аднавяскоўцаў. Усе сувязі з мясцовай уладай - праз яе, усе праблемы таксама дапамае, калі можа, вырашыць. Вось нядаўна упаў крыж ля вёскі. Арганізавала вяскоўцаў, зладзілі і паставілі новы, звярнулася да ксяндза, каб пасвенціць святыню. Завезла восенню мінулага года сваю састарэлую зямлячку па яе просьбе ў Лукашынскі дом сумеснага самастойнага пражывання для сталых грамадзян. Возіць аднавясковак у касцёл. Яна ж кіроўца са стажам. Спачатку ездзіла на "Жыгулях" а зараз садзіць сваіх, як кажа, дзяўчат-пенсіянерак у іншаземную “Опель Астру”.
Усё, што ёсць у гэтым доме і ў гэтай гаспадарцы, куплена і зроблена за грошы, якія яны зарабілі самі сваёй працай. Гэта тое, аб чым і казаў старшыня: жаданне ўсё мець і быць незалежным ад жыццёвых абставін і недахопу грошай. Таму і дзецям з такімі бацькамі спакойна, і вяскоўцам ёсць да каго звярнуцца за дапамогай. На такіх людзях, зрэшты, і трымаецца наша вёска. Няхай і надалей хопіць у іх на гэта і фізічных, і душэўных сіл. Таму што, калі чалавек гаспадар у сваёй хаце, ён абавязкова па-гаспадарчы аднясецца і да сваіх абавязкаў у імя агульнай дзяржаўнай справы.

Квітнеюць бархатцы - час збірацца ў школу

… Па вялікай і дагледжанай тэрыторыі вучэбна-педагагічнага комплексу Эйгердаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа ў дзень нашага прыезду яшчэ гуляла і звінела лета. Сонца лашчыла і людзей, і прыроду, наўкол падстаўлялі яму рознакаляровыя галоўкі кветкі. Іх тут шмат. А калі пачынае ў наваколлі пахнуць бархатцамі то, як кажа гаспадыня ўстановы адукацыі дырэктар ВПК Людміла Васільеўна Юхневіч, у душы пачынае звінець першы званок пачатку новага навучальнага года. І сапраўды, бархатцы - водар канца лета.

Аб тым, што школа ўжо гатова прыняць сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак і адправіцца разам у чарговы паход за ведамі, гаварылі не толькі гэтыя кветкі, але і пах фарбы, клею, яшчэ нейкіх асаблівых водараў, якія штогод вітаюць у паветры перад пачаткам навучальнага года.
Летась быў праведзены капітальны рамонт часткі будынка ўстановы адукацыі. А ў гэтым годзе, як і штогод, касметычны. За кошт пазабюджэтных сродкаў і фундатарскай дапамогі паклеілі у класах шпалеры, пафарбавалі падлогу ў класных пакоях, падлогу і сцены ў актавай зале. І, канешне ж, рамонт рабілі сваімі сіламі. Па меркаванні Людмілы Васільеўны, у класных пакоях і пакоях, дзе займаюцца дашкольнікі, павінна быць утульна і па-сямейнаму цёпла. Тут жа дзеці (71 вучань і 22 выхаванцы дзіцячага садка), іх настаўнікі і выхавальнікі праводзяць большую частку свайго дня, тут яны вучацца этыцы і эстэтыцы, акрамя школьных дысцыплін, тут яны вучацца цаніць прыгожае. Таму і абставіны наўкол павінны быць адпаведнымі.
Дырэктар з задавальненнем гаворыць, што ў школе заўжды па-сямейнаму цёпла. Цёплыя адносіны між педкалектывам і бацькамі, вучнямі. А гэта ўжо - палова поспеху ўсяго навучальна-выхаваўчага працэсу.


Можа таму з такім задавальненнем і дзеці не толькі вучацца, але і займаюцца карыснай працай. Па дамоўленасці з цэнтрам занятасці вучні працуюць на азеляненні тэрыторыі школы. Частка заробленых грошай дастаецца менавіта ім, як заробак, частка ідзе на закупку расады кветак, саджанцаў кустарнікаў, дрэўцаў. Прыемна, што з самога дзяцінства хлапчукоў і дзяўчынак вучаць яшчэ адной важнай навуцы: як можна і прыемна, і карысна правесці частку вольнага часу, зарабіць асабістыя грошы і зрабіць добрую справу для ўсіх.
Школьныя канікулы, безумоўна, не толькі праца і дома на прысядзібным участку, і ў школе на добраўпарадкаванні тэрыторыі. Быў, канешне ж, і чысты адпачынак. Працаваў дзённы лагер адпачынку, дзе цікава і пазнавальна правялі частку канікул 24 вучні. Такія канікулы цікавыя і дзецям, і бацькам. Час у нас такі, што і адпачынак павінен быць запоўнены карысным зместам, з дапамогай якога дзеці будуць адцягнуты ад гаджэтаў і камп'ютараў, ад той "вуліцы", што дрэнна ўплывае на свядомасць і паводзіны падлеткаў і дзяцей.
А другая змена лагера працавала ўжо ў Трабскім дзіцячым садку- сярэдняй школе, дзе адпачывалі трабскія школьнікі, а таксама 17 хлопчыкаў і дзяўчынак і 6 выхавацеляў з ліку настаўнікаў Эйгердаўскай установы адукацыі.
У гэтай школе ўмеюць і ўмелі вучыць і выхоўваць. Педагогамі-легендамі для многіх выпускнікоў сталі настаўнікі Пётр Антонавіч Юргялевіч, Алена Іванаўна Шляднёва, Рэгіна Браніславаўна Роткевіч, Ганна Казіміраўна Шыльван. Сёння педагагічнае майстэрства і прафесіяналізм побач з імі набываюць і шліфуюць маладыя педагогі Дзімітрый Пятровіч Юргялевіч і Алёна Анатольеўна Казлоўская.
Умеюць у Эйгердах і вучыцца, а потым станавіцца гонарам школы. Фотаздымкі гэтага "гонару" вісяць на асобнай дошцы-стэндзе. І сярод іх Франц Касцюкевіч - пераможца Кубка свету 1989 году па спартыўнай хадзьбе, Віктар Барановіч - харэограф, кіраўнік ансамбля "Белыя крылы" з горада Маладзечна, які час ад часу прывозіць свой калектыў з канцэртам на малую радзіму, работнікі дзяржапарату, медыкі, настаўнікі, аграрыі... Можна пералічваць і далей лепшых выпускнікоў, якія тут набылі не толькі веды па школьных дысцыплінах, але і ўменне стаць Людзьмі, годнымі нашчадкамі шляхетнага краю, сваіх бацькоў і настаўнікаў. Можна, але я ўбачыла знаёмы твар, знаёмае прозвішча. І ўжо не думала, куды далей пайсці ў гэтай камандзіроўцы за матэрыяламі праекта "Рэгіён". З фотаздымка глядзеў Франц Янушавіч Чычын, з якім мы сустракаліся ўжо ажно ў 2004 годзе…

Як за каменнай сцяной…

…Тады на раённай сцэне йшло такое прыгожае, такое незвычайнае дзейства - раённы конкурс "Сям'я года". Сёння мерапрыемства гэтае раскручана, як кажуць, нават прывычнае, хоць і здзіўляе штогод і ўдзельнікамі, і тым шчасцем, што адначасова запаўняе глядзельную залу Іўеўскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу. А тады яно толькі пачыналася і выклікала вялікую цікаўнасць.

Цяжка вызначыць лепшых, хоць кожная сям'я і прыносіць на конкурс штосьці адметнае, сваё. А я адразу ж убачыла гэтую сям'ю: прыгожая чарнявая сінявокая маладая жанчына і светлавалосы з блакітнымі вачыма яе муж, за вонкавай сціпласцю і стрыманасцю якога адчуваецца моцны характар і вялікая сіла волі (потым упэўнілася, што не памылілася), а побач - дзеткі. Таксама прыгожыя, таксама хуткія, імклівыя, як мама, і адначасова нешматслоўныя, як тата, выхаваныя, добра адзетыя… Карацей кажучы, мае асабістыя сімпатыі вызначыліся яшчэ да таго, як скончыўся конкурс і іх аб'явілі яго пераможцамі. Затым сям'я абараняла гонар раёна на абласным конкурсе і ўвайшла там у пяцёрку лепшых.
І тады павёз мяне рэдакцыйны “УАЗ”ік у Эйгерды на сустрэчу з радасцю і шчасцем, якія прымасціліся пад страхой драўлянага дома ля самай дарогі-вуліцы…
Я тады пачала сваю публікацыю словамі "Ёсць два шчасці ў гэтым жыцці: малое - быць шчаслівым самаму, і вялікае - рабіць шчаслівымі іншых".


Яны, Марына Міхайлаўна і Франц Янушавіч абралі тады для сябе "вялікае" - сталі бацькамі пяцярых дзяцей. І не проста сталі, а ў вельмі нялёгкі час дэфіцытаў, малых заробкаў, фінансавай, палітычнай, сацыяльнай нестабільнасці вырашылі даказаць усяму свету, а найперш - сабе, што калі людзі сядзяць без грошай, то яны не ўмеюць ці не хочуць працаваць. Франц Янушавіч тады сказаў словы і зноў пацвердзіў іх сёння:
- Не магу слухаць, калі людзі скардзяцца на нялёгкае жыццё, цяжкія сацыяльна-фінансавыя ўмовы. А калі і каму было лёгка? Толькі таму, мабыць, хто краў ды жыў за чужы рахунак. Мы асабіста вырашылі для сябе, што нашы дзеці не будуць сядзець галоднымі.
Яны тады цяжка працавалі і ўсё лічылі, што з цягам часу стане лягчэй.
А зараз смяюцца. Лягчэй не стала, але чаму цяжка? Маўляў, людзі вунь на вёску адпачываць едуць. А яны ж тут жывуць, значыць, “адпачываюць” штодня. "Адпачынак" гэты доўжыцца з золку і амаль што да ночы. Потым кароткі сон і зноў за працу. І ўсё з легкай душой, з разуменнем адзін аднаго, з вялікім клопатам і любоўю.
…Той 2006 год, як кажуць Франц і Марына Чычын, быў для іх асаблівым, шчаслівым. Перасілілі мама з дзецьмі працавітага дамаседа-бацьку і з'ездзілі на конкурс шматдзетнай сям'і. Сябе паказалі, людзей паглядзелі, на гродзенскай сцэне выступілі, як пераможцы раённага конкурсу. І ў той жа год Марына атрымала аднапакаёвую і трохпакаёвую кватэры ў адным тамбуры шматпавярховага дома ў Мінску. Гэта было шчасце. І сёння Марына Міхайлаўна лічыць, што ёй ў гэтым жыцці сустрэлася шмат цудоўных людзей, якія і павялічвалі тое шчасце. Да замужжа працавала швачкай у "Элеме", жыла ў інтэрнаце прадпрыемства, там жа мела і прыпіску. А дэкрэтныя водпускі йшлі адзін за другім ажно чатыры разы. І калі яна паехала ў Мінск, каб выпісацца, жанчына з гарвыканкама сказала, што ёй не патрэбна таго рабіць. З'явілася заканадаўства наконт падтрымкі шматдзетных сем'яў. І калі жыллё ў сталіцы не спатрэбіцца ёй, то дзеці ж ёсць…Вось так і атрымалася.
Марына Міхайлаўна з дзецьмі тады адразу пераехала ў сталіцу. Старэйшы Артур паступіў у індустрыяльна-педагагічны каледж, малодшыя пайшлі ў сталічную школу. Яны былі ўжо падлеткамі. Бацька застаўся адзін на гаспадарцы. Яна была вялікай, аднак ад жывёлы адказаліся - не хапала рук. Ён адзін займаўся раслінаводствам. Вазіў сваю прадукцыю прадаваць у Мінск і бачыўся з сям'ёй. А потым усе разам прыязджалі на выхадныя дні. Прыязджалі не адпачываць. Таму што ўсё жыццё яны, як адна працавітая брыгада. Ніхто нікога не застаўляў працаваць. Усе разумелі, што патрэбна.
Потым прыходзіла восень. І падлічыўшы здабыткі, усе разам вырашалі, куды патраціць грошы. Таму і былі дзеці заўжды добра адзетымі, і кожны хлопчык меў такія дэфіцытныя і дарагія тады натуральныя цёплыя чаравікі-боты. Канешне, школа была блізка, можна было і ў горшых збегаць. Аднак, думалі і пра здароўе дзяцей, каб было цёпла ім стаяць на імшы ў сталічным касцеле. Прыбіралі і сваю адзіную дачушку. Таму што праца працай, школа-школай, а касцёл наведвалі. Як жа было ўпусціць такі шанец - у Эйгердах і паблізу касцёлаў няма.
…Як некалі мы гаварылі, у сям'і Чычын свая натуральная гаспадарка, усё сваё, усё экалагічнае, усё ўзрошчана на працы і клопаце. Такім сем'ям зайздросцяць, зайздросцяць іх магчымасцям, аднак ніхто моцна не задумваецца, яе той дабрабыт даецца.
Зараз дзеці ўжо дарослыя. Думкі, наконт таго, што дзеці вырастуць і стане лягчэй, не ўспрымаюцца больш на веру. Аднак, як і 13 год назад, Франц Янушавіч аніяк не пагодзіцца, што ім цяжка.
- Я не раблю нічога лішняга. Я забяспечваю сваю сям'ю. Некалі сам сабе пакляўся, што мае дзеці будуць мець усё, што патрэбна дзецям, і яны мелі і маюць.
Нам не соладка, нялёгка. Але гэта наша, гэта мае асабістыя клопаты. Я працую, калі хачу. Праз сілу не бяру. І, галоўнае, я раблю тое, што хачу, імкнуся рабіць правільна, надзейна, з перспектывай на поспех. Інакш, наогул, навошта працаваць?
Усе нашы дзеці з сем'ямі кожныя выхадныя ў нас. Едуць не загараць, едуць працаваць. Я ім калісьці растлумачыў, што не яны мне дапамагаюць, а я ім. Яны з гэтым пагадзіліся і разумеюць, што працуюць для сябе. Затое назад варочаюцца з вялікімі сумкамі прадуктаў. Мы кожны месяц колем кабана. У нас сваё масла, малако, тварог, яйкі, уся гародніна, нават марожае робім самі. І мне падабаецца так працаваць і так ставіцца да жыцця.
А мне, аўтару гэтых радкоў, падабаецца слухаць такіх людзей. Здаецца, мудрасці жыццёвай набіраешся і адкрываеш для сябе нейкія асаблівыя моманты ўспрымання жыцця.
Чычыны, па словах гаспадара, некалі пачыналі з каня і гачкі. Сёння іх фермерская гаспадарка - гэта 10 гектараў зямлі, каб займацца гародніцтвам, дзе і пасадка, і праполка, і уборка - усё механізіравана. Не адвальваюцца ад працы рукі і ногі, як некалі, калі прыходзілася і сена ўручную нарыхтоўваць для жывёлы (каровы, авечкі і г.д.) , і бульбу капаць рукамі, і кароў даіць. Зараз у Чычыных 9 галоў буйной рагатай жывёлы: цяля (бычок), нецяль і 7 дойных кароў. Малако ад іх у вялікай колькасці здаюць дзяржаве, доіць кароў гаспадыня даільным апаратам. Гэта яе вотчына ў гаспадарцы. Безумоўна, ёсць куры, свінні, іншая жыўнасць. І ўсё патрабуе клопатаў.
…Працаваць і спадзявацца на сябе… Гэтай няхітрай, але такой важнай навуцы навучылі яны і сваіх пяцярых дзяцей. І яны не толькі спраўныя памочнікі. Яны атрымалі адукацыю, знайшлі сябе ў прафесіях, стварылі добрыя сем'і.
Артур з сям'ёй займаецца грузаперавозкамі, Марына закончыла лінгвістычны ўніверсітэт (вучаніца цудоўнага настаўніка замежнай мовы мясцовай школы Пятра Антонавіча Юргялевіча). У 2014 годзе на чэмпіянаце свету па хакею яна кіравала групай перакладчыкаў, якія працавалі з дэлегацыямі 16 краін. Андрэй працуе ў Польшчы вадзіцелем, займаецца завочна ў сельгасуніверсітэце, будучы інжынер-механік. Антон скончыў індустрыяльна-педагагічны каледж і працуе майстрам вытворчага навучання ў адным са сталічных каледжаў. Аляксандр закончыў юрыдычны каледж, займаецца ў эканамічным універсітэце на юрыдычным факультэце, працуе ў Следчым камітэце.
Але гэта яшчэ не ўсё багацце Марыны Міхайлаўны і Франца Янушавіча. Усё лета зараз путаюцца пад нагамі, растуць новыя памочнікі - унукі Арсеній, Цімафей, Амелія, Ксенія і Ульяна. Уісм тут добра, цёпла ад клопатаў бабулі і дзядулі.
Нядаўна ўсе разам святкавалі яны 30-гадовы юбілей вяселля. Сярод мноства падарункаў і шчырых слоў любові, падзякі і павагі ад дзяцей - білет на вялікі канцэрт Ігара Крутога ў Мінску. Так што ім пашчасціць пабыць разам, побач яшчэ некалькі часоў і без работы. Бо за 30 год толькі два дні такое было. А святы - гэта дні нараджэння ўнукаў.
…На тым конкурсе ў 2006 годзе Марыя Міхайлаўна з першых крокаў па сцэне заявіла:"Мы за нашым татам, як за каменнай сцяной". А мне здаецца, што яны ўсе разам узводзілі гэтую сцяну любові, цярпення, клопатаў, абароны ад зла і недарэчнасцей жыцця. Таму тут усім і цёпла, і добра, і надзейна…

Рэгіён наведалі: 

В. ГУЛІДАВА 

і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.