ivyenews.by

Пазнавальны і дабрачынны паход у лес

Хорошие дела

Жыццёвая пазіцыя чалавека фарміруецца з дзяцінства. Таму так важна залажыць у дзецях асновы экалагічнай культуры тады, калі развіццё ўнутранага свету адбываецца асабліва хутка. Дзіцячыя ўражанні ўплываюць на ўсё наступнае жыццё чалавека: яго паводзіны, учынкі і экалагічную этыку.

Кампанія па навядзенні парадку ў лясным фондзе прымеркавана да Года малой радзімы. 15 валанцёраў нашай установы адукацыі 19 кастрычніка далучыліся да дабрачыннай акцыі "Чысты лес". Разам з работнікамі Расолішскага лясніцтва на спецыяльнай машыне адправіліся ў лес. Прыбіралі бытавыя адходы, кінутыя прадметы ў месцы адпачынку Белы бераг, які прылягае да аўтамабільнай дарогі М6. Разам з тым гэты паход у лес быў пазнавальным для нашых выхаванцаў. Ляснічы Вячаслаў Уладзіміравіч Бычкоўскі расказаў аб неабходнасці і важнасці гэтай акцыі не толькі для людзей, але і жыхароў лесу. Сяргей Міхайлавіч Шэйд паказаў пасяленне баброў. Праўда, самі жывёлы, пачуўшы дзіцячы гоман, пахаваліся. Але мы ўбачылі сляды іх дзейнасці: паваленыя дрэвы, мокрыя дарожкі, канаўкі, абгрызеныя галінкі.
Дзеці з вялікім задавальненнем хадзілі па лесе, дыхалі свежым паветрам, частаваліся брусніцамі. Самым уважлівым пашанцавала знайсці баравікі, маслякі. Кожны ўдзельнік акцыі адчуў задавальненне ад сваёй працы - яшчэ адзін куточак нашай малой радзімы стаў чыстым.
Школьнікі зразумелі, што лес нездарма называюць багаццем краіны, і яго чысціня залежыць ад выхаванасці, культуры кожнага з нас. Усе ўдзельнікі акцыі ад лесагаспадарчай установы атрымалі сімвалічны сувенір.

М. Баярчук, настаўнік пачатковых класаў Бакштаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий