ivyenews.by

Падарунак для зімы. Замалёўка Галіны Нічыпаровіч

У школе канікулы, і таму Алёшка дома. Хутка Каляды і Новы год. Засталіся лічаныя дні. Святочны настрой адчуваўся ва ўсім. У крамах вітаў мандарынавы водар. Вуліцы і дамы ўпрыгожвалі каляровыя гірлянды. І толькі хлопчыку было сумна. Кожны дзень ён з нецярпеннем чакаў, калі выпадзе снег. А яго ўсё не было і не было. Даўно стаяць прыхіленыя да сцяны лыжы, чакаюць сваёй пары. Алёшка марыў у першы ж дзень канікул адправіцца на іх у лес, праведаць ялінку, з якой пасябраваў летам, калі хадзіў з татам па грыбы. Як яна там, думаў ён, напэўна, зусім замерзла без снегавога футрачка пад калючымі халоднымі вятрамі.

Раптам Алёшка схамянуўся. Вочы яго загарэліся загадкавым святлом. Хлопчык прыняў рашэнне. З паліцы на стол перакачавалі аркушы белай паперы, акварэлькі і пэндзлік. Ён пачаў маляваць.
На першым аркушы хутка з′явілася вельмі прыгожая блакітная сняжынка. Налюбаваўшыся ёю, Алёшка адлажыў малюнак у бок. Пасля на кожным з наступных малюнкаў дабаўлялася па адной сняжынцы, і так да дзевяці. Апошні аркуш ўпрыгожылі дзевяць блакітных сняжынак рознага ўзору і велічыні.
«Сынок! - звярнулася да яго мама. ─ А чаму ты малюеш адны сняжынкі? Вунь кот Марцюша таксама не супраць каб ты яго намаляваў! Бач, як хітра жмурыць вочкі ў твой бок».
«Як ты, мамачка, не разумееш. Я з нецярпеннем чакаю, калі выпадзе снег. Кожную раніцу бягу да акна, але дарэмна. Снегу няма і няма. Вось я і вырашыў зрабіць Зіме падарунак, намаляваць яе дзетак ад кожнага з пражытых мной гадоў, а мне не так даўно споўнілася дзевяць. У выглядзе сняжынак я намаляваў сваё Жаданне, бо вельмі-вельмі люблю гэтую пару года», - з сумам у голасе адказаў хлопчык.
А яшчэ ён напісаў пісьмо Дзеду Марозу з просьбай дапамагчы здзейсніць яго жаданне. Літары выводзіў акуратна, разборліва. Калі дапісаў, уздыхнуў з палёгкай, сабраў аркушы і падсеў да таты, які толькі што развёў у каміне агонь. За акном апускаўся вечар. Цемра запоўніла ўсё навокал, толькі на слупах мільгалі ліхтары ды гірлянды.
Заўтра Каляды. Мама гатуе смачныя стравы, бабуля дрэмле ў крэсле перад тэлевізарам. Побач з ёю прымасціўся і кот Марцюша.
Алёшка яшчэ раз прагледзеў свае малюнкі, пакруціў у руках пісьмо, роўненька злажыў і акуратна паклаў на агонь.
«Сынок! Навошта ты гэта зрабіў?», - здзіўлена запытаў тата.
«Трэба, каб Дзядуля Мароз і Зіма хутчэй атрымалі маё пасланне. У гэтым дапаможа Агонь. Ён данясе ім маё Жаданне», -─ адказаў хлопчык і зазбіраўся ісці спаць. Ноччу Алёшку снілася ялінка, як ён засланяе яе ад злога ветру, хутае ў цёплы свой шалік. Хлопчык прачынаўся і зноў засынаў з думкай пра снег.
Пачынала світаць. Алёшка падхапіўся з ложка і накіраваўся да акна. На шыбіну прыляпілася маленькая прыгожая сняжынка, а побач яшчэ і яшчэ. Ён хуценька апрануўся і выбег на двор.
Нібы ў танцы, весела кружылі сняжынкі. Яны садзіліся яму на плечы, далонькі, на твар. Нават у вачах хлопчыка адбіваўся іх бляск.
«Мамачка! Снег!» - радасці Алёшкі не было канца. - ─Агонь данёс маё Жаданне! Усё атрымалася!»
У калядную ноч, так часам бывае, здараюцца цуды. Дзіцячая вера ў іх спраўдзілася і на гэты раз.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий