ivyenews.by

Літаратурна-музычная гасцёўня, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння паэта і кампазітара Яўгена Карпуця, прайшла ў Геранёнах

Нам есть чем гордиться!
"З Радзімай у сэрцы" - пад такой назвай прайшла літаратурна-музычная гасцёўня ў бібліятэцы-філіяле аг. Геранёны, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння паэта і кампазітара, нашага земляка Яўгена Карпуця. Была аформлена выстава яго кніг, частку якіх прадставіла Іўеўская раённая бібліятэка, фотаздымкі, граматы, дыпломы з творчага жыцця Яўгена Вікенцьевіча.

З уступным словам да ўдзельнікаў гасцёўні звярнулася бібліятэкар Інэса Грынюк, якая зрабіла падрабязны аналіз выставы. Творчае поле Я. Карпуця напоўнена асаблівым прасторам, бо, як зазначае аўтар многіх кніг, “Паэзія – гэта вечны спеў аб добрых людзях і Радзіме…”.

Яўген Вікенцьевіч Карпуць нарадзіўся 26 сакавіка 1938 года ў вёсцы Лабачы Іўеўскага раёна. Невялікая вёска размешчана на сёмым кіламетры каля чыгункі ў напрамку ад станцыі Юрацішкі да горада Ліды.

 Сям’я Карпуцёў была пра-цавітая, таленавітая, паважаная ва ўсёй акрузе. Клапатлівая гаспадыня, маці Казіміра Адамаўна, вяла сваю гаспадарку і гадавала чатырох дзяцей: Яўгена, Валянціна, Іосіфа і Яніну. Бацька – Вікенцій Маркавіч – руплівы гаспадар і знакаміты музыкант. У пары з ім выступаў яго брат Язэп-скрыпач. Дзеці з маленства чулі вершы беларускіх паэтаў, народныя песні, якія спявала маці, гучанне цымбалаў бацькі (ён змайстраваў іх сваімі рукамі). Напэўна, таму і звязалі свой лёс з музыкай Яўген і Валянцін, з паэзіяй – сястра Яніна, таленавітым інжынерам стаў Іосіф.

Спачатку Яўген Вікенцьевіч вучыўся ў Крылішскай пачатковай школе, затым у Юрацішкаўскай СШ, якую закончыў у 1956 годзе. У 1958 годзе закончыў Гродзенскае культпрасветвучылішча. 3,5 гады служыў радыстам у г. Барысаве. Пасля армейскай службы працаваў дырэктарам клуба на Барысаўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, сумяшчаючы працу з вучобай спачатку ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, затым – Маскоўскім дзяржаўным педінстытуце (музычна-педагагічны факультэт).

 Пасля вучобы ў Маскве працаваў у школе №13 г. Барысава, дзе выкладаў музыку, спевы і выяўленчае мастацтва. У гэты перыяд удзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх конкурсах, былі гастрольныя паездкі па Украіне (сольныя канцэрты на баяне). 

У 1978 годзе у г. Кіеве прайшоў Усесаюзны конкурс патрыятычнай песні, дзе Яўген Карпуць з паэтам Леанідам Рашкоўскім занялі 3 месца (1 месца – Ігар Лучанок).

 У 1983 годзе пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў г. Стоўбцы Мінскай вобласці. Працаваў у цудоўных педагагічных калектывах СШ №1, №2, гімназіі №1. Вёў урокі музыкі, выяўленчага мастацтва, кіраваў хорам школьнікаў, маляваў карціны, партрэты, акампаніраваў на ўроках рытмікі. У яго заўсёды была цесная сувязь з калектывамі рэдакцый газет і часопісаў рэспубліканскіх, раённых: “Прамень” г. Стоўбцы, “Іўеўскі край”. Прыязджаў на сустрэчу з прыхільнікамі паэзіі ў Геранёнскую бібліятэку. У Яўгена Карпуця больш за 20 зборнікаў вершаў і песень. Большасць яго твораў нясуць аўтабіяграфічнае адценне. Ёсць яго творы і ў 20 калектыўных выданнях. Яўген Вікенцьевіч – удзельнік Стаўбцоўскага раённага музычна-літаратурнага аб’яднання “Аўтограф” і літаратурна-музычнага клуба “Жывіца” г. Мінска. У 2023 годзе выйшла кніга паэтаў Стаўбцоўшчыны “Паслядоўнікі”, у якой змешчаны новыя вершы Я. Карпуця.

Яўген Вікенцьевіч піша вершы на розныя тэмы: прысвячэнні знакамітым людзям і сябрам, байкі, пра поры года, да Дня Перамогі “Дарогамі памяці”, іранічныя карацелькі (карпуцізмы) і г. д.

 Сёння вучні Геранёнскай СШ Ксенія Курыла, Ангеліна Юруш, Сабіна Шаталава, Яўген  Ждановіч, Марыя Толкач, Арына Грышко чыталі вершы пра Геранёны і Іўеўскі край. Найбольш усім спадабаўся верш “Геранёнскія прасторы”.

 

Геранёнская гасціннасць!

Геранёнская зямля!

Тут і гонар, тут і слыннасць,

Тут спявае “Даўніна”.

Была праслухана песня Я. Карпуця “Прыязджайце ў Геранёны” і “Рождественский вальс”.

Маша Толкач выбрала для дэкламацыі верш пра Іўе “Зямля сяброў”.

Стаяць на плошчы абеліскі,

А воддаль храмы, 

млын, крыжы

Наш горад Іўе сэрцу блізкі – 

Ім неабходна даражыць.

Ужо ў гэтым годзе Яўген Вікенцьевіч прысвяціў нашаму краю верш “Яе называем зямлёю дароў”:

О, Іўеўскі край наш, 

прыгожы такі!

Лясныя абшары, 

палі, васількі…

Мы любім зямельку, 

што сілы дае,

Рупліўцам зярняты яна аддае.

Не забывае паэт свае Лабачы. Вось і нядаўна ён прыслаў у нашу бібліятэку верш, прысвечаны сваёй зямлячцы Галіне Карпуць.

Чысты голас

Голас, чуць такі  хачу штодня – 

Разам з ім пануе дабрыня.

Гэты галасок Галі Карпуць

З вёскі Лабачы, што ля Гялуць.

Ён прыносіць праўду, 

не абман,

Хоць ляціць здалёку 

праз туман.

Галасок актыўны, не маўчы! – 

Шмат навін у вёсцы Лабачы?

Тут калісьці цвіў блакітны лён

І з бярозкай абдымаўся клён…

Аб мясцінах, голас, не маўчы,

Дзе паўстанак 

з назвай “Лабачы”!

Адлятае рэха за лясок,

Дзе гучыць цудоўны галасок,

Дзе абвіты квеценню абшары,

Дзе аб родным 

крыляць нашы мары.

Пасля ўсе пагулялі ў рыфму “Ці ведаеце вы музычныя інструменты?”, прачыталі карпуцізмы-карацелькі.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Леанідаўна Драб ад імя ўдзельнікаў паэтычнай гасцёўні падзякавала бібліятэкару І. Грынюк за цікавае мерапрыемства.

Мы жадаем юбіляру Яўгену Вікенцьевічу радасці, шчасця, поспехаў ва ўсіх справах, новых вершаў і новых песень!

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

Алена Смалянічэнка.

Читайте ещё:



Оставить комментарий