ivyenews.by

Запрашаем на "Дажынкiі-2016"

Что? Где? Когда?

18 лістапада ў г.п. Воранава аграрыі Гродзенскай вобласці адсвяткуюць сваё прафесійнае свята - "Дажынкі-2016".

Культурная праграма "Дажынак" уразіць жанравай разнастайнасцю. Будуць прадстаўлены фальклорныя, эстрадныя і харэаграфічныя творчыя калектывы. Каля 500 артыстаў будуць задзейнічаны на канцэртных пляцоўках. Ад парку да школьнага стадыёна раскінуцца гандлёва-выставачныя і культурна-забаўляльныя зоны.

З 9.00 пачнуць сваю працу выстаўка-кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі "Слаўлю працу тваю, хлебароб!", выстаўка-продаж харчова-прамысловых тавараў "Воранаўшчына гасцінная" і вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Жыватворныя крыніцы". Гасцей свята будуць чакаць на тэматычных сельскагаспадарчых падворках раёнаў Гродзенскай вобласці "Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!". Сваёй разнастайнасцю здзівіць выстаўка-конкурс караваяў раёнаў "Жыві, яга Вялікасць Хлеб!". Яркі фон "здобнай" выстаўцы створаць фларыстычныя пано і дэкаратыўныя снапы, зробленыя калектывамі школ раёна. Цэнтральную плошчу райцэнтра ўпрыгожыць галоўны знак свята - шмат'ярусны 4-метровы сноп, сабраны з хлебных ніў Воранаўшчыны. 

У 11.00 у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу адбудзецца выстаўка-прэзентацыя прамысловага патэнцыялу прадпрыемстваў раёна. На школьным стадыёне моладзь Гродзеншчыны зможа пазмагацца за прызы ў "Сельскай вясёлай эстафеце". Тут жа адбудзецца фінал абласнога праекта БРСМ "Сельскія "Алімпійскія гульні". 

Знакавай падзеяй абласнога фестывалю стане адкрыццё сацыяльна значнага аб'екта - гарадскога парку. Госці свята змогуць ацаніць яго пераўтварэнне пасля рэканструкцыі. Сапраўдным упрыгожваннем зоны адпачынку варанаўчан стане алея драўляных скульптур. Яна складзецца з работ, прадстаўленых усімі раёнамі вобласці. Кожны паспрабаваў перадаць у розных фігурах каларыт свайго краю.  Пасля рэканструкцыі парку змянілася і летняя эстрада. Сюды самых маленькіх гасцей свята запрашае "Гульнёвы падворак". 

З 11.00 у г.п. Воранава будуць працаваць тры адкрытыя канцэртныя пляцоўкі: у гарадскім парку "Ад зерня ды каравая", па вуліцы  Юбілейнай "Роднай зямлі шматгалоссе", на цэнтральнай плошчы  "Свята склікае сяброў" і "Палітра талентаў". Адзін аднаго на сцэне будуць змяняць лепшыя творчыя калектывы Гродзеншчыны. 

Усе жыхары і госці райцэнтра ў 13.15 змогуць павітаць святочную калону ўдзельнікаў урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года.   Галоўная ўрачыстасць свята будзе праходзіць у гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу. Цырымонію ўзнагароджвання перадавікоў сельскагаспадарчай галіны Гродзеншчыны ўпрыгожыць святочны канцэрт. На сцэне абноўленага цэнтра культуры выступіць ансамбль танца, музыкі і песні "Белыя росы" з Гродна, здзівіць віртуознай ігрой на скрыпках група PALLADIUM Electric Band, парадуе песнямі Іскуі Абалян. 

З 18.30 на галоўнай сцэне свята (цэнтральная плошча) у рамках акцыі ФПБ "Мы - вместе!" выступяць артысты беларускай эстрады Вольга Плотнікава, Саша Нэма, Эдуард Ханок. На гэтай жа сцэне адбудзецца ўшанаванне працоўных дынастый Воранаўскага раёна, маладых спецыялістаў і іх настаўнікаў. Яркім акцэнтам завяршэння сельскагаспадарчага фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2016" стане святочны феерверк. 

Читайте ещё:



Оставить комментарий