Язык:

План "Барбароса" - крывавы фашызм

75-летие освобождения Беларуси

План "Барбароса", скрупулёзна спраектаваны гітлераўцамі, па-зладзейску парушыўшы ўсе нормы міжнароднага права і Маскоўскі пакт ад 23 жніўня 1939 года аб ненападзе паміж Германіяй і СССР. Насіў такое імя ў гонар нямецкага імператара Фрыдрыха І Барбаросы, загінуўшага ў ХІІІ стагоддзі ў Малой Азіі падчас крыжацкага паходу. Гэты план Адольф Гітлер зацвердзіў у глыбокай тайне яшчэ ў снежні 1940 года. Гітлеру былі да спадобы заваёўнікі ўсіх часоў і народаў. Але асабліва ён пакланяўся Напалеону. Нават канчатковую дату нападу на СССР выбраў амаль напалеонаўскую - 22 чэрвеня, на досвітку 1941 года. Гэтак і французы зрабілі 129 год таму назад у 1812 годзе, калі напалі на Расію, толькі 24 чэрвеня. Дзень вялікага сонцастаяння, нядзеля з самай вяликай працягласцю светавога дня. 
Асабісты астролаг Гітлера "прадбачліва" прадказаў, што зоркі на яго баку, бо нарадзіўся фюрэр пад шчаслівым сузор'ем Авена. Усё было вельмі добра, па-нямецку педантычна размеркавана, не тое што ў свой час у шведаў ці французаў… Не думалася і не снілася Гітлеру, што ён падпісаў сабе і Германіі смяротны прыгавор.

Першы дзень вайны 
ў маёй памяці

Я, тады амаль дзесяцігадовы, рослы і бухматы хлопчык, як заўсёды, быў разбуджаны маёй добрай і руплівай матуляй, каб гнаць на пашу рыжулю Ляльку. Раніца была ціхай, лісце на бярозах, ліпах, клёнах, ясенях, якіх мелася шмат у вёсцы, быццам знаходзіліся ў літаргічным сне - не варухалася. І з захаду паступова стаў нарастаць гул самалётаў, які ўсё мацнеў і мацнеў. І неўзабаве на чыстым небе з'яві-ліся тры чорныя вінтакрылыя машыны, а крыху воддаль ад іх яшчэ тры. Я стаяў і лічыў - колькі ўсяго? Было самалётаў пад шэсцьдзясят.
Паветра ўскалыхнулася, задрыжэлі галіны дрэў. Сонца падымалася над гарызонтам велічным і чырвоным-чырвоным колам. Трава была ў буйной і халоднай расе, - яе адчулі мае босыя, як і ва ўсіх, ногі з тоўстай падэшвай. Дзень 22 чэрвеня абяцаў быць спякотным. Я ў той момант не разумеў - дзеля чаго і чые самалёты, ды столькі іх многа, паляцелі на ўсход. Прычым, яны на небе праносіліся чародамі, мелі аднолькавыя абрысы і колер. Адчуваў я сябе бадзёра і ўзрушана, бо да гэтага дня любіў назіраць, як і многія мае аднагодкі, нізка лятаючыя чырвоназорныя аэрапланы. І ў глыбіне сваёй душы шчыра марыў стаць лётчыкам!
Кароў мы пасвілі ў блізка раскінуўшымся ад маіх родных Крычнікаў рэдкалессі. Адначасова дралі лазовую і крушынавую кару. Яе, высушаную, прадавалі па 20 і 40 кап. за кілаграм у адзіную на ўвесь Такарышскі сельсавет краму, загадваў ў якой Алесь Ілюковіч. Грошы мы трацілі на набыццё падручнікаў.
Майго тату звалі Антосем, і было яму тады 35 гадоў. У 1940 годзе ў Лідзе прайшоў вайсковую перападрыхтоўку і атрымаў званне старшыны Чырвонай Арміі. Юрацішскім райваенкаматам напачатку 1941 года быў прызваны для правядзення па нядзелях заняткаў з дапрызыўнай моладдзю. 22 чэрвеня ён даволі рана вярнуўся дамоў і вяскоўцам абвясціў: "Пачалася вайна, на СССР напала гітлераўская Германія. Мне і ўсім прызыўнікам загадана чакаць павестак на вайну". У суседніх лясных Дарожках (былое польскае лясніцтва), дзе дыслацыраваўся вялікі савецкі вайсковы аддзел, радыёрупар амаль да паловы дня трансліраваў у наваколле вясёлую маршавую музыку і песні "Если завтра война…", "Ой вы, кони, стальные вы кони"…
Ніхто тады і не здагадваўся, што ў гэтыя гадзіны ўжо на ўсёй доўгай граніцы краіны ідуць крывавыя баі Чырвонай Арміі з фашысцкімі захопнікамі, што начале з маёрам Гаўрылавым гераічна змагаецца гарнізон Брэсцкай цвердзі (крэпасці) супраць 20-тысячнай 40-й адборнай дывізіі немцаў, што вайна будзе доўжыцца амаль 4 гады, што яна забярэ больш 3 млн. чалавек толькі на беларускай зямлі, у тым ліку загіне больш за 5 тысяч жыхароў Іўеўшчыны, толькі мае вяскоўцы страцяць 54-х людзей забітымі і памерлымі ад інфекцыйных хвароб. Не думалася і мне, што на ўсё жыццё застануся калекам.


Як сёння памятую: мы, пастушкі, гналі кароў на дзённую дойку без пары, бо было, па-першае, горача і млосна, а, па-другое, варожыя самалёты ўсё ляцелі і ляцелі як на ўсход, так і на захад. Адзін "крыжак", было, знізіўся над намі і каровамі і застракатаў з кулямёта. На шчасце, адбылося без ахвяр. Але страх і паніка, канешне ж, авалодалі намі. Мой ранішні бадзёры настрой змяніўся на роспач і плач.
Мой тата на загуменні абсталяваў сховішча-зямлянку (я яму дапамагаў у гэтым) ад варожых самалётаў. Маці першым туды адвяла майго меньшага браціка Стаську. А вечарам з боку Вішнева праскакала савецкая конніца. Сонца якраз хавалася за гарызонт, пакідаючы барвовую шырокую паласу. Зрабілася вусцішна за перажыты дзень. Наша сям'я, павячэраўшы традыцыйнай белянай зацірачкай, укладвалася спаць у сваёй старэнькай, зробленай 60 год назад з круглячка дзедавай хатцы.
Такім у маёй памяці застаўся першы дзень вайны.

Суадносіны сіл на 22 чэрвеня 1941 года

Даследчыкі Інстытута ваеннай гісторыі Масквы на сягонняшні час прыводзяць такія весткі аб суадносінах жывой сілы і ваеннай тэхнікі Германіі з яе саюзнікамі з аднаго боку і СССР з другога боку на фронце (дзеючая армія):

                                                             Вермахт              Чырвоная Армія 
Жывая сіла                                          4306800                      3289851
Танкі                                                     4300                           14200
Самалёты                                             5900                            9000
Гарматы і мінамёты                             47200                         32900

Даныя даслаў мой маскоўскі сябра.
Вермахт быў нападаючым, а Чырвоная Армія абаранялася. Але чаму, маючы значную перавагу ў танках і самалётах, Чырвоная Армія ўжо ў першыя дні вайны цярпела цяжкія паражэнні і несла велізарныя людскія і матэрыяльныя страты? Пакуль даю час на самастойны роздум над гэтым пытаннем для паважаных чытачоў і прадоўжу расповед пра маё бачанне і ўражанні ў наступныя дні вайны на тэрыторыі маёй роднай Іўеўшчыны.

План "Барбароса" 
ў дзеянні

На другі-трэці дзень Вялікай Айчыннай вайны я назіраў, як гарэлі Юрацішкі, як клубы чорнага дыму з-за лесу падняліся над Вішневам і чыгуначнай станцыяй Багданава, дзе гарэлі склады і эшалон з цукрам, падпаленыя нямецкімі самалётамі.
Пра пачатак вайны на Іўеўшчыне грунтоўна распавядае ў кнізе "Чалавек не здаецца" пісьменнік Іван Стаднюк, які пасля вайны , наведаўшы Іўе, гаварыў, што ў аповесці няма выдуманых фактаў, усё сапраўднае, толькі сам гарпасёлак названы Ільчай. У той час Івану Фоціевічу быў 21 год, яго, маладога хлопца, за 20 дзён перад вайной пасля заканчэння Смаленскага ваенна-палітычнага вучылішча накіравалі ў Іўе, дзе размяшчаўся штаб фарміруемай 209-й мотастралковай дывізіі на чале з палкоўнікам Мураўёвым, які ў час вайны загінуў.
Каля шашы Іўе-Ліпнішкі ў пачатку вайны вёў бой з нямецкім дэсантам, выкінутым пад Іўем, асабовы склад 245-га гаўбічнага палка 37 стралковай дывізіі, размешчанай на поўначы ад Ліды. Пра гэта ўспамінаў больш 20-ці год таму былы баец Раман Раманавіч Чарнашэй, які жыў тады ў Лідзе. А нямецкі дэсант каля Іўя - не выпадковасць. Іўяўчане згадвалі факты, калі асобныя "савецкія афіцэры", якія кватэраваліся ў прыватных дамах, надзявалі нямецкія мундзіры і знікалі з пачаткам вайны.
У 1940 годзе 19-гадовы юнак Уладзімір Голікаў быў прызваны ў Чырвоную Армію і апынуўся ў Іўі байцом 213-га стралковага палка, які паходным маршам у пачатку 1941 года быў перакінуты на граніцу за Беласток. Напачатку вайны з цяжкімі баямі стралкі адступалі ў бок Ліды і Іўя, якое ўжо было часткова спалена нямецкай авіяцыяй. Многа баявых таварышаў загінула на Іўейскай зямлі. Пра гэта ён расказваў, будучы ў Юрацішках восенню 1985 года (ужо даўно няма яго ў жывых). Дарэчы, Уладзімір Георгіевіч быў родным братам заслужанай настаўніцы БССР, былой дырэктрысы Іўеўскай СШ Марыі Георгіеўны Голікавай. Яе брат прыязджаў да нас, каб адшукаць магчымыя сляды сваіх верных сяброў ваеннагя ліхалецця.
Недалёка ад вёскі Клеўкі (цяпер у Геранёнскім сельсавеце) размяшчаўся запасны аэрадром 122-га знішчальнага авіяцыйнага палка, які ўваходзіў у 11-ю знішчальную авіяцыйную дывізію горада Ліды. Былы механік гэтага палка Уладзімір Паўлавіч Карпуненка ўспамінаў: "У гэтую жудасную раніцу 22 чэрвеня 1941 года паднялі па трывозе мяне і таварышаў па службе ў ваколіцы вёскі Клеўкі, што размешчана ў ціхім куточку на паўночным захадзе ад Іўя, дзе сходзяцца межы Воранаўскага, Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Фашысцкія сцярвятнікі нанеслі нашай авіяцыі значны ўрон, узнік пажар на аэрадроме. Многія самалёты не ўзляцелі. Я быў паранены ў нагу. Пілоты, не паспеўшыя падняцца ў неба, білі па варожых самалётах з кулямётаў і пушак. У выніку адзін "павук" быў збіты. А тым часам байцы батальёна аэрадромнага абслугоўвання на ўзлётна-пасадачнай паласе засыпалі ямы, убіралі разбітыя і згарэўшыя самалёты…" Гэты відавочны аповед ўдзельніка тых далёкіх падзей пад Клеўкамі я занатаваў вясной 1980 года пры сустрэчы з Карпуненкам у Іўі.


Каля самога Іўя ў першы дзень вайны быў збіты савецкі самалёт, экіпаж якога загінуў. Лётчыкаў пахавалі ў мясцінах старога парка. Вельмі многа напісана пра 24-ю стралковую дывізію генерала Галіцкага. Пра яе ёсць цікавы матэрыял у Лідскім краязнаўчым музеі. І тым не менш, хачу прывесці асобныя факты, запісаныя мною цёплым чэрвеньскім днём цяпер ужо давалі далёкага 1966 года з 60-гадовым генерал-маёрам запасу Сяргеем Іванавічам Партновым у Юрацішках, калі ён, былы камандзір 168-га стралковага палка, праз 25 гадоў наведаў тыя мясціны, дзе для яго пачыналася вайна з гітлераўскай навалай. Ён гаварыў, што ў другой палове дня 22 чэрвеня 1941 года 24 стралковая дывізія (штаб знаходзіўся ў Маладзечна, а палкі і батальёны размяшчаліся ў Красным, Валожыне, Лебедзеве і інш.) паходным маршам накіравалася на злучэнне з 21-м корпусам генерала Барысава, які абараняў Ліду. 24 чэрвеня (аўторак) аддзелы дывізіі былі ў Юрацішках, а больш мабільныя - ў Іўі і нават пад Лідай. Але, паколькі генерал Галіцкі атрымаў данясенне, што немцы велізарнымі танкавымі і механізаванымі калонамі рухаюцца ад Ліды, ён прыняў рашэнне асноўнымі сіламі дывізіі заняць абарону на рубяжы вёсак Суботнікі, Дзюраны, Сурвілішкі, Трабы, пакінуўшы каля шашы Іўе-Юрацішкі ўзмоцненыя дазоры. Генерал ведаў, што на Мінск праз Валожын фашысты не пойдуць з тэхнікай праз лясіста-забалочаныя мясціны Налібоцкай пушчы. Яго меркаванне аказалася беспамылковым. У сераду раніцай 25 чэрвеня каля Суботнікаў байцы 168 палка пачалі бой з танкавай групай генерал-лейтэнанта Гота, які рваўся на Мінск праз Смаргонь. Дывізія Галіцкага стаяла рубам на шляху фашыстаў.
Я добра помню, як тры дні чуліся глухія разрывы снарадаў з ранку да позняга вечара. Дывізія Галіцкага стрымлівала агромністыя сілы гітлераўцаў таму, што яна мела поўны штат (больш 14400 чалавек) з трыма стралковымі, танкавым і артылерыйскім палкамі, іншымі падраздзяленнямі, добра падрыхтаванымі камандзірамі. Па ацэнцы С. Партнова, захопнікі панеслі вялікія страты ў людзях і 200 танкаў. Гэта быў самы вялікі ўрон фашыстаў у першы тыдзень вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Вядома ж, вялікімі ахвярамі сталі першыя дні вайны і для 24 дывізіі. Выходзячы з акружэння праз Налібоцкую пушчу на Рубяжэвічы, яна не далічылася паловы асабовага складу, засталася без артылерыі і танкаў. Адначасова трэба адзначыць, што значная колькасць байцоў і афіцэраў дывізіі рассыпалася па вёсках Іўеўскага, Сталбцоўскага, Валожынскага і іншых раёнаў. Яны затым сталі касцяком партызанскага руху, адным з тых байцоў быў і лейтэнант Зміцер Ягоравіч Міронаў, які 25 чэрвеня каля вёскі Шаркуці абараняў мост праз Гаўю.
Такім чынам Іўе, Іўеўшчыну абаранялі ўсе роды і віды савецкіх войскаў, акрамя марскіх. Абаронцы змагаліся мужна, але пралікі малавопытных камандзіраў, малых і вялікіх у часе і планах, даваенныя рэпрэсіі камсастава Чырвонай Арміі і іншыя вядомыя толькі праз дзесядзігоддзі абставіны сталі прычынамі цяжкіх паражэнняў і страты велі-зарных тэрыторый былога СССР, на якіх фашысты тварылі жудасную смерць і здзекі над мільёнамі бязвінных людзей…
Праз месяц вайны СССР страціў каля мільёна байцоў і камандзіраў, адных палонных каля 725 тысяч, якія паміралі ад голаду, здзекаў эсэсаўцаў. А ў канцы верасня 1941 года страты Чырвонай Арміі склалі каля 2130000 чалавек, танкаў - 14006, самалётаў - 6988, гармат - 66888, флот страціў 92 судны, з якіх - 19 буйных.

В. ВРУБЛЕЎСКІ.

Теги

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.