ivyenews.by

“Мы за чаем не сумуем!”. Тэматычны дзень адбыўся ў Ліпнішкаўскім дз/с-СШ

Образование

“Мы за чаем не сумуем” – пад такой назвай у старшай дашкольнай групе ДУА “Ліпнішкаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” прайшоў тэматычны дзень, які быў прысвечаны карыснаму напою.  Дзеці здзейснілі сапраўднае падарожжа ў краіну чаю. У гэты дзень выхаванцы  даведаліся аб тым, што радзіма чаю – Кітай, што чай – напой, добра вядомы ва ўсіх краінах свету. І ледзь ці не ў кожнай краіне існуе свой традыцыйны рытуал чаявання. У розных народаў – розны чай: з раслін і пладоў, з дабаўленнем спецый, малака, з прысмакамі і без, і  п’юць яго з розных сасудаў.

Пачулі выхаванцы і легенду пра кітайскага імператара, да якога ў кацялок з кіпеннем ўпала лісце чайнага дрэва. Паспрабаваўшы дзіўны напой, імператар захапіўся яго выдатным смакам. З імператарскага палаца чай распаўсюдзіўся па ўсім Кітаі.

Дзеці прынялі ўдзел у эксперыментальнай дзейнасці «Уласцівасці чайнага ліста». Дашкольнікі назіралі, як заварваецца чайны ліст, як ён распраўляецца пад уздзеяннем гарачай вады і аддае свае карысныя ўласцівасці, афарбоўваючы ваду.  

Дзеці адгадвалі загадкі, гулялі ў пазнавальную гульню “З чым п'ём чай?”, спаборнічалі ў гульні “Сервіроўка стала”. Успомнілі казку пра “Муху – Цакатуху”, якая запрашала ў госці на чай. А скончыўся наш тэматычны дзень, вядома ж, чаяваннем!

Таццяна Здончык,  выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Ліпнішкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Читайте ещё:



Оставить комментарий