ivyenews.by

У Іўеўскім я/с-ПШ тыдзень гаварылі па-беларуску

Образование

Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легенд, паданняў. 3 роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, выпраўляючыся ў далёкія вандраванні. Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. 

Добрай традыцыяй ў Іўеўскім яслях-садзе – пачатковай школе стала правядзенне прадметных тыдняў. У гэтым годзе з 21 па 26 лютага пад дэвізам “Размаўляй па-беларуску” прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У рамках тыдня былі праведзены мерапрыемствы, якія садзейнічалі развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, выхаванню любові і павагі да роднага слова. Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці занятак па душы.

У панядзелак адбылося ўрачыстае адкрыцце тыдня. Для стварэння эмацыянальнага настрою з раніцы ў фае ўстановы адукацыі гучалі беларускія песні, а настаўнікаў, вучняў і бацькоў сустракалі у нацыянальных касцюмах дзяўчынка і хлопчык, якія віталіся па-беларуску, жадалі добрага настрою і запрашалі паўдзельнічаць у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” (неабходна было перакласці словы з рускай мовы на беларускую). 

У гэты ж дзень стартавалa школьная дыстанцыйныя алімпіяда па беларускай мове для вучняў 1-4 класаў. 

У межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы адбылася тэматычныя інфармацыйныя гадзіна “Са святам, родная мова!”. 140 годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа прысвечана класная гадзіна “Славутыя сыны зямлі беларускай”, буккросінг “Шляхамі Я.Купалы і Я.Коласа”.

Пазнаваўчая гадзіна “Нарадзіўся ў Беларусі і гэтым ганаруся”, гульня-падарожжа “Помнікі роднага горада” спрыялі фарміраванню грамадзянскай пазіцыі вучняў, выхаванню павагі да беларускай культуры і садзейнічалі папулярызацыі роднай мовы.

Цікавымі і запамінальнымі сталі вернісаж “Героі беларускіх казак вачыма дзяцей”, гульня “Поле цудаў” (падарожжа па краіне беларускіх народных казак), пад час якіх дзеці паказалі веданне не толькі  фальклорных, але і літаратурных казак. Паспрабаваць свае веды вучні змаглі ў віктарыне знаўцаў беларускай мовы “Беларуская скарбонка” і ”Моўныя скарбы роднага краю”, інтарактыўнай гульні “Сябры беларускай мовы”.

 

У школьным музеі ярка, эмацыянальна і пазнавальна прайшоў музейны занятак “Ад печы да парога” для вучняў 1 класаў, а для выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада было арганізавана экскурс-падарожжа ў сялянскую хату. Дзеці даведаліся шмат новага пра побыт беларускага селяніна, вырабы з саломы, лену і глінянага посуду, гулялі ў беларускія гульні, спявалі прыпеўкі, расказвалі вершы на беларускай мове.

Святочнаму аздабленню і стварэнню эмацыянальнага настрою на працягу ўсяго тыдня садзейнічала гучанне твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, беларускіх народных песень і танцаў. 

Узняў настрой у шосты школьны дзень фэйс-арт “Нацыянальныя узоры”, прагляд беларускіх мультфільмаў “Дыснею і не снілася”. 

Скончыўся тыдзень падвядзеннем вынікаў і урачыстым узнагароджваннем на школьнай лінейцы граматамі і дыпломамі самых актыўных удзельнікаў, знаўцаў роднай мовы і літаратуры.

Хочацца адзначыць, што пад час мерапрыемстваў дзеці зразумелі, што абавязак кожнага – шанаваць родную мову, размаўляць на ёй, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

 

 

Марыя Завадская, настаўнiк пачатковых класаў Iўеўскага ясляў-сада – пачатковай школы 

Читайте ещё:



Оставить комментарий