ivyenews.by

Дык жыві і квітней, маё роднае слова! У Трабскім я/с-СШ прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня беларускай мовы і літаратуры

Образование

У дзяржаўнай установе адукацыі  “Навучальна-педагагічны комплекс Трабскі яслі-сад – сярэдняя школа”  прайшлі  мерапрыемствы, прымеркаваныя да тыдня беларускай мовы і літаратуры.  

 Адкрыццё тыдня прыпала на 21 лютага, калі адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ужо з самага ранку адзінаццацікласнікі ветліва сустракалі ўсіх прысутных. У ходзе акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску” старшакласнікі прапаноўвалі розныя заданні: прачытай верш на беларускай мове, адгадай загадку, працягні прыказку, растлумач значэнне слова, пазнай твор. Удзельнікі мерапрыемства  даведаліся шмат  новага пра роднае слова,  родную мову, беларускую культуру.  Гродзенскі абласны дыктант у гэты дзень пісалі як вучні школы, так і педагагічныя работнікі. Усіх аб’яднала адна вельмі важная якасць – любоў да роднай мовы.   На памяць кожны атрымаў сімвалічны падарунак - бланк са сваім тэкстам. У гэты ж дзень адбыўся і  флаер-фэст “Родная мова! Жыві, гучы, звіні…”,  дзе вучні выказалі свае пажаданні роднай мове.

У рамках  тыдня  вучні 10-11 класаў паказалі трывалыя веды  на веданне гісторыі, культуры Беларусі падчас удзелу  ў  інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Ці ведаю я Беларусь?”. Васьмікласнікі былі ўдзельнікамі інтэлектуальнага конкурсу “Сваімі словамі”. Мерапрыемства садзейнічала развіццю вобразнага мыслення, кемлівасці, знаходлівасці, абуджэнню пачуцця нацыянальнай годнасці. У ходзе гульні вучні праверылі і сваю арфаграфічную граматнасць. Цікава прайшла гульня “Турнір знаўцаў роднай мовы” для вучняў 5-6 класаў. Школьнікі паглыбілі веды пра вусную народную творчасць. Мерапрыемства садзейнічала выхаванню пачуцця гонару і глыбокай павагі да здабыткаў нацыянальнай літаратуры.

На працягу ўсяго тыдня на перапынках быў арганізаваны прагляд мультыплікацыйных фільмаў на беларускай мове, відэафільмаў пра пісьменнікаў-юбіляраў, гучалі відэазапісы песень на словы беларускіх паэтаў.

Конкурс творчых пісьмовых работ ”За што я люблю родную зямлю?” сярод вучняў 5-11 класаў садзейнічаў выхаванню патрыятызму, пачуцця годнасці  і гонару за нашу краіну, развіваў маўленне і творчае мысленне, фарміраваў грамадзянскую пазіцыю.

Цікавымі і запамінальнымі былі віктарына “Пазнай фразеалагізм” і конкурс малюнкаў да праграмных твораў “Пазнай твор і аўтара”, акцыя “Чытаем Якуба Коласа і Янку Купалу разам”.

Завяршыўся тыдзень літаратурна-музычнай вечарынай “Сэрцам роднага слова краніся”.   Вучні  прынялі удзел у конкурсе выразнага чытання твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа “Нам засталася спадчына”,  які быў прымеркаваны да 140-годдзя з дня нараджэння народных песняроў.  

Мерапрыемствы  тыдня  беларускай мовы і літаратуры садзейнічалі павышэнню цікавасці вучняў да вывучэння прадмета, паглыбленню ведаў па беларускай мове і літаратуры, развіццю моўнай культуры, выхаванню любові да гісторыі беларускага народа.  

Людміла Рыбалоўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Читайте ещё:



Оставить комментарий