Язык:

У кожным дзіцяці - сонца. Толькі трэба даць яму свяціць…

Образование

…Лейтматыў усяго школьнага жыцця Жамыслаўльскага дзіцячага сада - базавай школы  ў гэтых словах, напісаных на плакаце, на які наткнуліся вочы, калі мы толькі пераступілі парог установы адукацыі. Гэтым сонейкам і сонцам  дазвалялі свяціць, запальвалі іх святлом розуму, ведаў і людскасці настаўнікі розных часоў і перыядаў жыцця школы. А адчынілася яна ў Жамыслаўлі ў 1944 годзе, адразу ж пасля выгнання з нашай зямлі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З якім жаданнем, прагай ведаў селі за школьныя парты вучні з Жамыслаўля, Шаркуцёў, Высоцкіх, Гуты, Падваранцаў, Раманоў, іншых навакольных вёсак! Многія са школьнікаў ужо былі юнакамі і дзяўчатамі. Вайна пазбавіла іх магчымасці своечасова пайсці ў школу ці атрымаць  яшчэ даваенную адукацыю.

Заняткі праводзіліся ў розных памяшканнях - адзінага будынка не было. Дырэктарам школы стала ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Зоя Браніславаўна Харытановіч. Усе гэтыя факты з жыцця школы, а таксама мноства прозвішчаў настаўнікаў тых часоў і кожнага дырэктара да сённяшняга дня можна знайсці і прачытаць у школьным летапісе - вялі-кай і грунтоўнай працы дзяцей і педкалектыву, якую цяжка пераацаніць і якая здзіўляе багаццем інфармацыі.  Гэта кніга жыцця школы, яе вучняў, настаўнікаў. Гэта кніга школьнай славы, дасягненняў, гонару. Гэта - біяграфія школы, якую штогод  да гэтай пары папаўняюць вучні і настаўнікі. 

… У 1952 годзе адбыўся першы выпуск сямігадовай школы.У 1953 годзе былі пабудаваны два драўляныя памяшканні для Жамыслаўльскай сямі-гадовай школы. Яны знаходзіліся між Жамыслаўлем і Шаркуцямі. У адным будынку размяшчаліся класы і настаўніцкая, у другім - класы і сталовая. Памяшканняў не хапала. Таму вучні вучыліся ў дзве змены, нейкі перыяд пад класы займалі некалькі пакояў у былым палацы графаў Умястоўскіх, адзін вялікі пакой - пад спартыўную залу. У іншых памяшканнях палаца размяшчалася кантора мясцовага калгаса.

Для вучняў у школе працавалі гурткі: харавы, драматычны, літаратурны, матэматычны, палітгурток, фізкультурны і іншыя.

У школе важнае значэнне надавалася палітэхнічнаму навучанню вучняў 5-7 класаў і асноў вытворчасці ў больш шырокім аб'ёме. Са студзеня 1957 года ў школе вывучаецца трактар у гуртку "Юны трактарыст" (кіраўнік - механік саўгаса "Жамыслаўль" Уладзімір Пуціла), "Юны токар" ( кіраўнік - токар саўгаса Іосіф Гершатовіч), "Юны электрык" (кіраўнік Васіль Куніца - загадчык Жамыслаўльскай ГЭС). Заняткі з вучнямі праходзілі на базе майстэрні саўгаса і Жамыслаўльскай ГЭС.

На прышкольным участку вучні вырошчвалі буракі, жыта, грэчку, лен, клубніцы.

У школе, як паведамляе летапіс, царыла атмасфера строгасці і патрабавальнасці як да настаўнікаў, так і да вучняў. Так, напрыклад, 12 вучняў 7 класа самавольна пайшлі з урока працы. Услед з'явіўся загад дырэктара ад 26 снежня 1957 года, дзе сказана: "За вышеуказанный проступок учащихся 7 класса лишить права ношения прически до полного исправления в поведении".

Часы і перыяды ў жыцці школы, як і ўсёй краіны, былі рознымі. Асобныя факты нават выклікаюць непаразуменне. Ну як, здаецца, можна забараніць  насіць валасы на галаве? Аднак забаранялі, аднак каралі, аднак… Ды ўсё гэта нішто. Паспрабуйце знайсці вучня таго часу, які б не быў удзячны настаўнікам і школе! Таму што кіпела там жыццё, віравала, напаўняючы сэнсам кожны дзень, кожны школьны ўрок. Працавалі, канцэрты ладзілі, спортам займаліся, цімураўскія атрады існавалі, у паездкі на ўсяім Саюзе ездзілі, і не трэба было педкалектыву прыкладаць вялікія намаганні для выхоўвання патрыятызму. Ён, здаецца, існаваў на клетачным узроўні.

Дырэктарамі ўстановы адукацыі ў розныя часы, паводле летапісу школы, працавалі: З. Харытановіч, М. Пырх, У. Буракоўскі, В. Базылёва, Л. Андзілеўка, М. Панцялеенка, У. Шурпа, У. Дайновіч, В. Крываногаў, В. Крыштаповіч, В. Філон, Тэрэса Пятроўна Богінь - сённяшні кіраўнік школы ці, як зараз яна называецца, Жамыслаўскага дзіцячага сада - базавай агульнаадукацыйнай школы.

…1 верасня 1966 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай двухпавярховай школы, пабудаванай па тыпавым праекце.

У 1971-1972 годзе ў  школе налічвалася 327 вучняў!

У чэрвені 1975 г. за высокія спартыўныя дасягненні і паспяховыя выступленні на раённых і абласных спаборніцтвах 8 вучняў атрымалі падзякі, 10 вучняў - 1 і 2 разрады па лёгкай атлетыцы, першы юнацкі разрад па баскетболу - 16 вучняў. 

… У лістападзе 2005 года ў школе пачынаецца рэалізацыя праграмы аб развіцці адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Настаўнік інфарматыкі Я.Андрыенка навучала настаўнікаў навыкам работы на персанальным камп'ютары. Настаўнікі-прадметнікі пачалі выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі на ўроках з дапамогай камп'ютараў.

У 2-тысячных гадах вучні школы займаюць прызавыя месцы на раённых этапах рэспуб-ліканскіх прадметных алімпіяд.

Сёння ў ВПК, на жаль, толькі  50 вучняў. Рознаўзроставую групу дзіцячага сада наведваюць 11 дашкольнікаў.

І ўсё ж, з года ў год Жамыслаўльскі ВПК дасягае рэзультатыўнасці ў раённых і абласных конкурсах. У 2009 годзе - 1 месца ў абласным этапе конкурсу "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся". У 2010 годзе - 2 месца ў раённым экалагічным конкурсе. У 2011 годзе - 3 месца ў абласным этапе конкурсу "Зямля - наш дом". У 2011 годзе - 2-е месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі дзіцячых экалагічных работ.

У 2012 годзе - 3-е месца ў абласным этапе конкурсу экалагічных праектаў "Родная зямля - Беларусь"; 2-е месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі дзіцячых экалагічных работ; 1-е месца ў раённым творчым конкурсе "Іўеўшчына - мой лёс, мая Бацькаўшчына" у намінацыі "Натхненне".

У 2013 годзе - 3-е месца ў абласным этапе конкурсу "Энергія і энергазберажэнне"; відэаролік "Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць" прайшоў на абласны этап; прызавое месца ў раённым этапе 17 Беларускага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру.

Надаецца ўвага развіццю інфармацыйнай адукацыйнай прасторы. У школе 7 сертыфікаваных карыстальнікаў КТ.

Створаны дзве сеткавыя суполкі. Адна з іх ("Прастор") запрашае творчых, крэатыўных карыстальнікаў для супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Удзельнікамі суполкі з'яўляюцца  супрацоўнікі аддзела адукацыі, спорта и турызму Іўеўскага райвыканкама, настаўнікі школы, педагогі іншых устаноў адукацыі. Сеткавая суполка "Пажарожжа ў сусвет" створана для вучняў 6 класа па прадмеце "Мастацтва"(айчынная і сусветная мастацкая культура), а таксама для настаўнікаў, якія выкладаюць гэты прадмет, і ўсіх тых, каго цікавяць пытанні мастацтва. Мадэратарам суполак з'яўляецца намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Таццяна Чэславаўна Журко.

Блог настаўніка беларускай мовы і літаратуры "Спадчына" дзейнічае пад кіраўніцтвам яго стваральніка - настаўніцы  Ганны Янаўны Жыжыч.

…Апошнім часам непакояць сэрцы настаўнікаў і вучняў размовы пра тое, што школу зачыняць. А ў ёй жа, як кажа старшыня Суботніцкага сельвыканкама Валянціна Станіславаўна Філон, колішні дырэктар гэтай установы адукацыі, ёсць душа. Гэта асаблівае становішча, гэта, калі і дзеці, і настаўнікі любяць сваю школу. Здаўна так здарылася. І трымаецца ўсе гэтыя дзесяцігоддзі. І зараз тут працуе і вучыцца шмат творчых людзей. Гэта бачна і на прышкольнай тэрыторыі, і ў самім будынку ўстановы. Кветкі, чысціня, афармленне інтэр'еру. Ва ўсім - цяпло і свет любові, душы.  

У школе ёсць педагогі-пенсіянеры. Маладыя не затрымліваюцца. Іх вабяць гарады і лепшы заробак.  Аднак,  настаўнікі-пенсіянеры - гэта вялікі здабытак педкалектыву. Можа, яны не зусім знаёмы з сучаснымі тэхналогіямі. Аднак  дасканала пазналі асноўную тэхналогію - душу дзіцяці. 

Сёння побач з дзецьмі разумныя і таленавітыя педагогі: Зофія Станіславаўна Васілеўская, Марыя Іосіфаўна Новаш, Ганна Янаўна Жыжыч, Генадзь Станіслававіч Кот, Галіна Пятроўна Яцкевіч, Людміла Іванаўна Пясецкая, Вольга Яраславаўна Перхальская (яе вучні  займалі прызавыя месцы ў рэспубліцы ў 2011-2012 годзе) і іншыя.

Асобна трэба сказаць пра выхавальніка  дашкольнай групы Галіну Іванаўну Станулевіч. Гэта такая мама маленькіх дзетак! Яна так бачыць душу дзіцяці, так яе песціць і выхоўвае, цесна супрацоўнічае з будучай першай настаўніцай.

Ва ўстанове адукацыі працуе і асаблівы сацыяльны педагог Вольга Эдуардаўна Пярлухіна, якая, здаецца, жыве менавіта для гэтай дзейнасці. 

Між іншым, у Жамыслаўскім дзіцячым-садзе - агульнаадукацыйнай базавай школе няма  так званых "сопаўскіх" сем'яў. Над гэтым працавалі старанна і шчыра. Адметнасцю школы можна назваць суполку "Настаўнікі, бацькі, дзеці, тэхнічныя работнікі". Як бы дзіўна гэта ні гучала, у выхаваўчым працэсе ўдзельнічаюць усе. Прыбіральшчыца можа вярнуць дзіця і спытаць: "А што здарылася, чаму ты без настрою, а чаму ты не вітаешся?". А потым і супакоіць, і параіць. Технічны персанал - 6 жанчын і загадчык гаспадаркі Леанід Іосіфавіч Пясецкі адчуваюць сваё дачыненне да ўсяго, што  робіцца ў школе, не толькі ў сэнсе гаспадарчых спраў. Таму і вітае ў паветры тут сапраўдны дух сям'і. І дзеці слухаюць не толькі настаўнікаў. Дзіўна на сённяшні дзень, але гэта так.

Утульнасць, прыгажосць у класных пакоях і на калідорах - гэта праца ўсіх, гэта грошы, якія зарабілі разам і дзеці, і дарослыя на сельгасработах, на зборы макулатуры, металалому, другаснай сыравіны; гэта дзяржаўны клопат і клопат людзей, якія хочуць дапамагчы ўстанове, гэта таксама клопаты бацькоўскага камітэта.

Як і ў былыя часы, дзеці з настаўнікамі вельмі шмат вандруюць, ездзяць на экскурсіі. Гэта - заахвочванне за работу, за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Прайшла экскурсія "Шлях да замкаў" (Любчанскі замак, Свята-Елісееўскі манастыр, Мірскі замак). Летам наведалі Хатынь, Курган Славы, Лінію Сталіна.

Ёсць у жыцці ўстановы адукацыі асаблівы дзень, адметная з'ява - субота, шосты школьны дзень. Яго не прапускае ніводнае дзіця - ні маленькія, ні старэйшыя. Кожная другая субота месяца - спартыўная. Працуюць аб'яднанні па інтарэсах: "Формула бяспекі", "Рухомыя гульні", "Гульнёвыя віды спорту", "Творчая майстэрня","Настольны тэніс", "Юны сябра пагранічніка". Апошні  гурток ці клуб - сапраўдная школа будучага байца, грамадзяніна, патрыёта. І заняткі з дзецьмі праводзіць сапраўдны пагранічнік, афіцэр Ігар Уладзіміравіч Коваль - камандзір вайсковай часці пагранічнікаў, якая дыслакуецца ў Суботніках. 

Субота - гэта дзень творчасці і натхнення. Ёсць тут такія творчыя, такія масцеравыя асобы, такія таленавітыя душой, ведамі і сваімі ўменнямі людзі! І, у першую чаргу,   педагог - арганізатар Вольга Іосіфаўна Рыцікава - культработнік па адукацыі, чалавек, які адчувае свет дзяцей, ведае, чым іх заняць і як гэта зрабіць.

Вельмі творчая натура - бібліятэкар Вольга Іванаўна Сакаловіч. Уся школьная прыгажосць інтэр'еру - яе праца.  Якія толькі віды майстэрства ні падуладны гэтай мілай творчай жанчыне! І яна з задавальненнем дзеліцца імі з дзецьмі. Дзякуючы і ёй таксама так чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі чарговай суботы.

…Гэта далёка не ўсё, што можна было расказаць, перагарнуўшы лісты кнігі жыцця школы, установы адукацыі, дзіцячага сада. Як ні называй гэтае месца, задача ў яго заўжды аднолькавая - зрабіць разумным і цёплым свет дзяцінства. У Жамыслаўлі гэта атрымліваецца.

В. ГУЛІДАВА.

Фота Л. ПЯСЕЦКАЙ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.