Язык:

Музыка гукаў родных слоў

Образование

Любоў да Радзімы - гэта неабходнасць, гэта святое для кожнага чалавека. Родная зямля дапамагае нам зразумець саміх сябе, таму што тут гучыць дзівосная музыка ў нашых сэрцах. А нараджаюць гэту музыку гукі родных слоў, многія з якіх з'яўляюцца назвамі родных мясцін. 

На працягу доўгага часу ў ДУА "Навучальна-педагагічны комплекс Юрацішкаўскі яслі-сад - сярэдняя школа" заўсёды надавалася вялікае значэнне вывучэнню роднага краю, у тым ліку і назваў населеных пунктаў, таму што гэта крыніца вывучэння гісторыі свайго краю, спасціжэнне сваіх каранёў, захаванне духоўнай спадчыны і самабытнасці народа. 

З 1999 года ў Юрацішкаўскай сярэдняй школе існуе краязнаўчы музей "Вытокі". Фактычна музей існаваў і раней. У час работы гісторыкам мясцовага настаўніка Валянціна Антонавіча Врублеўскага былі сабраны шматлікія экспанаты. Стварыла і кіравала музеем доўгі час Галіна Паўлаўна Дуніч. З 1 верасня кіраўніком музея з'яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галіна Станіславаўна Мінаева. 

У музеі налічваецца каля 900 экспанатаў, з іх амаль 500 - у асноўным фондзе.

Зацікаўлены краязнаўчымі даследаваннямі як вучні, так і настаўнікі.

У апошні час найбольшую цікавасць выклікае работа па вывучэнні назваў населеных пунктаў (айконімаў) Юрацішкаўскага сельсавета.

Цікавае даследаванне "Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета" правёў вучань 9 "А" класа Вадзім Казакевіч пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Г.С. Мінаевай.

Навуковым кіраўніком працы з'яўляецца старшы выкладчык, дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук Станіслаў Антонавіч Янушкевіч.

Што такое айканіміка? У энцыклапедыі "Беларуская мова" чытаем: "Айканіміка (ад грэч. Oikos - жыллё і onуma - імя, назва) - раздзел тапанімікі, які вывучае айконімы - уласныя назвы паселішчаў (гарадоў, сёл, вёсак, пасёлкаў, хутароў), а таксама сукупнасць назваў - айканімію".

На тэрыторыі Юрацішкаўскага сельсавета знаходзіцца 30 вёсак, 7 хутароў і 1 пасёлак.

Айконімы 

апелятыўнага 

паходжання

Да айконімаў апелятыўнага паходжання ў Юрацішкаўскім сельсавеце адносіцца 9(24%)  назваў. 

Гумнішчы (вёска). Раней вёску называлі Рымары, таму што ў ёй жылі рымары - майстры, якія выраблялі конскую збрую. Раней у вёсцы хаты стаялі з аднаго боку вуліцы, а гумны - на другім баку вуліцы.У гады Першай сусветнай вайны Рымары згарэлі. Людзі пачалі аднаўляць жыллё не на месцы згарэўшых хат, а на былых гумнішчах - месцах, дзе стаяла гумно. Таму вёска стала называцца Гумнішчы.

Дарэні (вёска). Корань слова "дар", месца падараванае, бясплатная зямля.

Заельнікі (вёска). Вёска пасляваеннага перыяду. Будаваліся за лесам, у якім у асноўным расла елка. Заельнікі - людзі, якія пасяліліся за ельнікам.

Пасека (вёска). Назва паходзіць ад слова “пасека” - высечаная дзялянка лесу. Пасля рэвалюцыі на хутарах сяляне атрымлівалі надзелы зямлі. Самі высякалі лес, кустоўе, будаваліся. Хаты стаялі не побач, а далёка адна ад адной. У сучасны момант не засталося ніводнай хаты. Перабудаваліся бліжэй да вёскі Ляпёшкі. 

Пунішчы (вёска).Назва паходзіць ад назоўніка пунішча, месца, дзе была гаспадарчая пабудова - пуня. Пуня будавалася для вялікіх запасаў зерня, сена, дроў. Корань слова "Пунь"- поўны. Гаворыць аб заможнасці сялян.

Чаркесы (вёска). Ваяўнічая назва. У ХІХ стагоддзі вёска называлася Чаркесы-чарты. Украінскіх казакоў, якія ўдзельнічалі на баку Расіі ў вайне з Вялікім Княствам Літоўскім, называлі чаркесамі. Некаторыя чаркесы засталіся тут і пасяліліся.

Сустракаюцца айконімы-апелятывы іншамоўнага паходжання.

Гялуці (вёска). Вёска за 7 кіламетраў ад Юрацішак. Паходзіць ад літоўскага слова "гелес", што ў перакладзе - кветка.

Келайці (вёска). У перакладзе з літоўскай мовы - вёска.

Лойбішкі (хутар).Корань слова лойб. Па меркаванні некаторых старажылаў, корань слова паходзіць з яўрэйскай мовы. 

Айконiмы апелятыўнага паходжання ва ўтваральнай аснове нясуць iнфармацыю аб прыродна-геаграфiчных умовах жыцця чалавека, аб непасрэднай цi апасродкаванай сувязi прыродна-геаграфiчных аб'ектаў з практычнай дзейнасцю чалавека, аб сiстэме i характары земляробства, аб тыпах пасялення, пабудовах i збудаваннях гаспадарчага i грамадскага прызначэння. 

Айконімы 

антрапанімічнага 

паходжання

Айконiмы антрапанiмiчнага паходжання данеслi да нас i словаўтваральныя сродкi, уласцiвыя жывой народнай мове. Да айконімаў антрапанімічнага характару адносіцца 25(65%) назваў населеных пунктаў. 

Адамава (хутар). Першым пасяленцам хутара быў Адам. Людзі называлі Адамава зямля, Адамаў хутар.Так сталі называць і вёску.

Вайніліха (хутар). Калісьці зямля належала багатай шляхетнай сям'і Вайніцкім, пазней - Вайніловічам. Напэўна, паходзіць ад Вайніліхі - жонкі Вайніловіча.

Верашчакі (вёска). Утворана ад  прозвішча Верашчака. 

Грушанцы (вёска). Зямля належала пану Фільмановічу, які жыў у Бокшышках. Пан вырашыў пасадзіць сад. Вельмі ўрадлівымі былі грушы. Недалёка ад саду пачалі сяліцца сяляне. Паходжанне назвы многія жыхары звязваюць са словам “груша”. На самой справе айконім патранімічнага паходжання. Патранімічныя назвы паходзяць ад калектыўнага наймення падуладных ці нашчадкаў асобы, імя якой ляжыць у аснове. Грушанцы - падуладныя або нашчадкі Грышы або Грушына.

Дунічы (хутар). Прозвішча Дуніч дало назву вёсцы. У Х1Х стагоддзі два браты па прозвішчы Дуніч пачалі будавацца побач, далей ад вёскі. 

Жылічы(вёска). Славянская старажытная назва.Паходзіць ад прозвішча Жыліч. Вёску заснавалі жыхары з такім прозвішчам. Такія назвы называюцца родавымі або сямейнымі, таму што паселішча засялялі спачатку роды сялян, а затым сем'і.

Зялёнкі (хутар). Раней на многіх калгасных палетках сеялі лён. Адразу за палеткамі лёну пачалося будаўніцтва некалькіх хат. Калі пыталіся: "Дзе ж ты хату сабе ставіш?" То ў адказ чулі: "За лёнам". Так назву тлумачаць мясцовыя жыхары. Айконім паходзіць ад прозвішча Зялёнка.

Каркіняты (вёска). Ад прозвішча Коркінец.

Косці (вёска). Родавая назва. Заснавальнік і ўладар Касцялоўскі. Наконт паходжання дадзенай назвы існуе легенда "Косці", дзе расказваецца пра каханне, якое закончылася трагічна, але не было забыта ў народзе, перадаецца з пакалення ў пакаленне як узор чысціні і прыгажосці самага светлага пачуцця, пра гора маці, якая страціла свайго адзінага сына. 

Вёску, якая пазней узнікла на месцы, дзе маці знайшла сынавы косці, так і назвалі - Косці, бо гэтае слова паўтарала, плачучы, няшчасная жанчына. 

Кузьмянка (хутар). Ад імя Кузьма. Так званая прыналежная назва, тое, што належыць Кузьме. 

Ляпёшкі (вёска).Вёску заснаваў пан Лепяха ля старажытнага гасцінца Юрацішкі - Трабы. Паводле легенды "Слёзы - ягады журавінага балота" вёска атрымала назву ад прозвішча дбайнага гаспадара па прозвішчы Ляпешка. 

Лабачы (вёска).Назва паходзіць ад прозвішча першапасяленца - Лобач або Лабач.

Людзвінава (хутар).Названа ад уласнага імя Людзвін. Людзвінава - тое, што належыць Людзвіну. Мясціна належала пану Людзвіну Радкевічу.

Макуці (вёска). Назва ад прозвішча Макуца.

Мількі (вёска). За мілю ад Грушанцаў. Айконім паходзіць ад прозвішча Мілька.

Навікі (вёска). Назва вёскі паходзіць ад назоўніка новікі - новыя пасяленцы, або прозвішча Новік.

Няфёдкі (вёска).У народзе называюць вёску Няхведкі. Ад прозвішча Няфёдка.

Паболі (вёска). Ад прозвішча Побаль.

Савічы (вёска). Назва паходзіць ад прозвішча Савіч. 

Сямёнкі (вёска).  Ад стараяўрэйскага імя Сямён, Сямёнка.

Цянюкаўшчына (вёска). Назва паходзіць ад прозвішча Ценякоў або Цянюк. Звычайна з суфіксам -шчына-, -оўшчына называлася паселішча па прозвішчы былога ўладальніка маёмасці. 

Чарнэлі (вёска). Корань слова "чарн". Жылі вельмі бедныя людзі, чарната, галота. Распаўсюджана прозвішча Чарнэль, ад якога вёска і атрымала назву.

Чашэйкі (вёска).У аснове назвы - прозвішча Чашэйка. 

Шавёлы (вёска). Ад прозвішча Шавёла - паляўнічы.

Яросмішкі (вёска). Назва паходзіць ад імя Ярома (Ярэма) з літоўскім фармантам (суфіксам) -ішкі.

Юрацішкі (гарадскі пасёлак). Наконт паходжання назвы існуе некалькі меркаванняў. Адны  сцвярджаюць, што імя сваё атрымала мястэчка ад першага пасяленца Юрася з прыбаўленнем літоўскага суфікса -ішкі, другія - што першых пасяленцаў было двое - Юрась і Цішка. Нядаўна з'явілася яшчэ  адно меркаванне: тэрыторыя мястэчка адносілася да ўладанняў княгіні Юраты. Дабавіўшы да яе імя літоўскі фармант - ішкі  атрымалі назву Юрацішкі. 

Айконім мае балцкае паходжанне. "Юра" ў перакладзе з літоўскай мовы - мора, "юратас" - русалачка. У мінулым мясціна вельмі балоцістая. Было шмат маленькіх азяркоў і ручайкоў. Працякала рэчка Чапунька. Бытуе легенда, што русалкі заварожвалі сваёй прыгажосцю падарожнікаў, якія бясследна прападалі.

У легендзе "Юрацішкі" расказваецца аб паходжанні Юрацішак ад імя Юрась. У гэтай легендзе гучыць гісторыя кахання двух маладых людзей, Юрася і Гэлькі, якія, рызыкуючы сваім жыццём, выратавалі адзін аднаго, ажаніліся і заснавалі мястэчка, якое назвалі Юрацішкі. У легендзе "Юрата і Кастусь" расказваецца пра версію паходжання назвы ад марской багіні Юраты, якая закахалася ў простага хлопца Кастуся. Але бог Пярун раззлаваўся на Юрату за тое, што яна, багіня, закахалася ў смяротнага. Кастуся ён забіў, а Юрату загадаў прывязаць да валуноў у самым глыбокім месцы Балтыйскага мора. 

Ва ўтваральнай аснове айконiмаў антрапанiмiчнага паходжання адбiлася складаная iменаслоўная сiстэма розных эпох. Тут знайшлi адлюстраванне як старажытныя iмёны-мянушкi апелятыўнага паходжання, так i хрысцiянскiя ўласныя асабовыя iмёны.

Айконімы 

гідранімічнага 

паходжання

Што тычыцца айконiмаў гiдранiмiчнага паходжання, то iх вельмi мала на тэрыторыі Юрацішкаўскага сельсавета. Да айконiмаў гiдранiмiчнага паходжання адносіцца назва Якунь. Вёска размешчана на рацэ Якунька. Паходзіць ад назвы рэчкі, раней рака называлася Якунь. 

Айконімы 

з непразрыстай 

матывацыяй

Не ўсе айконімы тэрыторыі сельсавета выяўляюць празрыстую матывацыю, сустракаюцца і са скрытай, гіпатэтычнай. 

Бокшышкі (вёска). У "Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі" В.А. Жучкевіча тлумачыцца, што назва ўтворана ад прозвішча Бокша, вытворнай ад Богша, тое, што і Богуш. Па другой версіі - вёска знаходзілася крыху ўбок ад дарогі. Слова ўтворана пры дапамозе літоўскага фарманта -ышкі.

Цэпяняты (вёска). Назва з непразрыстай матывацыяй. Жыхары звязваюць яе са словам “цэп” - прыладай для малацьбы збожжа ручным спосабам у выглядзе доўгай палкі з прымацаваным да яе гужыкам драўлянага біча. 

Як бачым, багатая на падзеi гiсторыя нашага краю, працяглыя кантакты з суседнiмi этнасамi абумовiлi з'яўленне ўнiкальнай сiстэмы назваў паселiшчаў, якiя з'яўляюцца неацэннымi сведкамi нашай мiнуўшчыны. Назвы населеных пунктаў дапамагаюць чытаць біяграфію роднай зямлі. 

Сабраны матэрыял па тэме даследавання выкарыстоўваецца на ўроках беларускай мовы і літаратуры, факультатыўных занятках. З гэтай мэтай выдадзены дзве брашуры: "Легенды і паданні Юрацішкаўскага сельсавета" і "Слоўнік назваў населеных пунктаў Юрацішкаўскага сельсавета". Дадзеныя брашуры знаходзяцца ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, школьнай і сельскай бібліятэках, сельсавеце. Дадзены матэрыял прыняты да друку ў зборніку кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны". 

Кожны, каго цікавіць гісторыя свайго краю, свае карані, можа азнаёміцца з даследаваннямі юнага краязнаўцы.

Сваю працу па вывучэнні спадчыны роднага краю дзевяцікласнік мяркуе працягваць.

Усім, у тым ліку і чытачам раённай газеты, будзе цікава даведацца пра паходжанне назваў населеных пунктаў  Іўеўскага раёна.

П. УЛАДЗІН.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.