ivyenews.by

Хутка скончыўся тыдзень, але на гэтым не скончылася любоў і павага да роднай мовы! Чым займаліся вучні Іўеўскага я/с-СШ у тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Образование

Зноў надышоў люты. Апошні зімовы месяц. У гэтым годзе ён па-сапраўднаму зімовы. З моцнымі маразамі, завеямі, сцюдзёнымі вятрамі. Раптам заціхне мяцеліца, вецер зменіць свой напрамак і дробным снежным парашком зноў засыпле ўсе сцежкі. Бясконца можна назіраць за гэтым, але куды лепей, расчырванеўшыся, пасля зімовай прагулкі дзяліцца сваімі ўражаннямі з матуляй.

І раптам заўважыш, што толькі на роднай мове ты можаш перадаць усе свае пачуцці і ўражанні, якія схаваліся ў патаемных куточках твайго сэрца…

Зноў у нашай краіне адбыўся чарговы тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Наша ўстанова адукацыі не стала выключэннем. Вучням  малодшых класаў была дадзена магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і  творчыя здольнасці. З захапленнем пачаткоўцы прымалі ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Цікава і пазнавальна прайшла гульня-падарожжа “Ці ведаю я Беларусь”. Вучні трэціх класаў наведалі школьны музей падчас занятку “Сялянская хата”. Творчая лабараторыя “Папацей, грамацей” дапамагла выявіць сапраўдных грамацеяў. Свой талент у вакальным майстэрстве паказалі дзеці, якія ўдзельнічалі ў музычнай скарбонцы “Беларусь – мая песня”.

Увесь тыдзень праводзілася школьная дыстанцыйная алімпіяда па беларускай мове для вучняў 1-4 класаў, а 18 лютага сабраў кемлівых і творчых вучняў рэспубліканскі інтэлектуальны конкурс “Буслік-2021”.

Не засталася ў баку і школьная бібліятэка. Вучням была дадзена магчымасць наведаць выставу кніг пісьменнікаў-юбіляраў. Шмат мерапрыемстваў было прапанавана на гэтым тыдні. Нават у шосты школьны дзень да навучэнцаў школы завіталі супрацоўнікі Іўеўскай раеннай бібліятэкі з гульневай праграмай “Фальклорная мазаіка”.

Хутка скончыўся тыдзень, але на гэтым не скончылася любоў і павага да роднай мовы. Бо няма большага скарбу ў чалавека, як яго радзіма і мова. Гэта галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне. Жыве мова – жыве чалавек, жыве памяць продкаў. Няма роднай мовы – няма  слоў суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Таму важная задача ўстановы адукацыі – дапамагчы маленькім беларусам зразумець, палюбіць і шанаваць сваю родную мову.

М. Жыдзель, настаўнік пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада – пачатковай школы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий