ivyenews.by

Мы - ваша перамога. Працягваецца конкурс "ІК" "Мы помнім"

Главное

Прывітанне, невядомы Салдат!

Гэты ліст Вам дасылае вучаніца 10 класа Геранёнскай СШ Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Я жыву ў аграгарадку Геранёны. У нас ля школы таксама знаходзіцца помнік Невядомаму салдату з надпісам: "Імя тваё невядома, подзвіг твой бессмяротны". Вучні нашай школы клапоцяцца, каб там заўжды былі ўскладзены кветкі, падтрымліваліся чысціня і парадак. Ля помніка праводзяцца ўрачыстыя лінейкі, мітынгі, аўтапрабегі.

Пішу Вам пісьмо, дарагі салдат, і з першых радкоў наварочваюцца слёзы ад усведамлення таго, што Вы маглі быць маім равеснікам, а можа, і больш юным. Страшна ўявіць тыя абставіны, у якіх Вам даводзілася змагацца, абараняць сваю краіну ад фашыстаў: баі, акопы, выбухі, разруха, кроў і плач… Страшна губляць родных і сяброў, яшчэ страшней іх губляць ад куль і бамбёжкі, страшна жонкам і матулям атрымліваць пахаванкі. Вайна - страшнае слова.

Ведаеце, калі я думаю пра Вас, я разумею, што Вы падарылі мне магчымасць жыць, радавацца простым рэчам, кахаць, сябраваць, марыць…
Я, напэўна, не змагу выказаць усе словы падзякі за вашу перамогу, але я скажу Вам простае слова "дзякуй!" Дзякуй, што Вы ў нас ёсць і падарылі нам вольны свет, свет без вайны!
Я хачу напісаць Вам, Невядомы салдат, што мы будзем памятаць вас усіх. Ваш подзвіг будзе жыць у сэрцах людзей усёй Зямлі. Кошт перамогі жудасны, чалавецтва павінна запомніць урокі вайны як заклік да адзінства, брацтва. Дзякуй Вам, Невядомы салдат, за мір, за жыццё. Вы падарылі нам будучыню.

Ваша імя мне невядома, але я ведаю, што Вы той, хто змагаўся за свабоду, за праўду, за свет. Вы той, хто ахвяраваў дзеля выратавання людзей самым дарагім - сваім жыццём.
Пішу, каб расказаць Вам пра тое, як мы жывём зараз. Думаю, Вам будзе цікава чытаць гэты ліст і даведацца, як жывуць дзеці, моладзь у ХХІ стагоддзі.
Мне так шмат ёсць што Вам расказаць. У першую чаргу, тое, як добра і спакойна жыць у мірнай краіне. Жыццё без вайны - гэта радасць. Гэта спорт, музыка, адпачынак, забавы. Гэта машыны і тралейбусы, якія імчацца па шырокіх вуліцах і праспектах. Гэта ўсмешкі, мары, упэўненасць у сваіх сябрах і заўтрашнім дні. Гэта бесклапотнае дзяцінства. Гэта перажыванні, хваляванні, першае каханне…

Дзякуй Вам, салдат, за шчасце дзяцей, за шчасце людзей, за мір у нашай краіне. Трэба жыць і радавацца кожнаму дню пад ясным небам і памятаць пра тых, хто ахвяраваў сваім жыццём у імя міру і нашага шчасця. Чалавек жывы, пакуль яго памятаюць. Наша пакаленне не забылася пра вашы гераічныя подзвігі. Мы даведваемся пра іх ад настаўнікаў, бацькоў, з кніг і фільмаў.
Дзякуй, што далі нам магчымасць жыць, расці, вучыцца, кахаць… І хоць сітуацыя ў свеце неспакойная, спадзяюся, што паўтарэння той жудаснай вайны не будзе ніколі.

Мы, маладое пакаленне ХХІ стагоддзя, памятаем вас, салдатаў, якія не вярнуліся з вайны. Дзякуючы вам, мы жывём пад мірным небам. У нас выдатная школа, цудоўныя настаўнікі, якія ўкладваюць у нас сваю душу, бацькі, якія вельмі нас любяць.

Вы наш прыклад! Прыклад адвагі, мужнасці, стойкасці. Мы Вас паважаем, Вамі ганарымся. Мы - ваша перамога. Вы - наш пераможца.
Дзякуй Вам, салдат! Вы назаўжды будзеце з намі, у нашых сэрцах!

Ганна Юруш,
вучаніца 10 класа Геранёнскай
сярэдняй школы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий