ivyenews.by

Пункт гледжання - на сацыяльныя пытанні. Чым жыве самы вялікі па колькасці насельніцтва сельсавет - даведаемся ў праекце "IK" "Рэгіён"

Главное

"Рэгіён" - гэта , перш за ўсё, знаёмства з канкрэтным сельсаветам, яго інфраструктурай, яго кіраўніцтвам і, безумоўна, людзьмі-працаўнікамі, людзьмі, якія складаюць асноўнае яго багацце. І не сімвалічнае, а рэальнае, якое збіралася гадамі іх працы на вытворчасці, ў розных установах, арганізацыях, таксама і дома. Там жа выхоўваюцца будучыя грамадзяне, якім, магчыма, таксама давядзецца працаваць не толькі ўвогуле на карысць роднай краіны, але і ў сваім рэгіёне, паляпшаючы яго сацыяльнае і эканамічнае становішча.

На гэты раз мы наведалі Ліпнішкаўскі сельсавет - самы вялікі па колькасці насельніцтва ў раёне. На тэрыторыі сельсавета размешчана 48 населеных пунктаў (сорак чатыры вёскі і чатыры хутары), у якіх пражываюць 2545 чалавек, з іх 1419 - працаздольнага ўзросту.
Тое, што працаздольнага насельніцтва амаль у два разы больш, чым пенсіянераў, канешне ж, радуе. Радуе больш за ўсё, калі ўлічыць, як старэе апошнім часам наша вёска. Так што, Ліпнішкі настроены на жыццё аптымістычна. Прынамсі, як і старшыня сельвыканкама, гаспадыня рэгіёну Яніна Уладзіміраўна Бузар, вакол якой віруе гэтае самае жыццё, не стаіць на месцы, як і яна сама.
На тэрыторыі Ліпнішкаўскага сельсавета знаходзяцца: камунальныя сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы "Суботнікі", "Баума", адкрытае акцыянернае таварыства "Іўеўская сельгастэхніка", таварыства з абмежаванай адказнасцю "Фабрыка Ромакс", тры магазіны Воранаўскага спажывецкага таварыства, пяць гандлёвых кропак прыватных прадпрымальнікаў, магазін "Еўраопт", Ліпнішкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Ліпнішкаўскі яслі-сад, аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі, бібліятэка-філіял аг. Ліпнішкі, фібліятэка-філіял у аг. Цэнтральная, два аддзяленні паштовай сувязі, Ліпнішкаўскае лясніцтва, Ліпнішкаўская ўрачэбная амбулаторыя.

Карацей кажучы, пра розныя выгоды жыцця ў гэтым рэгіёне можна дастаткова доўга гаварыць. Аднак мы задалі, на наша меркаванне, галоўнае пытанне яго гаспадыні. Як яна лічыць, за што, у першую чаргу, сельсавет занесены на раённую Дошку гонару? І, ведаеце, старшыня сумелася, не змагла адказаць. Таму што на вёсцы сёння, як лічыць Яніна Уладзіміраўна Бузар, немагчыма вылучыць асобныя прыарытэтныя накірункі работы мясцовай улады. Куды ні глянь, усё важнае, ўсё патрабуе ўвагі, працы, клопату.
І клапаціцца, і працаваць мясцовы старшыня сельвыканкама ўмее. Пра тое ведае і насельніцтва рэгіёну, ведаюць і вышэйстаячыя ўлады яшчэ з тае пары, калі яе, настаўніцу закрытай школы ў Некрашах, абралі на пасаду старшыні сельвыканкама, а затым зусім хутка стала яна загадчыцай аддзялення кругласутачнага пражывання пажылых людзей і інвалідаў Іўеўскага ТЦСАН таксама ў Некрашах.
Загадчыца была, калектыў супрацоўнікаў таксама меўся, мелася і памяшканне - сцены і столь былой школы.
Грошы ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выдаткавала. А рабілі яны ўсё самі. Чыталі, як гэта робіцца і… браліся за справу. Архітэктура дапамагала з чарцяжамі.У самым канцы будаўніцтва і рамонту прыехаў тагачасны начальнік абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Ён быў настолькі ўражаны ўбачаным, што пацалаваў руку такой моцнай (па яго словах) жанчыне.
Як прызнанне яе заслуг, было запрашэнне Яніны Уладзіміраўны на святкаванне 100-годдзя сацыяльнай службы Беларусі ў Мінску.
Пабудаванае ёю і калегамі аддзяленне было адзіным у вобласці, не лічачы Ваўкавыскага, абсталяванага на базе санаторыя.
У ёй заўважылі гаспадара, чалавека справы, слова. І нічога дзіўнага. Чалавек, які без спецыяльных навыкаў, адукацыі пабудаваў фактычна дом для хворых і адзінокіх людзей, зможа зрабіць шмат чаго іншага. І вось ужо больш дзесяці гадоў яна будуе само жыццё ў сельсавеце.
Нюансаў і аспектаў гэтага жыцця, як вядома, вялікае мноства. І не абавязкова іх пералічваць. А вось дзве тэмы ў Ліпнішках, мне здаецца, заслугоўваюць асаблівай увагі.
Па-першае, знясенне дамоў, якія рашэннем суда прызнаны безгаспадарчымі і вымарачнымі. Вядома, часам лепш знесці, чым наглядаць карціну запусцення, калі правальваюцца стрэхі, выбіта шкло ў вокнах, у хатах пачынае рабіць норы звяр'ё, небяспечныя змеі і т.д.
Аднак, Яніна Уладзіміраўна не прыхільнік таго, каб бяссэнсава зносіць хаціны. Імкнуцца убраць хаты ля дарог. І гэтыя землі ўводзяцца ў гаспадарчы зварот. Уключана ў севазварот 0,6 гектара зямель, дзе стаялі дамы без гаспадароў.

На тэрыторыі населеных пунктаў (у аграгарадку Ліпнішкі) на такіх месцах сфарміраваны ўчасткі для будаўніцтва жылля. І, безумоўна, улады імкнуцца прадаць пустуючыя дамы людзям, якія зноў напоўняць іх жыццём.

На пустуючых тэрыторыях высаджваюцца дрэвы, ствараюцца зоны адпачынку, як, прынамсі, у вёсцы Шалуці.
Другой адметнай з'явай рэгіёну, безумоўна, з'яўляецца развітая інфраструктура сацыяльнай службы. У сельскім Савеце маецца сацыяльны пункт на пастаяннай аснове, у які грамадзяне могуць звярнуцца па пытаннях працаўладкавання, надомнага абслугоўвання, пастаяннага догляду, аказання матэрыяльнай і гуманітарнай дапамогі. 21 сацыяльны работнік працуе там.
Адкрыты дом сумеснага пражывання ў аграгарадку Цэнтральная для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, у якім знаходзяцца 7 чалавек.
Пасля размовы з Янінай Уладзіміраўнай мы і адправіліся туды разам з загадчыцай сацыяльнага пункта Таццянай Баляславаўнай Зянюк…

Новае жыццё
і новая сям'я…

Стварае такія сем'і і такое жыццё наша дзяржава для тых, каму ў старасці давялося застацца аднаму. Ці то доля адзіноты з маладосці напаткала, ці наканавана было людзям паспытаць асабістую непатрэбнасць пры жывых дзецях. З'ява цяжкая, што скажаш. Шчасце, што дзяржава не кідае іх сам-насам, а падстаўляе людзям гаротнага лёсу сваё плячо.
Спачатку яны не хочуць кідаць свае дамы, жыць з усімі выгодамі, аднак без родных сцен і родных людзей. Потым прывыкаюць, і ўжо многія дамоў не хочуць.
- Няма ў мяне сям'і, няма, - казаў немалады мужчына. І было бачна, як цяжка даюцца яму гэтыя словы. Як жа патрэбна давесці бацьку, каб ён сказаў такія словы, адракаючыся ад таго, што доўгі час было сэнсам усяго жыцця?!
А тут, ва ўтульным доміку, былым памяшканні дзіцячага садка, гэтая сям'я з'явілася. Разам плануюць сваё жыццё, свой быт. Складваюць агульныя грошы ў сейф, а потым сацыяльны работнік разам з жыльцамі дома плануюць, што трэба купіць, за што заплаціць, як распланаваць жыццё на наступны месяц.
Дапамагаюць сваім новым суседзям, як расказалі нам насельнікі сацыяльнай установы, вяскоўцы. Прыносяць летам зеляніну, гародніну, садавіну, яблыкі, вішні. Зімой - хатнія кансервы, марынады.
Жывуць яны па два чалавекі ў пакоі. Ёсць цяпло, святло, вада, душавыя кабіны, агульная зала з тэлевізарам, кухоннае памяшканне, дзе рыхтуецца ежа. Таксама на ўсіх. Аднак, гаспадыня на гэтай кухні маецца - Ляля Багданаўна Шэк. Чалавек з дзіўным і нялёгкім лёсам. Некалі з Узбекістана прыехала яна ў горад Барысаў, дзе ў брацкай магіле воінаў знайшлі яе бацьку, пра якога сям'я нічога не ведала, акрамя таго, што прапаў без вестак.
Узбекістан не быў радзімай ёй, башкірцы па нацыянальнасці. Тым больш, што ўжо не было мужа, загінуў адзін з сыноў.
Спадабаліся ёй беларусы, сустрэла землякоў. І засталася. Потым і сын прыехаў. Таксама трагічна загінуў.
Жыла ў Малых Князікоўцах. Спачатку быў грамадзянскі муж. Потым засталася адна. Не згаджалася яна з прапановай старшыні сельсавета пераехаць жыць у сацыяльную ўстанову. Потым рашылася. І зараз, як яна кажа, знайшла сям'ю, прытулак, уратаванне і ад старасці, і ад адзіноты.
А яе "калегі" па долі атрымалі цікавую сяброўку, завадатара ўсіх патрэбных і добрых спраў, жыццялюбівую, вясёлую жанчыну, якая і сама не сумуе, і другім не дазваляе. Згладжвае любое непаразуменне між жыльцамі сацыяльнай установы. І з'яўляецца сапраўдным памочнікам сацыяльным работнікам.
- Ляля - клад для гэтай кампаніі, - кажа Таццяна Баляславаўна Зянюк.- І нам працаваць лягчэй, маючы ў доме сумеснага самастойнага пражывання такога патрэбнага чалавека.
Пенсіі ў гэтых людзей зусім невялікія. Таму частку фінансавых клопатаў бярэ на сябе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У памяшканні былога дзіцячага садка, акрамя дома сумеснага пражывання, знаходзяцца яшчэ крызісны пакой сацыяльнай службы і мясцовая бібліятэка, якую вельмі любяць наведваць людзі, пра якіх ідзе гаворка. Асабліва шмат чытае Франц Вітальевіч Анацка.
Любяць яны пасядзець у прыгожай альтанцы, наўкол якой квітнеюць рознымі колерамі кветкі. Тут можна згуляць у шашкі, даміно. Тут, як у добрай сям'і. Таксама, як і ў сям'і, яны яшчэ могуць паспрачацца, якую перадачу ці серыял па тэлебачанні паглядзець. Але іх спрэчкі, як кажа наша новая знаёмая Ляля, можна ахарактарызаваць прымаўкай: "Не бойся сабакі, якая брэша, бойся той, што цішком кусае". Вось цішком тут нічога дрэннага не робіцца. І дзякаваць Богу, што людзям тут добра, што іх ратуюць ад адзіноты і адчайнай старасці ў пустым доме.

Свой сярод сваіх

Не было на сяле лёгкім жыццё ніколі. Вёска-працаўніца, вёска-гаротніца заўжды дзяржаву карміла, лепшых людзей ёй на дапамогу ў гарады пасылала. На вёсцы чалавека бачна, як нідзе. Хто чаго каштуе, ці мае свой камень за пазухай, як у сям'і жыве, як дзяцей выхоўвае, ці можна на яго спадзявацца і ў асабістым, і ў дзяржаўным плане.
І паўсюдна ў вёсках і вёсачках ёсць людзі асаблівыя. І гаспадары найлепшыя, і працаўнікі, і бацькі, і мужы, і жанкі. Яны - тыя самыя свае сярод сваіх.

Вось такіх "сваіх" і вылучаюць галоўнымі ў такой важнай з'яве нашага жыцця, як стараства. Яно і некалькі стагоддзяў назад у царскай Расіі яшчэ на нашай тэрыторыі існавала. А сёння, калі вёска пусцее і старэе, наогул, цяжка пераацаніць ролю сельскага старасты, паўнамоцнага прадстаўніка ўлады на месцы, сапраўднае звязваючае звяно між людзьмі і мясцовай уладай.
Такім вось сваім сярод сваіх шмат гадоў у Ліпнішках жыве Іван Іванавіч Гецэвіч. Стараста вёскі, які сёлета, як і сельсавет, занесены на раённую Дошку гонару. За што? Як кажа старшыня сельвыканкама Яніна Уладзіміраўна Бузар, такія людзі цэментуюць грамадства. Гэта чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, якому ёсць справа да ўсяго, чым жыве, аб чым непакоіцца родная вёска, якую зараз аграгарадком называюць. Гэта патрыёт Беларусі і сваёй малой радзімы.
46 гадоў адпрацаваў у сельгастэхніцы. Займаўся грамадскай работай у прафсаюзах, партыйнай арганізацыі. У свой час узнагароджаны ордэнам Знак гонару.
Былых грамадскіх дзеячоў савецкага часу (я не аднойчы ў гэтым упэўнівалася) не бывае. Таму і ў свае 80 гадоў з "хвосцікам" Іван Іванавіч не можа спакойна сядзець дома. Тым больш, што жыве адзін ужо даўно.

З'яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі сельгастэхнікі. Падчас рэспубліканскага суботніка вывеў сваіх паплечнікаў на работу, дапамог добраўпарадкаванню аграгарадка.
15 гадоў з'яўляецца старастам Ліпнішак. І людзі абмяркоўваюць з ім набалелае, тое, што перашкаджае жыць камфортна. А ён потым перадае скаргі, пажаданні, просьбы старшыні сельвыканкама ці кіраўніку справамі сельвыканкама Алене Вацлаваўне Руткоўскай.
Свой клопат пра тое, што ў аграгарадку з найбольшай колькасцю насельніцтва няма ні сталовай, ні кафэ, ні іншага пункта харчавання, дзе б можна было пачаставаць людзей і ў радасці, і ў бядзе, проста пасядзець, выпіць кавы ці з'есці марожанае, Іван Іванавіч данёс і да ведама новага старшыні райвыканкама Ігара Мікалаевіча Генца. І быў задаволены гутаркай з ім.
- Чалавек ён, - рэзюміруе вясковы стараста, - відаць па ўсім, добры і дзелавы, аднак, мы ж разумеем, усё ўпіраецца ў недахоп грошай. Як і ў сям'і: хочацца нешта купіць, а не хапае сродкаў. Спадзяемся, што можа знойдзецца прыватны прадпрымальнік, які зацікавіцца перспектывай адкрыць кропку грамадскага харчавання ў дастаткова шматлюдным населеным пункце.
…Слухала я гэтага чалавека і думала, наколькі лепшым і дабрэйшым было б наша жыццё, калі б да яго ставіліся гэтак жа, як Іван Іванавіч Гецэвіч. Добра працаваў, выхаваў добрых дзяцей, мае адукаваных унукаў. У радні шмат навукоўцаў. Добрае семя на добрай глебе. І пакуль такія людзі жывуць, не будзе ў нас абыякавасці і да лёсу людзей, і да лёсу дзяржавы.

Рэгіён наведалі: В. ГУЛІДАВА і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

Читайте ещё:



Оставить комментарий