ivyenews.by

Куды б мяне ні прывяла дарога, я ўспамінаю Радзіму сваю… У г. п. Юрацішкі прайшло брэндавае свята "У госці да Юраты"

Главное

У Юрацішках прайшоў традыцыйны фэст, рэгіянальнае свята “У госці да Юраты”. Сёлета ён прысвечаны Году народнага адзінства. І пагаварыць вырашылі пра такія адметныя цудоўныя якасці нашага народа, як гасціннасць, уменне чалавека прывеціць, пачаставаць з дарогі, пасадзіць на покуце, як шаноўнага і дарагога госця.

А распачалі свята, а потым і вялі яго легендарныя Юрата і Кастусь. Калі не ведаеце, гэта імёны з паданняў аб паходжанні Юрацішак. Багіня  мора прыгажуня Юрата і просты селянін Кастусь, каханне якіх выклікала гнеў багоў. У сваю чаргу яны асушылі мора ў гэтым месцы, разбурылі цудоўны палац Юраты, а каханыя загінулі.

І вось.  Бач ты, мора тут няма, возера таксама, нават рачулкі якой-ніякой. Аднак назва балтскага паходжання. “Юра” у перакладзе з літоўскага – мора. Таму і Юрацішкі перакладаюцца, як Марское.

Дык вось, у Марскім свята.

Яго распачаў старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Кірылавіч Казановіч. А абрамлялі прыгожа і таленавіта артысты  мясцовыя і самыя таленавітыя асобы з культурных устаноў суседніх аграгарадкоў.

Старшыня сельвыканкама павіншаваў прысутных са святам, выказаў задавальненне і радасць ал таго, што яно адбываецца, падзякаваў людзей пасёлка і рэгіёну за добрасумленную працу.

А затым традыцыйна ўзнагароды атрымалі лепшыя прадстаўнікі  арганізацый і устаноў, тыя, хто не толькі добра працуе, але і прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гарадскога пасёлка.

На такіх святах добрыя словы і цудоўныя песні знаходзяцца для кожнага. Вось і Юрата з Кастусём успомнілі і самых  пажылых жыхароў пасёлка, і самых маленькіх, якія  нарадзіліся ў гэтым годзе.

А паколькі гутарка ішла пра гасціннасць, то быў і адпаведны конкурс на лепшую гаспадыню, у якім прынялі ўдзел маладыя жанчыны з аграгарадкоў Лаздуны, Геранёны, Ліпнішкі, Суботнікі, Юрацішкі. 

Зрабіць свята яшчэ прыгажэйшым, яшчэ гучнейшым дапамагаюць салісты Юрацішкаўскага аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы і артысты народных ансамблей народнай песні  “Спадчына” і “Юрацішкаўскі кірмаш”. 

Працуюць дзіцячыя гульнёвыя атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы-продажы работ народных майстроў.

В. ГУЛІДАВА. Фота аўтара.

(падрабязна пра свята чытайце у наступным нумары нашай газеты).

Читайте ещё:



Оставить комментарий