ivyenews.by

Каласок гнецца, аб зямлю б’ецца! У раёне адбыліся "Зажынкі" (+відэа)

Главное

20 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы ў раёне адбыліся "Зажынкі" - свята, якое дае пачатак уборцы збожжавых.

Пачэсчнымі гасцямі свята сталі старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Мікалаевіч Генец, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Станіслававіч Мілюнец, старшыня Іўеўскага раённага камітэта прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Інэса Міхайлаўна Куляшо, пратаіерэй благачынны цэркваў Іўеўскага раёна, настаяцель храма святога мучаніка дзіцяці  Гаўрыіла Беластоцкага ў г.Іўе Вячаслаў Пашкевіч, пробашч касцёла Святога Мікалая  ў аг.Геранёны ксёндз Дзмітрый, члены Іўеўскага райвыканкама.

Кіраўнік раёна Ігар Мікалаевіч Генец звярнуўся са словамі павагі да ўдзельнікаў жніва, пажадаў хлебаробам поспеху ў іх нялёгкай працы.

Пачатак жніва спакон  вякоў быў святам для беларусаў: трэба было з любоўю дамовіцца з зямлёй-матухнай і падзякаваць яе за падораны ўраджай. Таму і першы сноп не малацілі, а заўсёды зберагалі, бо ён быў цаной гэтага цудоўнага любоўнага згавору.

Іўеўскія прыгажуні-жнейкі прынеслі сімвалічны падарунак матухне-зямліцы - хлеб-соль, каравай былога ўраджаю, як дань зямлі, і падзякі Богу.      

Сярпамі, якія дасталіся нам ад прадзедаў, былі зжаты першыя каласы.

З песнямі пачэсныя жнейкі зжалі першы сноп, перавязалі яго яркай стужкай, упрыгожылі кветкамі. Атрымаўся снапок ясны, як месячык красны. І даражэйшы за золата. Снапы былі ўручаны кіраўніцтву раёна.

Кіраўнік КСУП "Баўма" Дзмітрый Мечыслававіч Буйко выказаў добрыя пажаданні ў адрас усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Старшыня геранёнскага сельгаспрадпрыемства абвясціў пачатак жніва.

Дзяўчаты прынеслі камбайнерам кветкі і маленькія снапочкі жыта.

Галоўных герояў жніва - камбайнераў - прывітала Інэса Міхайлаўна Куляшо.

Іх пачаставалі халодным квасам. Ні для каго не сакрэт - камбайнерам будзе на жніве горача!

Перад такой вялікай і значнай падзеяй, як жніво, існуе традыцыя прасіць благаслаўлення Божага. Добрыя словы пачулі хлебаробы ад пратаіерэя Вячаслава Пашкевіча, ксяндза Дзміт-рыя.

Адбылося асвячэнне тэхнікі, камбайнераў, поля. Зачакаліся камбайны, зачакалася  поле гэтай важнай хвіліны. Пара на ўборку, у бітву за ўраджай!

Галоўны аграрый раёна Віталій Станіслававіч Мілюнец даў знак - адправіць першыя камбайны ў поле. "Тэхніка падрыхтавана і надвор'е нам спрыяе. Экіпажы, па камбайнах! Пачаць жніво -2021!".

І камбайны вышлі на збожжавую ніву!

Першым за руль камбайна сеў старшыня райвыканкама Ігар Мікалаевіч Генец, які і намалаціў першыя зярняткі іўеўскага агульнага каравая.

Першыя снапочкі былі зжаты на геранёнскай зямлі, тым самым даўшы старт жніву на Іўеўшчыне. Дань павагі хлебу і хлебаробам выказалі ўсе ўдзельнікі свята. Амаль 17 тысяч гектараў збожжавых патрэбна убраць у раёне.

У добры шлях, хлебароб! Хай спрыяе табе надвор'е і не падводзіць тэхніка!
Смачнага хлеба нам усім!

У. Побаль, С. Зянкевіч.

Читайте ещё:



Оставить комментарий