Язык:

Знайсці сваю справу ў жыцці. Валянціна Марусава ў праекце "IK" “Дзень старшыні сельвыканкама”

Главное
…У кабінеце нас сустрэла не толькі старшыня Трабскага сельвыканкама Валянціна Марусава. Насупраць яе сядзеў намеснік начальніка пагранічнага паста "Сурвілішкі" Ян Мяскоўскі. Ім заўжды ёсць пра што пагаварыць, разам вырашыць нейкія пытанні, выкараніць праблемы. Пагранзастава, сем'і афіцэраў, кантрактнікаў гарманічна ўпісаліся ў жыццё рэгіёна. Таму мясцовая ўлада і пагранічнікі цесна і плённа супрацоўнічаюць па розных важных і проста бытавых пытаннях.

Што ж сёння запланавана ў старшыні? У рамках праекта рэдакцыі "Дзень старшыні сельвыканкама" мы не пішам пра глабальныя справы, не ламаем планы гаспадароў рэгіёнаў, не перашкаджаем ім працаваць. Мы падладкоўваемся пад іх задумкі і планы менавіта на гэты дзень. І, безумоўна, гэта найлепшым чынам дапамагае і сапраўды пабачыць не толькі яго, дзень кіраўніка мясцовай улады, але і ўсю дзейнасць.

Планавалася пасяджэнне сельвыканкама. Але гэта толькі ў другой палове дня. На першую палову прыходзіліся планы Валянціны Мечыславаўны наведаць адзінокіх пажылых людзей з хутароў у рамках акцыі "За бяспеку разам", якая доўжыцца зараз у сувязі з наступленнем ацяпляльнага сезону. Адной з жанчын (засталіся там толькі жанчыны) патрэбна было перадаць ваўчар на 130 рублёў на набыццё прадуктаў харчавання і неабходных рэчаў для гігіены, санітарыі і г.д. ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Кіраўнік рэгіёну расказвала, што менавіта да гэтай жанчыны, інваліда з дзяцінства, інваліда 1 групы яна збіраецца і спантанна едзе тады, калі ўсё валіцца з рук, калі нешта непакоіць, мучаць сумненні. Едзе, каб навучыцца дзякаваць лёсу за жыццё, радавацца яму, каб набрацца душэўных сіл. Яны ж, як вядома, затым заклікаюць да дзеяння і фізічныя сілы…
Перамяшчаемся ў "Ладу" старшыні і адпраўляемся да яе хутаранак. Вясковы джып такі паслухмяны ў яе руках, так лоўка выкручвае сваімі коламі на розных пясчаных паваротах, не звяртаючы, здаецца, аніякай увагі на тыя месцы, дзе больш шыкоўны аўтамабіль мог бы і забуксаваць.

- За што і люблю я свой і снегаход, і амфібію, - усміхаецца Валянціна Мечыславаўна, - добры аўтамабіль. Менавіта для нашых дарог, для нашай ваколіцы.
А ваколіца трабская асаблівая. Далягляды такія маляўнічыя, так шчодра адкрываюцца вачам і сэрцам з горак і пагоркаў Ашмянскага ўзвышша (220 метраў над узроўнем мора), якое пралягло на тэрыторыі 1,2 тысячы квадратных кіламетраў і часткова знаходзіцца і на тэрыторыі нашага раёна. Дзякуючы гэтым горкам бачна далёка-далёка. Асабліва восенню, калі наступае час урачыстай прыроднай прыгажосці.

Старшыня называе вёскі і хутары, побач з якімі мы праязджаем, а я дзіўлюся маляўнічымі краявідамі. Таленавітая мастачка-восень шыкоўна малюе галоўны пейзаж гэтай пары года. Дзесьці яе пэндзаль зарэтушыруе зялёны колер (ён спатрэбіцца больш вясной і летам), дадасць пунсовага, залатога, крыху шэрані, яшчэ больш яркімі зробіць каралі на рабінах… І гэтае чырвона-зялёна-залатое прыроднае багацце хвалямі плыве наўкол.

А старшыня, гледзячы  наша захапленне, здаецца, радавалася, што менавіта ёй дасталося такое багацце, такая прыгажосць. У такія хвіліны пра цяжкасці ж не думаеш…
Зрэшты, яна ведала, на што згадзілася, калі ёй, дырэктару Трабскай сярэдняй школы з добрым, разумным, моцным ведамі і справамі калектывам, з дастатковай (каб не закрылі) колькасцю вучняў, прапанавалі ўзначаліць сельсавет. Ведала, таму што сама з гэтых краёў, дачка механізатара, кавалера ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Знак Пашаны Мечыслава Сільвестравіча Дабраловіча. Ад бацькі вучылася адказнасці і працавітасці, ад маці - дамавітасці. І тое, і другое - адны з найважнейшых якасцей кіраўніка, тым больш - гаспадара аднаго з найбольшых па колькасці людзей, якія пражываюць на яго тэрыторыі, сельсаветаў раёна. Большая частка яго людзей - працаздольнага ўзросту. Гэта асабліва радуе, застаўляе верыць, што рэгіён будзе жыць.
Гэта зразумела, але я задала ёй пытанне наконт таго, на што яна разлічвала, маладая яшчэ, прыгожая жанчына, узвальваючы на плечы такі груз праблем? Вёска сёння - не самае лёгкае прыкладанне сіл.

- Разлічвала на тое, - кажа мая суразмоўца, - што дома і сцены дапамагаюць. Гэта мая малая радзіма. Хацелася зрабіць штосьці для людзей. Значнае зрабіць, асабліва для пажылых. Каб ім лягчэй было. Я чалавек валявы, упарты. Я заўжды дасягаю мэты, калі стаўлю яе. Ведаю, дзе ўступіць, дзе настаяць на сваім. Інстынктыўна неяк атрымліваецца. Вывучыла і людзей, і край свой. Ён у нас асаблівы. Мястэчка Трабы некалі ж было каралеўскай маёмасцю. Таму, мне здаецца, менавіта ў тым далёкім, пакрытым туманамі стагоддзяў, часе і патрэбна шукаць карані чалавечай годнасці, працавітасці, людскасці жыхароў Трабаў і навакольных вёсак і вёсачак. Прынамсі, магу з асаблівым задавальненнем сказаць, што у нас амаль няма тых, хто моцна "залягае" у гарэлку. Чалавекі 3-4. Хіба ж гэта не паказчык асаблівасці?!
Цяжка не пагадзіцца.

Валянціна Мечыславаўна ўпэўнена, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Знойдзеш сваю - усё зробіш, усё атрымаецца.
… Сёлета ў снежні спаўняецца дзевяць гадоў, як яна на пасадзе старшыні сельвыканкама. Ніхто не кажа, што лёгка тут працаваць. Адно сцвярджае гэтая мілая і такая моцная духам жанчына: яна знайшла тую самую "сваю" справу.
Такая яна была і ў школе. Дырэктар школы з настаўнікамі, з тэхнічнымі работнікамі йшлі на аплочваемые работы ў калгас (старшыні калгаса ў гэтай справе падтрымлівалі іх). На заробленыя на копцы бульбы, буракоў і іншых работах грошы куплялі жалюзі, мэблю і іншыя рэчы для школьных пакояў і класаў.
У сельвыканкаме яна зусім не мяняла метадаў сваёй працы. Калі арганізоўвала нейкую важную справу, ішла наперадзе сама,а людзі - за ёй. Такім чынам у самым пачатку сваёй дзейнасці яны з насельніцтвам узнялі з небыцця старыя пагосты. І людзі радаваліся, знайшоўшы яшчэ бачныя надпісы на амаль адкопаных магілах родных людзей мінулых стагоддзяў. Могілкі - гэта сумленне жывых…
Ёй вераць людзі, яе паважаюць, ніколі і ніхто не абразіў, не пакрыўдзіў. Гэта таксама дарагога каштуе ў наш час. Па-рознаму ж бывае, калі патрабуеш парадку і прыстойнасці ў жыцці.
Дзень трабскага старшыні, як і іншых, пачынаецца з аб'езду вуліц аграгарадка і цэнтральнай дарогі Гродна-Астравец, якая праходзіць праз Трабы.

Трабы стагоддзямі славяцца культурнымі, інтэлігентнымі людзьмі, якія, кожны ў свой час, пакінулі след у іх гісторыі, імкнуліся жыць, каб пакінуць нашчадкам памяць і пачуццё гонару за сваю малую радзіму, за сваё мястэчка, вёску, аграгарадок. Як ні называй, аднак гэта ж Трабы! Такога меркавання прытрымліваецца і Валянціна Мечыславаўна. Таму яна цікавіцца жыццём і прадпрыемстваў аграгарадка (гэта яны садзейнічаюць таму, што шмат маладых сем'яў, што ёсць дзе працаваць), устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. Не хочацца губляць тое, што назапашана ранейшымі пакаленнямі працавітых, адказных, творчых людзей. Тым больш, што ім зараз выпала магчымасць працаваць у значна лепшых умовах… У клуб, бібліятэку прыходзяць у асноўным пажылыя людзі, якія і раней вялі актыўны лад жыцця. Менавіта на іх можна спадзявацца і ў правядзенні розных мерапрыемстваў, святаў (як мясцовых, так і раённых). Таму яна ў імкненні ўбачыць на сцэне і на святах больш моладзі.

Сярод таго, што непакоіць старшыню, - і абыякавасць, утрыманства асобных людзей. Паставілі, напрыклад, за дзяржаўны кошт ім жалезабетонныя агароджы ля дамоў. І асобныя з гаспадароў не падфарбуюць іх, не падрамантуюць, не скосяць ад вуліцы траву. Чакаюць далейшага клопату дзяржавы. Не зразумела ёй гэта.

А тым часам мы ехалі далей, да хутаранак старшыні. Між іншым, яна таксама хутаранка. Яшчэ да пачатку 2000-х жылі ў хаце дзядулі на хутары Самішчы. Потым, сабраўшы грошы, бацькі купілі дом ў Трабах.
Прынамсі, з 47 населеных пунктаў Трабскага сельсавета, у 18-ці ужо ніхто не жыве. Ёсць у асобных месцах дачнікі, якія прызджаюць толькі летам. І жывуць чамусьці вельмі закрыта. Жывуць і на асобных хутарах.
Дзіўныя тут хутары. Не такія, як уяўляе большасць людзей: наўкол лес і стаіць адзінокая хаціна. За хвілін пяць можна праехаць тры хутары. Яны выглядаюць, як дамы адной вёскі, што стаяць метраў 50 адзін ад другога. І лес не на падворку, а воддаль.
Паказала нам гаспадыня рэгіёна цудоўныя рачулкі і азёры, якія блакітнымі стужкамі і круглымі талерачкамі прымасціліся сярод хвойніку і бярозавага гаю… А ў адным месцы падворак заканчваецца крутым берагам Клявы.
Уразіла прырода. Яшчэ больш - людзі і іх узаемаадносіны з Валянцінай Мечыславаўнай.

На хутары Багданцы нас сустракала яшчэ прыгожая ў свае 82 гады Яніна Станіславаўна Лось, маці трох дачок, 6 унукаў, праўнукаў ( па яе словах, сёмы ў дарозе, хутка народзіцца), гаспадыня, якая да гэтае пары завіхаецца на гаспадарцы. На такіх людзях жыццё заўжды трымалася.
А яна называе старшыню маці ўсіх пажылых хутаран. І сапраўды, мы даведаліся, што калі зімовыя завеі не дазваляюць прайсці тут аўталаўкам, Валянціна Мечыславаўна патэлефануе, пацікавіцца, што трэба ім, занесеным снегам, і на сваім "супер-джыпе" даедзе, прывязе ўсё патрэбнае.

На падворку дома Галіны Вікенцьеўны Бяляўскай з хутара Галубіцкаўшчына ( ёй везлі ваўчар ад Чырвонага Крыжа) бегала вельмі прыгожая, аднак і страшная з-за сваіх памераў аўчарка. Але, пабачыўшы гасцей, яна кінулася, віляючы хвастом, да Валянціны Мечыславаўны. Бачна было, што не першы раз сустракаюцца. І гаспадыня яго выйшла на парог. Ёй цяжка даецца перамяшчэнне, аднак у хаты мы не заходзілі з-за пандэміі. Гэта дзіўны, моцны духам чалавек, аптыміст, ля якой і набіраецца душэўных сіл Валянціна Мечыславаўна. Галіна Вікенцьеўна жыве адна. Аднак, сам-насам яе не пакідаюць сваякі і наша спадарожніца гэтым днём, якой наканаваны лёсам і даручаны дзяржавай клопат пра людзей.

Калі ўсё абгаварылі, падзякавалі адзін другога, гаспадыня дома са сваім чацвераногім ахоўнікам і сябрам Айкам саспявалі нам. Агромісты сабака так аддана глядзеў на яе, так “падпяваў”…
І мы з цудоўным настроем адправіліся на хутар Барэйкаўшчына, гаспадыню якога Ірыну Марцінаўну Казлоўскую старшыня выканкама назвала маці Тэрэзай за яе вялікае чалавекалюбства, за дапамогу людзям з суседніх хутароў.
- Капусту ў Трабах прадаюць, - сказала старшыня,- трэба? Колькі купіць?
Яны дамаўляюцца. І мы па прыгожых лясах, дарогах, пералесках вяртаемся ў Трабы. Пра ўсё пагаварылі, развітваемся. Старшыня спяшаецца. Да пасяджэння выканкама засталося 40 хвілін. А яшчэ ж за кіламетраў 6 патрэбна капусту адвезці. І яна хуткім крокам накіроўваецца да міні-рынка, што раскінуўся насупраць будынка сельсавета.
Дзень старшыні і жыццё сельсавета працягваецца…

Вера ГУЛІДАВА. Фота Станіслава ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.