ivyenews.by

Да вытокаў міласэрнасці

Главное

Ужо стала добрай традыцыяй для парафіян касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла вандраваць па святых месцах.

24 чэрвеня ў дзень Святога Яна Хрысціцеля з Іўя рушыла чарговая вандроўка, якую веруючыя называюць пілігрымкай. Удзельнікі пілігрымкі – гэта 57 чалавек пад духоўным кіраўніцтвам пробашча ксяндза Яна Гавецкага.

Маршрутам нашай чарговай пілігрымкі сталі святыя месцы суседняй Польшчы.

Першы пункт пілігрымкі – Сакулка. Касцёл Святога Антонія Падуанскага стаў асабліва вядомы не так даўно, калі ў 2008 годзе ў гэтым касцёле падчас святой імшы адбыўся цуд Эўхарыстычны ператварэння гостыі ў сапраўдную частку цела нашага Збаўцы.

Далей была Святая Вада - месца, якое знаходзіцца недалёка ад Беластока. Першае дакументальнае ўпамінанне аб цудадзейнай сіле вады вядома з 1719 года, калі мясцовы шляхціч атрымаў зрок, дзякуючы вадзе з гэтай цудоўнай крыніцы. У знак падзякі ён пабудаваў капліцу, якая з цягам часу пераўтварылася ў санктуарый Марыйны, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Балеснай.

Наведалі мы і Гару Крыжоў - сваеасаблівы помнік Трэцяму тысячагоддзю і вялікай веры ў дапамогу Бога. Падобная Гары Крыжоў ёсць і ў Літве.

Напэўна, многім вядома, што гэты год у каталіцкім касцёле аб’яўлены Годам міласэрнасці. Так атрымалася, што падчас нашай пілігрымкі мы былі ў дзвюх святынях, якія з’яўляюцца санктуарыямі Божай Міласэрнасці. Гэта сучасныя касцёлы ў Беластоку і  Кракаве. Мы мелі магчымасць прайсці праз Брамы Міласэрнасці, якія адкрыты ў многіх вялікіх каталіцкіх храмах, каб атрымаць прабачэнне за свае грахі, памаліцца аб сваіх блізкіх. 

Асаблівым месцам для ўсіх пілігрымаў каталіцкай веры з’яўляецца духоўная сталіца Польшчы – Чэнстахова. У санктуарыі Маці Божай на Яснай Гары знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Некаторым з нас даводзілася тут бываць і раней. Але кожны раз па-новаму перажываеш гэтыя цудоўныя эмоцыі блізкасці да Маці Божай, нашай Валадаркі.

 

Ад імя ўсіх пілігрымаў Т. ВІРШЫЧ. 

Читайте ещё:



Оставить комментарий