ivyenews.by

Касцёл у Трабах: на скрыжалях гісторыі

Главное

У кожнага чалавека ёсць на зямлі куточак, які яму асабліва дарагі. Для мяне – гэта вёска Трабы. Яна ўтульна і лагодна размясцілася на ўзбярэжжы ракі Клява. І з якога б боку ні пад’язджаў падарожнік да Траб, здалёк, нібы свечкі, зіхацяць, пераліваюцца над зялёнымі шатамі дрэў вежы велічнага касцёла. Мне заўсёды было цікава пазнаёміцца з яго гісторыяй. Пытанняў было шмат: калі з’явіўся касцёл у Трабах, хто будаваў храм і з якога матэрыялу, якія яго архітэктурныя асаблівасці, стыль і кампазіцыя, якая яго гістарычная і мастацкая каштоўнасць унутранага ўбранства, ці заўсёды касцёл працаваў, імёны святароў, што тут служылі Богу, падзеі з жыцця мясцовай парафіі? 

Гісторыя заўсёды вельмі цікава пераплятала свае шляхі ў Трабах. У час эпохі Крэўскай дынастыйнай уніі 1386 года, калі праваслаўны вялікі князь Ягайла прымае каталіцтва, ажаніўшыся на польскай каралеве Ядвізе, яго родны брат Свідрыгайла, застаўшыся ў праваслаўнай веры, падымае паўстанне. Князь Дзмітрый Друцкі-Зубравіцкі, па мянушцы Сякіра, які з’яўляецца адным з самых значных персанажаў эпохі Вялікага княства Літоўскага, ідзе на рызыку і падтрымлівае паўстанне, абараняючы веру бацькоў. Але калі князь Дзмітрый застанецца ў гісторыі рэўнасным абаронцам праваслаўя, то яго знатныя патомкі паступова пяройдуць у каталіцтва. З дзяцей у Дзмітрыя (Міткі) Сякіры была толькі дачка Марына, якая нарадзілася ў канцы 14-га стагоддзя. А таму пасля яго смерці атрымала ў спадчыну ўсе землі бацькі. Разам з іншымі маёнткамі - і Трабы. Княгіня пабралася шлюбам з князем Сямёнам Сямёнавічам Гальшанскім-Трабскім і валодала Трабамі сумесна з мужам. Менавіта яна, толькі на лацінскі манер названая Марыяннай, узгадваецца як заснавальніца і фундатарка касцёла ў Трабах у 1410 годзе. Звестак пра будынак касцёла не захавалася. Узгадваецца толькі, што касцёл быў пабудаваны ў межах замка.

Марына Трабская рана аўдавела, але больш не выходзіла замуж, вяла адасобленае, дабрачыннае жыццё. На жаль, у сямейным жыцці княгіню Трабскую праследавалі шматлікія беды. Яе адзіная дачка выйшла замуж за ваяводу трокскага Марціна Гаштольда і ў хуткім часе памерла, нарадзіўшы сына Альбрэхта. Прыстарэлая Марына Трабская душы ва ўнуку не чула і па завяшчанні перадала яму ўсе свае ўладанні, у тым ліку і маёнткі Трабскія. Яна памерла ў 1496 годзе, амаль ва ўзросце 100 год.

Трабамі стаў валодаць Альбрэхт Гаштольд - найбуйнейшы магнат свайго часу. Менавіта Альбрэхтам Гаштольдам быў у 1534 годзе пабудаваны новы Трабскі рымска-каталіцкі касцёл, як сведчаць аб тым старажытныя візітыўныя акты.

У Трабах была адкрыта з мецэнацтва Альбрэхта Гаштольда каталіцкая школа. Была яна адзіная на ўвесь Ашмянскі павет. У гэтай школе, апрача духоўных навук і Евангелля, вывучалі творы Цыцэрона, Вергілія, Эзопа, Сэнэкі і другіх класічных паэтаў і пісменнікаў, а таксама беларускую грамату і мову, якая была тады ва ўсім нашым краі дзяржаўнай мовай.

У гістарычных дакументах няма звестак аб тым, як і калі быў знішчаны замак у Трабах, а разам з ім і касцёл. Можна выказаць здагадку, што паколькі ўсе збудаванні былі драўляныя, то яны маглі згарэць у час Паўночнай вайны. Ваколіцы Трабаў захоўваюць памяць аб тых часінах. На паўночным усходзе ад Трабаў, на палогім спуску правага берага ракі Клявы ёсць курганы, якія так і называюцца «шведскія».

Зноў узнікла неабходнасць у пабудове новага касцёла ў Трабах. Менавіта з фундацыі Антонія Радзімінскага Францкевіча, які быў старастам у Трабах, у 1786 годзе быў пабудаваны новы драўляны касцёл. 17 чэрвеня Апостальскім Епіскапам дэканам Віленскім і кавалерам Томашам Зянкевічам кансэкраваны ў імя нараджэння Божай Маці. Касцёл быў узведзены на каменным фундаменце з драўлянага сасновага матэрыялу. Акрамя плябаніі і званіцы, візітыўныя акты фіксуюць таксама наяўнасць пры касцёле шпіталя і прытулку для бедных.

Гады ішлі, і з часам драўляны будынак касцёла стаў старым. У той час будаваць або рамантаваць касцёл святар мог толькі на ўласныя зберажэнні, збіраць грошы з прыхаджан строга забаранялася.

Будаўніцтва новага мураванага касцёла было распачата ў 1900 годзе. Яго фундатарам быў тагачасны трабскі святар – ксёндз Павел Сухоцкі. 

Першы камень у падмурак новай святыні быў закладзены і асвечаны пробашчам касцёла 8 верасня 1900 года, у свята нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны. Адметна, што новы касцёл будаваўся па прынцыпе “матрошкі”. Сцены новага будынка ўзводзіліся абапал сцен старога драўлянага касцёла. І ўсе пяць год, пакуль будаваўся новы будынак, у старым касцёле адпраўляліся набажэнствы, маліліся вернікі. У будаўніцтве храма прымалі ўдзел як парафіяне, якіх у 1905 годзе налічвалася пяць тысяч, так і запрошаныя майстры.

Як сведчаць дакументы з архіву касцёла, 24 чэрвеня 1900 года было заключана пагадненне паміж святаром Трабскага касцёла Паўлам Сухоцкім і мешчанінам Антонам Казіміравічам Пятроўскім аб згодзе апошняга вырабіць цэглы на сваім полі, са сваёй гліны, выпаліць сваімі дровамі і падрыхтаваць яе столькі, колькі будзе патрэбна для ўзвядзення касцёла.

Як сведчыць пагадненне ад 28 чэрвеня 1900 года, узвядзеннем будынка Трабскага касцёла займаўся селянін Курляндскай губерніі Фрыдрыштадскага уезда Альтсаўкенскай воласці Андрэй Генрыхавіч Балладзь са сваімі рабочымі па праектах інжынера Краеўскага.

Святар Павел Сухоцкі не дачакаўся ўрачыстага адкрыцця касцёла. Ён памёр у 1904 годзе. Згодна з дакументамі, заканчваў будаўніцтва святар Эдвард Дакурна.

Работы завяршылі ў 1905 годзе. У тым жа годзе 23 кастрычніка была адпраўлена першая святая імша, адбылося асвячэнне святыні. А ў кастрычніку 1928 года архіепіскапам мітраполіі Віленскай Р. Ялбжыкоўскім адбылася кансэкрацыя касцёла 

Як сведчаць архівы касцёла, на момант адкрыцця новай святыні  парафія налічвала ўжо 5490 парафіян.

Пасля 1905 г. ва ўмовах адноснай лібералізацыі канфесійных адносін наступіла пэўнае ажыўленне ў дзейнасці каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Імкліва пачаў узрастаць беларускі нацыянальны рух, якому спрыяла і частка каталіцкага святарства. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку ХХ стагоддзя былі католікамі.

Зведалі муры Трабскага касцёла і святароў-асветнікаў, паэтаў і грамадскіх дзеячаў.

Аляксандр Астрамовіч. У літаратурнай традыцыі ён вядомы пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Сваю першую імшу ён адправіў у Трабах 2 лютага 1911 года.

Леанард Чарняк (1893–1976) – каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст. Служыў у парафіі Трабы ў 1933—1936 гадах.

У складаны час у Трабскі касцёл быў накіраваны працаваць ксёндз Вацлаў Родзька (1888-1940). У 1938 годзе ксёндз прыехаў служыць у парафію Трабы. Вядома, што 22 мая 1940 года ноччу пробашча пазвалі да хворага, каб паспавядаць. Дадому ксёндз так і не вярнуўся - яго знайшлі забітым. Яго пераемніка, вікарыя Станіслава Зубковіча, расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе. Яны пахаваны на прыкасцельных могілках. Ксёндз Францішак Цыбульскі быў расстраляны немцамі як заложнік 10 сакавіка 1943 года і пахаваны на могілках ў Лідзе-Слабодцы. Ксяндза Пятра Аранскага забілі ў 1944 годзе, ён пахаваны ў Гальшанах.

Пасля вайны да 1966 года трабскім святаром быў ксёндз Альфонс Радкевіч. Ён як мог утрымліваў касцёл, а ўлады рабілі ўсё, каб яго выгнаць і ўрэшце ксёндз быў вымушаны з’ехаць у Польшчу.

Да 1971 года Трабы не мелі святара. І тым не менш касцёл працаваў дзякуючы парафіянам, якія яго абаранялі. На працягу трох год, па ініцыятыве мясцовага жыхара Яцкевіча, парафіяне самі збіралі грошы і плацілі падаткі, як за дзеючы касцёл. Хоць парафiя засталася без ксяндза, людзi самi малiлiся ў святынi і адпраўлялі набажэнствы, спадзяючыся на лепшае i стараючыся атрымаць ад улады дазвол для святара. Праз некаторы час улады забралі ключы ад касцёла, а парафіяне пачалі абыходзіць Крыжовую дарогу вакол касцёла, прычым збіралася столькі людзей, што іх спеў  было чуваць за два кіламетры. Ноччу вернікі таксама не спалі: сцераглі касцёл ад разбурэння. З цягам часу дазвол быў выдадзены. Вернікі дабіліся таксама, каб прыязджалі ў касцёл ксяндзы з іншых мясцовасцей. У 1971-73 гадах у Трабы прыязджаў ксёндз Станіслаў Казлоўскі з Барунаў, затым да 1983 года - ксёндз Уладыслаў Чарняўскі з Вішнева. Першым пастаянным святаром з часоў ксяндза Радкевіча стаў Антоній Юсель, які паходзіў з Трабскай парафіі. Пазней шмат гадоў служыў у храме добра вядомы іўяўчанам святар Ян Гавецкі. З восені 2004 года, святаром служыць ксёндз Віктар Субель - дзекан Іўеўскага дэканату.

17 ліпеня 2005 года касцёл адзначыў сваё 100-годдзе. На святкаванне быў запрошаны і Гродзенскі ардынарыюш біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля прывітання пачалася святая імша ў памяць аб той, якая адбылася 100 гадоў таму першы раз у новым касцёле. 

 Р. МАХНАЧ,

намеснік дырэктара Трабскай СШ. 

Ад рэдакцыі:  дадзеная публікацыя – гэта толькі вытрымкі з вельмі цікавай і дасканалай работы-даследавання Рамуальды Станіславаўны Махнач. Калі кагосьці зацікавіла тэма, можна звярнуцца да аўтара.  

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий