ivyenews.by

Людзi вёскi: "Вартыя нечага ў Бога"…

Главное

"…Жыццё пражыць - не поле перайсці. Поле і голы прабяжыць" - такой інтэрпрэтацыі вядомай прыказкі я не чула яшчэ ніколі. А выказала яе мая  субяседніца Марыя Юсцінаўна Квач з вёскі Збойск, куды нас, журналістаў раёнкі, прывезла неўтаймавальная Таіса Валянцінаўна Лось - старшыня Морынскага сельвыканкама. Вось хоча яна людзям расказаць пра сваіх лепшых вяскоўцаў - і ўсё тут. Зрэшты, ёсць пра каго расказваць. Таму што  менавіта такія людзі, з якімі яна нас знаёміць, і ёсць тая нябачная, але  існуючая спрадвеку душа вёскі.

Збойск - вёска асаблівая, як і яе людзі. Мы не аднойчы бывалі тут, пісалі пра людзей і рэчку-старыцу, што цячэ паралельна вуліцы і зусім побач. І жыве старыца, мне здаецца, толькі да той пары, пакуль будуць у Збойску людзі. Пакуль будзе каму вытаптываць яе беражкі, закідваючы вуды і спінінгі. Інакш зарасце асакой і  кустоўем…

Мясцовыя жыхары і тыя, хто зараз лічыць сябе гараджанамі і жыве ў гарадах, вельмі любяць гэтую лясную, зялёную, аздобленую блакітам азёр і рэчак, вёску. Таму многія з іх аддаюць перавагу Збойску, калі пачынаецца чарговы водпуск. Які там бераг турэцкі ці Дубаі! Там не спяваюць так да світання салаўі, там не падаюць у  атэлях такіх смачных бульбяных аладак, як нашы маці ці бабулі… І тады зноў звініць Збойск і дзіцячымі галасамі, і галасамі шчаслівых дарослых, якія быццам вяртаюцца тут у дзяцінства… 

У кожнага з нас свая вёска, свой лёс, які так ці інакш звязаны з ёй, свае ўспаміны і свае ўражанні.

Іх шмат у Марыі Юсцінаўны Квач і яе мужа  Вацлава Францавіча. І то: ужо больш, як 60 гадоў яны разам. Разам ідуць па тым вялікім і бясконцым полі, што завецца жыццём.

… Ёй быў толькі пяты годзік, калі бацьку забралі ў маі 1941 года на 40-дзённыя вайсковыя зборы. Маці  дзесьці праз тыдні тры сабралася яго праведаць. Лагер стаяў за горадам Гродна. І бацька сказаў маці: "Паслухай! Чуеш!" Яна і сапраўды прыслухалася да гукаў, што несліся з-за горкі. Там спявалі нямецкія салдаты. І бацька сказаў ёй, што нашы салдаты цішком між сабой гавораць пра вайну, якая быццам распачнецца хутка. Аднак, маўляў, не трэба ў гэта верыць…

… У першыя ж дні вайны ён і прапаў без вестак. Яны засталіся з маці: маленькія сіроты. Ёй - пяты гадок, брату - дзявяты.  Маці магла і замуж выйсці, аднак чакала да апошняга  свайго прапаўшага без вестак каханага…  Ужо пасля вайны сустрэла на кірмашы ў Іўі чалавека, які служыў разам з мужам. Той і сказаў, што муж яе памёр ад цяжкіх ран. А афіцыйных звестак у тыя страшныя дні не было. Быў адзіны, страшны і крывавы, бой, у якім усе "прападалі без вестак", без  пахавання, без дакументаў…

…У 1955 годзе Марыя выйшла замуж за аднавяскоўца, які годам раней вярнуўся з  тэрміновай вайсковай службы. Пачалі жыццё ладзіць. 

Жаніліся, як удакладніў падчас гутаркі Вацлаў Францавіч, па каханні. З каханнем і па жыцці ішлі. Яно і дапамагло. Таму што  дапамагаць двум сіротам няма каму было.

Затое з якім задавальненнем расказвае Марыя Юсцінаўна аб тым, што адказаў муж, калі яна спытала, як назваць іх першынца, навароджаную дачушку.

- Я цябе кахаю, - сказаў малады муж, - і імя тваё найлепшае ў свеце. Няхай і дачушка будзе Марыяй…

А калі сынок нарадзіўся, тое ж самае наконт імені пачуў ад жонкі Вацлаў Францавіч. Вось так і жылі ў адной сям'і - Марыя вялікая  і Марыя маленькая, Вацлаў вялікі і Вацлаў маленькі.

І не патрэбна верыць цынікам, што каханне адразу ж выскоквае ў дзверы, калі ў сям'ю стукаюцца быт і нястача. Значыць, то было не каханне.

Яны ў ладзе і згодзе ўсе выпрабаванні вынеслі. 32 гады адрапрацавала Марыя Юсцінаўна даяркай, а Вацлаў Францавіч паляводам. Калі не сезон быў для паляводаў, ён заўжды дапамагаў жонцы. І дзеці бегалі на ферму, каб  маці лягчэй было. 

Усё ў Квачоў разам рабілася. Кароў трымалі, цялят гадавалі, свіней, куры па падворку бегалі, іншая жыўнасць. І грыбы, і ягады з лесу неслі. Каб усё ў гаспадарцы было, каб   стаялі  ў каморах прыпасы на зіму, каб і самім было што есці, і гасцей чым прывеціць.

А калі дзеці дарослымі сталі, сем'і свае завялі, будавацца ім  бацькі дапамагалі.

Марыя Юсцінаўна кажа: "Нікому зла не рабілі, жылі, як людзі, дзяцей людзьмі выхавалі, працавалі ад цямна да цямна. Зараз маем трох унукаў, трох праўнукаў і чацвёрты на падыходзе. Цешым сябе думкай, што нечага вартыя ў Бога".

А вартасць гэтая бачна паўсюдна. Яны глядзелі за дзецьмі, зараз дзеці шкадуюць бацькоў, клапоцяцца пра іх. На стале стаялі  місачкі з  раскладзенымі па іх лекамі. Адны ранкам трэба піць, другія - у абед ці надвячоркам. На  тумбе - вялікі, сучасны тэлевізар. Таксама дзеці купілі, каб добра бачна было бацькам. Дзеці жывуць побач, у Іўі, і амаль штодня наведваюць бацькоў. Унукі таксама частыя госці Збойска. І таксама адчуваюць тут сябе, як дома. Новыя яблыні пасадзілі ў садзе дзеда, плот новы, прыгожы і грунтоўны паставілі. Усё зрабілі, як кажуць бабуля з дзядуляй, каб і хораша было, і бяспечна.

Добрыя дзеці, добрыя ўнукі… Што яшчэ патрэбна, каб адчуваць сябе шчаслівым! Каханне, між іншым, таксама  яшчэ жыве ў хаце ля старыцы. Дзед Вацлаў усё шуткаваў, каб не апранала яго прыгажуня для фотаздымка такія прыгожыя строі, а то  жаніхі панаедуць. То спрабаваў пацалаваць яе перад фотакамерай. Марыя Вацлаваўна толькі ўсміхалася ды адмахвалася ад свайго вясёлага, з пачуццем гумару, добрага мужа.

У сям'і такія цёплыя адносіны. І гэта так шануюць дзеці. Яны кажуць: "Як вы будзеце жыць, то і нам будзе куды зайсці".

І сапраўды, як гэта важна - святло ў вокнах бацькоўскага дома, дзе чакаюць цябе разумныя, добрыя мама і тата. Няхай яшчэ доўга жывуць гэтыя людзі, няхай едуць да іх дзеці  і ўнукі, няхай працягваецца жыццё вялікай сям' і.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий