ivyenews.by

Пра бабулю Юрачку, яе малодшую дачку і Мажулі-Шляхты…

Главное

… Зараз, як бы цяжка і няёмка ні было пра тое гаварыць, вёска - нібы замёрзлы яблык на  верхняй галінцы.  Здаецца, жыве, а здаецца, толькі выгляд робіць. Канешне ж, гэтыя словы не пра цэнтральныя сядзібы былых калгасаў, СВК і  г.д. Там яшчэ віруе жыццё, жывуць маладыя сем'і, нараджаюцца дзеці, дзейнічаюць розныя аб'екты сельскай інфраструктуры. Я пра тую вёску, якая "за шырокімі дарогамі, за блакітнымі азёрамі ды цёмнымі лясамі". Ну, зусім як некалі ў казцы маёй бабулі. Але гэта, на жаль, зусім не казка…

У  гэтую не казку, аднак, затое, у чароўны свет добрых, працавітых, няўрымслівых людзей раз-пораз запрашаюць нас, журналістаў, старшыні сельвыканкамаў раёна, якія сталі сапраўднымі праваднікамі, паўнамоцнымі прадстаўнікамі  людзей з маленькіх вёсак і вёсачак перад усім астатнім светам. Гэта яны не забываюць павіншаваць сваіх старых з днём нараджэння, з  важкімі юбілеямі сямейнага жыцця, а кожнае лета разам з культработнікамі едуць ладзіць святы вёсак, якія так вольна гуляюць на вясковых вуліцах. Гэта старшыні сельвыканкамаў нясуць сваю дзяржаўную службу і ў імя таго, каб лягчэй жылося пажылым вяскоўцам…

… Машына з'ехала з мясцовага тракту і трапіла ў лясную шэрань. Той дзень быў  затканы слотай, аднак ноччу выпаў першы кастрычніцкі снег. І таму яго белыя плямы крыху ажыўлялі восеньскі невясёлы лясны краявід.

Старшыня Суботніцкага  сельвыканкама Валянціна Станіславаўна Філон, упэўнена трымаючы  руль упраўлення,  з асцярогай аб'язджала кожную ямку з вадой  і абавязкова каменціравала. Маўляў, назад  іншай дарогай паедзем, рызыкаваць не будзем…

Кіламетры два шэрага пейзажу - і раптам мы нібы выкаціліся з лесу адразу ж у вёску. Дарэчы, Мажулі ў сваім першародным стане знаходзяцца крыху далей (метраў  300-500), а гэтыя некалькі дамоў раней былі ці то вёскай, ці то хутарам з прэтэнцыёзнай назвай - Шляхты. І ніхто не памятае, чаму так называлі лясную міні-вёсачку. Нават Валянціна Станіславаўна, якая нарадзілася і вырасла ў Мажулях. Старшыня занадта маладая, каб ведаць высноўе тутэйшага краю. Што ж, усе мы часам неапраўдана губляем імгненні і часіны, калі яшчэ можна аб нечым даведацца ў бабулі, дзядулі ці бацькоў… 

Мне здаецца, што хутчэй за ўсё, Шляхты -  былы фальварак.  Менавіта так называлі невялікія паселішчы ў 1-5 двароў у сярэдневяковай Беларусі. Гэта былі заможныя шляхетныя засценкі, якія адмыслова займаліся сельскай гаспадаркай. І праіснавалі яны ажно да 30-х гадоў ХХ стагоддзя…

Не прэтэндую на дакладнасць свайго меркавання, аднак дом, які кінуўся адразу ж у вочы, ніяк немагчыма назваць проста вясковай хатай. За цэлай шарэнгай стромкіх ліп, якія сваім вонкавым выглядам хутчэй напамінаюць карабельныя сосны, стаяла дзіўная для нашых мясцін будыніна, у якую мы і накіраваліся. Бо менавіта тут жыла жанчына, да якой прывезла нас старшыня.

…Юзэфа Нікадзімаўна Станкевіч адносіцца да доўгажыхароў раёна - ёй 95 гадоў.

У галоўным пакоі гэтага вялікага і дзіўнага сваім вонкавым выглядам дома сядзела на чысцюткім ложку маленькая жанчына і чытала свае "святыя ксёнжкі". Гаспадыня ўсяго дома і гэтага пакою, які нагадвае ці то галярэю партрэтаў, ці то алтар малельнага дома, ў свае 95 гадоў чытае без акуляраў. А вось слых ужо крыху падводзіць. Таму пагутарыць з бабулькай нам дапамагала яе дачка.

 Шмат фотаздымкаў і шмат ікон у гэтым пакоі. Здзівіла нас, што партрэт Янкі Купалы знаходзіцца амаль побач з  партрэтам Папы Рымскага Яна Паўла. Аднак, мы памыліліся. На здымку - муж Юзэфы  Нікадзімаўны, легендарная асоба гэтых мясцін, які вельмі падобны на паэта-песняра.

…Расказаць толькі пра Юзэфу Нікадзімаўну (гэта было ў першасным нашым плане), не кранаючы гісторыі ўсёй сям'і,  проста немагчыма. Тым больш, што расказваць пачалі тры мае субяседніцы - бабуля, яе дачка Уладзіслава Уладзіславаўна і старшыня сельвыканкама. Яна ж таксама тутэйшая.

Згадзіцеся, што пра гаспадара перш за ўсё гаворыць яго дом. Уладзіслаў Уладзіслававіч Станкевіч не меў адукацыі. Аднак па ўсёй акрузе лічыўся чалавекам адукаваным, асаблівым. У Львове вучыўся за пчаляра. Выпісваў з Варшавы папулярныя часопісы. У адным з іх і знайшоў амерыканскі праект дома, які пачаў сам узводзіць яшчэ да вайны. Вакол дома займеў вялікі ўчастак зямлі. Толькі сад у Станкевічаў да гэтага часу займае па плошчы больш гектара зямлі.

Дачка Станкевічаў

У 1944 годзе ён, 39-гадовы, сталы кавалер, як тады казалі, жаніўся на 20-гадовай  прыгажуні Юзэфе. За яго пайшла б кожная. Выхаваны, культурны (такім застаўся на ўсё жыццё), прыгожа танцаваў, граў на скрыпцы. А дзед яго, між іншым, таксама Уладзіслаў, граў на кларнеце ў аркестры царскай арміі. Так што нездарма паселішча называлі Шляхты. 

…Уладзіслава Уладзіславаўна - апошняе, позняе дзіця Станкевічаў. А мелі яны двух сыноў і двух дачок.  Сыны бабулі Юзэфы ўжо паўміралі.

… У гэтым незвычайным доме ішло незвычайнае жыццё. Як бы ў асобным свеце. Гектар саду, у які так  любілі летняй ноччу залезці вясковыя дзеці, нагружаў сям'ю дадатковай працай. Варылі варэнне, сушылі яблыкі, а яшчэ ў падвале вялізнага дома ў дубовых бочках спела янтарнае яблычнае віно. Не на продаж -  для сябе, для гасцей, для добрых суседзяў, на святы.

Бацька Станкевічаў

Святы ў Станкевічаў былі ў дні вялікіх рэлігійных урачыстасцяў. Не святкавалі савецкіх святаў, дзён нараджэнняў.  Не прынята было ў вёсцы. Затое, як цудоўна блішчэлі  шкляныя цацкі  на ёлцы ў дні Раджаства, як смачна пахла ў цёпла напаленай хаце халадцом, пірагамі з макам, грыбнымі стравамі, якія абавязкова рыхтавалі на куццю - святую вячэру перад надыходам вялікага свята. А як гуляла наўкольная дзетвара ў дні Вялікдзеня, як радаваліся малыя хлапчукі і дзяўчынкі новым строям і абутку, у якія абавязкова прыбіралі іх матулі ў той святы дзень!

…Чаму мы ўсе, хто нарадзіўся ў тых 50-70-х гадах, гэтак шануем успаміны дзяцінства, чаму яно ў нашых успамінах гэткае цёплае, добрае, лёгкае? Чаму менавіта там чэрпаем мы сілы для жыцця? Напэўна таму, што тады яшчэ жыла ў поўную моц вёска. 

І дзеці, між іншым, праводзілі свой час не толькі ў адпачынку і гульнях. У разумных бацькоў дзеці заўжды былі пры справе, не цягаліся пустапасам. Канешне, знаходзіўся час і для гульні. Але ж… Расказвала нам бабуля, як разам з децьмі палолі яны цэлую дзялку калгасных буракоў,  завіхаліся на сваім гародзе, працавалі на льняных палетках. А летам жа яшчэ патрэбна было ягад і грыбоў нанасіць на зіму. Раслі дзеці Станкевічаў у працы, да якой змалку прывучалі бацька з маці. Жыццё не аднойчы даказвала, што гэткае выхаванне - найлепшае.

Праходзяць гады, а дзеці Станкевічаў не скардзяцца на сваё дзяцінства,  з замілаваннем успамінаюць яго. 

Уладзіслава Уладзіславаўна разам са старшынёй сельвыканкама запрасілі мяне ў свае цудоўныя ўспаміны. І, здаецца, разам з імі, пачаткоўцамі, бяжым мы басанож па жнівеньскім росным, калючым і халодным іржышчы ў той бок, дзе кожнае лета ў лесе размяшчаўся воінскі палатачны лагер (між іншым, з усімі праблемамі йшлі вяскоўцы да ваенных. Яны і да бальніцы падвязуць, і дапамогуць, што трэба). 

Дык вось. Там, у палатачным лагеры, вісіць велізарны экран, і калі апусціцца цёмны летні вечар, у вайскоўцаў пачынаецца кіно. Білетаў купляць не  трэба, трэба толькі перабегчы гэтае халоднае і калючае поле. Салдаты, паглядзеўшы на малых, якія падымаюць па чарзе свае замёрзлыя ножкі, клічуць іх да сябе, садзяць на калені. І жыццё наогул робіцца ўтульным і цёплым. А потым яшчэ раз - халоднае поле, кубак малака перад сном. І  надыходзіць час мараў і летуценняў - дзіцячы салодкі сон…

Са старшынёй Суботніцкага  

сельвыканкама

… Заможны і свабодалюбівы Уладзіслаў Станкевіч прынцыпова не стаў членам калгаса. Аднак на працу ў калгас хадзіў. Быў будаўніком. Яго паважалі, да яго прыслухоўваліся. Дзіўна, аднак і зямлю, на якой размяшчаўся іх цуда-сад, не забрала дзяржава. Там жа знаходзілася і пчаліная пасека. Хапала працы на гэтай вялікай гаспадарцы і маці (яна была яшчэ і членам калгаса), і дзецям.

А Уладзіслаў Станкевіч да таго ж працягваў будаваць свой незвычайны дом - двухпавярховы, з паравым ацяпленнем. Усё жыццё будаваў. За некалькі год да смерці апошні штрых унёс у сваё "будаўніцтва веку". Яго няма ўжо 34 гады.  

І свет наўкол пачаў мяняцца, а Юзэфа Нікадзімаўна перастала быць проста добрай жонкай разумнага мужа. Яна засталася гаспадыняй. І гэта было цяжка не толькі фізічна, тым больш, што пачалі пусцець Мажулі-Шляхты.  Як у таго паэта: "павезлі цягнікі восень з вёскі ў горад". На самой жа справе, не толькі восень… Толькі ўлетку напаўняюцца вёскі галасамі ўнукаў, праўнукаў, якія ўжо прыязджаюць з бабулямі і дзядулямі - дзецьмі гаспадароў гэтых хацін і дамоў.

У бабулі Юзэфы  8 унукаў і 15 праўнукаў.

Пакуль яна магла, заўжды хадзіла ў Суботнікі да касцёла, спявала на латыні ў касцельным хоры. Жыла прыстойна. Як кажа з гонарам сама, не хадзіла ні морквы, ні бульбы калгаснай красці, ні "лён шчупаць". 

Толкам я і не ўцяміла, што такое "лён шчупаць", аднак выраз вельмі спадабаўся. Ён таксама датычыў дзеянняў па раскраданні калгаснай маёмасці.

Такія маленькія нюансы, мне здаецца, найбольш гавораць пра чалавека, яго існасць.

…Прынамсі, у Мажулях менавіта  старых людзей пачынаюць называць паменшанымі ласкавымі імёнамі. Вось і стала Юзэфа Нікадзімаўна Юрачкай. А побач сяброўкі з такімі ж імёнамі. Яны разам старэлі, хадзілі адна да другой у госці. Бабуля Юрачка паказвае фотаздымкі сяброўкі Вэрцячкі, калі тая адзначала 90-гадовы юбілей. Ужо некалькі год, як сяброўка пакінула гэты свет. А калі дзве дачкі нашай субяседніцы (Уладзіслава і Сабіна, жыхаркі Мінска) прапанавалі маці пераехаць у сталіцу, жанчына катэгарычна адмовілася. Маўляў, калі шкадуеце, прыязджайце сюды і даглядайце.

 …Тры гады назад Уладзіслава Уладзіславаўна, ужо пенсіянерка, былы спецыяліст электрасувязі ў сталіцы, прыехала да маці.  Здавалася, часова... У цёплы час года з ёй жыве ў Шляхтах і муж. Аднак, здароўе не дазваляе яму заставацца без цёплай вады, цёплага памяшкання. Заканчваецца сезон, і маці з дачкой застаюцца ўдзвюх.  Разам чытаюць па вечарах ружанец, гутараць, глядзяць, як  страляюць іскрамі дровы ў печцы-стаяку, чакаюць вясну. Уладзіслава Уладзіславаўна быццам вярнулася ў дзяцінства. Толькі вярнулася не дачкой гаспадароў, а гаспадыняй гэтага дома-фальварка. Зноў завяла яна пчол, зноў да чаю маці атрымлівае  мядок. Пасуцца ў велізарным садзе козы. Іх ужо некалькі, куры ёсць, сабакі.  Для сувязі з "вялікай зямлёй" зяць падараваў скутар…

Старая маці шкадуе, што дачка так шмат працуе, што ёй цяжка даглядаць яе. А Уладзіслава Уладзіславаўна ўспрыняла ўсё гэта, як вяртанне дамоў, як выконванне свайго святога абавязку. І, напэўна, дзякуючы дочкам, Уладзіславе і Сабіне, дзякуючы такому  чалавечаму догляду і працы малодшай дачкі, у бабулі Юрачкі яшчэ ясны розум, яшчэ зоркія вочы і яшчэ выклікае светлую ўсмешку ўспамін пра тое, як ганарыўся яе муж, дазваляючы іншым патанцаваць са сваёй прыгожай жонкай…

Як гэта правільна і як гэта добра, калі нашы старыя дажываюць свой век не ў прыгожых дамах сумеснага ці кругласутачнага пражывання на ўсім гатовым, а проста ў сваім доме, са сваімі дзецьмі, сярод цёплых адносін і цёплых успамінаў.

У дзень Усіх Святых бабуля Юрачка адзначыла сваё 95-годдзе. Прыехалі ўсе родныя. Свяціліся шчасцем вочы, гаварылася шмат добрых слоў. Вось толькі ногі, як яна кажа, змораныя за ўсё жыццё, не дазвалялі  бегаць побач з маладымі. Аднак сэрца і душа ў той дзень, безумоўна, памаладзелі. Хай яно і надалей так будзе.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий