ivyenews.by

Працэсія Божага Цела прайшла па вуліцах Іўя (дапоўнена)

Главное
Працэсія Божага Цела прайшла па вуліцах Іўя 

Сёння пасля нядзельнай iмшы ў парафii Святых Апосталаў Пятра i Паўла веруючыя прайшлi па вулiцах горада Iўя ў працэсіі, адзначаючы вялiкае каталiцкае свята - урачыстасць Найсвяцейшага Цела i Крывi Пана.
Напярэдаднi ў самым цэнтры Iўя былi ўбраныя чатыры алтары, каля якiх працэсiя затрымлiвалася для святочнай i шчырай малiтвы i падзякi Пану Езусу за бясцэнны дар Эўхарыстыi.

Малiлiся за Каталiцкi Касцёл ва ўсiм свеце, за сваю малую радзiму, за супакой на зямлі, за любоў у сем'ях і здароўе блізкіх; аб тых, хто па стану здароўя не змог прыйсці на гэта прыгожае свята і тых, хто страціў дарогу да Бога. Маліліся таксама за раённыя ўлады i дабрабыт iўяўчан, i, канешна, за тых, хто сёння прачнуўся вельмi рана, каб упрыгожыць алтары, i падыйшоў да гэтага вельмi творча i з вялiкай адказнаcцю.

Немагчыма было не захапiцца шыкоўнымi дыванамі з кветак, на якiх кампазiцыйныя элементы адлюстроўвалi духоўны сэнс гэтага вялiкага каталiцкага свята. 

Трэба адзначыць, што прыгожая традыцыя ўбіраць алтары сярод парафiян касцёла ў Iўi iснуюць з таго часу, як гэта стала насамрэч магчыма. А што тычыцца самой гісторыі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, то вось як аб гэтым распавядаў пробашч мясцовага касцёла ксёндз Ян Гавецкi.

"Божае Цела адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Троiцы, таму што менавіта ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі Чацвер перад Вялiкаднем). Ва ўрачыстасць Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае для свайго народа. 
Працэсія Божага Цела ў нашай парафii традыцыйна адбываецца ў нядзелю. Вельмi прыемна, што нашы парафiяне творча i адказна ставяцца да ўпрыгожвання алтароў. Шматлiкiя арганiзацыi раёна таксама аказалi дапамогу ў гэтай справе. Прыемна было даведацца ад парафiян, якiя ўсталёўвалi алтары, што кветкамi для iх упрыгожвання з радасцю дзялiлiся iуяучане іншых веравызнанняў, адзначаючы пры гэтым хараство гэтай каталіцкай традыцыi. Я вельмi ўдзячны раённым уладам за тое, што падтрымлiваюць нашу iнiцыятыву, што ў суправаджэннi мясцовага ДАI мы iдзём па цэнтральным вулiцам горада, а не iнакш". 

З гiсторыi cвята

Як паведамляе сайт саtholic.by, святкаванне ўрачыстасці Божага Цела было ўведзена ў XII ст. пасля аб’яўленняў благаслаўлёнай Юліяне (1193–1258 гг.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак, які знаходзіўся пад Льежам (Бельгія). 
Благаслаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай. Інтэрпрытавалі гэта як знак адсутнасці ў літургічным каляндары дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля аб’яўленняў у 1246 г. мясцовым біскупам для дыяцэзіі ў Льежы было ўстаноўлена свята Божага Цела.
З цягам часу свята пачало набіраць папулярнасць, і ў 1264 г. папа Урбан IV устанавіў свята Corpus Christi (Божага Цела) ва ўсім Касцёле. 
У хуткім часе святкаванне пачало суправаджацца правядзеннем працэсій. Ёсць меркаванні, што ўпершыню працэсія была праведзена ў Кёльне (Германія) у 1265–1275 гг., а з XV ст. атрымала распаўсюджванне ў Германіі, Англіі, Францыі, Польшчы і Паўночнай Італіі.

Т. Болатава.
С. Зянкевiч (фота). 

Дапаўняецца...
 
 

Читайте ещё:



Оставить комментарий