ivyenews.by

Яселькі для маленькага Пана

Главное

Конкурс калядных яселек, які ўжо даўно стаў традыцыйным і праводзіцца напярэдадні свята Божага Нараджэння ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, сабраў, як заўжды, вельмі шмат удзельнікаў.

Сваю творчую фантазію дзеці і дарослыя, якія ім дапамагалі, прысвяцілі адной з самых цудоўных і важных падзей у хрысціянстве - той, з якой яно ўвогуле і пачалося - Божаму Нараджэнню. Свет той далёкай і блізкай Віфлеемскай ночы абуджае ў людзях іх лепшыя чалавечыя якасці, натхняе на добрыя ўчынкі і вось такую творчасць. 

Выстава калядных яселек на працягу некалькіх дзён упрыгожвала храм, дзе ўжо сёння ўвечары адбудзецца святочная імша. Вялікае мноства вернікаў прыйдуць, каб разам радавацца з'яўленню маленькага Пана сярод людзей, таму што праз вякі сэрцы хрысціян сагравае свет той зоркі, што абвясціла Яго прыход. 

На суд журы было прадстаўлена каля васьмідзесяці прыгожых, выкананых у розных тэхніках з выкарыстаннем разнастайнага матэрыялу, работ. Многія з калядных яселек аздоблены электрычнай падсветкай, што надае ім яшчэ больш святочнасці і таямнічасці. 

Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі конкурсу, а гэта амаль сто маленькіх парафіян з Іўя і некалькі дзяцей з парафіі Перамянення Пана з Юрацішак, атрымалі салодкія падарункі ад пробашча Іўеўскай парафіі Яна Гавецкага і зычлівых людзей, а найлепшыя работы ўзнагароджаны дадатковымі падарункамі (веласіпедамі, настольнымі гульнямі, цацкамі і інш.) ад дабрачыннай арганізацыі "Карытас".  

Ёсць яшчэ адна добрая традыцыя ў парафіян з Іўя, якую некалі прапанаваў ксёндз Ян Гавецкі, і якую з задавальненнем падтрымліваюць удзельнікі конкурсу калядных хатак - свае творчыя работы большасць дзяцей падораць на свята адзінокім старэйшым парафіянам.   

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий