ivyenews.by

Залейкі: назва вёскі - не выпадковая

Главное

З высокага моста праз раку Гаўя, нібы з вышыні птушынага палёту, адкрываецца шырокая панарама вёскі Залейкі і яе наваколля. Раскіданыя па пясчаных узгорках хаты прыгожа ўпісваюцца ў сасновыя ўзлескі, якія падступаюць да агароджаў двароў.

У Залейках няма галоўных вуліц і іх назваў.  Дарожкі і сцежкі ад двара да двара пятляюць паміж сасновага лесу, векавых, асобна растучых дубоў, ясеняў і бяроз, кустоў бэзу, уздоўж старых платоў з калісьці шчэпаных дубовых плашчакоў і заплеценага  яловага частаколу. І ўсе гэтыя пратоптаныя людзьмі сцяжынкі спускаюцца ўніз, вядуць да рэчкі Гаўя. 

 Мясцовыя краявіды

Рэчка ціха бурліць, шапоча на ветры лісцем чароту, пятляе сярод кустоў лазы, алешніку, нахіленых вербаў, амывае з усіх бакоў невялікія пясчаныя  астраўкі сярод выспаў, меляў і глыбокаводных халодных ямаў. Коціць па сваім дну мільярды пясчынак, карынкі, галінкі сырой лазы і алешніку, зламаныя ветрам, пагрызеныя бабрамі, стварае ў невялікіх затоках надзейныя схованкі для рыб і земнаводных насельнікаў.

Гаўя - жывая блакітная стужка паміж лугоў і лясоў, заўсёды прыцягвала да сябе сваёй жыццёвай сілай людзей. Без яе на бедных глебах і пясчаных дзюнах не паўстала б тут вёска, не звінелі б у лузе косы, не чуліся б дзіцячыя галасы.

Маімі экскурсаводамі па колішніх Залейках былі старажылы вёскі - Георгій Данілавіч Жамойда (1931 года нараджэння)  і яго жонка Ганна Уладзіміраўна (1932 года нараджэння). У іх не ўзнікае сумненняў наконт паходжання назвы вёскі Залейкі ад слоў "залевы", "залеі".

 Залейкі на старым фотаздымку (у часы Першай сусветнай вайны)

Кожную вясну рака Гаўя разлівалася ў час паводкі  і на два тыдні  затапляла прыбярэжныя нізіны і лугавіны. У нізкіх месцах вада залівала платы, хлявы, па калена стаяла ў хатах. Самая вялікая паводка ў Залейках была ў 1958 годзе. Жыхары вёскі ратавалі ад патопу дамашніх птушак і жывёлу, а самі начавалі ў суседзяў і ў сваякоў у навакольных вёсках.

Частку вёскі, якая размяшчалася на левы бок сучаснага маста ў напрамку Ліды, жыхары называлі Залейкамі, а тых, хто жыў па правы бок, за выганам - завыгонцамі. Вялікі выган, які  ўлетку быў пашай для жывёлы, вясной станавіўся вялікім морам, праз якое жыхары вёскі пераязджалі на лодках- каяках, каб дзеці прыспелі ў школу, каб схадзіць у магазін па хлеб. 

 Вёска сёння

За "польскім часам" у Залейках жылі працавітыя гаспадары, у большасці - бедныя, зямлі мелі мала. Толькі чатыры-пяць гаспадароў добра жылі, бо мелі па 6 гектараў ворыўнай зямлі. Астатнія былі бяднотай і батракамі, бо землі вакол Залеек неўрадлівыя. Гаспадары добрага ўраджаю ніколі не збіралі. Лён на пяску зусім не рос. Лепшыя  землі мелі  асаднікі Русак, Барэй, Багуцкі, Штэмпель, Кітлінскі, Ліхарад, браты Скрага: Бронюсь, Ян і Вітольд, якія жылі на хутарах каля Біскупцаў і атрымалі надзелы зямлі за ўдзел у польска-савецкай вайне 1918-1920 гадоў. У сталінскія часы яны былі сасланыя з сем'ямі ў Сібір, і за гэта  мясцовыя празвалі іх "сібіракамі". Пасля амністыі  мала хто з былых асаднікаў вярнуўся на беларускую зямлю. Большасць з іх, пакрыўджаныя, паехалі жыць у Польшчу.

Навакол Залеек былі шыкоўныя травяністыя лугі ды пашы. Пагэтаму мясцовыя жыхары стараліся больш разводзіць і гадаваць жывёлы: авечак, цялят, кароў. Карова ў гаспадарцы  заўсёды была карміліцай. На абедзенным стале заўсёды былі малако, масла, тварог, смятана, сыр. З гэтымі прадуктамі выжывалі ў галодныя гады  і ваенныя часы.

У Залейкі - па гісторыю

Аматары даўніны і скарбашукальнікі, паглядзеўшы ў інтэрнэце на старыя карты гістарычнай ускраіны Іўеўшчыны, імчацца на машынах у Залейкі, каб адшукаць  рарытэтныя  знаходкі на месцы былога маёнтка, які знаходзіўся за вёскай на правым беразе Гаўі, у маляўнічым месцы, сярод лугу, акружанага з аднаго боку рэчкай Гаўяй, з другога - руслам-старыцай, якое ператварылася ў затоку. Праехаць да маёнтка Гаўя-Пяскі калісьці можна было толькі праз драўляныя масты. Адзін  - з боку Залеек, другі - з боку Біскупцаў.

У кнізе польскай даследчыцы  Марыі Каламайскай - Саэд "Касцёлы і кляштары  рымска-каталіцкія даўняга ваяводства Віленскага", том 4, выдадзенай у Кракаве ў 2011 годзе, ёсць  гістарычныя звесткі аб тым, каму належаў  маёнтак Гаўя-Пяскі.

У 1444 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў маёнтак на беразе Гаўі  Пятрашку Мантыгерду - Навагрудскаму намесніку. З 1542 года ўласнасць перайшла ў рукі Яна Янавіча Забярэзінскага, маршалка Вялікага княства Літоўскага. З 1567 года - уласнасць Кішкаў. З 1654 па 1670 год уладальнікамі маёнтка з'яўляюцца Глебавічы, з 1685 года - Казімір Ян Сапега - віленскі ваявода. У 1711 годзе маёмасць набыў Міхаіл Казімір Косел - падскарбій літоўскі, які памёр у 1722 годзе. У 1782 годзе наступным  уладаром маёнтка  Гаўя - Пяскі стаў  Францішак Ксаверы Хамінскі, генерал-маёр войск літоўскіх. Пад канец ХУІІІ стагоддзя Гаўя - Пяскі належалі  Аляксандру Пацею, які ў 1819 годзе  прадаў іх Роху Брахоцкаму - Дабжынскаму стольніку.

Рох Брахоцкі быў уладальнікам не толькі маёнтка Гаўя, але і фальварка Морын. Ён актыўна падтрымаў лістападаўскае паўстанне 1830 -32 гадоў за незалежнасць Рэчы  Паспалітай (саюзнай дзяржавы Польшчы і ВКЛ), якая была канчаткова захоплена Расійскай імперыяй у 1795 годзе. Гэта падзея вядомая ў гісторыі як трэці падзел Рэчы Паспалітай. Роху ўдалося абараніць ад канфіскацыі маёнтак Гаўя-Пяскі  царскай  уладай, матывіруючы тым, што яго сын Уладзіслаў, як уладальнік маёнтка ў Залейках, быў яшчэ маладым і ў паўстанні не ўдзельнічаў. 

Маёнтак Гаўя-Пяскі быў вялікім аб'ектам. На рацэ Гаўі ад патоку вады прыводзіўся ў рух млын. Заможнае гаспадарства, жылы дом і парк  былі ўсім вядомыя  ў акрузе. На двары рос вінаграднік, што ў тыя часы і пры неспрыяльным клімаце было вялікай рэдкасцю.

На самой справе Уладзіслаў Брахоцкі (1810-1896), які на момант паўстання супраць царскага самадзяржаўя быў 20-гадовым юнаком і навучаўся ў Віленскім універсітэце, з'яўляўся актыўным удзельнікам паўстання і змагаром у шарэнзе легіёна Дамброўскага, якую ўзначальваў яго дзядзька  Валенты Брахоцкі. Пра смеласць і адвагу Валентага ведаў нават пісьменнік Адам Міцкевіч і ўспамінаў яго ў першай кнізе "Пан Тадэвуш". Паўстанцкі паход Брахоцкія закончылі ў Прусіі, але паўстанне пацярпела паражэнне. 

Пасля трохгадовага знаходжання за мяжой Уладзіслаў Брахоцкі вярнуўся на радзіму і быў прызначаны ўрадавай службай чыноўнікам па прыёме грамадзян пры Віленскім генерал-губернатары Далгарукаве, дзе адпрацаваў тры гады. Пазней ён пасяліўся ў маёнтку Гаўя-Пяскі Навагрудскага павета, цалкам аддаючы сябе працы на гаспадарцы і грамадскай дзейнасці.

Уладзіслаў сябраваў з графамі-братамі з Лагойска Канстанцінам і Яўстафіем Тышкевічамі. У 1842 годзе Канстанцін заснаваў у родным Лагойску першы ў Беларусі гістарычны музей. Па ініцыятыве Яўстафія  ў 1855 годзе быў створаны Віленскі музей  старажытнасцей. Пры ім дзейнічала археалагічная камісія, якая займалася зборам, даследаваннем і папулярызацыяй гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў.

На заклік Яўстафія Тышкевіча Уладзіслаў Брахоцкі 1 студзеня 1856 года стаў членам  Віленскай археалагічнай камісіі і не шкадаваў сродкаў для аказання матэрыяльнай дапамогі. 

З 1858 па 1863 год ён быў абраны апошнім маршалкам шляхты Навагрудскага ваяводства. На гэтай пасадзе з'яўляўся прыкладам у грамадска-палітычнай  рабоце. Адным з першых закрыў усе пітныя корчмы на ўласных землях. Быў ініцыятарам па запрашэнні віленскіх манашак для паслуг у навагрудскіх шпіталях.

У 1860 годзе і да закрыцця віленскім генерал-губернатарам Мураўёвым публічнай бібліятэкі ў Навагрудку, з'яўляўся яе ганаровым куратарам  і дабрачынцам. 

За актыўны ўдзел у арганізацыі паўстання 1863 года за незалежнасць Рэчы Паспалітай (Польшчы і ВКЛ), Уладзіслаў Брахоцкі быў арыштаваны і сасланы ў расійскі горад Пермь. Яго маёнтак Гаўя-Пяскі быў прымусова перададзены расійскаму генералу Сахараву. Сыны Сахарава запусцілі гаспадарку і давялі яе да поўнага разбурэння.

 Сядзіба Брахоцкіх “Гаўя-Пяскі”

У 1874 годзе Уладзіслаў вярнуўся з ссылкі ў маёнтак Вераскава Навагрудскага павета, які належаў яго жонцы Гелене з роду Дыбоўскіх. 

У час паўстання 1863 года Гелена Брахоцкая сумесна з мясцовымі жанчынамі стварыла ў вераскаўскім двары схованку для паўстанцаў і склад адзення і прадуктаў харчавання.

Яна дабравольна суправаджала мужа ў гады яго выгнання. Памерла Гелена Брахоцкая 20.05.1878 года, а яе мужа не стала 10.12.1896 года. Абодва яны былі  пахаваны ў сямейным склепе пры капліцы  ў Вераскаве. Падчас Другой сусветнай вайны капліца была спалена, а труны памёрлых разбітыя і абрабаваныя. Дзяцей у Брахоцкіх не было.

(Працяг будзе).

А. ІГЛІЦКІ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий