Язык:

Залейкі: назва вёскі - не выпадковая (працяг)

Главное

(Працяг. Пачатак у №11 за 11 лютага)

Жахлівыя наступствы вайны

У канцы верасня 1915 года, у выніку наступлення нямецкай арміі, амаль уся тэрыторыя Іўеўшчыны была акупіравана кайзераўскімі войскамі. Рухаючыся  ўздоўж Нёмана ў напрамку з Ліды на Іўе, акупанты не змаглі не прайсці  міма маёнтка Гаўя - Пяскі і Залеек, абмінуць два масты праз рэчку Гаўю і старыцу рэчкі. Тут завязаўся  бой з выкарыстаннем артылерыі, дзе і па сённяшні дзень відаць варонкі ад снарадаў. У наступленне ішлі палкі 85-й стралковай нямецкай дывізіі. 

Невядома, колькі цягнуўся бой з расійскай пяхотай, але па  фотаздымках нямецкіх салдат, якія захаваліся да нашага часу, відаць, што дом Брахоцкіх і млын на Гаўі  разбураны, на месцы бою ляжаць забітыя коні. Заняўшы тэрыторыю, немцы, як паўнапраўныя гаспадары, размясціліся ў Залейках. Пад 128-ы палявы  лазарэт яны занялі  шыкоўны і прасторны, відаць, купецкі, дом.  Тут лячыліся хворыя на малярыю нямецкія салдаты. 

Фотаздымкі, зробленыя  ў сакавіку 1916 года, наглядна паказваюць, як ваенныя аднаўляюць мост на Гаўі пасля паводкі, грузяць на воз глыбы лёду і вязуць на гаспадарчыя патрэбы.

Старажылы Залеек расказвалі калісьці малодшым, як падчас бою паміж нямецкімі і расійскімі салдатамі ў маёнтку былі разбураны вадзяны млын і спіртзавод. Спірт з прабітай цыстэрны трапіў у рэчку Гаўю, і паверхня вады была белай ад атручанай рыбы.

 

У былым маёнтку Брахоцкіх, дзе да вайны кіпела гаспадарчае жыццё, пасля разбурэння яно спынілася і больш не аднавілася. За выключэннем касцёла  і дома  людовага, якія цудам уцалелі і былі духоўнай апорай у паўсядзённым жыцці  вяскоўцаў яшчэ многія гады.

Сумны лёс касцёла Перамянення Панскага

У кнізе пра касцёлы і капліцы Віленшчыны ёсць небагатыя звесткі і пра касцёл  парафіяльны Перамянення Панскага ў Залейках. Раней тут стаяла толькі ўніяцкая каплічка, храм адносіўся да грэка-каталіцкіх. Напэўна, не выпадкова за жыхарамі Залеек нават у канцы ХХ стагоддзя яшчэ доўга хадзіла прыліплая мянушка "грэкі".

Рашэнне аб утварэнні ўніяцкай царквы было прынята на Брэсцкім царкоўным саборы ў 1596 годзе. Да канца ХУІІІ стагоддзя ўніяцкая царква мела на тэрыторыі  Беларусі больш за тысячу прыходаў, якія аб'ядноўвалі каля 70 працэнтаў усяго насельніцтва. Адпраўляць святую імшу ў залейкаўскую капліцу прыязджалі  ксяндзы-бернардынцы. Але пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагоддзя капліца ў Залейках перададзена праваслаўным. А ў 1925-1927 гадах яна была зноў вернута католікам.

У інвентарных кнігах Іўеўскага касцёла захаваліся звесткі аб колькасці двароў у Залейках у ХІХ стагоддзі: 1821 г. - 10, 1824г. - 11, 1828г. - 12, 1874г. - 12 двароў. 

Залейкаўская капліца доўгі час належала Іўеўскай парафіі. Але ўжо ў сярэдзіне 1920-х гадоў была ўтворана новая, Гаўеўская парафія, куды ўваходзілі Залейкі і навакольныя вёскі Іўеўшчыны і Лідчыны: Багнаполь, Бакуны, Бялундзі, Біскупцы, Баркі, Бурдукі, Бурносы, Хвасты, Чараўкі, Дакудава, Філонаўцы, Гаўя - Пяскі, Горкі, Каўкелі, Кір'янаўцы, Кармілкі, Лучкі, Мелёгава, Мікулічы, Місуры, Морын, Навасёлкі, Пятры, Сцеркава, Сяглы, Скаменны Бор, Малыя і Вялікія Сонтакі, Татарцы, Залейкі, Зблотня, а таксама маёнткі: Бердаўка, Дакудава, Філіпкі і Юльянаў. У 1931 годзе залейкаўскі прыход налічваў 1800 веруючых.

Пасля адкрыцця капліцы ў Залейках у 1925 годзе сюды прыехаў служыць ксяндзом Юзаф Козел. Ён правёў рамонтныя работы па пераўтварэнні драўлянай царквы ў касцёл. Была ўстаноўлена прыгожая вежа, а ўнутры храма - драўляны алтар. З правага боку  знаходзілася  малая закрыстыя, па левым боку - складзік для рытуальных прылад. На рэлі-гійныя святы каля касцёла праводзіліся фэсты, часта з працэсіямі. Шмат людзей       ішлі і ехалі ў такія дні і ў выхадныя да касцёла Перамянення Панскага. У касцёле стаяў арган, імша суправаджалася арганнай музыкай, якая абуджала ў сэрцах веруючых толькі станоўчыя эмоцыі і душэўнае заспакаенне. 

Арганіст касцёла разам з жонкай і дзецьмі жыў у пакоях пры доме людовым. Дом людовы стаяў недалёка ад касцёла. Пры Польшчы ён належаў мясцовай управе. Тут праходзілі сходы, канцэрты, вечарынкі для мясцовай моладзі.

Ксёндз Юзаф Козел жыў у вялікім доме, вакол якога рос сад. Пры доме працавалі служанкі і кухарка з Біскупцаў. Пры касцёле мелася зямля. Ксёндз наймаў на працу сейбітаў і жнеяў і за гэта плаціў ім.

У вольны час ён любіў сустракацца з моладдзю і дзецьмі, жартаваць з імі, цікавіўся народнымі звычаямі.

Пра залейкаўскага ксяндза Юзафа Козела захаваліся такія ўспаміны. Жыў у Залейках Ілья Асядач па мянушцы Ралец. Яго жонку звалі Агата. Ілья быў бязбожнікам. Ён не дазваляў сынам  Стасю і Франаку, дачцы Гені наведваць урокі набажэнства. Ксёндз і сказаў па гэтай прычыне яму: "Чаму ты, Асядач, не дазваляеш дзецям рэлігію вучыць?" А той у адказ ксяндзу: "Ты, святы ойча, дурыш дзецям мазгі сваёй рэлігіяй, а яшчэ хочаш і дарослым дурыць! Рэлігія твая - гэта, што жменю гразі кінуць на чыстую ваду і атрымаць муць. Вось такое тваё вучэнне…"

Прыходзіў Ілья Асядач пасядзець і пагаварыць у кузню да залейкаўскага каваля Браніслава Мацешы. Наведваўся туды і ксёндз. Падчас адной з сустрэч ксёндз і кажа: "Што, Ілья, сядзіш і нічога не робіш?".

Ілья на жарт адказаў яшчэ большай паддзеўкай: " Я то працую. Гэта ты, ойча, цэлыя вёскі ад працы адрываеш". І такія перабранкі між імі здараліся не аднойчы. Едзе Ілья пад вечар на кані, а ксёндз пытаецца: "Куды, Ілья, едзеш?". А той у адказ:" Еду глядзець, куды сонца заходзіць будзе".

Але ксяндзу Козелу хоць нечым, усё ж  ўдалося перамагчы бязбожніка Ілью. Ён заахвоціў яго меншага сына Франака прыслужваць пры касцёле. На імшу ў залейкаўскі храм часта прыязджала на кані ў брычцы морынская пані Алена Брахоцкая. Калі яна заходзіла ў касцёл, ксёндз  казаў Франаку: "Падай пані крэсла сесці". Ён падаваў, а пані за гэта давала хлопцу злоты. Пасля службы хлопец з радасцю бег у краму да яўрэя Брайны, купляў семечкі і частаваў дзяцей. Паступова так прывык да касцёла, што з ахвотай прыслужваў у час набажэнства ксяндзу, паверыў у Бога.

Ксёндз аказаўся хітрэйшым за селяніна Ілью і зрабіў усё магчымае, каб насуперак атэістычным поглядам бацькі адкрыць сыну дарогу да храма. Калі Франак стаў дарослым, ён паехаў жыць і працаваць у Францыю.

У 1939 годзе ў час наступлення Чырвонай Арміі ксёндз Юзаф Козел пакінуў парафію і знік у невядомым напрамку. Аднак у касцёл прыязджалі  святары з Ліды і Ліпнішак.

Пад канец 1941 года, або у пачатку 1942 года ў Залейкі прыбыў ксёндз-езуіт Альфонс Чыжэўскі, які адслужыў тут да 1947 года.

Старажылы вёскі з іскрынкай у вачах успамінаюць, як храм Божы ў ваенныя і пасляваенныя гады быў для іх месцам душэўнага заспакаення ў цяжкія часы.

Касцёл быў пакрыты бляхай і абнесены прыгожым драўляным плотам. Вакол пабудовы раслі язьмін і бэз. Побач з домам ксяндза (плябаніяй) рос вялікі сад, тут размяшчалася канюшня.

Служанкамі ў ксяндза служылі жfнчыны з Залеек: Марыя Конан, Юзэфа Конан, Эмілія Сантоцкая. Жыхары  навакольных вёсак збіраліся ў храм на нядзельныя набажэнствы, рэлігійныя святы і фэсты. Але нечакана, у 1947 годзе, ксёндз  Альфонс Чыжэўскі быў арыштаваны і сасланы ў лагер. Пасля вызвалення з лагера ён не вярнуўся ў Залейкі. Кажуць, пасля вяртання на волю ён раптоўна памёр, седзячы ў крэсле.

Сумны лёс напаткаў пасля гэтага і касцёл Перамянення Панскага. Паўплывалі часы ваяўнічага атэізму. Новы ксёндз у Залейкі не прыехаў, і касцёл стаяў адзінока, усімі забыты. Хтосьці пабіў вокны, і дзеці лазілі ў памяшканне праз адчыненыя аконныя рамы, гулялі там у хованкі. У касцёле у той час яшчэ віселі прыгожыя іконы, тканыя ручнікі, але іх ніхто не чапаў. А потым куды ўсё падзелася - невядома. Зніклі нават званы са званіц.

Старажылы памятаюць, як у 1960 годзе прыехала брыгада з Іўя. Будаўнікі разабралі касцёл, пагрузілі бярвенні на машыны і павезлі ў райцэнтр. У хуткім часе з бярвенняў вырас дом на вуліцы Энгельса ў раёне былой Іўеўскай бальніцы. У гэтым доме пражываў намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Іван Васільевіч Мілюкоў.

Жылі мірна, але пачалася вайна

Залейкі з'яўляліся месцам бойкім, спрыяльным ва ўсе часы для рамяства і гандлю. Гасцінец, які злучаў Іўе з Лідай нёманскім шляхам, праходзіў праз вёску. Тут каля маста пасяліліся яшчэ ў часы Расійскай імперыі яўрэі. Яны былі адмысловымі кавалямі і рамеснікамі розных спецыяльнасцей, гандлярамі. Жылі сваёй невялікай абшчынай (5-6  сямей).

Хто б ні ехаў праз мост да касцёла  або ў Біскупцы, заўсёды наведваў  яўрэйскія крамы, дзе можна было купіць гарэлку, піва, запалкі, тытунь, цукеркі, пячэнне, соду, селядзец, керасін…  Коней і крамы мелі багатыя яўрэі. Бедны яўрэй меў толькі крамку (торбу на плячах). Насіў па вёсках і прадаваў ніткі, іголкі, запалкі, тытунь. Тытунь быў сартоў "бальзам" і "бесараб" і карыстаўся попытам у курыльшчыкаў.

Залейкаўскі яўрэй Абрэм быў бедны, бо гандлем не займаўся, жыў з рольніцтва (земляробства). У гаспадарцы меў каня, карову і трошкі зямлі. 

І сёння памятаюць мясцовыя старажылы жыхарак Залеек Басю, Брайну і Мушку. Адна з іх была выдатнай партніхай, мела швейную машынку і шыла любую рэч пад заказ. Мела краму з разнастайным асартыментам тавараў сям'я Краўцовых.

Але найбольш багатым у Залейках быў купец Партны. Акрамя крамы ён меў прыбытак ад гандлю лесам. Меў дом у Залейках і багаты асабняк у Лідзе.

Пасля акупацыi тэрыторыі Беларусі, фашысты пачалі знішчаць яўрэйскае насельніцтва. Каб захаваць жыццё, Партному патрэбна было разам з сям'ёй ісці ў партызанскі атрад. Але ён сам пайшоў туды, дзе знаходзіліся яго супляменнікі - за калючы дрот у Лідскае гета і больш адтуль не вярнуўся. Пасля вайны не вярнуліся ў Залейкі і сем'і іншых яўрэеў - загінулі ў ямах ад куль фашыстаў, згарэлі ў крэматорыях лагераў смерці…

У час нямецкай акупацыі партызаны спалілі два драўляныя масты каля Залеек і дом людовы за рэчкай, каб нямецкім захопнікам не вальготна было ездзіць па вёсках. З'яўляліся  немцы ў Залейках рэдка, раз у тры-чатыры месяцы. Днём рабілі аблавы, каб злавіць партызанаў, а заадно рабавалі людзей, забіралі свіней.

Залейкі былі зонай  партызанскага дзеяння атрада "Балтыец", якім камандаваў Іван Аляксандравіч Пралыгін. " Балтыйцы"не рабавалі жыхароў, але  трымалі сувязь з жыхарамі праз вясковага старасту і давалі заданне, колькі сабраць прадуктаў харчавання ў атрад. У прызначаны час ехалі па вёсцы на кані і збіралі ў воз хлеб і іншыя прадукты. "Балтыйцы" сваю зону не крыўдзілі. Іншыя дзейнічалі нахабна. Калі набягалі ў вёску партызаны з  атрадаў "Іскра" ці імя Сталіна, то  хапалі ўсё ад людзей, не шкадуючы. Пасля такіх набегаў жыхары скардзіліся "балтыйцам". І яны ў знак помсты набягалі на "зоны" тых атрадаў, каб засвоілі навуку: на чужы каравай рот  не раскрывай!

На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся  жыхары Залеек: Іван Паўлавіч Ганіберзін, Міхаіл Мікалаевіч Ліхарад, Мікалай Юльянавіч Асядач,  Антон Канстанцінавіч Ціхон, Ілья Леонавіч Урбановіч. Яны вярнуліся дамоў жывыя.

Загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі  захопнікамі  жыхары вёскі Залеек: Вікенцій Мікалаевіч Ліхарад, 1922-1944 гг.; Міхаіл Іванавіч Ліхарад, 1925 - 1945гг.; Пётр Пятровіч Ліхарад, 1923 - 1945 гг.; Міхаіл Мікалаевіч Ціхон, 1916 - 1945гг.

А. ІГЛІЦКІ.

(Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.