Язык:

Рэгіён. У аб’ектыве - Іўеўскі сельсавет

Главное

Будні мясцовай улады

З акна кабінета праблем не ўбачыш

Са старшынёй Іўеўскага сельвыканкама Таісіяй Валянцінаўнай Лось немагчыма сустрэцца ў рабочым кабінеце. "З акна кабінета праблем не ўбачыш", - зазначае яна. У летні перыяд вельмі шмат пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага рашэння і асабістага ўдзелу кіраўніка мясцовай улады. Гэта і добраўпарадкаванне тэрыторыі, і навядзенне санітарнага парадку ў населеных пунктах,  і ліквідацыя стыхійных звалак. А таксама - работа па зваротах грамадзян, г. зн. вырашэнне пытанняў забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці людзей. Бо паляпшэнне якасці жыцця сельскага насельніцтва - гэта клопат мясцовай улады нумар адзін.

Зрэшты, Іўеўскі сельсавет - гэта  50 населеных пунктаў, 2247 жыхароў і 1155 гаспадарак. Самыя шматнаселеныя - гэта аграгарадкі Дайліды і Морына, дзе адпаведна зарэгістравана 323 і 289 чалавек. Далей, у парадку ўбывання насельніцтва ідуць Ганчары (131), Красоўшчына (121), Лукашына (120), Старчаняты (113).

Т. Лось дзеліцца сваімі надзённымі праблемамі, якія хоць і з немалымі намаганнямі, аднак паступова крануліся с мёртвай кропкі. Гэта, напрыклад, праблема пустуючых і старых дамоў. Напрыклад, толькі ў бягучым годзе было знесена 10 такіх пабудоў, а зямля перададзена ў сельгасабарот. На пахаванне фундаметаў пасля зносу пустуючых дамоў сельвыканкам штогод затрачвае прыкладна 3 тыс. руб.

Дзякуючы Указу Прэзідэнта рэспублікі Беларусь № 357 "Аб пустуючых і старых дамах", падкрэслівае старшыня, у сельвыканкама з'явілася магчымасць папоўніць свой бюджэт за кошт продажу такого жылля, а таксама - прыцягнення да адказнасці і штрафавання нядбайных гаспадароў, не жадаючых утрымліваць у парадку дом і прылягаючую тэрыторыю. Ужо адзін такі дом прададзены, рыхтуецца да продажу наступны.

-Яшчэ адна балючая праблема, - расказвае кіраўнік мясцовай улады, - несанкцыянаваныя звалкі. Толькі 57 працэнтаў насельніцтва сельсавета ахоплена зборам смецця, якім займаецца Іўеўскі РУП ЖКГ. Без гэтай паслугі засталіся жыхары маланаселеных пунктаў. Гэта параджае стыхійныя звалкі ў лясах, на прыдарожных стужках, на палях сельгасугоддзяў, на прыпыначных пунктах. Узнікаюць таксама праблемы с вывазам буйнагабарытных адходаў і будаўнічага смецця. 

Аднак, упэўнена суразмоўца, праблемы павінны вырашацца. Бо па сваім вялікім вопыце старшынства ведае, што з цягам часу ўсе балючыя пытанні знікаюць.  Ці з удасканаленнем заканадаўства, ці знойдзеным альтэрнатыўным шляхам.

Таісія Валянцінаўна расказвае, што апошнім часам актывізавалася работа па навядзенні парадка на грамадзянскіх могілках, якіх на тэрыторыі сельсавета 9.  У цяперашні час вядзецца уборка аварыйных дрэваў на могілках в. Дуды, дзе ліквідавана 24 дрэвы. Яшчэ 26 будзе спілавана ў бліжэйшы час.

Вяртаючыся да праблемаў, кіраўнік мясцовай улады зазначае, што намеціўся станоўчы зрух па пытанні з гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва маланаселеных пунктаў, якое ажыццяўляюць аўталаўкі спажывецкай кааперацыі. З боку пакупнікоў былі нараканні на недастаткова шырокі асартыментны пералік тавараў, нізкую якасць, а самае галоўнае - парушэнне графіка прыбыцця аўтамагазінаў у вёскі. Просьбы і заўвагі вяскоўцаў не засталіся без увагі мясцовай улады. Дзякуючы наладжванню кантактаў з сельвыканкама вышэйстаячым кіраўніцтвам спажыўкааперацыі,  яны пачалі адступаць.

Вялікі участак работы мясцовай улады прысвечаны рабоце са зваротамі грамадзян. Толькі за шэсць месяцаў бягучага года ў сельвыканкам з рознымі пытаннямі звярнуліся 22 жыхары. Большасць іх тычыцца спілавання аварыйных дрэў, грэйдзіравання дарог, работа аўтамагазінаў і інш.

Не ў характары старшыні Іўеўскага сельвыканкама Таісіі Валянцінаўны Лось шукаць апраўданні для праблемных пытанняў. Пад ляжачы камень і вада не цячэ, упэўнена кіраўнік мясцовай улады. І па-дзелавому, энергічна і настойліва бярэцца за любую справу.

У любой  прафесіі і  на пасадзе чалавечы фактар - гэта галоўная складаючая поспеху. Пагэтаму асабістыя якасці, як бы не сцвярджалі сучасныя псіхолагі, усё ж выходзяць на першы план. Асабліва, у кіраўніцкай работе, якая патрабуе надзвычайнай адказнасці і сур'ёзнасці, а яшчэ, упэўнена старшыня, умення мець зносіны з людзьмі. Бывае, і добрага слова дастаткова.

Сям'Я

Водар шчасця

Чым пахне шчасце? У кожнага, вядома, сваё адчуванне. У большасці, мне так здаецца, гэта водар вялікага духмянага пірага, свежапрыгатаванай гарбаты і дзіцячага смеху. Шчасце пахне сям'ёй. Інакш страціўся б сэнс гэтага створанага Богам аб'яднання мужчыны і жанчыны. 

Шчасце сям'і - гэта велізарная праца і немалыя намаганні. Не трэба мець спецыяльнай адукацыі, каб зразумець: будаўніцтва любога дома пачынаецца з падмурка. Сямейнае шчасце таксама мае свой падмурак - гэта, вядома ж, каханне. Можна паспрабаваць стварыць сям'ю, заснаваную на цікавасці, сімпатыі або страсці, але вялікая верагоднасць, што яна вельмі хутка разваліцца ад першых жа жыццёвых цяжкасцяў, падобна таму, як картачны домік бурыцца ад подыху ветру. 

Напэўна, кожная жанчына хоча знайсці рэцэпт сямейнага шчасця. Аднак  ніякіх сакрэтаў тут няма, лічыць Вольга Ашэйчык, жыхарка аг. Дайліды. Сямейнае шчасце, на яе думку - гэта каханне, павага і давер. 

Яе шлях да сямейнага шчасця пачаўся трынаццаць гадоў назад. Менавіта тады Вольга сустрэла свайго суджанага, з якім упэўнена крочыць па жыцці. Яна працавала ў магазіне "Пралеска" г. Іўе, дзе адзін з пакупнікоў  звярнуў пільную увагу на маладую прыгожую гандлярку - рамантычная гісторыя кахання перарасла ў сур'ёзныя адносіны і жаданне не разлучацца больш ніколі.

У Вольгі і Івана з'явілася дачка, якую назвалі прыгожым іменем Эвеліна. Праз чатыры гады яшчэ адна - Арына. І на гэтым бацькі збіраліся паставіць кропку. Але, як кажуць, хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. 

У жыцці нашай гераіні адбылася вялікая страта - не стала яе бацькі. Вольга вельмі балюча перажывала смерць блізкага чалавека. І амаль у першыя цяжкія дні болю і тугі адчула, што цяжарная. Успамінае, што гэта навіна застала яе знянацку. Сумненні  разрывалі душу на часткі. Думкі перамяшаліся і не давалі спакою. Падтрымалі муж і маці, якія дапамаглі жанчыне справіцца з сітуацыяй і павярнуць жыццё ў клопат пра дзяўчынак і  зберажэнню цяжарнасці. Усе ўльтрагукавыя даследаванні паказавалі, што будзе дзяўчынка. А Вольга чамусьці не давярала ім.

-Мне здавалася, што народзіцца хлопчык, - расказвае яна. - Зрэшты, так і атрымалася. Мы вельмі абрадаваліся, дзве дзяўчынкі ў нас ужо ёсць, хацелася разбавіць жаночае царства.

І гэтым разбавіцелем стаў Архіп. Яму цяпер два з паловай гады, і гэта ўсеагульны любімчык. 

Старэйшай дачцы Ашэйчыкаў - Эвеліне - дзесяць гадоў.  У верасні пойдзе ў пяты клас гімназіі №1 г. Іўе. Адказная, старанная, творчая дзяўчынка была старастай класа. Бацькі вельмі ганарацца яе поспехамі і сур'ёзнымі адносінамі да вучобы і жыцця.

Арына, якая толькі рыхтуецца стаць школьніцай, уразіла карэспандэнтаў сваёй непасрэднасцю і смеласцю. Аказалася, што яна ў сваім узросце паказвае добрыя вынікі ў спорце.

-Разуменне жыцця прыходзіць з нараджэннем дзяцей, - дзеліцца сваімі думкамі шматдзетная маці. - Ты адчуваеш, што ў адказе за маленькага чалавека і па-іншаму ставішся да жыццёвых абставін. Цяпер я шмат што разумею дзякуючы сваім дзецям. Яны дапамаглі паглядзець на свет іншымі вачыма, праз прызму мацярынства.

Вольга з замілаваннем расказвае, якім ёй бачыцца будучае дзяцей, як марыць, што яны вырастуць адукаванымі, годнымі людзьмі, набудуць добрыя прафесіі, будуць мець моцныя сем'і. 

Шматдзетная сям'я неўзабаве атрымае ключы ад кватэры ў г. Іўе. Аднак пераязджаць у райцэнтр Ашэйчыкі не спяшаюцца. Таму што і прыжыліся ў Дайлідах, і таму, што не хочуць пакідаць  маці Вольгі, якая патрабуе падтрымкі дачкі і вельмі прывыкла да ўнукаў.

У вольны час, які ў шматдзетнай маці вельмі рэдка бывае, Вольга займаецца добраўпарадкаваннем двара. Вельмі любіць упрыгожваць яго кветкамі, рознымі кампазіцыямі. А вось арэлі, пясочніца -  гэта справа бацькі, які хоць не так часта, як хацелася б, бывае дома (працуе вадзіцелем фуры), аднак дзіцячыя просьбы ў яго на першым плане.

Дык чым пахне шчасце? - пытаюся ў чарговы раз сама ў сябе па дарозе з Дайлідаў. І ўжо не сумняваюся, што дзіцячым смехам, духмянай маннай кашай, сонечным  букетам дзьмухаўцоў і цёплымі прызнаннямі ў любові.

Вяртанне да вытокаў

 уДАЧА 

Як мы марым хутчэй вырасці! Вырвацца з-пад пільнай апекі бацькоў, стаць самастойнымі, паехаць у вялікі горад, скарыць яго сваім талентам і прыгажосцю!  Так здарылася і з Тамарай Аляксандраўнай Жынко, цяпер жыхаркай горада Мінска, ураджэнкай аг. Морына.  Яна, ледзь скончыўшы 8 класаў мясцовай школы, з'ехала спачатку ў Ліду, а затым - у Мінск. 

Жыццё складалася ўдала - праца, сям'я, сын. У клопатах, выгодах гарадскога жыцця - камфорце, напоўненым рознага роду магчымасцямі , нават і думаць не хацелася аб тым, што дзесьці там за 140 кіламетраў ёсць родная вёска, якая здавалася тады нейкім неперспектыўным і Богам забытым краем. Жанчына прыязджала толькі адведаць бацькоў і тут жа спяшалася ў сваю любімую кватэру, дзе яна адчувала сябе гарадскім жыхаром, як кажуць, да кончыкаў пальцаў.

Разам з мужам Мікалаем Аляксандравічам, які працуе ў ліцейным цэху Мінскага трактарнага завода, яны набылі яшчэ адну кватэру ў сталіцы - паклапаціліся пра будучае сына. 

-Вось так і жылі, - расказвае Тамара Аляксандраўна. - А потым, як камень стаў у горле, з'явілася такая шчымлівая туга па малой радзіме, па гэтай вёсачцы, з якой калісьці захацелася хутчэй збегчы.

Аднак шляхі ў Морына былі закрыты. Хата бацькоў прададзена. Добра, што стрыечны брат, які бацькоўскі дом выкарыстоўвае пад дачу, на выхадныя дні прымаў сям'ю сястры. Яны там былі гасцямі, аднак душа радавалася і гэтай абставіне…

Хто не ведае аграгарадок Морына з яго надзвычай маляўнічымі краявідамі і працякаючай ўздоўж ракой Нёман?  Яго даўно ўжо аблюбавалі сталічныя жыхары, якія з задавальненнем набывалі тут пустуючыя дамы і за некалькі гадоў пераўтварылі іх у прыгожыя добраўпарадкаваныя сядзібы. Знайшлося, куды  прыкласці руку. Многія, правёўшы тут выхадныя дні, ужо не мараць пра турэцкі бераг ці егіпетскае сонца. А проста адказваюць: "у нас Морына ёсць". Тут можна сумясціць прыемнае с карысным: і адпачыць, і папрацаваць, калі душа жадае. Між іншым, такіх дамоў, якія выкарыстоўваюцца як дачы, у аграгарадку больш 50 працэнтаў.

Мы праязджаем па вуліцы Цэнтральнай і душа радуецца - сучасныя дамы, прыгожыя агароджы, а кветнікі! Славарнага запасу не хопіць, каб апісаць убачанае. Старшыня сельвыканкама Таісія Валянцінаўна Лось адзначае, што дзякуючы дачнікам аграгарадок набыў другое жыццё. Пустуючыя і недагледжаныя дамы адсутнічаюць. Усюды парадак і чысціня. 

Размову пра "морынскі курорт" працягваем з Тамарай Аляксандраўнай Жынко, якая з задавальненнем расказвае пра сваю дачу. Гэты невялікі дом яна лічыць сапраўднай удачай і, не хаваючы радасці, дзеліцца сваімі разважаннямі.

-Нам так пашанцавала, што трапіўся менавіта гэты дом, - гаворыць жанчына. - Мы лічым яго сапраўднай знаходкай, таму што знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага, таму што ў добрым стане нам дастаўся.

Пяць год таму назад сям'я набыла дачу, і ўжо многае што змянілася за гэты час. І вонкавы выгляд, і ўнутраны стан пакояў, і агароджа, і двор. Тамара Аляксандраўна аказалася выдатным кветкаводам. Хаця раней за сабой такога не заўважала. А яшчэ палюбіла агароднічаць. Муж займаецца рамонтнымі работамі. У бліжэйшай будучыні плануюць пабудаваць лазню.

Вольныя хвіліны, якія дачнікі знаходзяць у сваім напружаным графіку, яны стараюцца правесці на ўлонні прыроды. Хадзіць далёка не трэба - адразу за гаспадарчымі пабудовамі пачынаецца луг, затым старыцы і лес, прайсці ўлева - Нёман. Прыгажосць - вачэй не адарваць! А што больш патрэбна чалавеку, які ў жыцці спраўдзіў усе свае мары, дабіўся жаданых вынікаў?! Толькі прытуліцца да роднай зямлі, дыхаць з ёй ва ўнісон і аддзячыць за яе шчырасць і гасціннасць вялікай любоўю.

Жыхары адной вёскі

Сяброўкі

Паняцце сяброўства апошнім часам змяняе сваё значэнне. Уклад у гэту справу ўнёс Інтэрнэт з яго сацыяльнымі сеткамі. З'явіліся віртуальныя сябры, якія, на мой погляд, не маюць нічога агульнага з сапраўднымі. Зносіны анлайн з незнаёмым чалавекам, які выдае сябе за сябра ці аднадумца, гэта як есці варэнне без цукру.  Мне так здаецца. Аднак, упэўнена, нішто не здольна замяніць чалавеку цеплыню душы, адчуванне побач яго надзейнага пляча ці проста чуллівага погляду ў патрэбную хвіліну. 

Сяброўства правяраецца часам. Гэта даказалі гераіні майго аповеду, жыхаркі незвычайнай вёсачкі Ніўка, якая размясцілася ў кіламетры ад вёскі Лукашына Іўеўскага сельсавета, Рэгіна Зыгмунтаўна Ракець і Яніна Ануфрыеўна Дзядуль. Афіцыйна, па дакументах, такой вёскі ўжо наугол не існуе, яе жыхары лічыцца лукашынцамі. Аднак па старой звычцы іх населены пункт называюць Ніўка, ды і пацвярджэннем таму служыць адпаведная шыльда.

… На бетонным электрычным слупе клякоча бусел. Ён з нагі на нагу пераступае і спявае сваю дзіўную песню. 

- Бачыш, хвалюецца, - гаворыць Рэгіна Зыгмунтаўна. -Новыя людзі з'явіліся ў нашай вёсцы. Баіцца, каб гняздо не разабралі. Бо такі выпадак ўжо быў. Прыехалі электрыкі рамантаваць штосьці і раскідалі гняздо. Казалі, што нельга, каб птушкі вяліся на слупах. Аднак гэта рашэнне спецыялістаў аніяк не паўплывала на планы буслоў адносна свайго месцазнаходжання. Электрыкі паехалі,  а яны зноў пачалі уладкоўваць сваё жытло. Можа таму і малых не паспелі высядзець?

Вядома, буслы, якія лічацца птушкамі лёсу, веснікамі шчасця і дабрабыту, выбіраюць сваё жыццё побач з добрымі, шчырымі, гасціннымі людзьмі. А што такімі з'яўляюцца нашы субяседніцы, я ніколькі не сумняваюся. Ды і ўсіх жыхароў Ніўкі можна назваць сябрамі - шэсць хатаў і дзевяць чалавек- як не сябраваць, здзіўляюцца жанчыны?! 

- Мы адзін аднаго ведаем усё жыццё, - паведамляе Р. Ракець. - Кожнага лёс - як на далоні. Стараемся трымацца разам, дапамагаць адзін аднаму, выручаць у складанай сітуацыі. І, вядома, радуемся, калі прыходзіць прыемная навіна.

Рэгіна Зыгмунтаўна з жартам успамінае, як яна аказалася ў маленькай вёсачцы, пасля якой дарога заканчваецца. Далей -  неабсяжныя лугі і  дрымучыя лясы.

Між іншым, яе лёс - гэта лёс амаль кожнага мясцовага жыхара як пад капірку. Воддаль Лукашына выявілі месцараджэнне торфу, будавалі торфабрыкетны завод, патрэбны былі рабочыя рукі. Маладыя хлопцы і дзяўчаты былі яго работнікамі. Сямейным парам непадалёк ад прадпрыемства выдзелілі зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва дамоў. І яны будаваліся, жылі і працавалі, бадай, на месцы. А калі месцараджэнне торфу вычарпалася, завод зачынілі. Гэта было прыкладна 35 гадоў таму назад. Аб ім цяпер нагадвае толькі будынак, які хаваецца ў зелені дрэў.

Працаздольнаму насельніцтву прыйшлося шукаць далейшы спосаб заробку. Рэгіна Зыгмунтаўна пайшла, напрыклад, працаваць загадчыцай Лукашынскага клуба.

- Во быў час! Я артысткай была! - з усмешкай акунаецца жанчына ва ўспаміны. - Песні спявалі, па вёсках з канцэртамі ездзілі.

Цяпер галоўны занятак у жанчыны -  клопат пра мужа, які мае інваліднасць па зроку. 

У двары Рэгіны Зыгмунтаўны адмысловы парадак і чысціня. Вакол кветкі і дэкаратыўныя кустарнікі, у агародзе - бульба і іншая агародніна. Клапаціцца пра гаспадарку дапамагаюць дзеці і ўнукі, якія жывуць у Лідзе і часта наведваюць сваіх бацькоў.

- Без працы сядзець нельга, - разважае жанчына. - Праца - яна лечыць, падтрымлівае жаданне жыць. Бо толькі сеў - і ўсё скончылася.

Сяброўка Рэгіны Зыгмунтаўны Яніна Ануфрыеўна Дзядуль, чый дом у некалькіх метрах, трапіла ў Ніўку па жаданні мужа. Калісьці яна пасля заканчэння педвучылішча была накіравана на працу ў Лукашынскую школу. Працавала настаўніцай пачатковых класаў. А калі выйшла замуж за мясцовага жыхара, вырашылі будаваць дом. Муж выбраў участак менавіта ў Ніўках. Як жартуе жанчына, у вёсцы-тупіку, у сэнсе, што далей за населеным пунктам няма дарогі. Аднак усё сваё жыццё яна пражыла тут і на лёс не скардзіцца.

Пасля таго, як школа зачынілася, дваццаць гадоў працавала начальнікам паштовага аддзялення.

Жыццё прайшло ў клопатах пра дзяцей, гаспадарчых работах. Разам з мужам выхавалі трое дзяцей. Дваццаць гадоў назад жанчына стала ўдавой. Аднак яшчэ большая трагедыя здарылася, калі на працоўным месцы загінуў  сын. Вялікі боль, які носіць ў сабе жанчына, які не пакідае яе ні на хвіліну, падарваў здароўе. Аднак сямёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў прыдаюць надзею і жаданне жыць. Таму Яніна Ануфрыеўна трымаецца з усіх сіл. Разумее важкасць сваёй асобы ў жыцці нашчадкаў.

- Мы збяромся ўсёй вёскай каля Крыжа, - расказвае субяседніца. - Усе праблемы мясцовыя абгаворым, падзелімся сваімі навінамі, тым, што паглядзім па тэлевізары, і неяк лягчэй становіцца на душы. Разумееш, што вакол цябе жывуць неабыякавыя людзі, якія за ўсё жыццё сталі амаль роднымі. 

…Па дарозе дамоў я яшчэ доўга думала пра жыхароў Ніўкі. Аб іх шчырасці і адкрытасці, аб сапраўдным сяброўстве і даверлівасці - тых якасцях,  якія мы ў сваіх паўсядзённых і такіх, на наш погляд, важных справах растрацілі. На першы план выйшла штосьці штучнае, несапраўднае, ну, напрыклад, віртуальныя сябры… Патрэбен чалавеку чалавек!

Рэгіён наведала І. БУТУРЛЯ. Фота аўтара, С. ЗЯНКЕВІЧА і з сямейнага архіву В. Ашэйчык.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.