Язык:

Юрацішкам 500 гадоў! Падзеі, людзі, лёсы...

Главное

Юрацішкі…Зямля маіх бацькоў,

Ты славай мужных продкаў апавіта.

Гучыць іх голас з глыбіні  вякоў, 

Нашчадкамі не будзе ён забыты.

Легенды сведчаць, як пад звон мячоў

Пасёлак мой стаў месцам бітваў ратных,

Як баранілі гонар і любоў

Княгіні ўладарнае Юраты.

Міналі дні, гады…Ва ўсе часы

Зямля мая, ты талентам дзівіла,

Майстрамі цудадзейнае красы

Праславіла ты імя Раддзівіла.

А колькі незабыўных болю, ран

Бацькоўскі край у сабе хавае, тоіць!

На абеліску зорка ў ноч і ў рань,

Не гасне ліхалеццяў боль і споведзь.

Твой гонар, славу зберагу тваю

І перадам наступным пакаленням.

Цябе люблю, адной табе пяю, 

Зямля мая бацькоў, мой край, маё сумленне.

А. ДУНІЧ, выпускніца Юрацішкаўскай СШ.

 

‘Юрацішкі сёння - гэта КСУП "Юрацішкі", Юрацішкаўскае лясніцтва,  аддзяленне Беларусбанка, Гродзенская міжраённая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў "Вымпел", ТАА "Дэльтакамерс", ТАА "ІВЮ", ТАА "Цехнагранэкспа", ТАА "Юраттэхбуд", ДОЦ Іўеўскага лясгаса, Іўеўскі вытворчы ўчастак "Лідахлебапрадукт", чыгуначная станцыя "Юрацішкі",  прарабскі ўчастак №2 (дарожна-рамонтнае падраздзяленне ДРБУ-156). Гандлёвыя паслугі насельніцтву пасёлка і сельсавета аказваюць магазіны філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і 6 прыватных крамаў. Бытавыя паслугі, як і па ўсім раёне, перайшлі  ў рукі індывідуальных прадпрымальнікаў. 

Дзяцей выхоўвае і дае базавую і сярэднюю адукацыю Юрацішкаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа.

Культурная сфера заўжды прадстаўлена самымі таленавітымі, самымі творчымі. Паспяхова дзейнічаюць аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы,  пасялковая філіял-бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў.

На ахове здароўя насельніцтва рэгіёна стаяць кваліфікаваныя медыкі сучаснай бальніцы.

Пра сённяшні дзень расказаў  нам гаспадар пасёлка, старшыня Юрацішкаўскага  сельвыканкама Сяргей Кірылавіч Казановіч. Не хачу сказаць, што хтосьці з яго калег-старшынь па-іншаму ставіцца да ўсяго, чым жыве і чым занепакоены рэгіён. Аднак, адразу ж пазнаеш сярод іх таго, хто каранямі з  тых месц.  Ім ёсць з чым параўноўваць, чым ганарыцца і чаго, што адышло ў небыццё, шкадаваць. Роднае ж, з маленства ў вачах і сэрцы.

 

Кінуць вокам у сівую даўніну

Без гісторыі няма сучаснасці. …Вось мы і вырашылі кінуць вокам у тую сівую даўніну, імкнучыся  праз пяць стагоддзяў пабачыць вытокі, што далі пачатак дню сённяшняму. 

Юрацішкі вядомы с пачатку XVI стагоддзя, як прыватнае ўладанне магнатаў Гаштольдаў, якое перайшло ім у якасці пасагу ад князей Гальшанскіх. Мелі Юрацішкі статус мястэчка. 

Каля 1520 года будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд пабудаваў у Юрацішках Мікалаеўскую царкву. Канешне ж, храм будаваўся не ў чыстым полі. Мелася тут пасяленне. І, безумоўна,немалое, бо настала неабходнасць будаўніцтва храма. Мяркуюць асобныя навукоўцы, што паселішча існавала яшчэ з XIII-XV стагоддзяў.

Як ні дзіўна зараз гэта ўяўляць, аднак вядомыя сусветныя падзеі закранулі сваім крылом і гэты невялікі пасёлак. Так, напрыклад, улетку 1655 года падчас вайны Расіі з  Рэччу Паспалітай Юрацішкі былі захоплены і спалены ўкраінскімі  казакамі.

Не абмінула Юрацішкі і доўгая Паўночная вайна 1700-1721 гадоў. З 1704 года ў ВЛК аказалася 6-тысячнае войска  Расіі, якое ўтрымлівалася за кошт мясцовых сялян, а затым у 1706 годзе поўдзень і захад Беларусі захапілі войскі Швецыі.У 1708 годзе  шведы на чале з каралём Карлам ХІІ спалілі Гродна, Ліду, Іўе, Юрацішкі і іншыя гарады і мястэчкі. Ходзіць легенда, што ў спаленых Юрацішках застаўся толькі храм, у якім ворагі наладзілі канюшні. А ўранку ўсе яны прачнуліся сляпымі. Бог пакараў іх за зняважанне царквы…

Ёсць розныя меркаванні адносна часу ўтварэння пасёлка. Аднак яго першае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах усё ж звязана менавіта са з'яўленнем праваслаўнага храма. У маі  бягучага года наша газета прысвяціла храму Свяціцеля Мікалая  Цудатворцы ў Юрацішках  змястоўныя нататкі, і мы не будзем паўтарацца. Скажам толькі тое, што людзі і пасёлак раслі разам з гэтым храмам, які не быў закрыты нават у савецкія часы. 

Выхоўвае католікаў мясцовы касцёл, які быў заснаваны на ўласныя сродкі зноў жа канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам ў 1532 годзе.

У канцы XVIII стагоддзя Юрацішкі перайшлі роду Радкевічаў, якія валодалі імі да 1939 года. Згодна пісьмовых крыніц, гісторыя роду пачала запісвацца ў ХІУ стагоддзі. Радкевічы мелі герб Побуг. 

Уладанні роду былі раскіданы ў Жмудзі, Літве, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губерніях. 

Гедымін Проспер Радкевич  валодаў маёнткамі Юрацішкі, Такарышкі і Ільянава, а таксама шэрагам вёсак, камяніцамі ў Вільні і шэрагам вёсак і фальваркаў былога Ашмянскага павета. Гэта быў вельмі адукаваны, шляхетны чалавек, а таксама таленавіты кампазітар, творы якога ў нотах і запісах музыкі на сучасных носьбітах захаваліся да нашага часу.

Радавое гняздо Радкевічаў захавалася ў Юрацішках. Гэта менавіта той дом, які мясцовы люд чамусьці назваў у свой час рэйхстагам. Можа таму, што будыніна прыкметная, вялікая.  І там размешчаны некалькі кватэр.   

Пра гэта асабліва не задумваліся да тае пары, пакуль не  пачалі прыязджаць сюды нашчадкі Радкевічаў, каб яшчэ раз пастаяць на зямлі ля роднага дома, каб зайсці і памаліцца ў пакоі пані Веранікі, каб убраць родныя пагосты, раскіданыя па могілках раёна і пагутарыць з людзьмі, якія іх сардэчна прымаюць у гэтым доме. Так, так. Жывыя  нашчадкі паноў Радкевічаў. З адным з іх, стаматолагам з Варшавы панам Вітальдам Іванчэўскім, аўтар мела гонар пагутарыць. На жаль, той гутаркі было мала, каб напісаць пра род Радкевічаў. Ці, правільней будзе сказаць, інфармацыі малавата.  А такая публікацыя патрабуе гістарычнай адказнасці і канкрэтных ведаў. Ды можа прыйдзе час, і  мы разам гэты недахоп у краязнаўстве раёна выправім. Маецца пераклад радаводу, які, магчыма, будзе надрукаваны.

Падчас нашай гутаркі пан Вітольд успомніў, як дзядуля на іх пытанне: "Хто мы? Татары? Палякі? Беларусы?, з гонарам адказаў: "Мы-ліцьвіны".

А прымаюць  польскіх гасцей, шаноўных тых ліцьвінаў, якія раз-пораз прыязджаюць у сваё радавое гняздо, гаспадары адной з сямі кватэр, добразычлівыя, цудоўныя жанчыны - Ганна Ануфрыеўна і Жана Яўгенаўна Гіруці. Яны сталі амаль што роднымі людзьмі.  

Побач з гэтым домам знаходзіцца яшчэ адна знакавая асаблівасць пасёлка - помнік Першай сусветнай вайны, які ўзведзены кайзераўскімі салдатамі, штаб дывізіі якіх стаяў ля дома Радкевічаў.

 

Кожны крок абдуманы, кожны крок – мэта

Дзякуючы цудоўнай манаграфіі ўраджэнца Юрацішак, навукоўца, доктара гістарычных навук, прафесара  Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага "Под омофором Святителя Николая чудотворца" і даследаванням іншых навукоўцаў і краязнаўцаў (у тым ліку і мясцовых), маюцца дастаткова канкрэтныя факты аб пачатку сістэмы адукацыі ў Юрацішках. У верасні 1862 года тут было адкрыта народнае вучылішча, якое размяшчалася ў асабістым доме былога дзьякана, а ў той час настаўніка гэтага вучылішча Осіпа Родзевіча. Яно знаходзілася ў веданні міністэрства народнай асветы Расійскай імперыі.

Адпаведна Палажэння аб народных вучылішчах, яны павінны былі " утверждать в народе религиозные и нравственные понятия и распространять первоначальные полезные знания".

Мы не ставім мэтай шырока расказаць аб сістэме адукацыі на працягу стагоддзяў. Скажам адно: пачынаючы з таго памятнага года і да нашага часу не змяніліся задачы школы - "распространять полезные знания". 

Гэтым і зараз займаецца адна з лепшых сярэдніх школ раёна, якая заўжды вылучалася  і настаўнікамі, і здольнымі вучнямі, і якой кіруе зараз дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дырэктар Вольга Чаславаўна Чэсноўская. 

Мы ж адправіліся на сустрэчу з Нінай Авакумаўнай Струк. У былой настаўніцы, былога дырэктара на працягу многіх гадоў Юрацішкаўскай сярэдняй школы менавіта такі лёс - быць знакавай асобай роднага пасёлка. І тут больш адказнасці, чым гонару. Калі цябе паважаюць, шануюць, калі ты - прыклад, то, безумоўна, ты не можаш сабе дазволіць безадказна ісці па жыцці. Кожны крок - абдуманы, кожны крок - мэта. Таму менавіта да яе мы і адправіліся, каб пачуць і пра былых вучняў, і пра настаўнікаў.  Яе светлая галава - гэта своеасаблівы архіў  падзей, імён, фактаў. 

Адміралы флоту СССР, дыпламат высокага ўзроўню, першаадкрывальнік радовішча алмазаў у Еўропе, навукоўцы, генералы арміі і Міністэрства ўнутраных спраў СССР, урачы, настаўнікі, афіцэры, працаўнікі сельскай гаспадаркі, паэты, артысты, журналісты - выпускнікі школы працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі краіны і блізкага замежжа.І вось ужо Ніна Авакумаўна называе імёны тых выпускнікоў, якімі і праз  вякі будзе ганарыцца родная школа: Заслужаны геолаг Расіі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі СССР, першаадкрывальнік радовішча алмазаў у Еўропе Іван Паўлавіч Дабейка, дыпламат, пасол, памочнік міністра замежных спраў БССР, прадстаўнік Беларусі ў Жэневе пры Еўрапейскім прадстаўніцтве ААН Эдуард Іосіфавіч Баршчэўскі, генерал-маёр Дзяржбяспекі, прафесар Маскоўскай акадэміі Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Феафанавіч Журко, прафесар тэхнічных навук, выкладчык Беларускай палітэхнічнай акадэміі Сцяпан Сафронавіч Гурын,  журналіст, інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС Анатоль Міхайлавіч Русаковіч, журналіст, кіназнаўца, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Людміла Пятроўна Саянкова, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, начальнік упраўлення архітэктуры і будаўніцтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Губерт Іосіфавіч Варанюк, вядомы многім настаўнік, паэт, кампазітар, патрыёт сваёй малой радзімы Яўген Карпуць, мастак Іван Кліменка, актрыса Гродзенскага тэатра лялек Ларыса Амельянаўна Мікуліч. Спіс гэты можна працягваць і далей.

Ніна Авакумаўна адзначыла, што Юрацішкі заўжды займалі годнае месца сярод населеных пунктаў раёна, а раней і самі былі цэнтрам раёна. І ў ім заўжды не бракавала людзей актыўнай жыццёвай пазіцыі. І сёння памятаюць старэйшае пакаленне і тыя маладыя, хто цікавіцца гісторыяй малой радзімы ветэранаў вайны, партыйных і савецкіх работнікаў, якія ўздымалі тут народную гаспадарку, будавалі новае жыццё. Гэты былі людзі, якія веру сваю прымалі аднойчы і на ўсё жыццё, якія верылі ў заўтрашні светлы дзень і рабілі ўсё дзеля яго.

Да гэтае кагорты адносіцца і яна: разумная, выхаваная, інтэлігентная, для якой пасёлак стаў другой малой радзімай, а людзі назаўжды - блізкімі і роднымі. 

Шмат пройдзена, шмат зроблена. І побач заўжды былі калегі, паплечнікі, якія шчыравалі на ніве асветы. Годнымі памяці педагогаў і настаўнікаў з Юрацішак усіх былых часоў і пакаленняў, былі многія. І Ніна Авакумаўна з задавальненнем называе іх імёны: Зінаіда Іванаўна і Яўген Станіслававіч Кавалеўскія, Алена Іванаўна Карпуць, Соф’я Паўлаўна Гурына, Алена Іванаўна Барысевіч, Валянцін Антонавіч Врублеўскі, Галіна Паўлаўна Дуніч, Антаніна Іванаўна Гурына, Тэрэза Паўлаўна Радзівонава, Марыя Сямёнаўна Мікша, Галіна Людвігаўна Мінцэвіч, Вадзім Іванавіч Хрышчановіч, Таццяна Іванаўна  Карчэўская, Пётр Купрыянавіч Макуцэвіч і іншыя. Асобных няма ўжо сярод жывых, але засталіся пакаленні іх вучняў, якія нясуць па свеце атрыманыя ад сапраўдных настаўнікаў веды. А такіх вучняў было шмат. У 1974 годзе школа ўжо перайшла ў новае чатырохпавярховае памяшканне. І навучалася там 840 вучняў!     

Зараз адукацыйны і выхаваўчы працэс  у Юрацішках працягвае новае пакаленне педагогаў і новае пакаленне дзяцей. Няхай і іх жыццёвыя гарызонты будуць неабсяжнымі і светлымі.

 

Браму скарбаў сваіх адчыняюць

Той, каго зацікавіла гісторыя   пасёлка, шмат інфармацыі, патрэбных ведаў можа знайсці і запазычыць у мясцовай бібліятэцы-філіяле. Дзякуючы бібліятэкарам Жане Іванаўне Грышукевіч і Ірыне Аляксандраўне Марозавай у мае рукі на хвілінку трапіла такое багацце - Летапіс(!), які не год і не два стваралі супрацоўнікі гэтай установы культуры. І сапраўды, сабралі ў тым рукатворным фаліянце і былое, і сучаснае, і сівую даўніну, сабралі гонар і пашану, боль і войны, паняцце, адкуль ёсць і пайшлі Юрацішкі. І я прайшла ў браму іх скарбаў, якая адчыняецца кожнаму, хто жадае ведаў.

Гэта пачалі рабіць тады, калі ў 90-я гады бібліятэка перастала быць проста месцам выдачы кніг. Бібліятэчная сістэма занялася краязнаўствам, зберажэннем этнасу, нацыянальнай культуры.

І сёння  ў Юрацішках схадзіць у бібліятэку ці ў  былы Дом культуры, а зараз - аддзел культурна-масавай і асветніцкай работы - справа звычайная і жаданая для многіх.

Па-першае, бібліятэка пасёлка валодае самым вялікім кніжным фондам у раёне. Наогул, ёсць унікальныя кнігі (і па гадах выдання, і па літаратурнай каштоўнасці). Па-другое, яна стала сапраўдным  цэнтрам сустрэч, мерапрыемстваў - цёплых, сардэчных, цікавых і змястоўных. І ўсё дзякуючы таму, што тут дзейнічаюць аматарскія аб'яднанні для дзяцей і дарослых. "Яшчэ не вечар" - клуб для ветэранаў працы. Вольны час  сталыя людзі праводзяць тут з задавальненнем. Накірункі працы аб'яднання: літаратурны, краязнаўчы, кулінарны. 

А яшчэ так прыемна бавіць час з мілымі, разумнымі жанчынамі - бібліятэкарамі, сустракацца з вядомымі на Іўеўшчыне краязнаўцамі, знакамітымі асобамі-землякамі, паэтамі, пісьменнікамі.

У бібліятэцы-філіяле праходзяць фотазоны, прысвечаныя знакавым падзеям, прайшла выстава з музея Івана Мечыслававіча Буйко, прысвечаная пасёлку Юрацішкі. А ў фондах яго хатняга музея (у гэтым мы ўсе ўпэўніваліся не раз) знаходзяцца каштоўнейшыя экспанаты, дакументы, фотаздымкі і т.п.

Для  чытачоў-школьнікаў дзейнічае аматарскае аб'яднанне "Арыенцір". І займаецца яно надзвычай важнай справай - профарыентацыяй хлопчыкаў і  дзяўчынак. Тут не толькі расказваюць пра прафесіі, але і ладзяць сустрэчы з прадстаўнікамі розных спецыяльнасцей.

Для самых маленькіх чытачоў абсталяваны дзіцячы куток, дзе знаходзяцца кніжкі, цацкі, развіваючыя і пазнавальныя гульні.

Карацей кажучы, сюды абавязкова захочацца прыйсці яшчэ раз і дарослым, і дзецям.

 

Каранямі ў зямлі бацькоў

Пісаць пра Юрацішкі ў такія знамянальныя дні і не ўспомніць яшчэ адну знакавую асобу пасёлка было б не толькі не карэктна, але можа і проста неверагодна. Таму што Валянцін Антонавіч Врублеўскі - вялікі патрыёт гэтай зямлі, усяе Айчыны, самабытны і надзвычай адукаваны краязнаўна, даследчык роднага краю. 

Настаўнік  геаграфіі ўсё сваё педагагічнае жыццё (так чамусьці атрымалася) бліскуча выкладаў гісторыю. І нічога дзіўнага. Таму што кожны чалавек, які лічыць сябе грамадзянінам той ці іншай краіны, проста абавязаны ведаць яе мінуўшчыну і навейшую гісторыю. Таму, напэўна, з'яўляючыся настаўнікам, дырэктарам некалькіх школ, ён 15 гадоў яшчэ ўзначальваў раённую школу палітычнай асветы, быў  цудоўным, дасведчым лектарам, сапраўдным рытарам, які мог, як кажуць, "трымаць" аўдыторыю,  эмацыянальна запаланіць яе сваім выступленнем і сваімі ведамі. Ён быў у свой час даверанай асобай старшыні Савета Міністраў Беларусі Івана Фролавіча Клімава, калі той у 1970 годзе балатыраваўся па Юрацішкаўскай выбарчай акрузе ў дэпутаты Вярхоўнага Савета.  

Валянцін Антонавіч некалі казаў, што яго істота з самога маленства гатова была ўвабраць у сябе ўсё, што датычыць ведаў па мінуўшчыне. І ўвабраў, і прысвяціў гэтай тэме ўсё жыццё. Мы ўсе добра ведаем яго няўрымслівыя, творчыя нататкі і  даследаванні, якія ён плённа друкаваў на старонках раённай газеты.

Ён не любіць белетрыстыку, лічыць, што яна знішчае праўду. Таму імкнуўся і імкнецца данесці гэтую праўду да сваіх чытачоў у першазданным выглядзе.

А потым гэтая гістарычная і нацыянальная праўда знайшла сваё месца не толькі ў артыкулах газет, але і ў  кнігах, напісаных Валянцінам Врублеўскім. Іх пяць: "Россия. Украина. Беларусь (Хроника событий); гістарычныя нататкі "Каханне еўрапейскага кшталту, ці Барбара Раддзівіл у "Літаратурным экватары"; "Великий дух Беларуси (мифы и реальность)"; "Іве-Юрацішкі"; "Адкуль мы, хто мы, беларусы?; "Гісторыя мовы і анамастыка".

Зараз Валянцін Антонавіч працуе над новым даследаваннем. Яно будзе біяграфічным не толькі ў адносінах да самога сябе, але і ўсяго насельніцтва былой Баранавіцкай вобласці.

Не зусім добра адчувае сябе наконт здароўя сябра нашай газеты, былы настаўнік, апантаны даследчык-краязнаўца. Аднак працягвае пісаць. І з сумным аптымізмам заўважае: "Нічога не паробіш, за жыццё, на жаль, прыходзіцца змагацца. А змагацца заўжды цяжка".

У гэтым змаганні з ім заўжды побач  надзейная спадарожніца жыцця, жонка Галіна Паўлаўна, дзеці, чатыры ўнукі і сем праўнукаў. 

Безумоўна, на свяце ўспомняць заслугі гэтага чалавека. На стале ў яго пакоі ляжала і запрашэнне на юбілейную ўрачыстасць.

А мы хочам пажадаць Валянціну Антонавічу здароўя, фізічных і духоўных сіл для новых творчых работ і проста дзеля таго, каб змаганне за жыццё стала хоць крыху лягчэйшым.  

 

Лес рубяць, шчэпкі ляцяць у патрэбны бок

На маё пытанне адносна таго, што так прываблівае  прыватных прадпрымальнікаў у Юрацішках (іх дастаткова шмат для маленькага пасёлка), старшыня сельвыканкама Сяргей Кірылавіч Казановіч пералічыў тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, установы, якія некалі  паспяхова дзейнічалі ў пасёлку, а затым  пад прэсам часу і недахопу фінансаў зніклі ў небыццё без якіх-небудзь абяцанняў  вярнуцца, ажыць. 

Засталіся памяшканні, плошчы старых сур'ёзных прадпрыемстваў (прамкамбінат, аўтабаза, медыцынскае вучылішча, гародніна-сушыльны завод, які пастаўляў сваю прадукцыю у розныя рэгіёны Савецкага Саюза). Бяры і карыстайся  гатовым за пэўную плату. Таму і з'явіліся жадаючыя займацца сваім бізнесам менавіта тут. З'яўляюцца рабочыя месцы, людзям ёсць дзе працаваць. Ёсць і свае недахопы. На работу прыязджаюць не толькі з розных месцаў, але і розныя людзі, якія часам  ствараюць праблемы. Не такія, безумоўна, якія нельга вырашыць, аднак…

Сярод гэтых маленькіх і крыху большых прадпрыемстваў асобнае месца займае праверанае часам і паспяховай дзейнасцю  прадпрыемства дзяржаўнай уласнасці  - дрэваапрацоўчы цэх "Юрацішкі" Іўеўскага лясгаса.

Начальнік цэха Валерый Іванавіч Базык з гонарам, з усмешкай называе сваё прадпрыемства "градообразующим" у пасёлку. Ён шуткуе, але я пагадзілася б з такім вызначэннем. 82 рабочыя месцы на дзяржаўным, паспяхова дзейнічаючым прадпрыемстве, - гэта сур'ёзна для невялікага пасёлка. 

І ў лясгасе, і ў цэху з удзячнасцю ўспамінаюць былога дырэктара Мікалая Тарасавіча Юшкевіча, які ў 2007 годзе  зрабіў мудры выбар. Тады Міністэрства лясной гаспадаркі прапанавала адмовіцца ад дрэваапрацоўчых цэхаў. Прапанова была не катэгарычнай. Вырашаць павінны былі дырэктары лясгасаў. І многія адмовіліся. А нашы пашкадавалі знішчаць  такое прадпрыемства. І сёння, калі ў многіх лясгасах вобласці спрабуюць па-новай адрадзіць цэхі, наш лясгас з гонарам гаворыць пра тое, што дзейнасць Юрацішкаўскага дрэваапрацоўчага цэха прыносіць палову выручкі лясгаса.

Цэх займаецца пераапрацоўкай драўніны: піламатэрыялы абразныя і ацыліндраваныя вырабы. Большая частка прадукцыі  ідзе на экспарт.

За апошні год цэх стабільна развіваецца. Валерый Іванавіч з задавальненнм расказвае, што летась была запушчана новая лінія па пераапрацоўцы драўніны, а таксама сушыльная гаспадарка, якая дазваляе выпускаць прадукцыю  з большым дабаўленым коштам. У бягучым годзе запрацуе яшчэ адна такая ўстаноўка. Адным словам, гэта ўсё дазволіць выпускаць больш дарагую прадукцыю. І адпаведна атрымліваць большыя даходы.

На прадпрыемстве працуе зладжаны прафесіянальны калектыў. Таму і вынікі добрыя. 

Але, як і паўсюдна, ёсць свой, правераны, надзейны касцяк. Сярод такіх працаўнікоў у першую чаргу Валерый Іванавіч называе  Анатоля Аляксандравіча Прасняка, чалавека з юрацішкаўскімі каранямі, мясцовай адказнасцю і такой жа мясцовай прыстойнасцю. З такімі людзьмі надзейна ў любой сітуацыі, на іх можна спадзявацца, ім можна верыць  нават у самых адказных момантах. 

36 гадоў працуе Анатоль Аляксандравіч у дрэваапрацоўчым цэху. Спачатку станочнікам. А затым, як адзін з самых вопытных, атрымаў пасаду майстра. На кожным месцы ён умее ўсё. І ведае пра ўсё ў гісторыі роднага прадпрыемства. Мы йшлі па тэрыторыі, а Анатоль Аляксандравіч агучваў, што і калі зрабіў кожны з дырэктараў лясгаса. Хтосьці  тое ці іншае абсталяванне купіў, а іншы  цудоўнае добраўпарадкаванне тэрыторыі зрабіў. Кожны кіраўнік імкнуўся палепшыць і ўмовы працы, і  эфектыўнасць вытворчасці. Не выключэнне і сучаснае кіраўніцтва. І ўсё гэта дае надзею, што і надалей прадпрыемства будзе, як сказаў Валерый Іванавіч, "градообразующим"…

 

Тэрыторыя здаровага ладу жыцця

Ёсць у Юрацішках яшчэ адно, вельмі важнае па сваім прызначэнні і свайму значэнні (і не толькі ў жыцці пасёлка, але і вобласці, краіны) месца, установа - Гродзенская міжраённая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзов "Вымпел". Гэта зараз яна Гродзенская. А некалі, у далёкім ужо 1986 годзе, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў была арганізавана  прафкомам калгаса імя Заслонава, якім кіраваў тады Васіль Пятровіч Варанюк. Прафсаюзным лідэрам калгаса з'яўляўся Сяргей Кірылавіч Казановіч.

Між іншым, кожны трэці спартсмен, залічаны ў нацыянальныя каманды Беларусі па відах спорту, -  выхаванец прафсаюзнай школы. Спартсмены, якіх узрасцілі прафсаюзныя школы, сёння вядомы ва ўсім свеце - Вікторыя Азарэнка, Максім Мірны, Аліна Туміловіч, Марына Ганчарова і іншыя.

Місія вучэбна - спартыўных устаноў прафсаюзаў пераклікаецца з важнейшай дзяржаўнай задачай па развіцці дзіцяча-юнацкага спорту і з падрыхтоўкай спартыўнага рэзерва ў нацыянальныя зборныя команды Республіки Беларусь. Спартыўныя школы прафсаюзаў развіваюць 55 відаў спорту, з якіх 37 унесены ў праграму алімпійскіх гульняў. 

Тады, у 80-я, як  расказаў нам дырэктар спартыўнай школы Юрый Мікалаевіч Зенюк, школа мела два аддзяленні: коннага спорту і лыжных гонак.

Коней завезлі ў Геранёны і Жамыслаўль. Але прыжыўся гэты прыгожы і адначасова вельмі цяжкі від спорту толькі ў Геранёнах, дзе яго прафесіянальна і з вялікай любоўю  прывівалі дзецям вядомыя ў Беларусі коннікі-спартсмены Сяргей і Людміла Шрамянкі. Першым дырэктарам "Вымпела" быў Яўген Станіслававіч Кавалеўскі. 

У жніўні 1989 года сюды прыехаў малады спецыяліст Юрый Мікалаевіч Зенюк, які навучаўся  па накіраванні калгаса імя Заслонава. А праз тры месяцы 19-гадовага юнака ўжо прызначылі дырэктарам  ДЮСШ прафсаюзаў "Вымпел".

Тады ён і адкрыў аддзяленне хакея на траве. Таму што і сам, калі быў студэнтам, з'яўляўся членам зборнай Беларусі па гэтаму віду спорта. Яшчэ некалькі гадоў Юрый Зянюк працягваў ездзіць на трэніроўкі і гульні, а затым паглыбіўся ў работу на месцы. Тры гады яго юныя выхаванцы ўдзельнічалі ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі на траве сярод дарослых.

- Прафсаюзныя школы, - говорыць Юрый Мікалаевіч, - спецыялісты называюць сэрцам і лёгкімі многіх зборных. Гэта яны, як правіла, выхоўваюць самых моцных спартсменаў. У іх штатах вопытныя трэнеры, якія знаходзяць талантлівую моладзь па ўсёй краіне, а нашы - па раёне і, між іншым, працуюць з імі і на вёсцы.

Раённая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа прафсаюзаў зараз імянуецца, як Гродзенская міжраённая ДЮСШ "Вымпел". "Вымпел", базай якога з'яўляецца наша школа,  зараз мае яшчэ тры аддзяленні: цяжкай атлетыкі у Ашмянах, каратэ ў Лідзе і каратэ ў Воранаве. Калі каратэ стала алімпійскім відам спорту, да нас прымкнулі і былыя выхаванцы Федэрацыі баявых мастацтваў з Іўя. Цікава і прыемна тое, што і ў іншых раёнах працуюць менавіта нашы трэнеры.

Змянілася назва школы, але зусім не задачы, якія ставяць перад сабой дырэктар і трэнерскі калектыў гэтай прызнанай не толькі ў вобласці, але і ў краіне, кузніцы спартыўнага рэзерва.

Выхаванец трэнера Рудольфа Аляксандравіча Качкова Мікалай Сцяпанавіч Скачэляс - прызёр  рэспублікі  па пяцібор’і, зараз сам працуе ў "Вымпеле" трэнерам. У гэтым годзе яго выхаванцы перададзены ў вышэйшае звяно - у спецыялізаваную школу Навагрудка.

У 2012 годзе Людміла Кяўра, выхаванка трэнера Р. Качкова (яго няма, на жаль, ужо сярод жывых) была ўдзельцай 1-х зімніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Інсбургу (Аўстрыя). 

Зараз у гэтай кузніцы спартсменаў займаецца  172 навучэнца, 91 чалавек ў сельскіх школах. Лыжнымі гонкамі, між іншым, "Вымпел" займаецца толькі ў Іўеўскім раёне. І займаецца, як мы ўжо зразумелі, выдатна, паспяхова.

Дзецям пасёлка, ды і ўсяго раёна, моцна пашчасціла, што ёсць такая школа і ёсць такія трэнеры. Іх у школе сем. 

Дачка дырэктара ДЮСШ "Вымпел" Ілона таксама вырасла спартсменкай, гуляла за жаночы спартыўны клуб "Ніва-Белкард" у Гродне. У 2018 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Партугаліі атрымала сур'ёзную траўму і пакінула спорт.

Юрый Мікалаевіч  усёй душой аддадзены спорту, працы з дзецьмі. Яго гаспадарчая, кіпучая натура робіць гэтую школу, ўсё наўкол светам спорту, шчырасці, тэрыторыяй здаровага ладу жыцця. Ён не толькі дырэктар, ён яшчэ і будаўнік, і праекціроўшчык, і архітэктар падначаленай яму тэрыторыі і памяшканняў школы. Але пра тое мы раскажам  у іншы раз.

 

На вуліцы Міра сонечна…

Падчас нашай гутаркі старшыня Юрацішкаўскага сельвыканкама не толькі  непакоіўся, што прыязджаюць працаваць у пасёлак і здымаюць кватэры не заўжды жаданыя людзі, але і з задавальненнем канстатаваў той факт, што вяртаюцца дамоў маладыя, рамантуюць, адбудоўваюць старыя бацькоўскія ці дзедаўскія дамы і грунтоўна абсталёўваюцца, каб пускаць карані на Бацькаўшчыне. А гэта як бальзам на душу  прадстаўнікам мясцовай улады. Прыходзяць маладыя, гаспадарлівыя, зазвініць пасёлак дзіцячымі галасамі, папоўняцца дзіцячы садок і класы, працягнецца жыццё. Хто не марыць пра тое апошнія гады?!

А калі з'явілася такая сям'я, як Мікалай Сцяпанавіч Скачэляс і яго дамачадцы, наогул, здаецца, што вуліца, дзе яны пасяліліся, перамясцілася на сонечны бок.

І мы таксама адправіліся на вуліцу Міра,6, каб паглядзець, чым жа такім адметным вылучаецца мужчына. І спачатку разгубіліся, пабачыўшы, што ён яшчэ зусім малады. А мы ехалі глядзець гаспадара, майстра, рупліўцу. Значыць, здавалася, сустрэне нас такі сур'ёзны, заклапочаны, зведаўшы жыццё чалавек. Адно вызначэнне падходзіць. Жыццё, нам здаецца, Мікалай Скачэляс і сапраўды спазнаў.

Між іншым, гэта менавіта ён, той выхаванец ДЮСШ "Вымпел", прызёр  рэспублікі  па пяцібор’і, які зараз працуе ў "Вымпеле" трэнерам-выкладчыкам па лыжных гонках. І лічаць яго трэнерам-асам. У гэтым годзе яго выхаванцы перададзены ў вышэйшае звяно сістэмы.

Пасля заканчэння педагагічнага каледжа Мікалай адпрацаваў патрэбны пасля размеркавання час у роднай ДЮСШ, а затым адправіўся, як  і многія, у Расію зарабляць грошы. Праз два гады прыйшлося вярнуцца - не стала бацькі. А маці яшчэ раней памерла. Чамусьці назад ехаць не захацелася. Ён прыватызаваў калгасны дом, дзе жыў бацька, пачаў яго прыводзіць да ладу, жаніўся. У ДЮСШ "Вымпел" яго прынялі назад з радасцю. Бо ведаюць і як спецыяліста высокакласнага, і чалавека прыстойнага, дабрасумленнага. 

Але самае цудоўнае, што ёсць у істоце маладога мужчыны, - яго талент творцы, мастака, рэзчыка па дрэве, талент неабыякавасці. І сапраўды, можна проста павесіць  простую надзейную шпакоўню, змайстраваць ці купіць будку для сабакі. А ў яго шпакоўнік у выглядзе  галавы лешага ці  такога "марскога ваўка" - мужчыны ў стылізаваным капялюшы з трубкай у зубах. На трубцы сядзяць птушкі, а потым хаваюцца ў сваёй самай неверагоднай на ўсе Юрацішкі хатцы.

Будка для  маленькага рыжага Боба зроблена таксама з драўніны. І здаецца, что сярод травы не яна стаіць, а выглядае галава сабакі. І гэта не ўсё. У творчага чалавека яшчэ міласэрная душа. Трапіў той самы Боб пад калёсы машыны. Дактары не далі яму памерці, аднак хадзіць жывёліна не магла. Мікалай змайстраваў прыстасаванне на калёсіках. Частка тулава сабакі ляжала на той маленькай  калясніцы, а пярэднія здаровыя лапкі хадзілі самі. І нічога, прайшоў час, і ўжо ходзіць Боб сам.

Сапраўдным цудам, якое выйшла з-пад яго рук, з'яўляецца плот. Гэта і на самай справе    твор мастацтва, майстэрства і добрага густу. Цяжка сказаць, у якую суму чалавеку можа абысціся такая шыкоўная агароджа з металу, камянёў, драўніны?! Але ў яго грошы ідуць толькі на матэрыялы. І сварка, і  цэментаванне, і ўзвядзенне гэтай агароджы - усё сам. Атрымалася, як ў нейкім старадаўнім каралеўскім замку: і прыгожа, і не  перабольшана з аздабленнем. Гэта з'яўляецца асаблівасцю майстра. А якія шыкоўныя арэлі з драўніны дуба ён робіць! Між іншым, Мікалай зарэгістраваны як майстар. Таму  некалькі дзесяткаў арэляў па заказах зроблены на продаж, радуюць дзетак  і ў сем'ях нашага раёна, і па-за яго межамі. Арэлі прыгожыя, надзейныя. І ўстанаўлівае іх майстар сам. Да шэдэўраў, што выходзяць з-пад рук гэтага творцы-працаўніка адносіцца і альтанка, што стаіць у двары.

На маё пытанне, чаму ён гэта робіць і як знаходзіць час, бо працуе ж яшчэ і на сваёй асноўнай рабоце. Мікалай адказаў, што гэта, у першую чаргу, жаданне спазнаць свае магчымасці. Навукоўцы даказваюць, што зусім не цалкам выкарыстоўваем мы магчымасці свайго розуму і сваіх фізічных і душэўных сіл.  Таму і зацікавіўся малады мужчына сваёй істотай.

А час…Ды сонца ж рана ўстае. А ён разам з ім. І працуе толькі тады, калі, па яго словах, "на хвалю трапіць". Карацей кажучы, натхненне патрэбна.  А калі задзейнічана натхненне, значыць ёсць талент. Агульнавядома, калі дадаць да яго працавітасць, можна  цуды ствараць. Што, між іншым, і робіць гаспадар дома па вуліцы Міра ў Юрацішках.

Жонка Анастасія,  сямігадовая дачка і 3-гадовы сын надзвычай ганарацца сваім мужам і татам. І вельмі любяць свой дом, свой двор, якія напоўнены яго клопатам, яго талентам, яго жаданнем зрабіць жыцё сваёй сям'і утульным, прыемным.

 

Пасляслоўе

Вось такія яны: гісторыя і сучаснасць пасёлка-юбіляра. Ён ганарыцца сваёй гісторыяй і тымі людзьмі, якіх закрылі туманы эпох. А прыйдзе час, і нашчадкі сённяшніх жыхароў Юрацішак будуць ганарыцца сваімі бацькамі, дзядамі і расказваць пра іх сваім унукам. Такое жыццё. І , дзякаваць Богу, яно працягвацца. І над  старажытным пасёлкам звіняць званы старажытных храмаў…

Юрацішкі наведалі: В. ГУЛІДАВА і С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.