Язык:

Залейкі: назва вёскі - не выпадковая

Главное

Працяг. Пачатак у №№11 за 11 лютага і 14 за 22 лютага

У 1940 годзе, з усталяваннем савецкай улады, былі праведзены выбары ў мясцовыя Саветы і сфарміраваны Залейкаўскі сельсавет. Сельсавет і пошта былі размешчаны ў доме людовым, але ў гады вайны будынак быў знішчаны пажарам у час партызанскай дыверсіі.

Ва ўласных гаспадарках жыхары Залеек трымалі шмат авечак. Муж з жонкай Іван і Аляксандра Гумбя адкрылі ўласную часальню авечай шэрсці. На той час яна была вельмі запатрабаванай. З авечай аўчыны шылі кажухі, а стрыжаную шэрсць пускалі на пражу, каб вязаць швэдры, шарфікі, рукавіцы, шкарпэткі. Часальня прыносіла гаспадарам нядрэнны прыбытак.

Першы калгас у Залейках быў арганізаваны ў 1940 годзе. Першым уступіў у калектыўную гаспадарку бядняк Аляксандр Пэнда, за што атрымаў ад вяскоўцаў пажыццёвую мянушку "калгаснік".

А першым старшынёй калгаса залейкаўцы абралі Мікалая Каранюка. У 1941 годзе нямецкія акупанты расстралялі яго ў лесе каля хутара  Круглае. Родныя пахавалі забітага старшыню на залейкаўскіх могілках. Удавой засталася яго жонка Анюта, сіротамі - дзеці Соня, Адам  і Крысціна. На сасне, каля якой быў забіты Мікалай Каранюк,  доўгі час быў выразаны крыж,  і пакуль кара не зарасла, ён напамінаў людзям аб трагедыі.

Калгас у Залейках быў адноўлены на агульным сходзе 12 студзеня 1949 года. Назвалі яго імем Молатава, партыйнага і дзяржаўнага дзеяча СССР. Людзі былі не задаволены абагульненнем уласнай маёмасці, бо ў калгас забіралі зямлю, коней,  гумны. Ніхто не падумаў пра тое, дзе будзе захоўвацца людское сена на карову ды  падсціл для жывёлы. Жыхары ведалі, што ніхто назад маёмасці не верне. Таму, не губляючы  час, пабудавалі для кармоў паветкі. А з людскіх гумнаў узвялі адразу ж за вёскай калгасны кароўнік і цялятнік, а некаторыя гумны папілавалі на дровы ды варылі калгасным цялятам пойла.

Пабудову і часальню ад гаспадароў  Гумбя таксама канфіскавалі на карысць калгаса. У часальні працавала  калгасніца Вольга Кудзі. Людзі ў савецкі час трымалі ў гаспадарках авечак і прывозілі сюды за плату апрацоўваць воўну.

Калгасы  ў той час былі створаны ў кожнай вёсцы. Яны станавіліся на ногі з вялікімі цяжкасцямі. Часта за год мяняліся па два старшыні. У перыяд, калі  залейкаўскі калгас  узначальваў  удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Авакумавіч Крукаў, да яго былі далучаны калектыўныя  гаспадаркі вёсак  Каўкелі, Бурдукі, Хвасты, Навасёлкі. Калгас імя Молатава дзейнічаў  па 03.02. 1954 года.  Затым быў аб'яднаны з морынскім калгасам імя Маленкова. Ф.А. Крукаў працаваў старшынёй узбуйненага калгаса ў Морыне з 1960 па 1964 год.

Залейкі і ў пасляваенны час калектывізацыі былі месцам значным, ажыўленым. У вёсцы быў адноўлены драўляны мост праз раку Гаўю. У адкупленых  у жыхароў хатах размяшчаліся  кантора калгаса, клуб, бібліятэка. Клуб і бібліятэка былі  пастаянным месцам адпачынку вясковай моладзі. Загадчыкам  клуба працаваў  Віктар Пішчык, а  бібліятэкай  загадвала Зінаіда Ліхарад. На вячоркі збіраліся хлопцы і дзяўчаты  з навакольных вёсак. Акампанементам на вясковых танцах быў гармонік, іграў Васіль  Пэнда (па вясковаму Мігіштура), а потым  яго сын Міша.

Пасля закрыцця Навасёлкаўскай базавай  школы туды перавялі бібліятэку з Залеек. А ў 1991 годзе кніжны фонд з Навасёлак зноў перавялі ў Залейкі. Ён складаў 7 тысяч экзэмпляраў кніг. Загадчыцай  бібліятэкі працавала Марыя Дудко. 

У 2001 годзе  Залейкаўская бібліятэка закрылася, а кніжны  фонд быў перавезены ў Лукашынскі клуб - бібліятэку. 

ФАП пасля вайны нейкі перыяд размяшчаўся ў Залейках. Фельчарам працаваў Уладзімір  Ільіч Пэнда. У Першую сусветную вайну ён быў  на фронце ў складзе дзейнічаючай арміі санітарам, атрымаў добрую  практыку, потым - курсы фельчара. Лячыў людзей і ў гады Вялікай Айчыннай вайны лекамі, народнымі сродкамі. Шмат каму дапамог. Яму былі ўдзячныя камандзіры і партызаны атрада "Балтыец". Пасля вайны Уладзімір Ільіч  пераехаў з сям'ёй у Іўе, перавёз туды дом і працаваў фельчарам "хуткай дапамогі" у раённай бальніцы. ФАП з Залеек быў перавезены ў новае памяшканне вёскі Навасёлкі.

У Залейках ва ўсе часы пражывала шмат людзей цікавых, творчых, неардынарных. Нават з далёкіх вёсак ехалі ў Залейкі, каб  заказаць вырабы ў каваля  Браніслава Мацешы. Яго кузня стаяла і цяпер стаіць як этнаграфічны экспанат пад адкрытым небам побач з хатай  пад старымі соснамі.

Майстэрства каваля Браніслаў пераняў ад свайго бацькі Уладзіміра. Кузня яму ў спадчыну дасталася. Палюбавацца натхнёнай працай майстра прыходзілі вяскоўцы. Тут завязвалася зацікаўленая размова, расказваліся выпадкі з жыцця і цікавыя гісторыі. Каваль  запамінаў, запісваў, а потым складаў вершы на бытавыя і вясковыя тэмы. У час працы з раскаленым жалезам творчы  настрой майстра ўздымаўся да лірычных эмоцый, і ён складаў вершы. А каб  не забыць рыфмаваных радкоў, адкладваў  у бок молат і рабіў запіс карандашом у блакноцік, які  штодня насіў у кішэні.

Тэмы ў самабытнага паэта былі розныя. То як у мясцовай гаспадыні  пірагі не ўдаліся на вяселле, то як залейкаўская  моладзь ехала на працу па  вярбоўцы ў Варкуту ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Уладкоўваліся працаваць на шахты. У калгасе  заробкаў у той час  не было, працавалі за працадні. А трэба было карміць вялікія сем'і. Амаль усе залейкаўцы  пабывалі на зборы ўраджаю ў Растоўскай вобласці. Толькі адна сям'я  засталася там жыць назаўсёды, астатнія праз год-два  вярталіся ў Залейкі. За працу там  пшаніцу тонамі атрымлівалі з дастаўкай вагонамі да станцыі Гаўя. І гэтую тэму закранаў у сваіх вершах  каваль і паэт Браніслаў Мацеша. Некалькі вучнёўскіх сшыткаў вершаў напісаў ён. І нават адзін з іх прынёс пачытаць мясцовай настаўніцы Любові Селіцкай. Але, на жаль, ніводнага сшытка самабытнага паэта на сённяшні дзень не ўдалося знайсці.

Каваля Мацешы ўжо даўно няма ў жывых, а памяць аб ім захавалася у многіх жыхароў па яго выдатных каваных рэчах: дзвярныя ручкі, клямкі, завесы, плугі, драпцы, гачкі, сякеры. Ён умеў  хутка і добра падкаваць каня, акаваць жалезныя абады на драўляныя колы да воза, змайстраваць  жалезныя палазы да саняў.

Кузні  ў той час былі ў многіх вёсках. Людзі памятаюць усіх кавалёў і кажуць, што Браніслаў Мацеша пераўзышоў у нейкіх тонкасцях справы морынскага каваля Івана Шамяку, але па  асартыменце вырабаў не дасягнуў навасёлкаўскага каваля Аляксандра Дудко, які, акрамя ўсяго, умеў каваць і зубіць такія сярпы, што меў бясконцую пахвалу ад жнеяў. Затое ў Браніслава Мацешы на рэдкасць спалучаўся дар каваля і паэта. Напэўна, ён толькі другі такі ў Беларусі пасля каваля з Крошына Паўлюка Багрыма, які не толькі пісаў вершы аб жыцці простага народа, але і выкаваў цудоўную  жырандоль (люстра) для мясцовага касцёла.

Сельскагаспадарчая вытворчасць  у 1950-я гады засталася цяжкай і не прывабнай для моладзі, і сяляне імкнуліся ўсімі праўдамі і няпраўдамі адпраўляць сваіх дзяцей у гарады. заставаліся  больш моцныя, адданыя вёсцы, якія не мелі страху перад цяжкасцямі.

З кагорты такой моладзі была і Рэгіна Жамойда. Дзяцінства яе прайшло ў Залейках. Бацькоўская хата стаяла ў маляўнічым месцы на абрывістым беразе ракі Гаўя. З таго часу дзяўчына нібы прыкіпела да гэтых прыгожых мясцін.

Задаткі працавітасці і творчага падыходу да любой справы Рэгіна атрымала ад сваіх бацькоў. Бацька Іван Аляксандравіч, 1909 года нараджэння, служыў пры Польшчы два гады яфрэйтарам у палку ўланаў у Вільні. Меў дзве дзесяціны зямлі. А калі ўтварыўся калгас у Залейках, зямлю і каня перадаў у калгас. Стаў калгаснікам, рэзаў сечку для калгаснай жывёлы. У вольны час іграў на гармоніку на вяселлях і вечарынках. Навучыў іграць і свайго сына Янака. Маці Марыя Іванаўна, 1923 года нараджэння, 25 гадоў апрацавала даяркай на ферме "Залейкі". У вольны час на кроснах ткала. І дачок Валю і Рэгіну вучыла ткаць. Лепшыя свае тканыя вырабы ім у падарунак аддала.

Рэгіне, напэўна, было наканавана застацца у родных Залейках. Бо пасватаўся да яе мясцовы хлопец з Лугавой Іван Сарнацкі - разумны і працавіты, адмысловы  будаўнік. За такога   і ў 18 год не было страшна выйсці замуж. Маладыя пажаніліся ў 1965 годзе, жылі ў Лугавой. Рэгіна пайшла  ў паляводчую брыгаду. Жала з жнеямі калгаснае жыта, церла лён у Сонтаках.

Не памыкаўся выязджаць у горад  і Іван. Яму, як будаўніку, і тут быў непачаты край работы. Разам з брыгадай будаваў новую Навасёлкаўскую школу, новыя фермы ў Залейках і Сонтаках.

 Іван Аляксандравіч Жамойда 

У 1969 годзе сям'я Сарнацкіх купіла хату ў Залейках і пераехала жыць сюды. Рэгіна Іванаўна пайшла працаваць даяркай на залейкаўскую ферму у 1971 годзе.  Тады яшчэ каровы стаялі ў старым драўляным памяшканні. 140 кароў абслугоўвалі 7 даярак. Па 20 кароў на кожную. Побач  з фермай стаяў цялятнік на 50 галоў. Жывёлаводаў стамляла ручная дойка кароў, адсутнасць  аўтапаення. На вадапой кароў ганялі да рэчкі Гаўі, а паколькі берагі былі крутыя, то даяркі насілі ваду вёдрамі ў жалезныя карыты.

 Рэгіна Іваноўна Сарніцкая

Стараннасць і адказнасць Рэгіны Іванаўны прыкмеціў старшыня калгаса "Прынёманскі"   Пётр Іванавіч Лавыш і ўгаварыў яе стаць загадчыцай фермы.  І не памыліўся. Рэгіна Іванаўна  апраўдала надзеі старшыні.  Яна ўмела арганізаваць працу даярак і настроіць іх на добрыя вынікі. Кожная даярка атрымлівала ад сваёй групы кароў па 3 тоны малака за месяц.  Паказчыкі былі не горшыя, чым на іншых фермах у "Прынёманскім". Загадчыца і ўсе даяркі рэгулярна атрымоўвалі да зарплаты і прэміі.

З цягам часу і ўмовы працы сталі значна лепшымі. Кароўнік на 200 галоў быў пабудаваны за вёскай у сасновым лесе. Працу даярак  аблегчылі аўтапаенне кароў, даільныя апараты. Побач  размяшчаліся два гумны для сена і саломы, сянажная яма з кормам. Склад на зерне і муку знаходзіўся каля старой фермы.

Агульны працоўны стаж у Рэгіны Іванаўны Сарнацкай - 39 гадоў. З іх 32 гады, амаль палову жыцця, яна прысвяціла працы ў жывёлагадоўлі і ніколі не шкадавала аб гэтым. Яна з душэўнай цеплынёй успамінае калектыў фермы "Залейкі", з якім выконвала агульную дзяржаўную справу: Тамару Пятроўну Жамойда, Алену Іосіфаўну Лапата, Алену Аляксандраўну Пэнда, Станіславу Канстанцінаўну Асядач, Валянціну Уладзіміраўну Ліхарад з вёскі Залейкі, Рэгіну Мікалаеўну Лапата, Леакадзію  Іванаўну Бутурля з вёскі Каўкелі. Маладосць давала такія сілы і натхненне, што цяпер, будучы на пенсіі, Рэгіна Іванаўна Сарнацкая здзіўляецца, як калісьці  паспявала і на ферму раненька і позна, і дзяцей Люду і Валодзьку дагледзець і адправіць у школу А яшчэ  займалася любімай справай, якую пераняла ад маці, - ткала, вышывала, вязала. Коўдры ручной  работы, дываны, ручнікі і сёння ўпрыгожваюць дом Рэгіны Іванаўны Сарнацкай, радуюць беларускімі ўзорамі вочы яе родных і блізкіх, унукаў і праўнукаў.

А. ІГЛІЦКІ.

(Працяг будзе).

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.