ivyenews.by

Помнікі архітэктуры. Каменная вежа ў вышыні блакітнага неба

Главное

Многія населеныя пункты нашай Iўеўшчыны славяцца прыгожымі  архітэктурнымі пабудовамі. Не выключэнне і аграгарадок Ліпнішкі, які прыкметны здалёк дзякуючы высокай каменнай вежы мясцовага каталіцкага храма.

Касцёл Святога Казіміра пабудаваны ў пачатку 20-га стагоддзя. Калі быць больш дакладным, то яго будаўніцтва пачалося ў 1900 годзе. Для абліцоўкі касцёла выкарыстоўваўся натуральны камень, які збіралі па акрузе і абсякалі ўручную. 

Хоць ў 1910 годзе храм быў у асноўным пабудаваны, асобныя работы працягваліся аж да 1927-га. У выніку, касцёл у вёсцы Ліпнішкі быў урачыста асвечаны ў імя Святога Казіміра толькі ў 1928 годзе. 

Гэты манументальны і змрочны касцёл, пабудаваны з сапраўдных камянёў, чымсці аддалена нагадвае пабудовы эпохі сярэднявечча. У прыватнасці таму храм  візуальна выглядае некалькі старэйшым за сваіх сапраўдных гадоў. А вось інтэр'ер храма, дарэчы, выкананы ў светлых танах. 

Ён просты і лаканічны. Унутры падзелены на тры нефы васьмю калонамі і перакрыты крыжастымі спічастымі скляпеннямі на падпружных арках, якія ўпрыгожаны архітэктанічнымі размалёўкамі. Унутраную прастору ўпрыгожваюць тры драўляныя  алтары. Галоўны, тытульны алтар - св. Казіміра, левы бакавы - Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (наверсе ў ім змешчаны абраз св. Ганны) і правы - Маці Божай Шкаплернай (з абразом Маці Божай Добрай Рады наверсе).

Сцены атынкаваныя і раскрапаваныя падвойнымі пілястрамі. Скляпенні крыжовыя. Над уваходам - хоры з арганам.

Тэрыторыя вакол гэтай святыні акружана агароджай, якая таксама выканана з натуральнага каменя і добра спалучаецца з храмам. Цэнтральны ўваход на тэрыторыю касцёла ўпрыгожвае невялікая брама. Брама і агароджа таксама, як і касцёл, былі пабудаваныя ў пачатку 20-га стагоддзя.

Недалёка ад касцёла, ў Ліпнішках, ёсць яшчэ адна беларуская гісторыка-культурная каштоўнасць - прыдарожная капліца. Гэты невялікі помнік пабудаваны ў 1890 годзе і знаходзіцца на тым месцы, дзе раней размяшчаўся касцёл 1804 года пабудовы. Храм  згарэў ў 1890 годзе. Але і ён некалі быў узведзены замест больш старажытнага касцёла, таксама знішчанага агнём. 

Самы першы касцёл, аб якім нам вядома, быў узведзены ў 1510 годзе і згарэў у пачатку 18-га стагоддзя. Можа таму, што пажары двойчы адбываліся на гэтым месцы, новы каменны храм вырашылі ўзвесці ў іншым месцы - на ўскраіне вёскі, а напамінам пра былое застаецца каплічка на скрыжаванні дарог.

І. Захарэвіч, настаўнік Трабскай СШ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий