ivyenews.by

Размовы на вясковай вуліцы. За лесам, за Нёманам, за сінімі азёрамі…

Главное

Шмат у нашай краіне маецца населеных пунктаў з назвай Крывічы. І не дзіўна зусім… Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу і яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Далі імёны яе рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам - нас, у нашых жылах цячэ іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае курганы ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў… 

Крывічы, дрыгавічы, радзімічы - з іх вырас беларускі народ. І таму па ўсёй нашай краіне ёсць вёскі і вёсачкі, нават гарадскія пасёлкі з назвай Крывічы. Гэта як памятка аб нашых прашчурах, аб  сівой даўніне, аб вытоках нашых, аб добрых і працавітых людзях, якія, бадай, і засталіся такімі праз стагоддзі.

Ёсць і на Іўеўшчыне населены пункт з гэтай назвай. Некалі да таго, як пабудавалі дарогу на Навагрудак,  гэта была вёска за Нёманам, за лесам, у якую можна было трапіць толькі на пароме. Снаваў ён туды, назад. Калі змяльчэе вада ў адным месцы, перацягвалі на больш глыбокае. Зусім адарваная ад раёна, вёска хутчэй адносілася да Навагрудскага раёна, аднак была нашай. А зараз па добрай дарозе, па мосце  дык і зусім блізка - нейкіх 10 кіламетраў.

Крывічы, як і многія прынёманскія вёскі, будаваліся па-асабліваму. Не адной вуліцай, як большасць нашых вёсак, а астраўкамі: там, сям. А з цягам часу ўжо і  вуліцы (некалькі вуліц) вырысаваліся, і маленькія мікрараёнчыкі таксама. Вось у Крывічах і сёння можна пачуць:" Схаджу на Загорку,  ў Гарэлікі, Бардзіцішкі, на Сельшчыну, Дзям'янаўшчыну, у Цыбулі…" Напэўна, былыя жыхары вёскі ведалі ад  дзядуль і бацькоў, чаму так названы часткі паселішча, аднак зараз памяць пра тое адыходзіць разам  са старажыламі.

У добрыя часы вёска налічвала 220 і больш  двароў і хацін. Там жылі добрыя працавітыя людзі, якія мелі вялікія сем'і. Адарваная ад усяго раёна, нёманская вёска жыла насычаным і змястоўным жыццём. Перапоўненай была базавая школа, кіравала якой Заслужаная настаўніца школ БССР, легендарны педагог Іўеўшчыны Галіна Іосіфаўна Жураўская. Якія веды давала тая прынёманская школа, якія людзі з яе выйшлі! І бібліятэка была, і клуб свой. А Купалле вяскоўцы рабілі без работнікаў культуры. Менаві-та ў купальскую таямнічую ноч тое свята рабілі, традыцыі якога прыйшлі ад бацькоў. Вёска вялікая, то  вогнішчы, кастрышчы, пляцоўкі для Купалля ладзіліся ў розных яе канцах на беразе  Нёмана. І плылі вянкі дзяўчат, і луналі  над хвалямі купальскія песні…

Светлыя і адначасова сумныя  атрымліваюцца ўспаміны. Таму што тое жыццё, якое бруіла ў абасобленай ад усіх вёсцы адышло ў гісторыю. Калі калгас "Прынёманскі" далучылі да філіяла "Азот Агра" УСП "Новы Двор-Агра", яно пачало затухаць, хоць і дарога, і мост, і даехаць лёгка… 

Палі перасталі засяваць сельгаскультурамі, пасадзілі новы лес. А людзі соткі перасталі садзіць. Немагчыма абрабіць. Калгаса тут няма, няма тэхнікі, няма, зрэшты, і сіл у старэючых жыхароў. Кароў таксама не трымаюць. Ёсць і маладыя, канешне, сем'і, але сталых людзей больш.

 …Мы размаўлялі пра ўсё гэта з маладым прадстаўніком вёскі, сацыяльным работнікам Наталляй  Міхайлаўнай Рагач, якая паспытала  шчасця і ў горадзе, а гадоў пятнаццаць назад разам з мужам  Юрыем Пятровічам, які таксама працуе сацыяльным работнікам, вярнуліся ў Крывічы.

А затым мы сустрэлі на вуліцы (на яе гародчыку) і старасту вёскі, былога працаўніка  канторы мясцовага калгаса "Прынёманскі" Лідзію Канстанцінаўну Найдзен. Жанчына актыўнейшай жыццёвай пазіцыі, у якой баліць душа за кожны, нават самы маленькі, нюанс жыцця Крывіч.

Зараз, як яны расказалі мне, у  вёсцы 42 жыхары і амаль столькі ж дачнікаў, якія ахвотна скупляюць старыя сядзібы, прыводзяць іх да ладу. Гэта і чужыя людзі, і дзеці былых гаспадароў. І вёска ажывае ад іх прысутнасці. І не адзін-два чалавекі прыходзяць да аўталаўкі, як бывае зімой і позняй восенню, а бывае, што і цэлы натоўп. І пагавораць, і пасмяюцца разам. Праўда, апошнім часам, як і паўсюдна,  бывае, і спрэчкі разгараюцца. Неспакойна ў краіне, неспакойна і сярод людзей.

Лідзія Канстанцінаўна, дзіця вайны, якая паспытала ў жыцці шмат цяжкасцей, вырасла без бацькі, усёй душой жадае роднай зямлі спакою і міру, падтрымлівае дзейнічаючую ўладу. І кажа, што старэйшае пакаленне не хоча ніякіх сутычак, ніякіх войнаў. У часы Вялікай Айчыннай вайны 23 марта 1945 года  загінуў яе бацька, 7 мая - родны дзядзька. Пасля Перамогі ўсе дзеці-крывічане бегалі штодня да парома сустракаць бацькоў з фронту. Яны прыязджалі ў Морына, а затым на пароме перапраўляліся ў родную вёску. І  стайкі дзятвы днямі да цямна сядзелі на беразе ў чаканні сваіх татаў…

Лідзія Канстанцінаўна памятае, як вяртаўся сусед, які ваяваў разам з бацькам. І які бачыў, што той загінуў (чамусьці вельмі доўга не было паведамлення). Мужчына сышоў на бераг, спытаў, чые яны, і  сказаў:"Пайшлі, дзеткі, дамоў, сёння ўжо салдаты не прыплывуць". Іх салдат не прыплыў больш ніколі… Таму выказванне "Абы не было вайны", які маладыя часам успрымаюць скептычна, для такіх людзей носіць глыбокі сэнс. А зараз і ўнук яе збіраецца    служыць тэрміновую службу. Няхай нашы салдаты будуць салдатамі мірнай дзяржавы.

Непакояць вяскоўцаў і іншыя праблемы. У адным канцы вёскі нам расказалі і паказалі, што дачнікі выкапалі асабіста для сябе дзесьці 5-6 сажалак. Асобныя ля самай дарогі. Тыя  вадаёмы зараслі цінай, зацягнуліся балотам. А вось прыроднае возера змяльчэла ад іх дзеянняў дзесьці на метр. У 70 працэнтах калодзежаў прапала вада. Інспекцыя па ахове прыроды, па словах вяскоўцаў, ведае пра тое, аднак жа нічога не мяняецца. 

У другім канцы вёскі жанчыны расказалі пра тое, што ў іх перастаў працаваць ФАП. Яны гатовы за свае сродкі і рамонт там рабіць, і паліва для печак купляць. Іх жа на пастаяннай аснове тут жыве дастаткова шмат - 42 чалавекі, а ўлетку, наогул, чалавек пад двесце. Неяк на іх скаргі крывічанам адказалі. што ніхто не жадае ехаць сюды працаваць. А падтрымаўшая нашу  гутарку 57-гадовая дачніца, медык па адукацыі, сказала, што яна б згадзілася пераехаць сюды і стаць сельскім медыкам. Чаму не?!

З гэтым пытаннем крывічанам, канешне ж, патрэбна звярнуцца да галоўнага ўрача Іўеўскай раённай бальніцы Івана Сяргеевіча Глаза. Толькі ў яго кампетэнцыі вырашэнне падобных пытанняў. А вяскоўцы маюць рацыю.

Дом агульнага  спакою і ладу

 Ёсць адно месца ў Крывічах, да якога мы і йшлі па вяковых  вуліцах і "праспектах". Яно таксама стала амаль што знакавым. І таксама ажывіла жыццё вёскі. Сюды едуць людзі: і  афіцыйныя асобы, і сваякі тых, хто знайшоў у гэтым цудоўным доме надзейны і цёплы прытулак. Канешне ж, мы маем на ўвазе дом самастойнага сумеснага пражывання людзей сталага ўзросту, які быў адкрыты сацыяльнай службай Іўеўшчыны. Гэта такі разумны дзяржаўны праект. Людзі жывуць самастойна. Гэта не аддзяленне  кругласутачнага знаходжання.  Некалі яны, адзінокія, прыехалі ў незнаёмае месца і сталі з такімі ж незнаёмымі людзьмі амаль што сям'ёй. Цудоўныя пакоі з патрэбнай мэбляй, кожны - на пражыванне двух чалавек, утульная зала з мяккімі канапамі і вялікім тэлевізарам, кухня з усімі патрэбнымі тут атрыбутамі, душавыя кабіны, санвузлы… Усё, як у сапраўдным сямейным доме. Так і патрэбна, бо жывуць 7 чалавек тут, бадай што, сям'ёй. На агульныя грошы купляюць паліва на халодны сезон, прадукты і г.д. Разам працуюць. Дом, як кажуць, амаль топіцца ў кветках, дэкаратыўных кустах, прыгожых туях. А на задняй частцы двара - невялікі агарод, цяпліца, дзе і гуркі свае, і бульба, і памідоры, і цыбуля, і нават перцы. Увесь сезон на стале жыльцоў гэтай сацыяльнай установы - свежая гародніна. Ёсць невялікая градка  клубніц. Ажно 10 літраў варэння на зіму зварылі. Чай будзе смачным.

Дапамагае  наладзіць быт гэтага  незвычайнага дома Наталля  Міхайлаўна Рагач. Яна не толькі сацыяльны работнік гэтых сямі чалавек. Яны, 60-гадовыя і старэй, называюць яе сваёй мамай. Ну хто, як не мама, і бліноў з маслам ранкам напячэ, і пірагоў намесіць, і слова добрае скажа?!

"Абед на стале. Збірайцеся есці!" - крыкне яна з кухні. А ёй у адказ:"Крышку пазней. Суд ідзе."

Гэта значыць, што  яе падапечныя глядзяць сваю любімую праграму "Суд ідзе". Таму абед часам і стыне на стале.

На гародзе і ў цяпліцы яны дапамагаюць, як могуць Наталлі МІіхайлаўне. І, канешне ж,  дапамагае жонцы і гэтым людзям і Юрый Пятровіч Рагач.

65-гадовы Станіслаў Баляслававіч і 70-гадовы Іван Іванавіч адказваюць за паліў, рыхленне і апрацоўку кустоў, перасадку кветак. Тут, як у разумнай сям'і, дзе ўсе работы размеркаваны па сіле і магчымасцях, і дзе за сталымі людзьмі прыглядаюць клапатлівыя і сардэчныя маладыя.

Менавіта такімі і з'яўляюцца муж і жонка Рагачы. Наталля Міхайлаўна ладзіць і святы сваім падапечным. Гэта дні нараджэння, Вялікдзень, Каляды, Новы год. Гэта застолле, на якім  бывае і шампанскае.

Тут усё агульнае. Замкоў няма. Ніхто не бярэ нічога ўпотайкі. А калі прыязджаюць сваякі ці ўнукі, прывозяць гасцінцы, то насельнікі дома сумеснага пражывання прыносяць іх на стол у кухні - частавацца ўсім.

У гэтай вёсцы з такой цудоўнай, старадаўняй, сімвалічнай назвай знайшлі гэтыя людзі другі дом, дзе цяплей, дзе святлей,  няма адзіноты і маркоты. Можа яно і лепш было б з роднымі. Ды так атрымалася. Але, як бачна, атрымалася зусім не блага.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий