ivyenews.by

Мілагучныя званы духоўнасці. Свята-Петрапаўлаўская царква ў Трабах

Главное

Вось ужо больш за два стагоддзі, як кожную нядзелю і ў святы мілагучна плыве над Трабамі мелодыя званоў праваслаўнай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэтая святыня знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы. Зялёныя кроны дрэў шумяць на ветры, таму здаецца, што лісце штосьці кажа вернікам, а вецер пяшчотна спявае ім сваю любімую  песню. Тут заўсёды пануюць цішыня і спакой. Царква быццам застыла ў часе і стала для многіх людзей тым месцам, куды яны прыходзяць падзяліцца сваім самым патаемным.

Згодна з гістарычнымі звесткамі Свята-Петрапаўлаўская царква ў Трабах была пабудавана ў 1784 годзе з дрэва, як уніяцкі храм. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці прысвоены ў 2016 годзе.

Першы храм быў заснаваны яшчэ каля 1860 года. Царква перабудоўвалася на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Да чатырохсценнага зруба царквы далучана пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Двухсхільны дах трохвугольнымі застрэшкамі пераходзіць у вальмавы над апсідай; на галоўным фасадзе і над апсідай завершаны гранёнымі барабанамі з купалам. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Франтон галоўнага фасаду па вуглах завершаны дэкаратыўнымі вежачкамі з гранёнымі галоўкамі. 

У агульнай прасторы малітоўнай залы перагародкай вылучаны прытвор, над якім размешчаны хоры. Інтэр'ер праваслаўнай святыні аформлены ў пачатку 20 стагодзя. У царкве можна ўбачыць рэдкi разны драўляны іканастас, выкананы з маронага пакрытага лакам дуба ў 2 ярусы, расчлянёны калонамі з разным арнаментальным дэкорам. Ён быў выкананы  невядомым  майстрам з Вільні за грашовыя сродкі мясцовага двараніна Масюкевіча. Яго даставiлi ў Трабы ў 1901 годзе. Прычым, па ўспамінах людзей сталага веку, ўвесь няблiзкi шлях з Вiльнi, з малітвай і светам надзеі і веры ў вачах, праваслаўныя вернiкi неслi на руках гэты сапраўдны твор мастацтва ў свой храм. Гэты іканастас і сёння здзіўляе сваім цудоўным дызайнам. І, вядома ж, у першую чаргу, на нашу думку, праваслаўны храм заварожвае сваімі абразамі са светлымі біблейскімі лікамі. Менавіта ля такіх абразоў узнікае жаданне затрымацца, схіліцца ў малітве і адчуць, што яна пачутая.  Захоўваецца ў царкве і абраз ХVIII стагоддзя "Узнясенне".

У храме, дарэчы, шмат менавіта такіх абразоў. 

З асаблівым пачуццём старажылы адносяцца да памятнага абраза Георгія Пабеданосца. На ёй добра бачны надпіс "Икона Георгия Победоносца. Сооружена усердием членов 105-го Оренбургского полка в память 17 октября 1888 года". 

Са слоў старажылаў мястэчка вядома, што гэты абраз падараваў царкве полк рускай арміі, праходзячы праз Трабы ў канцы ХІХ стагоддзя. А вось напісаны абраз - у памяць аб цудоўным выратаванні царскай сям'і падчас крушэння царскага поезда менавіта 17 кастрычніка 1888 года. Поезд пацярпеў крушэнне ў Борках па дарозе з Крыма. Загінула вельмі шмат людзей, у тым ліку і прыслуга царскай сям'і. А вось усе асобы царскай сям'і засталіся цэлымі. Гэта падзея была ўспрынята, як цуд. У Расіі былі пабудаваныя новыя цэрквы, напісаныя абразы. Вось і Трабскі абраз, які быў уласнасцю ваеннай паходнай царквы, перад якою абаронцы Айчыны прасілі Святога Георгія аб заступніцтве, аб сіле і моцы ў барацьбе з ворагамі, служыць суцяшэннем трабскім вернікам і сёння. Асаблівым яго размяшчэнне ў Трабах лічыцца яшчэ і таму, што ўжо ў наш час служачыя і салдаты мясцовай вайсковай часці прыходзяць да абраза, каб прасіць аб дапамозе ў сваіх справах.

У Трабскай царквы дзіўная і цікавая гісторыя. Цікавыя лёсы людзей перапляліся ў Трабах. 

Як і ля кожнага храма, па звычаях таго часу, захаваліся магілы святароў, якія там служылі. Архіваў царквы не захавалася, а таму аб яе настаяцелях можна меркаваць толькі па надпісах на надмагільных помніках і па ўспамінах людзей старэйшага ўзросту, з якімі аўтару гэтых радкоў прыйшлося гутарыць. 

Вернікі называюць імёны: протаіерэй Іўстын Міхайлавіч Смяткоўскі (памёр у 1908 г.), пратаірэй Васіль Іванавіч Феафанаў (памёр у 1944 г.), протаіерэй Іаан Фатыевіч Ржэцкі (памёр у 1953г.) і яго жонка, матушка Аляксандра Міхайлаўна (памёрла ў 1957г.). Вядома, што Ржэцкія - гэта бацькі актрысы Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Янкі Купалы, народнай артысткі Савецкага Саюза Лідзіі Іванаўны Ржэцкай. 

Жыхары старэйшага ўзросту аграгарадку расказвалі, што Лідзія прыехала толькі праз некалькі дзён пасля пахавання маці і моцна плакала на яе магіле. 

Вясковым жыхарам было складана зразумець, што Лідзія Ржэцкая як член партыі і дзяржаўны служачы, не магла прылюдна пайсці ў царкву. Магчыма, яна нават не прызнавалася нікому, што яе бацька - святар. У 50-я гады мінулага стагоддзя гэта магло каштаваць  ёй не толькі кар'еры… 

З 1960 па 1970 год у гэтым храме працаваў гальшанскі настаяцель протаіерэй Пётр. З 1990 года тут пачаў несці сваю службу протаіерэй Канстанцін Міхайлавіч Макрыцкі. У Трабах жыла і яго сям'я. 

З болем і жалем развітваліся з ім жыхары Трабаў у 2009 годзе. Праваслаўныя і каталіцкія вернікі шмат разоў з любоўю і цеплынёй адзываліся аўтару гэтых радкоў аб айцы Канстанціне. 

Высокая агароджа з камянёў, якія перажылі вякі, векавыя ліпы навокал царквы, рыштаванні навокал будынка, новыя бліскучыя купалы, якія свечкамі пераліваюцца на сонцы... Гэта значыць - жыццё прадаўжаецца. 

Настаяцель прыхода іерэй Аляксандр Дзянішчыц, як дбайны гаспадар, захоўвае і аздабляе будынак царквы. Упершыню за час свайго існавання ў царкве быў абноўлены фасад і на самім будынку, і на званіцы. Узнесены над дахам храма новыя пазалочаныя купалы. 

Храм ажывае, маладзее на вачах. І хто цяпер можа сказаць, што гэты праваслаўны храм, гэты будынак стаіць у аграгарадку  Трабы не адно стагоддзе?!

І. Захарэвіч.

Читайте ещё:



Оставить комментарий