ivyenews.by

Іўеўскай бібліятэцы - 75 год. Храм мудрасці і цішыні, прымі мяне ў свае абдымкі…

Главное

Гісторыя, якая стварала дзень сённяшні

Растуць у цішы бібліятэк і фізікі, і лірыкі…І вітаюць у паветры той цішыні думкі і словы, і шэпчуцца на паліцах мінулае і будучыня, і схіляюцца галовы і малых, і старых над  старонкамі вечнага і неўміручага, над скарбамі думак  чалавецтва за ўсе гады яго існавання ад таго часу, калі з'явілася друкаванае слова. І бліжэй становяцца гарады і краіны, і больш зразумелым многае, над чым працавалі  головы разумнікаў розных стагоддзяў.

З самага дзяцінства мне здавалася, што ў бібліятэцы патрэбна не гаварыць, а шаптаць, каб нікому не перашкаджаць, каб не спалохаць гэтую адмысловую цішыню. А вось днямі  мы гучна завіталі ў бібліятэку. І мелі на тое вялікую падставу. Іўеўская раённая бібліятэка адзначае сваё 75-годдзе. Менавіта бібліятэка, а не ўся бібліятэчная сістэма.

Экскурс у мінулае, дазволіўшы прачытаць старонкі летапісу  нам дапамагла зрабіць  Святлана Аляксандраўна Мірончык - дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі.

Здаўна на тэрыторыі Іўеўшчыны дзейнічалі невялікія прыватныя бібліятэкі. Аднак карыстацца кнігамі мелі дазвол толькі знатныя асобы. Пачынаючы з 1926 года, пасля ўтварэння беларускай рабоча-сялянскай грамады, былі спробы стварыць бібліятэкі. На жаль, няма дадзеных аб развіцці іх з 1939 па 1945 год. Пасля вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася работа па арганізацыі бібліятэчнай сеткі. У студзені 1945 года раённая бібліятэка адкрыла свае дзверы перад чытачамі. Гэта была такая вялікая падзея! 

Першым дырэктарам стала Марыя Буймістрава. Пазней пакрыху пачалі стварацца бібліятэкі і на вёсках раёна. Фонды былі невялічкімі. У так званых "избах-читальнях" налічвалася ўсяго ад 30 да 50 экзэмпляраў кніг.

Прынамсі, загадчыцай адной з іх была будучы дзяржаўны дзеяч, сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, кандыдат гістарычных навук, прафесар Елізавета Пятроўна Чагіна.

На  красавік 1949 года ў раёне налічвалася 12 хат-чытальняў, адна сельская бібліятэка. Раённая бібліятэка валодала фондам у 6720 экзэмпляраў кніг.

У 1956 годзе дырэктарам раённай бібліятэкі была прызначана Ніна Антонаўна Мытнік, вельмі адукаваны і інтэлігентны чалавек. І з тае пары значна палепшыўся і памножыўся кніжны фонд, пачалі праводзіцца цікавыя мерапрыемствы для чытачоў і наведвальнікаў.

З 1966 по 1968 год калектыў бібліятэкі ўзначальвала Ніна Аляксандраўна Ушакевіч. У 1969 годзе дырэктарам стала Ядвіга Сігізмундаўна Жэбрык, якая на гэтай пасадзе працавала 18 гадоў.

У сярэдзіне 70-х гадоў бібліятэкі з'явіліся ў кожным буйным населеным пункце, а ў 1978 годзе яны былі аб'яднаны ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Раённая бібліятэка стала вядучай і метадычным цэнтрам для ўсіх 64 бібліятэк. Яна абслугоўвала 2576 чытачоў у год. На новыя цікавыя кнігі тут існавала чарга.

З 1982 да 1985 года бібліятэчную сістэму раёна ўзначальвала Галіна Васільеўна Сахар.

З 1986 года пачынаецца скасаванне бібліятэк. За 1986-2003 гады было скасавана ці рэарганізавана 29 бібліятэчных устаноў.

Дырэктарам  Іўеўскай ЦБС з 1989 да 1995 года была Вікторыя Мечыславаўна Швабовіч.

У 90-я гады, як вядома, надавалася вялікая ўвага работе бібліятэк па захаванні і адраджэнні нацыянальнай спадчыны. Адлюстраванне гэтай тэмы знайшлося ў афармленні  бібліятэк, тэматыцы мерапрыемстваў, якія  акцэнтавалі ўвагу на асэнсоўванні гістарычнага шляху беларускага народа, выхаванні гонару за сваю Айчыну, абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці. І менавіта з бібліятэк у нашым раёне пайшлі этнаграфічныя куткі,  шанаванне і збор прадметаў сялянскага побыту, адраджэнне асобных рамёстваў. 

У 1993 годзе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы пачала працаваць літаратурна-музычная гасцёўня "Спадчына". Гаспадыняй яе стала загадчыца аддзела абслугоўвання Таццяна Андрэеўна Белуш. У рабоце гасцёўні бралі ўдзел настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, чытачы, работнікі бібліятэкі. Стала багацейшым і змястоўнейшым жыццё ўстановы. А мерапрыемствы на тэму беларускасці, гісторыі роднай краіны, яе культуры прыцягвалі ўвагу шматлікіх жыхароў Іўеўшчыны. І чытачоў, як і наведвальнікаў, стала больш.

 

Сваю працу патрэбна любіць

У тыя дні на чале калектыву стала Святлана Аляксандраўна Мірончык, якая і працягне наш расказ, але ўжо пра дзень сённяшні.

- Што са здабыткаў вашых папярэднікаў вы імкнуліся захаваць, пачаўшы сваю дзейнасць у іпастасі кіраўніка?

- Самае галоўнае, што я спасцігла з пачатку работы ў бібліятэцы (з 1982 года), калі я пачынала тут мастаком, што сваю працу патрэбна любіць. І яе тут любілі: і кіраўнікі, і бібліятэкары, і тэхнічныя работнікі, таму што калектыў яднаў і кожны адчуваў сваё дачыненне да агульнай справы.  Пачынала я працаваць з цікавымі людзьмі. Імя, напрыклад, Надзеі Яфімаўны Пятраш  ведае кожны, хто прыходзіў некалі ў дзіцячы аддзел, а потым  - у  дзіцячую бібліятэку. Як яна ўмела працаваць з малымі чытачамі! Я і сама ведала яшчэ школьніцай, што адносіць кнігу ў той дзень, калі працуе Надзея Яфімаўна, можна толькі ў тым выпадку, калі ты яе прачытаў. Таму што яна абавязкова спытае і пра змест, і пра тое, ці спадабалася, а калі не, то чаму. Менавіта ад Надзеі Яфімаўны пайшла традыцыя даражыць дзецьмі, якія любяць чытаць, пеставаць іх, шанаваць. І зараз гэта, на шчасце, засталося ў нас. І зараз ёсць такія разумнікі -  хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыходзяць у бібліятэку, як у храм. І мы імкнемся дапамагчы ім, параіць, падказаць, трымаць такіх дзетак у полі зроку.

- У 80-я гады яшчэ працавалі тыя людзі, што стаялі ля вытокаў  бібліятэчнай справы раёна...

Так. У гісторыі  бібліятэкі назаўжды імёны Марыі Васільеўны Гушча, Ніны Антонаўны Мытнік, Надзеі Яфімаўны Пятраш, якіх даўно ўжо няма ў жывых. Да гэтае пары мы цёпла адносімся да нашых ветэранаў працы Рэгіны Баляславаўны Пясля, Ядвігі Сігізмундаўны Жэбрык, супрацоўнікаў, якія зусім нядаўна выйшлі на заслужаны адпачынак: Валянціны Арсеньеўны Велента, Таццяны Пятроўны Дзярэга, Тамары Міхайлаўны Ягела, Галіны Іванаўны Завадскай, Ірыны Баляславаўны Жышко, Ядвігі Нікадзімаўны Ярошка, Алены Уладзіміраўны Радзько, Галіны Антонаўны Кіслай.

- Імёны  многіх з іх ужо знайшлі сваё месца на паліцах вашага міні-музея. Іншым яшчэ  прадстаіць гэта зрабіць.

- Безумоўна. У 2011 годзе ў нас створаны адзіны такі ў вобласці музей  бібліятэчнай справы. Супрацоўнікі бібліятэкі сабралі багаты матэрыял аб гісторыі бібліятэчнай справы раёна, які ўтрымлівае ў сабе архіўныя дакументы , успаміны, публікацыі і іншыя матэрыялы. Летась музей бібліятэчнай справы быў перанесены ў чытальную залу і перайменаваны ў музейную экспазіцыю "Бібліятэкі раёна: падзеі, дакументы, людзі".

Між іншым, тут захоўваецца і Грамата Міністэрства культуры СССР з подпісам знакамітага міністра культуры Екацярыны Фурцавай. Грамата належыць Марыі Васільеўне Гушча.

Сёння гісторыю і сучаснасць ствараюць Ірына Тадэвушаўна Траццякевіч, Раіса Іванаўна  Майсеенкава, Таццяна Леанідаўна Козел, Таіса Іванаўна Грыкень, Жана Яўгенаўна Руткоўская, Таццяна Іванаўна Рамановіч, Таццяна Андрэеўна Белуш, Жана Станіславаўна Дагіль, Наталля Тамашаўна Шабановіч, Марына Генрыкаўна Разумнюк, Ірына Віктараўна Баўтрэль, Эдзіта Эдуардаўна Казачэнка.

Побач з імі набіраюцца вопыту маладзейшыя, але ўжо  вельмі патрэбныя нам,  члены калектыву Алена Вальдзіміраўна Віктарава, Наталля Уладзіміраўна Дзяшук, Таццяна Эдуардаўна Чэперук, Вольга Віктараўна Кепель, Ліма Бекіраўна Мухарская.

Ёсць работнікі, якія не маюць дачынення канкрэтна да бібліятэчнай справы, аднак без іх немагчыма дасканалая дзейнасць. Гэта  Яўгенія Мечыславаўна Матылевіч, Жана Вацлаваўна Шакаль, Віктар Іванавіч Марчык, Пётр Уладзіміравіч Гаеўскі, Святлана Іванаўна Юрачкіна, Тадэвуш Баляслававіч Козел. 

Тадэвуш Баляслававіч - выпускнік Акадэміі мастацтваў Беларусі, мастак-афарміцель. Усе нашы арыгінальныя банеры, якія рэгулярна з'яўляюцца на  фасадзе будынка і іншыя афарміцельскія ідэі, што выклікаюць захапленне іўяўчан і гасцей горада, - гэта яго творчыя работы. І мы вельмі ўдзячны яму, што разам з ім  радуем іўяўчан такімі мастацкімі  куткамі, у якіх адлюстраваны і наша гісторыя, і наша культура, і асаблівасці нашага такога старадаўняга і такога маладога горада-мястэчка.

- Раённая бібліятэка - гэта шматфункцыянальная ўстанова культуры, інфармацыйны, адукацыйны і культурны цэнтр. Дзейнасць яе і наогул ўсёй бібліятэчнай сістэмы накіравана на захаванне і развіццё культуры ў грамадстве, папулярызацыю кніг і чытання, патрыятычнае, прававое, духоўна- маральнае выхаванне моладзі, выхаванне здаровага ладу жыцця і г.д.

- Усё правільна. Я асобна вылучыла б менавіта духоўна-маральнае выхаванне як першааснову для ўсяго астатняга. Усе мерапрыемствы, якія праводзяць супрацоўнікі бібліятэкіі (сустрэчы з святарамі раёна, з гісторыкамі, краязнаўцамі, майстрамі народнай творчасці, паэтамі, пісьменнікамі і г.д.) фарміруюць у ўдзельнікаў іх разуменне, што духоўна-маральнае выхаванне спрыяе фарміраванню асобы. Усё гэта добра разумеюць супрацоўнікі не толькі раённай бібліятэкі, якія пераўтварылі свае ўстановы ў міні-інтэлектуальныя цэнтры, сплаў творчасці, прафесіяналізму.

За гэты час, безумоўна, змянілася сацыяльная роля бібліятэк. Да абавязкаў  асветніцкага характару, захавання і памнажэння культурнай спадчыны дабавіліся функцыі інфармацыйных цэнтраў. На базе бібліятэк раёна ў розныя гады праходзілі рэспубліканскія, абласныя і рэгіянальныя семінары.

- Установы, у якія прыходзяць  людзі, каб пагутарыць, адчуць атмасферу дабра, сардэчнасці і самім падзяліцца лепшымі пачуццямі, называюць цёплымі. Цеплыні     раённай бібліятэцы не займаць. Прыходзяць не толькі гараджане і жыхары раёна… 

- Так. У розныя часы ў бібліятэцы адбыліся творчыя сустрэчы з такімі пісьменнікамі і паэтамі, як Леанід  Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Віктар Карамазаў, Іван Карэнда, Аксана Спрынчан, Уладзімір Ягоўдзік, Юрый Татарынаў, Таццяна Дашкевіч, Валерый Квілорыя і іншыя.

Бібліятэка подтрымлівае культурныя сувязі з вядомымі землякамі. Кнігі, якія становяцца падзеяй года ў Маскве, Расіі, атрымліваем мы ў дар ад былой іўяўчанкі, Заслужанага работніка культуры РФ, акадэміка Акадэміі расійскай прэсы, намесніка галоўнага рэдактара "Российской газеты", Ганаровага грамадзяніна города Іўе Ядвігі Юферавай. Дзякуючы ёй, бібліятэка прыняла ўдзел у мегапраекце "Пушкинская библиотека: книги для российских библиотек" (2001 г.) і атрымала ў падарунак ад інстытута "Открытое общество" (г. Москва) 495 экзэмпляраў кніг.

Кнігі бібліятэцы дарылі таксама нашы землякі-масквічы: Ганаровы грамадзянін горада Іўе, наш зямляк, намеснік дырэктара Міжнароднага інстытута даследвання рызык, член Расійскай Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага Віктар Шутаў і, светлай памяці, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты "Собеседник" Мечыслаў Дмухоўскі.

Бібліятэка прымае ўдзел у міжнародных праектах. Нашы супрацоўнікі мелі магчымасць наведаць бібліятэкі Польшчы і Чэхіі, знаёміліся з работай замежных калег, расказвалі пра свае напрацоўкі, пабачылі шмат цікавага і карыснага ў гэтых еўрапейскіх краінах. 

- Як мы казалі вышэй, адным з прыярытэтных накірункаў работы вашай установы і ўсёй сістэмы з'яўляецца краязнаўства.

- Гэта не толькі прыярытэтны накірунак. Гэта яшчэ і вялікая асалода ад вынікаў такой працы, і самаадукацыя кожнага, хто займаецца гэтай работай. Яна заўжды носіць комплексны характар, мае канкрэтную мэту. Шматгадовая даследчая і пошукавая дзейнасць прыносяць плённыя вынікі. Менавіта дзякуючы ёй, за ўвесь час існавання рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" бібліятэкі сістэмы 18 разоў прымалі ў ім удзел. 13 раз выходзілі пераможцамі. Назапашаны матэрыял выкарыстоўваўся для  падрыхтоўкі і правядзення двух навукова-практычных краязнаўчых канфэренцый, выдавецтва кніг і брашур. 

- Асобнай увагі, безумоўна, заслугоўвае ваша выдавецкая дзейнасць. І гэта таксама         як вынік працы, пошуку, абагульнення здабыткаў. Некалькі слоў, калі ласка, на гэтую тэму.

- Восем гадоў прайшло з тае пары, як выдавецкая дзейнасць у нас  выйшла на годны ўзровень. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Іўеўскага райвыканкама выйшлі ў свет зборнік "Іўе: гісторыя, падзеі, людзі" (2012 год), зборнік прозы і паэзіі "Іўеўшчына літаратурная" (2013 год), кніга да 70-годдзя вызвалення Іўеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў "Нам жыць і помніць" (2014 год). У 2015 годзе ўбачыла свет кніга "Я родом не из детства - из войны... История Ивьевского сиротского детского дома". Была выдадзена серыя зборнікаў вершаў мясцовых паэтаў, распрацавана серыя буклетаў "Храмы Ивьевщины". Пры бібліятэцы працуе інфармацыйна - адукацыйны цэнтр. 

- Як вядома, асноўнай і вельмі пачэснай узнагародай творчым людзям на Гродзеншчыне з'яўляецца штогадовая прэмія абласнога выканаўчага камітэта імя А. Дубко. Тое, што   ў бібліятэчнай сістэме трое чалавек маюць гэтую ўзнагароду (вы, Святлана Аляксандраўна,  Тарэса Станіславаўна Захарэвіч і Таіса Іванаўна Грыкень), найлепш гавораць аб тым, якія людзі працуюць у бібліятэках.

- Паколькі сёння гутарка ў нас ідзе амаль цалкам толькі пра бібліятэку-юбіляра, я некалькі слоў хачу сказаць пра Таісу Іванаўну Грыкень, былую загадчыцу дзіцячай бібліятэкі, а зараз - загадчыцу сектара  па абслугоўванні  дзіцячага чытача і яе калег з дзіцячай часткі нашай установы. Яны ўсе (разам са сваім кіраўніком) - самы сапраўдны сплаў творчасці, крэатыву, плёну, ідэй. Там заўжды цікава і камфортна і дзецям, і дарослым, якія часам завітаюць у дзіцячую бібліятэку.

Іўеўская дзіцячая бібліятэка ў свой час прыняла ўдзел у 2 Рэспубліканскім конкурсе "Библиотека - центр духовного просвещения и воспитания" і заняла трэцяе месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк Беларусі ў намінацыі "История Православия родного края". 

Іўеўская дзіцячая бібліятэка-філіял атрымала  перамогу ў абласным конкурсе сярод публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці "Бібліятэка года" у намінацыі "Дзіцячая бібліятэка 2016 года". Дзіцячая бібліятэка прыняла ўдзел у конкурсе "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" і была ўзнагароджана грашовай прэміяй.

Вялікая работа бібліятэкараў аддзела абслугоўвання і інфармацыі ў аматарскім аб'яднанні "Надзея" (для інвалідаў па зроку) была адзначана Лістом падзякі Гроденскай обласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па  зроку. Цудоўным месцам адпачынку стала і аматарскае аб'яднанне "Іўяўчанка".

Іўеўская раённая бібліятэка заняла другое месца ў конкурсе "На лучшую постановку идеологической работы в организациях Гродненской области",  узнагароджана дыпломам ІІ ступені  і грашовай прэміяй. Можна амаль бясконца пералічваць нашы ўзнагароды і дасягненні. І раблю я  гэта дзеля таго, каб паказаць, што бібліятэчную справу прадстаўляюць вельмі адукаваныя, кампетэнтныя, прафесіянальныя людзі, якія, як мы казалі вышэй, аддаюць душу любімай справе. Канешне, сёлетні год не зусім спрыяў рабоце з чытачамі і  правядзенню ў жыццё новых праектаў. Свае карэктывы ўносіла пандэмія. Аднак жа, жыццё не закончылася. І творчасць працягваецца. 

Шмат плёну, цікавых мерапрыемстваў прынесла і работа ў рамках Года малой радзімы, якімі былі аб'яўлены ў Беларусі 2018-2020 гады. Мы распрацавалі і правялі цікавыя праекты. Самым рэзанансным стаў праект "Нашы людзі", падчас якога ладзілі сустрэчы з вядомымі землякамі. Гэта былі: прэзентацыя  кнігі Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага (ураджэнца  г.п. Юрацішкі, доктора гістарычных навук,  прафесара "Под омофором Святителя Николая Чудотворца: история православного прихода в местечке Юратишки" і творчая сустрэча з паэтам, ураджэнцам вёскі Крывічы Іванам Арсеньевічам Карэнда "Сустрэча з малой радзімай"; сустрэча навучэнцаў старэйшых класаў іўеўскіх устаноў адукацыі з Міхаілам Канстанцінавічам Кяўрой, доктарам медыцынскіх навук, професарам, заснавальнікам клінічнай фармакалогіі ў Рэспубліцы Беларусь.. 

- Асобных слоў заслугоўвае ваш праект "Тэрыторыя творчасці". Надзвычай цудоўная ідэя.

- Згодна. Шмат таленавітых, неабыякавых, творчых паэтаў, народных майстроў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатографаў і іншых цікавых людзей запрасілі мы на сустрэчы з нашымі чытачамі. Так і патрэбна, каб годна трымаць статус цёплай установы.

У нас працуюць творчыя аб'яднанні. У сектары   абслугоўвання дзіцячага чытача - "Тэатр у кнізе", дзейнічае  "Літаратурнае кафэ" (выставы, гутаркі пра пісьменнікаў і т.д.) 

- Разумныя кіраўнікі спачатку ствараюць годныя ўмовы для працы, а затым патрабуюць якасці яе. У вас так ці інакш?

- Думаю, што іўяўчане (нават сярэдняга ўзросту, не кажучы  пра сталых людзей)  маюць магчымасць сапастаўляць тое, якой была раённая бібліятэка яшчэ зусім нядаўна, і тое, што зараз бачаць у цэнтры горада. Мы забяспечаны ўсім патрэбным для эфектыўнай працы, мы адчуваем вялікі клопат  Іўеўскага райвыканкама і аддзела культуры. Выдаткоўваюцца сродкі. А мы самі ўжо наводзім і прыгажосць, і ўтульнасць, і хвалюемся пра кніжны фонд, пра падпіску перыёдыкі.  І кветкі, што радуюць  і прахожых, і нас саміх - гэта таксама наша візітоўка. У прыгажосці прыемней жыць і працаваць. Карацей кажучы, ёсць і ўмовы для працы, і сама праца.

- Застаецца толькі павіншаваць бібліятэку-юбілярку і пажадаць бібліятэкарам плёну і зацікаўленых чытачоў, а таксама здароўя і міру - і тым, і іншым.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий