ivyenews.by

Песень, скокаў, жартаў — тут усяго багата. У Юрацішках святкавалі Масленіцу

Главное

На эксклюзіўнай канцэртнай пляцоўцы ля будынка аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы гарадскога пасёлка Юрацішкі ў мінулую суботузагуляла шырокая Масленіца. Сёлета і сапраўды ёсць каго праводзіць – зіма ўдалася на славу: і марозная, і снежная, і з прыгожым інеем, з санкамі і лыжамі. Апошнімі днямі сонейка зрабіла сваю справу: снег  сабрала, і ваду з-пад яго сцягнула ў недры. А потым, напэўна, успомніўшы пра Юрацішкаўскую Масленіцу, зіма вярнулася і зноўку прысыпала зямлю снегам. Маўляў, праважайце.

Наўкол разлілася музыка, загучалі галасы. Свята пачало  сваё шэсце. З’явіліся вядучыя Лявоніха з дачкой Паўлінкай.

Патрэбна адначыць.што святы, якія праводзяць культработнікі Іўеўшчыны, не толькі пяюць і танцуюць, але і, як зараз прынята гаварыць, маюць інфармацыйную накіраванасць. Таму што падчас іх гледачам абавязкова раскажуць, адкуль яно пайшло, якія мае традыцыі, звычаі, абрады, прымаўкі, прыказкі, народныя павер’і.  

І пра назву,такую незвычайную, таксама паведамілі гасцям свята  арганізатары ўрачыстасці.

Здаўна гэта пайшло. Калі наступаў гэты тыдзень перад пастом,у людзей было шмат малака і масла. Адтуль і назва – Масленіца. А што можа лепей аздобіць такую смакату, як не гарачы і круглы блін! Між іншым, ён і з’яўляецца сімвалам сонца.

Прымаўку “Хто на Масленіцу сумуе, таму ў годзе не шанцуе” адразу ж узялі на гэтым свяце за аснову. І вяселле тое пачалося, калі пад народную музыку, у суправаджэнні прыгожых дзяўчат у нацыянальных касцюмах з’явілася сама спадарыня Масленіца. А з ёю шумны, вясёлы гурт. І песні, і галасы загучалі весялей. А яшчэ былі две гарэзы – дзяўчынкі з  прыгожа заплеценымі косамі, з шаляноўкамі на плячах, якія так і кідаліся ў скокі то тут, то там, ствараючы атмасферу асаблівай весялосці і выклікаючы замілаванне ў гледачоў.

На свята завітаў фальклорны дзіцячы калектаў “Жавароначкі” з аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лаздуны І. Гэтыя маленькія пявунні шмат песень пра Масленіцу ведаюць.

Цэлы блок свята прысвяцілі Матухне-Зіме. Былі і  госці – зімовыя месяцы Снежань, Студзень, Люты. І, безумоўна, сама Зіма. 

Расказвалі яны, як у снежні дажджом палівалі, а ў студзені выпусцілі цэлыя хмары сняжынак, засыпалі наўколле снегам, і дзяцей, і дарослых зімой парадавалі, намарозілі, ветрам надзмулі, аднак і зямлі далі вільгаці, вады.

Усёй гэтай зімовай кампаніі прысвяцілі свае песні лепшыя салісты з культуры раёна, сярод якіх Генадзь і Таццяна Рынгелі, Наталля Марчанка і іншыя.

З’явілася Вясна-Красны з вяснянкамі.

Адбыліся між порамі года сапраўдныя спаборніцтвы за права правіць у гэты час на зямлі. Зіма яшчэ хацела застацца, а Вясну ж сама зямля чакае. І ўсё ж пояс Улады перацягнула

Вясна. 

І пачалося святочнае раздолле. І казачныя героі з Суботнікаў,  “Вясёлыя цыганы”  з адзела культурна-масавай і асветніцкаай работы аграгарадка Лаздуны І, казачны Жаніх з Дайлідаў, Маша і Мядзведзь з Іўя, цудоўныя замалёўкі трабскіх культработнікаў.  Амаль уся творчая эліта раёна адзначылася на гэтым вясёлым свяце. 

Цешыў сваімі песнямі і народны ансамбль народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш”, а таксама асобныя  вакалісты аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы гарадскога пасёлка Юрацішкі.

Працавалі гандлёвыя рады, выстава-продаж сувеніраў народных майстроў, атракцыёны,

бязпройгрышная латарэя.

Госці свята вадзілі карагоды, частаваліся блінамі, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Адбыўся конкурс на лепшае пудзіла Масленіцы. Тым дзяўчатам, якіх змайстравалі у клубных устаеновах зусім і не падлводзіць  слова пудзіла. Яны, стаўшы у рад, упрыгожылі сабой свята. 

Што ж, вось і прыйшоў час чакаць вясну, сустракаць яе.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий