ivyenews.by

Молодые специалисты Ивьевщины. Здзейсненая мара Паліны

Главное

Яна, на першы погляд, далікатная і безабаронная, але характар, як гаворыцца, што трэба. Не дзіва, бо настаўнікі павінны за ўсім назіраць: падтрымліваць дысцып-ліну, прымаць розныя вучнёўскія жарты спакойна і сачыць за тым, каб яго прадмет разумелі ўсе. Настаўніцкая праца - не самая лёгкая, але яна кожны дзень прыносіць нешта новае, непаўторнае. Менавіта таму Паліна яе і любіць.

Нарадзілася і вырасла Паліна Лебедзева ў г. Іўе, дзе і скончыла Іўеўскую сярэднюю школу. Натхнёная штодзённай працай сваіх настаўнікаў, аповедамі мамы пра даўнішняе, нездзейсненае жаданне ўвайсці ў склад педагагічнага калектыву, дзяўчына з дзяцінства марыла вучыць дзяцей. Крок за крокам яна пазнавала нязведаныя таямніцы розных навук, ікнулася зазірнуць у самую глыбіню школьных прадметаў. Словам, рабіла ўсё тое, каб дасягнуць сваёй мэты.

Калі прыйшоў час, цяжкасцяў з выбарам будучай прафесіі не ўзнікла, хоць і была думка паступіць у медыцынскі ўніверсітэт. Але дзяўчына не здрадзіла сваім марам і апынулася на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. У працэсе вучобы вызначылася з накірункам дзейнасці і старанна рыхтавалася стаць настаўніцай па хіміі.

Вучоба праляцела так жа хутка, як і падышоў час размяркоўвання. Паліна ведала, што вернецца ў Іўеўскі раён, якому на той момант былі патрэбны маладыя спецыялісты. На радзіме яе чакала прыемная навіна: на адпрацоўку яна накіроўвалася ў родную школу, таму страху апынуцца ў новым калектыве дзяўчына не адчувала.

Але адразу выкладаць любімы прадмет ёй не давялося, першы год працавала на пасадзе сацыяльнага педагога. Прызнаецца, было цяжкавата, але дзякуючы падтрымцы і дапамозе адміністрацыі работа з цягам часу пачала ладзіцца. Пазней Паліне прапанавалі дадаткова некалькі часоў заняткаў па хіміі ў Бобравічскім дз/с - СШ, куды да канца навучальнага года яна і ездзіла. Але ўжо ў наступным годзе хімію выкладала ў сваёй роднай школе, дзе і змагла па-сапраўднаму праявіць сябе. На сённяшні дзень у скарбонцы прафесійных дасягненняў дзяўчыны - удзел у раённым, абласным і рэспуб-ліканскім этапах конкурсу "Настаўнік года - 2016", 2-е месца яе вучаніцы на раённым этапе алімпіяды па хіміі. І гэта яшчэ толькі пачатак…

Не часта сустрэнеш маладога чалавека, які будзе з такім задавальненнем расказваць пра сваю работу, і усё, са слоў Паліны, дзякуючы вялікаму і дружнаму настаўніцкаму калектыву Іўеўскай школы і, вядома, яе вучням. Таму яна і застаецца тут, у сценах роднай школы, працаваць далей, нягледзячы на тое, што час яе адпрацоўкі ўжо падыходзіць да свайго завяршэння.

А. ШЫМКО.

 

Фота аўтара.

Читайте ещё:



Оставить комментарий