ivyenews.by

Палітра сонца і спелага жыта ў “Бібліятэчных вокнах”. Адкрылася выстава майстра народнай творчасці Ірыны Смірновай

Главное

О, гэтыя вокны! Ля будынка раённай бібліятэкі проста так зараз мала хто ходзіць. Хіба што зусім абыякавы да таго, што робіцца наўкол, чалавек. Бо вокны гэтыя ўжо некалькі год, як сталі сімвалічнай артгалярэяй. Там чаго толькі не пабачыш, што творчыя і няўрымслівыя супрацоўнікі бібліятэкі аб’ядналі ў надзвычай цікавы і плённы праект “Бібліятэчныя вокны”. Тут былі і выставы шкатулак, і  посуд (чайныя сервізы і сервізы для кавы), і лялькі, і кнігі, і фотаздымкі старога  Іўя, і фотаздымкі ваеннага ліхалецця часоў Вялікай Айчыннай вайны. Таму гэта зусім не дзіўна – пабачыць на вуліцы людзей, якія пільна (то зачаравана, но напружана) углядаюцца ў тое далекае жыццё за вокнамі ці  замілавана запаўняюць душу і сэрца прыгажосцю.

У пятніцу, 2 красавіка ў гэтых вокнах, ці, правільней будзе сказаць, на падаконніках і шкле іх, размясцілася персанальная выстава майстра народнай творчасці Ірыны Смірновай “Саламяны цуд” у рамках праекта “Бібліятэчныя вокны”. Адбылося і адкрыццё гэтай выставы. Гэта, прынамсі, сумесная задумка бібліятэкі (аддзела аслугоўвання і інфармацыі) і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Ірына Смірнова –  майстрыца па саломапляценню, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і кіраўнік аддзела, аб якім мы гаварылі крыху вышэй.

Яе работы – гэта палітра сонца і спелага жыта, гэты пах хлеба і роднай зямлі. Каб гэта стварыць, напэўна ж, патрэбна асаблівае натхненне (ці патрэбна казаць, што і навыкі, імайстэрства). Акуль жа тое натхненне? Такое пытанне і задала вядучая адкрыцця выставы Таіса Грыкень.

А жанчына адказала вершамі. Мілагучнымі, шчырымі, як і ўся беларуская лірычная паэзія. І сапраўды, хіба лепш скажаш, адказаўшы, што ўсё пачынаецца з любові, натхнення, работы. Кахання да чалавека і любові  да блізкіх, да зямлі роднай, старонкі, дзе вырас і жывеш. Адтуль і фарбы, і жаданне ствараць нешта асаблівае, захоўваць традыцыйныя народныя рамёствы, аднаўляць іх, не дазваляць знікнуць, пакінуць нашчадкам.

Майстрыца расказала прысутным (а іх, зацікаўленых, сабралася нямала) аб тым, калі і як нарыхтоўваецца саломка, як падрыхтоўваецца да работы і т.д.

У памяшканні чытальнай залы адбылася далей шчырая гутарка і майстар-клас ад Ірыны Смірновай.

В. ГУЛІДАВА.

Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий