ivyenews.by

Вёска чытае – бібліятэка жыве

Главное

У апошнія гады ідзе аптымізацыя сістемы ўстаноў культуры. І як бы ні абураліся асобныя грамадзяне, аднак часам яна, аптымізацыя, нават вельмі апраўдана.

Таксама кранула аптымізацыя і вёску Старчаняты. Да 2009 года існавалі па асобнасці клуб і бібліятэка, потым рэарганізаваліся ў бібліятэку - клуб. А з 2016 года засталася толькі бібліятэка. А вось гэту ўстанову культуры вёска аніяк не можа страціць.

Вы здзівіцеся, але Старчаняты ў век камп’ютараў і тэлебачання працягваюць чытаць вельмі шмат. Бо жыве тут багата інтэлігентных людзей, жадаючых далучацца да літаратурнай класікі і сучаснай літаратуры. Чытаюць настаўнікі-пенсіянеры, былыя спецыялісты сельскай гаспадаркі, іншых галін вытворчасці былой шматлюднай вёскі з развітай інфраструктурай. Зрэшты, яшчэ не так і даўно ў агромістым драўляным будынку размяшчаліся праўленне калгаса, клуб, тыповае памяшканне бібліятэкі, працавала базавая школа...

А ў велізарным памяшканні, пра якое мы казалі вышэй, размяшчаецца толькі бібліятэка. Між іншым, яна адзіная ў былым Морынскім сельсавеце. І гэта даказвае, што нездарма яе не кранула аптымізацыя. Вёска жадае чытаць… Тым больш, што і ўлетку зараз можна гэта рабіць. Працаваць жа патрэбна толькі на сваіх гародах. Буракі калгасныя, бульбу больш не полюць ні пенсіянеры, ні інтэлігенцыя вёсак. А ў Старчанятах жыве шмат яшчэ працаздольных людзей.

А гаспадыняй гэтага царства ведаў і асветы з’яўляецца Лілія Іосіфаўна Лебедзь, як, прынамсі, і ўсяго, што датычыць культурна-асветніцкай дзейнасці.

Летам ладзяць штогод свята вёскі, на якое прыязджаюць дзеці і ўнукі вяскоўцаў, нярэдка праходзяць літаратурна-музычныя вечарыны, прысвечаныя творчасці вядомых паэтаў і пісьменнікаў, агляды літаратуры. Дзейнічае пры бібліятэцы аматарскае аб’яднанне “Суседкі”, якое часам для 16 жанчын дапенсіённага ўзросту замяняе тыя

размовы на вясковай вуліцы ці каля студні, калі можна было і рэцэпты пірагоў агаварыць, і нечым пахваліцца, і нечаму павучыццца, і разам паспяваць…

Часцінку душы ўкладвае ў сваю работу загадчыца бібліятэкі. Таму што Лілія Іосіфаўна вельмі любіць сваю работу. Так бывае ў нашым жыцці. Атрымліваеш адну спецыяльнасць, а працаваць прыходзіцца па іншай. І раптам разумееш, что вось яно – тваё. І прысвячаеш гэтаму “свайму” усё жыццё.

Яна бухгалтар па адукацыі. Аднак выйшла замуж і стала жыць з мужам Іосіфам Емельянавічам у Старчанятах. Пайшла дэкрэтны водпуск падмяніць, бо работы па спецыяльнасці не было. А былая бібліятэкарка з таго водпуску на месца працы не вярнулася. І Лілія Іосіфаўна засталася тут працаваць. І ні на хвілінку не пашкадавала пра тое. Як не шкадуюць і людзі, што прыходзяць у сельскую бібліятэку і сустракаюцца з гэтай цудоўнай жанчынай.

В. ГУЛІДАВА, фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

Читайте ещё:



Оставить комментарий