ivyenews.by

Як кнiгi з Iўя падштурхнулi Iвана Шамякiна да творчасцi

Главное

Іван Шамякін у свой час быў вельмі вядомым і папулярным пісьменнікам у Беларусі - ды і цяпер яго творчасцю цікавяцца. 

Памятаю, як у 1980 годзе я трымаў экзамен па беларускай літаратуры пры паступленні ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Абітурыенты хваляваліся і вельмі спадзяваліся, каб у білет трапіла якое-небудзь пытанне па творчасці Івана Шамякіна. Кнігі гэтага аўтара чыталі ўсе і добра ведалі яго творы. Я, напрыклад, некаторыя старонкі з пенталогіі "Трывожнае шчасце" мог цытаваць ледзь не напамяць. І вось яно, шчасце будучага студэнта, мне як раз і давялося адказваць менавіта па гэтай кнізе.

У апошнія гады жыцця Іван Пятровіч напісаў шэраг аўтабіяграфічных апавяданняў пра сваё дзяцінства. Шмат якіх падзей, звычайных і драматычных, давялося яму перажыць у 20-я і 30-я гады мінулага стагоддзя. Будучы пісьменнік рана захапіўся чытаннем, з прагнасцю накідваўся на кнігі. Яго бацьку, лесніка па прафесіі, неаднаразова перакідвалі з аднаго месца на другое. І хлопчык Ваня адразу пачынаў цікавіцца, ці ёсць тут бібліятэка, а калі няма, то дзе знаходзіцца бліжэйшая? Калі за восем-дзесяць кіламетраў, то гэта для яго не адлегласць. У выхадны дзень уставаў на ранку і накіроўваўся за кніжкамі. Вось як ужо ў 2001 годзе І. Шамякін апісваў адну такую сустрэчу з кнігамі:

"Сям'ю нашу пасялілі ў новым доме з двума ганкамі. У адной палавіне жылі мы. Другая была накшталт клуба. Аднойчы, калі там сабраўся мнагалюдны сход, я за спінамі дарослых праціснуўся туды… Пасля даклада ляснічага Войтава аб новых нормах выпрацоўкі выступіў Цімох з дакладам аб міжнародным становішчы. Але перад выступленнем сваім адчыніў вялікую шафу, каб узяць паперы і газеты. І ў мяне, далібог жа, "разбегліся вочы", як казала маці, і закружылася галава: у шафе - паўнютка кніг, і не абыякіх - некаторыя з залатымі карашкамі… томікі Пушкіна, Тургенева.

Хутка месца службы Шамякіна-старэйшага зноў змянілася, і Іван быў вымушаны наведваць школу ў мястэчку Карма цяперашняй Гомельскай вобласці. Успамінаючы гэты перыяд свайго жыцця, пісьменнік і тут шмат гаворыць пра кніжкі. У мемуарным апавяданні "Крадзеж" ён адзначае:

"Голад я не наталяў іншы - на кнігі. Не было пры школе бібліятэкі… і ў сяле не было: не думалі мясцовыя кіраўнікі, што не хлебам адным жыве чалавек. Калі даведваўся, што ў некага ёсць кнігі, на каленях гатовы быў паўзці, прасіў не саромеючыся".

І вось - вельмі цікавы момант:

"Пачуў, што ў бацькі сямікласніка Валі Алампіева ёсць цэлы куфар кніг. У рэвалюцыю панскі маёнтак у Іўі расцягвалі. Хто прынёс плуг, хто мяшок грэчкі, а Ігнат - кнігі. Смяяліся з чалавека, пазней хіба зразумелі, што ён думаў пра дзяцей, верыў, што савецкая ўлада дасць ім магчымасць вучыцца. А добрыя кнігі не старэюць: ведаў селянін, хто такі Пушкін… Не адразу я адважыўся спытаць у яго: "Дзядзька Ігнат, кажуць, у вас кніжак многа?" Паказаў свой скарб. Сапраўды, унізе пад адзеннем паўкуфра кніг. Ды якіх кніг! У скураных пераплётах, з залатымі літарамі прозвішчаў пісьменнікаў, назваў. У мяне разбегліся вочы, закалацілася сэрца".

Аднак толькі праз некаторы час Іван Шамякін набраўся смеласці папрасіць у гаспадара што-небудзь пачытаць. І той задаволіў хлапчука, даў яму вялікі раман рускага пісьменніка Мікалая Ляскова "На нажах". Гэтая кніга аказала моцнае ўздзеянне на будучага беларускага класіка. У некалькіх яго аповесцях, калі там пачынаецца гаворка пра літаратуру, абавязкова ўзгадваецца імя Ляскова - так творчасць гэтага аўтара яшчэ з дзяцінства ўразіла І. Шамякіна. Аднак адкуль жа на Гомельшчыне ўзяліся кнігі з Іўя? Хутчэй за ўсё, віхурныя падзеі грамадзянскай вайны прымусілі новага гаспадара кніжнага скарбу перасяліцца на ўсход Беларусі. І вось яно як, у рэшце рэшт, апынулася. Кнігі з абрабаванага панскага маёнтка ў Іўі ўсё ж трапілі ў рукі таму, каму яны былі найбольш патрэбны. У сваіх старэйшых сяброў па пяру Іван Шамякін вучыўся літаратурнаму майстэрству. Пройдзе яшчэ зусім нямнога часу, ён пакладзе перад сабой чысты ліст паперы і напіша свой першы твор.

Ю. КАМЯГІН.

 

На фота: народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін.

Читайте ещё:



Оставить комментарий