Язык:

Старонкі з гісторыі Іўеўскай татарскай абшчыны

Главное

Як вядома, Іўе з даўніх часоў характарызавалася месцам лакалізацыі людзей розных веравызнанняў. На яго тэрыторыі і зараз у згодзе пражываюць католікі, праваслаўныя, мусульмане (татары), іўдзеі. Так, канфесійнае пытанне на іўеўскай зямлі - гэта вельмі цікавая тэма, якая прываблівае сваёй мнагаграннасцю і адначасова недастатковым асвятленнем. У дадзеным выпадку размова пойдзе аб татарска-мусульманскім насель-ніцтве Іўя. 

Паходжанне беларускіх татараў з'яўляецца даволі складанай праблемай. Не выключэннем у гэтым сэнсе стала і іўеўская татарская абшчына, якая ўяўляе сабой адно з старажытных і трывалых татарскіх паселішч. Вызначыць, калі апынуліся продкі сучасных татараў менавіта на тэрыторыі Іўя, дакладна вельмі цяжка. У АВАК згадваецца, што ў ВКЛ першыя паселішчы татараў з'яўляюцца пры Гедыміне. Аднак найбольш татараў было пераселена на землі сучаснай Беларусі пры Вітаўце, які стварыў тут спрыяльныя ўмовы для іх існавання. Дарэчы, трэба адзначыць, што прынята лічыць 1397 год - годам пасялення татараў у ВКЛ. Такім чынам, сёлета адзначаецца 620-годзе гэтай падзеі.

Увогуле татарскае насельніцтва ў канцы XIV-XVI ст.ст. складалася з трох элементаў: з аселых наёмных і саюзных воінаў татарскіх орд; з улусаў, прыгнаных Вітаўтам, запалоненых на войнах з татарамі; з выхадцаў, якім надакучылі міжусобіцы ў айчыне, і яны добраахвотна перасяліліся ў Літву.

Што датычыцца іўеўскіх татараў, то ёсць дакладныя звесткі, што ў ХVI стагоддзі, яны размяшчаліся ў мястэчку ў большасці на вуліцы Новай і вуліцы, што вядзе да касцёла. Па дадзеных рэвізіі ў 1561 г., тут жылі чатыры татарскія сям'і. Іх заняткі не высвятляюцца. Вядома, што адзін з татараў, Махмед Багдановіч, меў надзел у адну валоку зямлі. У астатніх былі толькі агароды розных памераў. Адзін з іх, Бахмэч Татарын, валодаў 20 моргамі зямлі (15,6 га). Па даных польскага даследчыка Яна Тышкевіча, татары ў 1567 г. складалі 4,3% ад усяго насельніцтва Іўя. Аднак пасля пажару вясной 1597 г., які знішчыў татарскія дамы, яны былі пераселены за межы мястэчка. Тут, у ваколіцы Іўя, размясцілася 13 татарскіх сем'яў. Пераселеныя татары ў сувязі з пажарам былі вызвалены Станіславам Кішкай (тагачасным уладальнікам Іўя) ад падаткаў на 6 гадоў. Аднак яны павінны былі кожнае лета адпрацоўваць на жніве. У 1634 г. гэтыя татары з сваіх надзелаў з агародамі і з сенажацяў плацілі ўладальніку Іўя (Мікалаю Кішке) чынш. У 1634 г. татары складалі 6,4% ад колькасці ўсяго насельніцтва мястэчка. На тэрыторыю іх перасялення, ваколіцу Іўя, якая стала месцам іх лакалізаванага размяшчэння, з сярэдзіны XVII ст. распаўсюдзілася назва Мураўшчызна (ад імя паручыка князя Януша Радзівіла Мартуза Муроўскага і яго брата Хасеня, якія ў 1652 г. купілі тут зямлю). У манаграфіі Яна Тышкевіча згадваецца аб татарыне з Мураўшчызны Абрахіме Александровічы, які ў 1690 г. купіў 1/6 валокі зямлі ў іўеўскага мешчаніна Фелікса Сляскага, Адаме Шабановічы (1729 г.), Іллі Давідовічы. З Мураўшчызнай звязаны і наступныя прозвішчы: пад 1667 г. у кнізе "Гербоўнік татарскіх сем'яў у Польшчы", якую склаў у 1929 г. С. Дзедулевіч, згадваецца палкоўнік Рафал Радкевіч, княжычы Рызвановічы. 

У 1908 г. татараў у Мураўшчызне налічвалася каля 500 чалавек, што складала 10,3% ад колькасці ўсяго насельніцтва Іўя. На працягу стагоддзяў Мураўшчызна заставалася выключна татарскім паселішчам, дзе з 1882 г. пачала дзейнічаць мячэць. Яе пабудавалі пры дапамозе тагачаснай уладальніцы мястэчка Іўе Эльвіры Аўгустаўны Замойскай, якая ахвяравала татарам будаўнічы лес. Пэўны перыяд мячэць стаяла без мінарэта, ён быў дабудаваны ў 1920-х гадах падчас рамонту мячэці. У гэты ж час быў агароджаны мізар (могілкі). А таксама з'явіўся будынак школы чытання Кур'ана - мектэбэ, дзе годжый (настаўнік) праводзіў заняткі па спецыяльна распрацаванай праграме. У дадзеным выпадку сродкамі дапамог граф Томаш Замойскі (з роду былых уладальнікаў Іўя). Але, трэба адзначыць, што і дзяржаўныя ўлады ІІ Рэчы Паспалітай (у складзе якой пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. апынулася Заходняя Беларусь, а ў тым ліку і м. Іўе) таксама выдаткоўвалі пэўныя сродкі на падтрымку культавай пабудовы татараў. Так, напрыклад, у лістападзе 1932 г. было выдзелена 500 злотых на рамонт мячэці ў Мураўшчызне. Увогуле, падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, татарскаму насельніцтву забяспечваліся станоўчыя ўмовы для рэлігійна-культурнага развіцця.

У польскай дзяржаве на працягу 1926-1928 гг. быў створаны 21 аддзел Культурна-асветніцкага саюза татараў Польшчы (КАСТП), адзін з якіх знаходзіўся ў Мураўшчызне. У 1937 г. дзеячы КАСТП змаглі арганізаваць тут рамесніцкія курсы для гарбараў. У ліпені 1938 г. група татарскай моладзі з Вільні наведала іўеўскую татарскую абшчыну з канцэртам, дзе спяваліся песні і чыталіся вершы на татарскай мове з перекладам на польскую (бо татарскую мову ведалі толькі адзінкі), а таксама выконваліся татарскія танцы. Наведвальнікаў канцэрта было каля 100-150 чалавек. 

З усталяваннем савецкай улады ў 1939 г. татарскае паселішча было цалкам далучана да Іўя, атрымаўшы назву вуліца Савецкая. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі ў Вялікую Айчынную вайну гэта тэрыторыя называлася "TataresStrassen". На падставе звестак, сабраных нямецкімі акупацыйнымі ўладамі аб колькасці прадстаўнікоў татарскага этнасу ў Лідскай акрузе, у складзе якой па германскім акупацыйным адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле апынулася м. Іўе, на 9 снежня 1941 г. можна гаварыць аб 509 татарах (прычым усе яны пражывалі ў Іўі). На канец сакавіка 1943 г. іх было ўжо 531 чалавек.

Вайна агульнай бядой адгукнулася для ўсіх народаў Савецкага саюзу, у тым ліку і для насельніцтва Беларусі. Не былі ўбаку ад барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і беларускія татары, не былі выключэннем і татары Іўеўскай абшчыны. Калі весці размову аб іх антыфашысцкай барацьбе на франтах вайны, то першапачаткова трэба звярнуць увагу на асобу Халіля Аляксандравіча Шабановіча. Ён нарадзіўся 4 красавіка 1926 г. Пасля мабілізацыі ў Чырвоную Армію разам з іншымі навабранцамі прайшоў курс маладога байца ў г. Шуя (Іванаўская вобласць, Расія) і адразу быў накіраваны на фронт (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з братам Х.А. Шабановіча І.А. Шабановічам 25.12.2007 г.). З 16 снежня 1944 г. па 4 студзеня 1945 г. ён змагаўся на 2-м Украінскім фронце ў якасці радавога 767 стралковага палка 228 Вазнясенскай стралковай дывізіі. Удзельнічаў у баях за Венгрыю і Чэхаславакію. 12 студзеня 1945 г. Х.А. Шабановіч быў паранены ў левае бядро і апынуўся ў шпіталі ў чэшскім горадзе Брно. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, паправіўшы здароўе, з 9 жніўня 1945 г. па 2 верасня 1945 г. удзельнічаў у вайне з Японіяй. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны быў накіраваны ў Порт-Артур, дзе праслужыў пяць гадоў. Улетку 1950 г. Х.А. Шабановіч вярнуўся ў родныя мясціны. Быў узнагароджаны медалямі "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", "За перамогу над Японіяй", "За баявыя заслугі" і атрымаў ліст з падзякай за асабістым подпісам І. В. Сталіна, юбілейныя ўзнагароды. 

Браты Гамбер і Сулейман Рафаловічы з Іўя таксама змагаліся ў радах Чырвонай Арміі. Сулейман быў прызваны ў 1940 г. на тэрміновую службу ў армію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у баях за вызваленне Ленінграда. У архіве Іўеўскага РВК захоўваецца паведамленне 194 асобнага сапёрнага батальёна ад 17.02.1945 аб смерці Сулеймана Іванавіча Рафаловіча, які загінуў 28 студзеня 1945 г. і пахаваны ў Познаньскім ваяводстве. Паведамленне было ўручана яго бацьку Івану Мустафавічу Рафаловічу 10 сакавіка 1945 г. Не вярнуўся з вайны і Гамбер, які ўдзельнічаў у баях з 1944 г. у складзе 108 артылерыйскага палка. У пасведчанні аб смерці № 019 згадваецца, што тэлефаніст Гамбер Іванавіч Рафаловіч прапаў без вестак 31 студзеня 1945 г.

На франтах вайны ў складзе 221 стралковага палка 77 стралковай Чарнігаўскай дывізіі змагаўся ўраджэнец Іўя Якуб Мустафавіч Радлінскі (1925 г.н.). Ён быў мабілізаваны на фронт Іўеўскім РВК у 1944 г. 18 красавіка 1945 г. ён загінуў, верны воінскай прысязе і быў пахаваны ў Германіі каля г. Франкфурт-на-Одэры (в. Мальнаў). Паведамленне аб яго смерці было ўручана бацьку Мустафе Якубавічу Радлінскаму 1 чэрвеня 1945  г. Таксама ёсць звесткі, што 30 красавіка 1945 года Якуб Мустафавіч Радлінскі пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені. Копія ўзнагароднага ліста захоўваецца ў асабістым архіве яго родных (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з Якавам Мустафавічам Радкевічам 30.07.2017 года).

Іўеўскі татарын Мацвей Якаўлевіч Шабановіч, знаходзячыся ў рэзерве, у 1941 г. быў забраны на 40-дзённыя ваенныя зборы, падчас якіх у выніку бамбардзіроўкі нямецка-фашысцкай авіацыі прапаў без вестак (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з былым іўеўскім мулой І.А. Шабановічам 25.12.2007 г.). Аднак па іншых даных, якія змешчаны ў кнізе "Памяць" Іўеўскага раёна, М.Я. Шабановіч прапаў без вестак у кастрычніку 1945 г. 

Мацвею Бякіравічу Радкевічу (1910 г.н.) пашчасціла вярнуцца ў Іўе з вайны. Са студзеня 1945 г. па май 1945 г. ён ваяваў у якасці мінамётчыка 210 мінамётнага палка 1-га Беларускага фронту. М.Б. Радкевіч удзельнічаў у вызваленні Польшчы, у тым ліку Варшавы, а таксама ў Берлінскай аперацыі, у сустрэчы з войскамі саюзнікаў на р. Эльба (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з былым іўеўскім мулой І.А. Шабановічам 25.12.2007 г.). За заслугі перад Радзімай ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", "За ўзяцце Берліна", "Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг." [11, арк. 109]. 

Вярнуўся дадому і іўеўскі татарын Халіль Іванавіч Шчуцкі (1912 г.н.). Ён быў мабілізаваны ў ліпені 1944 г. Іўеўскім РВК у Чырвоную Армію. Трапіў у палон, пэўны час быў у лагеры. Аднак пры перавозе ваеннапалонных у другі лагер ён здолеў збегчы з вагона. Дабраўся дадому ў кастрычніку 1944 г., адкуль па сваёй ініцыятыве зноў быў накіраваны на фронт (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з дачкой Х.І. Шчуцкага 17.06.2009 г.). Х.І. Шчуцкі дайшоў да Берліна. Быў дэмабілізаваны ў кастрычніку 1945 г. За ўклад у перамогу над ворагам быў адзначаны шэрагам урадавых узнагарод.

Сялім Сулейманавіч Сафарэвіч, які нарадзіўся ў Іўі 23 верасня 1923 г., таксама змагаўся з ворагам у радах Чырвонай Арміі. З 1 студзеня 1945 г. па 28 лютага 1945 г. быў кулямётчыкам 202 запаснога стралковага палка на 2-м Беларускім фронце, прымаў удзел у вызваленні Польшчы і Чэхаславакіі, у тым ліку Прагі. У лютым 1945 г. быў паранены ў правае перадплечча. За ўклад у перамогу над ворагам С.С. Сафарэвіч быў узнагароджаны медалямі "За адвагу", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", "Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", "50 гадоў Узброеных Сіл СССР". 

Іўеўскія татары, браты Халіль і Якуб Амуратавічы Якубоўскія, таксама дажылі да перамогі. Халіль (1916 г.н.) з ліпеня 1944 г. ваяваў у складзе 117 стралковай дывізіі 275 стралковага палка. Быў двойчы паранены: першы раз у снежні 1944 г. атрымаў лёгкае асколачнае раненне патыліцы. З 6 па 29 снежня знаходзіўся на лячэнні ў палявым шпіталі, пасля чаго працягваў барацьбу з ворагам. Аднак пазней зноў быў цяжка паранены ў левае бядро з пашкоджаннем косткі. Вярнуўся дахаты інвалідам без нагі. Ён быў узнагароджаны медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", а 6 жніўня 1946 г. - ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Якуб (1905 г. н.) падчас мабілізацыі ў 1944 г. пажадаў ваяваць у складзе Польскай арміі. Яшчэ адзін брат Якубоўскіх, Ях'я Амуратавіч, які жыў з сям'ёй у Навагрудку, таксама быў прызваны ў армію ў 1944 г., аднак у тым жа годзе загінуў у Познані. 

У баях з германскімі захопнікамі ваявалі два сыны іўеўскага татарына Адама Хасіневіча - Якаў і Аляксандр. Ім пашанцавала вярнуцца дамоў. Радавы стралковага палка Якаў Адамавіч Хасіневіч у 1944 г. быў цяжка паранены гітлераўскім снайперам. Пасля вайны ён атрымаў шэраг урадавых узнагарод. Удзельнік вызвалення Беларусі Аляксандр Адамавіч Хасіневіч прайшоў нялёгкі баявы шлях да Берліна. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і шэрагам медалёў.

Сёння сярод прадстаўнікоў Іўеўскай татарскай абшчыны не засталося ў жывых ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Аднак памяць аб іх захоўваецца нашчадкамі. 

Іўеўскія татары падчас вайны прыходзілі на дапамогу мясцовым яўрэям, ратуючы іх ад фашысцкага тэрору. Так, у чэрвені 1943 г. напярэдадні чарговага расстрэлу яўрэяў, аб чым яны дазналіся загаддзя, шмат хто з іх, у першую чаргу моладзь, зрабілі спробу збегчы з іўеўскага гета. Яны намагаліся выйсці на ўскраіну Іўя, да лесу, таму шлях іх пралягаў праз былую Мураўшчызну - тэрыторыю Іўя, дзе, як вядома, размяшчалася татарская абшчына. Сучасны муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусі Абу-Бякір Шабановіч (1939 г.н.) падзяліўся ўспамінамі сваёй маці Айшы Шабановіч (1912-1977), да якой у той час з просьбай аб уратаванні звярнуліся трое яўрэйскіх хлопцаў, за якімі гналіся гітлераўцы. "Хлопцы хацелі забегчы ў хлеў, дзе стаяла жывёла, аднак маці сказала ім хавацца у гумне, дзе ляжалі салома ды сена, залезці па вуглах, дзе былі пажыткі. Праз шчыліну ў дзвярах гумна яна ўбачыла, што ў двор заходзяць два немцы з аўтаматамі. Узяўшы ў рукі сена, быццам каб несці жывёлам, яна ні жывая, ні мёртвая выйшла з гумна. Гітлераўцы запатрабавалі завесці іх усюды, шукалі ў хаце, на гарышчы, у хлеве. Калі справа дайшла да гумна, маці сказала, што яно зачынена на ключ. Пайшла за ключом. Немцы ўжо прытаміліся, настаяліся. Увайшоўшы ў гумно, трохі палупцавалі сена штыкамі, стрэльнулі ў канюшыну і пайшлі. Уначы маці забяспечыла хлопцаў правізіяй, і яны падаліся ў лес (з размовы з муфціем Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бякір Шабановічам, 13.08. 2015 г.). Пасля высветлілася, што гэта былі дзеці з сям'і Шмайловічаў, усе яны здолелі выжыць падчас ваеннага ліхалецця, а пазней эмігрыравалі ў Ізраіль. 

Падвяргаліся прадстаўнікі татарскіх абшчын Беларусі ў гады вайны вывазу на працу ў Германію. Так, іўеўскага татарына Якуба Мустафавіча Радлінскага (1925 г.н.) гітлераўцы забралі, каб адвезці на прымусовую працу, аднак у час паездкі ён здолеў уцячы ў раёне г. Ліды і вярнуўся дадому (з размовы з братам Якуба Бякірам Мустафавічам Радлінскім (1927 г.н.) 17.06.2009 г.). Немагчыма не ўспомніць і асобу Мустафы Якаўлевіча Шчэнсновіча, 1924 года нараджэння, які ў перыяд нямецкай акупацыі пражываў у вёсцы Дзеляцічы каля Любчы навагрудскага раёна. Адтуль яго акупанты у жніўні 1943 года забралі, каб накіраваць у Германію на прымусовую працу. Шмат давялося яму перажыць на тым шляху. Немцы, пагрузіўшы людзей у вагоны для скаціны на станцыі Наваельня, давезлі іх да Волхаўстроя (каля Ленінграда, суч.Санкт-Пецярбурга), затым падзялілі на групы і расфарміравалі. Мустава Якаўлевіч  Шчэнсновіч працаваў ва ўмовах, не сумяшчальных з жыццём, у райне Волхаўстроя. Здзекі немцаў змаглі вытрымліваць далёка не ўсе. У пачатку 1944 года тых, хто здолеў выжыць, пагналі праз канцлагер у Пскове ў Латвію, адкуль восенню 1944 года М. Я. Шчэнсновічу падчас бамбардзіроўкі пашчасціла збегчы. Шлях дамоў не быў простым. Для высвятлення абставін чырвонаармейцы яго спачатку затрымалі ў Літве, затым у Латвіі, дзе ён прабыў  у турме да 20 снежня 1945 года. І дзякуючы доктару, які, разумеючы, што стан здароўя М. Я, Шчэнсновіча крытычны, напісаў ліст яго маці. Яна прывезла дакументы і забрала сына, выхадзіла яго. Так у канцы снежня 1945 года М.Я. Шчэнсновіч апынуўся ўжо ў Іўі. Тут ён стварыў моцную сям'ю з Зеліяй Мустафаўнай Радлінскай, з якой яны пражылі разам амаль 60 гадоў (інфармацыя атрымана ў выніку размовы з унучкай М.Я. Шчэнсновіча Жаннай Ях'янаўнай Радкевіч 30.07.2017 г.). 

Няма даных аб супрацоўніцтве татараў Іўеўскай абшчыны з акупацыйнымі ўладамі. Можна таксама звярнуць увагу на тое, што іўеўскія татары ігнаравалі факт знаходжання ў Юрацішках, што каля Іўя, батальёнаў 1-га Усходне-мусульманскага палка СС, які быў сфарміраваны з ваеннапалонных чырвонаармейцаў сярэднеазіяцкіх нацыянальнасцяў. Першы батальён у складзе 600 чалавек быў перапраўлены сюды з тэрыторыі Польшчы 14 сакавіка 1944 г. з мэтай умацавання Юрацішкаўскага гарнізона для барацьбы з партызанамі. Цікава адзначыць той факт, што каля 40 чалавек дадзенага батальёна пад кіраўніцтвам капітана Тураева ў канцы сакавіка 1944 г. перайшлі на бок партызан, у склад партызанскай брыгады А.Р. Марозава "Няўлоўныя", якая дзейнічала ў гэтым рэгіёне (з размовы з Валянцінам Антонавічам Врублеўскім (1931 г.н.), жыхаром г.п. Юрацішкі, 12.08.2015 г.). 14 чэрвеня 1944 г. полк быў адпраўлены на фронт. 

Не спыняла падчас вайны сваю дзейнасць культавая пабудова іўеўскіх татараў, якую, з успамінаў мясцовых жыхароў, нават час ад часу наведвалі і акупанты. Выпадак выратаваў мячэць ад разбурэння ў 1944 г. Гэта адбылося 7 ліпеня, калі савецкія войскі, вызваляючы Іўе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, толькі з-за недалёту артылерыйскага снарада не закранулі мінарэт мячэці. Гэта адбывалася ў пятніцу, каля трынаццаці гадзін, падчас намазу, які імаму іўеўскіх татараў Мустафе Шабановічу ў гэты раз прыйшлося тэрмінова скончыць.

Аднак, трэба заўважыць, што Іўеўская мячэць за ўвесь час свайго існавання з моманту будаўніцтва і па сённяшні дзень не спыняла сваёй дзейнасці. Пэўны перыяд яна нават была адзінай дзеючай культавай пабудовай для ўсіх мусульман Беларусі. Іўеўскія татары і зараз шануюць і даглядаюць сваю мячэць, дзе звычайна па пятніцах здзяйсняюць намаз. А вуліца Савецкая цягнецца значна далей за межы былой Мураўшчызны і амаль цалкам заселена татарамі.

С. Грыбава, 

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных навук Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.