ivyenews.by

На прасторах Айчыны маёй гімн Вялікай гучыць перамозе!

Главное

…Зноў на зямлі май. І хоць сёлетняе надвор'е не дазволіла яшчэ ўпрыгожыць наўколле бела-ружовым квеценнем яблынь, прыродным сімвалам пераможнага мая, усё ж мы адчуваем прыбліжэнне ўрачыстасці Жыцця, Перамогі. Між іншым, і 9 мая 1945 года таксама супала з Вялікаднем, святам хрысціянскай перамогі над смерцю.

Мы прыйшлі да тых сумных часін, калі амаль што няма ў нас ветэранаў, няма з кім пагаварыць, няма каму расказаць. Аднак засталіся іх нашчадкі, засталіся людзі, якія трапятліва захоўваюць і ў душах, і ў дакументах памяць пра Свяшчэнную вайну, пра бессмяротны подзвіг народа.

Напярэдадні свята мы пабывалі ў Юрацішкаўскім яслях-садзе-сярэдняй школе, зайшлі ў школьны музей, пабачылі яго стэнды, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, а затым Галіна Станіславаўна Мінаева, настаўнік школы, які адказвае за работу музея, завяла нас у пакой, своеасаблівы музейны фонд, дзе захоўваецца шматлікі матэрыял, сабраны на працягу дзясяцігоддзяў. Гэта архіўныя дакументы, фотаздымкі партызанскіх камандзіраў, савецкіх салдат, ваеначальнікаў, якія вызвалялі наш раён і, у тым ліку, Юрацішкі; іх пісьмы школьнікам, фотаздымкі ваеннай пары і адносна недалёкай сучаснасці, калі яшчэ у 60-80-х гадах мінулага стагоддзя і генерал, Герой Савецкага Саюза Анатоль Рыгоравіч Марозаў, і яго баявыя паплечнікі былі пастаяннымі гасцямі раёна і школьнікаў у дні святкавання дат Вялікай Перамогі, вызвалення Беларусі.

Багаты музейны матэрыял пераведзены ў лічбавы фармат, а яго арыгіналы, вядома ж, чакаюць свайго месца на паліцах і стэндах музея. А мы, дзякуючы Галіне Станіславаўне Мінаевай, якая дазволіла нам скарыстаць музейныя фонды, раскажам аб тых суровых часінах на нашай тэрыторыі.

…З канца чэрвеня 1941 года і да 7 ліпеня 1944 года Юрацішкі былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тут напачатку знаходзіўся адносна невялікі нямецка-паліцэйскі гарнізон (каля 50 чалавек). Але па меры росту партызанскага руху расшыраўся і гарнізон карнікаў.

Юрацішкі, як важны стратэгічны пункт, былі добра ўмацаваны: абнесены калючым дротам, многімі траншэямі, бункерамі, дзярнова-землянымі валамі, дзотамі і дотамі.

Напачатку 1944 года немцы прыслалі ў Юрацішкі ўласаўскі остмусульманскі полк-батальён у складзе 600 чалавек (камандзір Джумала Асанджалаў). Фашысты ўскладалі на "чорных"( так называлі іх людзі) вялікія надзеі ў падаўленні партызанскага руху і правядзенні карных аперацый супраць мірных людзей. Але паралізаваць ці, тым больш, ліквідаваць партызан яны не змаглі.

У Юрацішках была закатавана 20-гадовая разведчыца брыгады "Няўлоўныя" Ганна Кумідор. Яе схапілі яшчэ ў канцы сакавіка, хутка пасля таго, як група ў 46 чалавек з Юрацішскага гарнізона перайшла ў партызаны.

Генерал Марозаў са школьнікамі

Не ўсе афіцэры і салдаты остмусульманскага батальёна верна служылі фашыстам. Як успамінаў былы камандзір брыгады "Няўлоўныя" Анатоль Рыгоравіч Марозаў, яго разведчыкам, у тым ліку і Ганне Кумідор, удалося наладзіць сувязь з камандзірамі рот капітанамі Шалікбасавым і Тараевым (Тураевым). Вось што расказваў апошні з іх, калі прыязджаў ў Юрацішкі ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя. Ён прыязджаў, перанёсшы сталінскія ГУЛАГ, рэабілітаваны, і збіраў матэрыялы для сваёй кнігі ўспамінаў:

Пад вечар, 22 сакавіка 1944 года па дамоўленасці з партызанамі група ў складзе 46 чалавек са зброяй і боекамплектам выйшла з Юрацішак. Накірунак быў узяты ў бок в. Дарэні. Эсэсаўцы заўважылі ўцекачоў са спазненнем, але сталі даганяць. Ды дарэмна. У злосці фашысты спалілі некалькі пабудоў у Дарэнях. А тым часам "остмусульмане" ноччу праз Такарышкі прыбылі ў Гердушкі, дзе іх сустрэў Анатоль Рыгоравіч Марозаў. Разам з народнымі мсціўцамі яны ўдзельнічалі ў розных дыверсійных аперацыях і ў разгроме гарнізонаў у мястэчку Юрацішкі і ст. Юрацішкі, які быў прадпрыняты партызанамі ноччу 2 красавіка 1944 года. Шмат эсэсаўцаў было забіта. Але і партызаны панеслі значныя страты - 19 чалавек забітымі.

У красавіку і маі фашысты значна папоўнілі свой гарнізон у Юрацішках людзьмі і тэхнікай. Але ўжо вельмі хутка набліжаўся час вызвалення. Акупанты перад тым, як ратаваць свае душы,у чэрвені каля вёскі Косці загубілі каля 30 чалавек (расстралялі і трупы спалілі). Гэта былі дзеці, жанчыны, старыя, ў асноўным з вёскі Матыкаўшчына, якіх абвінавацілі ў сувязі з партызанамі".

Партызанскі рух вакол Юрацішак ажыццяўлялі, акрамя спецбрыгады "Няўлоўныя", байцы брыгады "Наперад", імя Аляксандра Неўскага і спецатрада "Слаўны", які быў укамплектаваны з спартсменаў-чэмпіёнаў СССР і Масквы ў 1942 годзе і які накіравалі ў Беларусь. Камандаваў атрадам Анатоль Пятровіч Шастакоў, будучы Герой Савецкага Саюза. Пасля яго гібелі ў чэрвені 1944 года кіраваць "Слаўным" стаў Конрад Мадзей, вядомы спартсмен, унук парыжскага камунара. За ратныя справы адзначаны трыма ардэнамі "Чырвонага сцяга", "Чырвонай зоркі", "Айчыннай вайны"…

У красавіку каля Юрацішак немцы расстралялі 74 чалавека і арыштавалі 300. У вёсках Чаркесы, Няхведкі, Савічы, Дарэні (размешчаны вакол Юрацішак) гітлераўцы забралі шмат жывёлы…
У чэрвені, перад пачаткам аперацыі "Баграціён" узмацніліся баявыя дзеянні. 21 чэрвеня ў 3 гадзіны і 30 хвілін каля вёскі Каўшары партызаны Максім Купрын, Ілля Васільеў, Пётр Жукаў і Мікалай Лапуць (атрад "За Савецкую Радзіму") падарвалі эшалон з жывой сілай ворага. Разбіта 8 вагонаў і забіта 16 гітлераўцаў.

А вось што захавалі архіўныя дакументы пра дзейнасць брыгады імя А. Неўскага з красавіка 1943 па 10 ліпеня 1944 года (справаздача Байкова, Гаўрылава і Шачанкава). Зброю для брыгады прыносіла мясцовае насельніцтва, а таксама вышуквалася ў р. Бярэзіна. Здабыта 15 кулямётаў, 20 аўтаматаў, больш 200 вінтовак. Некаторая зброя рамантавалася ў партызанскіх майстэрнях. З варожых гарнізонаў дастаўлена 10 гранат, 3 вінтоўкі і 2200 патронаў. Брыгада мела свой шпіталь з 4 урачамі (загадчыца Тамара Зысканд ) і амбулаторыю для прыёму хворых. Лекі дастаўляліся з Ліды, Іўя і Юрацішак.

М. М. Гаўрылаў, камісар
брыгады ім. А. Неўскага

А. Р. Байкоў, камандзір
брыгады ім. А. Неўскага

М. М. Левінскі

За справаздачны час праведзена брыгадай 30 буйных баявых аперацый і 116 - дробных. На чыгунцы Ліда-Маладзечна ліквідавана 2539 рэйкаў, 6 км чатырохправоднай, 6 км шасціправоднай і амаль 18 км шаснаццаціправоднай тэлеграфна-тэлефоннай сувязі. Захоплены трафеі: 5 кулямётаў, 30 аўтаматаў, больш 200 вінтовак з боепрыпасамі. Ліквідавана 17 мастоў на шасейных і грунтавых дарогах. ("Усенародны партызанскі рух у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны", Мінск, 1982 г.,т. 3).

На раніцы 7 ліпеня 1944 года паўз чыгункі Багданава-Юрацішкі скакала мноства кавалерыстаў. Тутэйшыя жыхары лічылі, што гэта партызаны. Ды не… Усе ў аднолькавай форме, з пагонамі, на аднолькавых нізкіх і вынослівых конях (мангольчыках), з аднолькавай зброяй, з суровымі хударлявымі тварамі і чалмах на галовах. Так мясцовыя жыхары ўпершыню ўбачылі салдат конна-механізаванага 3-га гвардзейскага корпуса генерал-лейтэнанта Аслікоўскага.

Значнай падзеяй на баявым шляху 6-ай гвардзейскай дывізіі кавалерыстаў, - расказвае ў сваіх успамінах Герой Савецкага Саюза камандзір дывізіі, генерал-маёр П. Брыкель,- быў бой за мястэчка і станцыю Юрацішкі. 7 ліпеня на рубяжы вёскі Трабы дывізія сустрэла ўпартае супраціўленне ворага ў колькасці да двух палкоў пяхоты з 16 танкамі і 8 самаходнымі гарматамі. Акрамя таго, нам стала вядома аб вялікай колькасці нямецкіх войскаў з танкамі на ст. Юрацішкі. У той час, як 5-ая гвардзейская кавалерыйская дывізія наносіла ўдар ля чыгуначнага палатна Маладзечна-Юрацішкі, а 32-ая Смаленская дывізія скавала ворага з боку в. Такарышкі і на поўдзень ад іх. 6-ая кавалерыйская дывізія прымяніла абходны манеўр і ўдарам з паўночнага захаду авалодала станцыяй і населеным пунктам Юрацішкі. Першым у сяло ўварваўся першы эскадрон 28-га гвардзейскага кавалерыйскага палка. Камандаваў эскадронам Герой Савецкага Саюза гвардыі капітан Я. Няўмоеў.

Сустрэча ветэранаў у Юрацішках, 70-я гады

Зноў Юрацішкі гарэлі, зноў гібнулі і ворагі, і нашы воіны. У цэнтры пасёлка, у брацкай магіле знайшлі вечны спакой 81 воін і партызан, сярод якіх у 51 не ўстаноўлены імёны. Многія пахаваны на старых могілках.
На тэрыторыі Іўеўскага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі: брыгада імя Аляксандра Неўскага, атрад імя Аляксандра Неўскага, атрад "Мсцівец", брыгада "Уперад", атрад імя В.П. Чкалава, атрад "Беларускі мсцівец", атрад "Бальшавік", атрад "Сібірак", атрад імя С.М. Кірава, атрад "Кастрычніцкі", атрад "Іскра", атрад "Балтыец", атрад "Арол", атрад імя Г.К. Арджанікідзе, атрад "За Савецкую Беларусь" .
У гэтыя вялікія, напоўненыя высокім сэнсам жыцця, дні яшчэ раз паклонімся жывым і мёртвым салдатам Перамогі. І ячшчэ раз паабяцаем ім і самім сабе, што ніколі не забудзем, якой цаной заваёвана наша мірнае жыццё.

В. ГУЛІДАВА.
Фота з архіва
школьнага музея.

Читайте ещё:



Оставить комментарий