ivyenews.by

На конкурс газеты “ІК” “Мы помнім”. Імя тваё невядома, але подзвіг твой бессмяротны...

Главное

Вясна ў гэтым годзе выдалася позняй. Зіма доўга не хацела аддаваць свае правы. Але красавіцкае сонца выпусціла свае прамяні, як з мяккіх лапак выпускае свае кіпцюры ласкавы шэры кот. Яно, веснавое сонейка, яшчэ такое нясмелае, аблашчыла, паказытала зямлю, і тая прачнулася, усміхнулася нам светла-зялёнай траўкай, жоўтымі галоўкамі дзьмухаўцоў і блакітнымі зоркамі першацветаў.

 Я іду веснавой раніцай па лясной сцяжынцы. Прырода напоўнена водарамі доўгачаканага цяпла. Лясную цішыню парушаюць пяшчотнае шчабятанне шпакоў і чароўны спеў жаваранка, які разліваецца недзе з глыбіні блакітнага неба. Як хораша! Як прыгожа! Як шчымліва!...А мне 17 год!..

Маё сэрца напаўняецца неверагодным пачуццём бязмежнага шчасця. Я чакаю набліжэння нечага цудоўнага, спадзяюся на здзяйсненне самых сваіх запаветных мараў і жаданняў…

- Ку-ку, ку-ку, ку-ку…Гэта зязюля нагадала аб сабе. Памятую пра старую традыцыю задаць пытанне зязюльцы, але не буду, бо ведаю, маё маладое шчаслівае  жыццё, напоўненае рознакаляровымі фарбамі, толькі пачынаецца!

Пратаптаная сцежка выводзіць мяне на невялікую, асветленую сонцам палянку, на якой стаіць белы абеліск з чырвонай зоркай. Нізенькая, нядаўна пафарбаваная агароджа і многа жывых кветак, якія ляжаць на магіле, стаяць у прыгожых вазах і проста ў шкляных слоіках.

Чытаю надпіс на абеліску: "Тут пахаваны Невядомы Салдат, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і які аддаў сваё жыццё за мір на зямлі".

Хто ты, Невядомы Салдат?..Ні імя, ні прозвішча, ні ўзросту.

Прайшло ўжо амаль семдзесят шэсць год, як скончылася вайна, а ты ўсё яшчэ невядомы.

Хто ты, Невядомы Салдат?..

Можа, ты самы любы сын, якога так і не дачакалася з фронту пасівелая матуля. Можа, ты той дарагі і любімы татка, дзеці якога перажылі голад і ліхалецце, але так і не дачакаліся таго моманту, каб уткнуць свае галоўкі ў тваё мужнае плячо і проста паплакаць і пажаліцца на свае дзіцячыя крыўды.

Можа, ты ўжо сталы чалавек, бацька трох дарослых сыноў, якія, не дачакаўшыся цябе з вайны, самі пайшлі на фронт, а ты нават і не паспеў даведацца, што не ўсе твае сыны вярнуліся дамоў.

А можа, ты малады муж, які толькі-толькі пачаў жыць у шчасці і каханні  з маладой жонкай, але вайна адабрала ў цябе самыя дзівосныя моманты, якіх ты не ўбачыў і не ўчуў: і першы крык немаўляці, і першыя кволыя крокі свайго дзіцяці, і першыя словы, якія вырваліся з вуснаў твайго сыночка або пухленькай  дачушкі.

А можа, ты зусім яшчэ малады юнак, які так і не паспеў адчуць смак і водар першага пацалунка.

Хто ты, Невядомы Салдат?..

Можа, ты мой зямляк-беларус. А можа, ты просты рускі юнак з далёкай Сібіры або ўкраінец, казах, грузін, узбек, латыш?.. Хто б ты ні быў, я разумею, што ты той Салдат, які не пашкадаваў свайго жыцця, каб я мела шчасце сустрэць сваю вясну.

Седзячы на лавачцы, побач з тваім апошнім прыстанкам, мне захацелася напісаць табе ліст. Маё пасланне табе - гэта надрыў у маёй душы і мой гімн твайму подзвігу.

Дарагі салдат! Я цяпер жыву ў цудоўнай краіне, мірнай і спакойнай. Над маёй галавой не пралятаюць і не свішчуць кулі, а лунаюць белакрылыя буслы - наш сімвал мірнага жыцця. Я не чую выбухаў гармат, а толькі гул трактараў, якія кожную вясну выходзяць на нашы палі, каб пасеяць хлеб. А потым такі ж гул камбайнаў, высокіх і велічных, рокат якіх рассякае жнівеньскае паветра. І я не баюся гэтага гулу, бо ведаю, што гэта не танкі, а той мірны арсенал, які падарыць нам першы сноп залацістага спелага жыта, а потым бохан духмянага хлеба, і ён будзе кожны дзень ляжаць на нашым стале, напаўняючы неверагодным водарам шчасця мой дом.

Вайна…Якая ты пачвара!!! Вайна - ты - невыносны боль, ты - смерць і разбурэнні, ты - кроў і слёзы, ты - растаптаныя варожымі ботамі сямейныя гнёзды і асірацелыя душы…

Кім бы ты ні быў, Невядомы Салдат, я ведаю, што вайна парушыла ўсе твае планы, растаптала твае мірныя шчаслівыя дні і кінула цябе ў сваё крывавае жэрла. Але ты не спалохаўся, не здрадзіў, а разам з мільёнамі такіх жа салдат стаў у строй і даў клятву, што будзеш абараняць сваю Радзіму да апошняга ўздыху, да апошняй кроплі крыві. Ты не мог дапусціць, каб варожыя боты тапталі тваю зямлю, палілі тваю родную вёску, бамбілі твой горад, нішчылі твой народ.

Я ўяўляю, як табе было страшна, калі над галавой праносіўся шквал куляў, калі стагнала зямля ад гарматаў, якія разрываліся побач з табой. Як жудасна было бачыць нямецкі "тыгр", які ішоў прама на цябе, накіраваўшы сваё дула якраз табе ў твар, як невыносна было чуць скрыгатанне гусеніц варожага танка, якія зажыва зарывалі ў зямлю тваіх баявых таварышаў.

Болем, пякучым болем адгукалася тваё сэрца, калі ты не далічваўся сваіх аднапалчан пасля бою. Як балела твая душа, калі ты глядзеў на апусцелае месца, дзе яшчэ ўчора побач з табой адпачываў твой баявы таварыш...

 А што ты адчуваў, калі трымаў на сваіх каленях акрываўленую галаву зусім яшчэ маладзенькага салдаціка, які ўжо ў забыцці сваімі спечанымі ад крыві і смагі вуснамі шаптаў апошнія словы: "Мама, мамачка, баліць…"

Скупыя мужчынскія слёзы засцілалі твой твар, калі ты кідаў апошнія тры жмені зямлі ў магілу твайго гераічнага камандзіра, яшчэ зусім маладога, бязвусага лейтэнанта, які так і не паспеў сустрэць сваю шчаслівую вясну…

Я ўявіла твой апошні дзень.

У гадзіну зацішша перад боем ты сядзіш у сырым акопе і перачытваеш ліст з дому. На тваіх вуснах гуляе непрыкметная ўсмешка. Ты складваеш пажоўклы трохвугольнік з размытым ад дажджоў і выцертым ад часу тэкстам. Гэты трохвугольнік замест маленькага абраза ты кладзеш у кішэню гімнасцёркі, бліжэй да сэрца, як абярэг.

Першыя прамяні сонца падарылі доўгачаканае цяпло. Поле бою ўсміхнулася табе светла-зялёнай траўкай, жоўтымі  галоўкамі дзьмухаўцоў і блакітнымі зоркамі першацветаў. Недзе высока ў небе пачулася песня жаваранка і …

Пякучы боль разрывае тваё сэрца - варожая куля ўсё-такі высачыла і дагнала цябе…

Ты ляжыш, шырока раскінуўшы моцныя рукі, на светла-зялёнай траўцы, але яна ўжо не зелянее - яна пачырванела ад тваёй крыві і крыві мільёнаў такіх жа салдат, якія аддалі на гэтым полі сваё жыццё за нашу вясну…

Мае вочы затуманіліся, і напісаныя словы ў сшытку пачалі расплывацца ад гарачых слёз, якія пакаціліся па твары і закапалі на ліст паперы.

Мы, сённяшнія юнакі ідзяўчаты, ніколі не чулі выбухаў гармат, мы не хаваліся пад печамі вясковых хат, уцякаючы ад здзекаў ненавісных фашыстаў. Мы не чулі пранізлівых гулаў сірэн, якія папярэджвалі  аб бамбёжцы горада. Нам не даводзілася разбіраць па цаглінах свае дамы, разбураныя пасля раптоўнага налёту варожых самалётаў. Мы не хавалі ў агульных магілах сваіх бацькоў, суседзяў, сваіх аднакласнікаў…

І гэта ўсё, дзякуючы вам, салдаты, мужныя і стойкія, імёны якіх залатымі літарамі высечаны на помніках і пастаментах, і вам, Невядомыя Салдаты, у якіх замест імёнаў толькі надпіс на белых абелісках з чырвонай зоркай: - ”Імя тваё невядома, але подзвіг твой бессмяротны!”

Мой Невядомы Салдат! Я хачу табе сказаць: памяць пра цябе, пра ўсе подзвігі тваіх мужных таварышаў, якія злажылі свае галовы на нашай зямлі ў гадзіны ліхалецця Вялікай Айчыннай вайны, захавана ў Курганах, насыпаных у ваш гонар, у помніках і абелісках, якія, як белыя бусіны, рассыпаліся па ўсёй нашай краіне. Пра вашы подзвігі нам напамінаюць званы спаленых вёсак, якія нагадваюць нам пра жахі вайны і як быццам просяць і папярэджваюць: "Не паўтарыце! Не дапусціце! Зберажыце мір і жыццё!"

Я стаю каля абеліска. Цішыня… І толькі лёгкі ветрык калыша кветачку на тонкай зялёнай сцяблінцы. Яна нагінае сваю галоўку нізка-нізка перад тваёй магілай, і я, як тая кветачка, схіляю сваю галаву перад тваім абарваным гэтай жудаснай вайной жыццём, якое ты аддаў, каб я сустрэла сваю шчаслівую вясну з песняй жаваранка, з усмешкамі светла-зялёнай траўкі, галоўкамі жоўтых дзьмухаўцоў і з блакітнымі зоркамі першацветаў.

Ксенія Жыдзель, вучаніца

11 "А" класа гімназіі №1 г. Іўе.

Читайте ещё:



Оставить комментарий