ivyenews.by

На конкурс газеты “ІК” “Мы помнім”. Прывітанне, Невядомы Салдат!

Главное

Прывітанне, Невядомы Салдат!

Піша табе вучаніца 9 класа. Жыву і вучуся я ў аграгарадку Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Чаму я вырашыла напісаць гэты ліст? Напэўна, таму, што вельмі  табе ўдзячна за сваё мірнае жыццё.

Зараз красавік 2021 года. На вуліцы вясна. Праўда, у гэтым годзе цяпла і сонейка мала, часта ідуць дажджы, яшчэ холадна і мокра. Хутка будзе вялікае свята ў твой гонар – Дзень Перамогі, які праводзіцца 9 мая. У гэты час усё ажывае: зямля, трава, кветкі, неба. Сонейка свеціць ужо па-іншаму. Хочацца жыць, кахаць, тварыць дабро і радавацца кожнаму дню, бо пачынаецца новае жыццё.

Я ўпэўнена, што ты таксама любіў вясну, яе абнаўленне і абуджэнне, што ты па-свойму радаваўся жыццю. Я не ведаю цябе асабіста, але ведаю, што ты быў.

Сёння мы чытаем у падручніках гісторыі, часта чуем па тэлебачанні, што 22 чэрвеня 1941 года мірнае жыццё нашага народа было парушана нападам фашысцкай Германіі. Наша краіна ўступіла ў смяротны бой з бязлітасным, жорсткім ворагам. Вайна доўжылася чатыры страшныя гады, 1418 дзён і начэй. Гэта была свяшчэнная вайна. Мільёны сыноў і дачок страціла наша Радзіма ў гэтай бітве. Кожны трэці жыхар краіны не вярнуўся з гэтай вайны. І сярод іх быў ты, Невядомы салдат. Ты не здаўся. Вытрымаў. Выстаяў.

Вайна стала падзеяй, падчас якой людзі розных краін адчулі дзіўнае братэрства. Не знайсці сям’і, якая не пацярпела страт на той вайне. Вайна зрабіла ўсіх людзей сваякамі, а на роднага ж чалавека не скажаш “вы”, толькі “ты”, таму я буду звяртацца да цябе на “ты”.

Я ведаю, што фашысты разбурылі і спалілі сотні гарадоў, тысячы вёсак, здзяйснялі страшэнныя зверствы, не шкадуючы ні старых, ні дзяцей. І ні адзін твор, ні адзін фільм не ў стане перадаць усяго таго, што перажыў ты ў тыя далёкія дні вайны дзеля нашай будучыні. Ты, абараняючы Радзіму, падымаўся і ішоў у бой з фашысцкім паскуддзем. Як цяжка табе ні было, але ты ўздымаўся з каленяў і зноў ішоў у наступленне, вызваляючы крок за крокам гарады і вёскі, павольна, але ўпэўнена набліжаўся да Вялікай Перамогі.

А колькі было праліта слёз мацеркамі. Жонкамі, дзецьмі, якія засталіся ў тыле і таксама, не шкадуючы сіл, кавалі Перамогу па-свойму. У гарадах людзі працавалі па 16 гадзін на заводах каля станкоў, у вёсках ад світання да світання змагаліся за пасяўныя і гадавалі жывёлу, каб пракарміць усіх. З заміраннем сэрца ўсе слухалі зводкі Інфармбюро, перажывалі, калі нашы войскі адступалі, але цвёрда верылі ў перамогу савецкага салдата, у тваю перамогу і перамогу ўсяго савецкага народа ў гэтай страшнай доўгай вайне.

Як жа радаваліся ўсе, калі нашы войскі пераходзілі ў контрнаступленне і вызвалялі горад за горадам, краіну за краінай.

Па ўсёй тэрыторыі нашай Радзімы размешчаны помнікі воінам-вызваліцелям. У аграгарадку Ліпнішкі ёсць помнік-стэла 28 воінам 24-й Самара-Ульянаўскай дывізіі, якія загінулі ў чэрвені 1941 года. На гэтым помніку ўвекавечаны імёны васьмі загінуўшых, імёны астатніх дваццаці – невядомыя.

Вельмі балюча і сумна ўспамінаць пра тых, каго ўжо няма сярод жывых. Мне вельмі хацелася б паслухаць твае гераічныя гутаркі і апавяданні, упэўнена: яны былі б вельмі змястоўныя, цікавыя і павучальныя. Я ведаю, што на вайне было голадна, холадна і страшна, тысячы людзей паміралі, нават не мяркуючы, што яны вось так хутка сыдуць з жыцця.

Дзякуючы табе, Салдат, і ўсім, хто працаваў у тыле, мы жывём пад мірным небам амаль семдзесят шэсць гадоў, развіваемся, вучымся, расцём, маем зносіны з людзьмі розных нацыянальнасцей, падарожнічаем па розных краінах, гарадах. У нас ёсць блізкія людзі. Усё гэта, дзякуючы табе, Салдат! Я не ведаю твайго імя, алде хачу сказаць:” Дзякуй за твой мужны подзвіг, за тое, што мы жывём на гэтым свеце!” Мы нарадзіліся і выраслі на мірнай зямлі. Мы добра ведаем, як шумяць веснавыя навальніцы, але ніколі не чулі гарматнага грому. Мы бачым, як будуюць новыя дамы, але не падазраём, як лёгка руйнуюцца яны пад градам бомбаў і снарадаў. Мы ведаем, як абрываюцца сны, але нам цяжка паверыць, што чалавечае жыццё абарваць так жа проста, як вясёлы ранішні сон. Вайна – гэта страшна, гэта кроў, пакуты, смерць… 

Я ўпэўнена, што ніхто не будзе забыты, і подзвіг твой назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і ў нашай памяці. Я ведаю, што самаадданая любоў да роднай зямлі і пачуццё адказнасці за ўсе будучыя пакаленні  дапамаглі табе перамагчы ў гэтай самай страшнай вайне.

Дзякуй табе за тое, што, трываючы стому, голад і нават смерць, ты ішоў у бой за родную зямлю. Дзякуй табе за тое, што, губляючы родных, сяброў і любімых, ты працягваў ісці да Вялікай Перамогі! Дзякуй табе за тое, што абараняў нашу Радзіму, што ахвяраваў сабой дзеля мяне, маіх аднагодкаў, дзеля ўсіх маіх блізкіх і родных. Ты змагаўся за тое, каб на Зямлі быў мір, каб людзі жылі ў згодзе адзін з адным. Дзякуй табе за ўсё! Ты можаш спаць спакойна, Салдат. Мы таксама не дазволім ворагам таптаць нашу зямлю, і, калі трэба, сваімі грудзьмі закрыем яму дарогу, як гэта зрабіўі ты. Я ганаруся табой! Нізкі паклон, Невядомы Салдат!

Ганна Букша,

вучаніца 9”А” класа

Ліпнішкаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий